У ХІХ стагоддзі этнограф Міхаіл Валатоўскі з пазіцыі агрэсіўнага праваслаўя ганіў адсталасць і нізкі культурны ўзровень народа, выяўляючы балота як нацыянальнае зло. Але недарэмна беларусы кажуць: як гэта — зямля ды без балотаў? Пагатоў, такіх балотаў, як нашыя, няма больш нідзе ў свеце!
Зрэшты, як сведчыць мой жыццёвы досвед, падыход да балота ў кожнага свой. Ты можаш пужацца нашэсця камароў на намёт у час вандроўкі на возера Палік — і не звяртаць увагі на навакольнае хараство… Праўда, і ўспаміны тады будуць бы камарыныя ўкусы.
* * *
Я ўбачыў балота як нейкую містычна-міфалагічна-паэтычную субстанцыю ды выявіў яго насельнікаў не жахлівымі стварэннямі (як у Валатоўскага і як нам убівалі ў галаву дзесяцігоддзямі), а наадварот — увасабленнямі зямной прыгажосці. Нятхнялі мяне і малюнкі Валерыя Славука, чые істоты (не толькі балотныя) — настолькі па-сяброўску пазітыўныя, што ёсць жаданне пазнаёміцца з імі бліжэй і нават запрасіць у госці.
Першая выстава праекта адбылася ў маі 2013 года. На яе адкрыцці паэт Віктар Шніп трапна заўважыў, што “ў маім выкананні” балота атрымалася жывым і прывабным, як жанчына — яно спакушае пайсці ў багну творчасці і ніколі адтуль не вярнуцца. Мы, жывучы ў гэтым балоце, не гінем, а праслаўляем яго. Бо мы — людзі на балоце.
Якія, дадам, дзесяцігоддзямі шукаюць свой шлях. “Так і нас возяць па нашых балотах нашы Маісеі” — пісаў таксама Віктар у адным з вершаў. І шкада, калі паказваць іншым дарогу бярэцца той, хто ніяк не можа знайсці сваю ўласную сцежку.
***
Колькі разоў ты ездзіў дызелем “Асіповічы — Старыя Дарогі”, застаючыся ў тую гадзіну абыякавым да краявідаў за вакном! І раптам падчас чарговай такой вандроўкі ў цябе нібы расплюшчваюцца вочы. Праз тое ж вакно я не мог наглядзецца на позневосеньскую красу неверагодных старадарожскіх балотаў… А колькі прыгажосці тояць непаўторныя Альманскія балоты, што на Століншчыне!
А ўжо калі я пачаў распрацоўваюць тэму “Песні дрыгвы”, дык заўсёды ўважліва ўглядаўся ў балотныя краявіды, вышукваючы ў іх метафарычныя ці алегарычныя вобразы, прагнучы ўсачыць хоць якую здань ці прывід і ні каліва не сумняваючыся, што ў тых мясцінах яны абавязкова павінны існаваць.
***
Кажуць, гарызантальнае — гэта адвечнае, а вертыкальнае — часовае. Так і ў маёй працы, поўнай адкрыццяў і знаходак, першай часткай гульні былі тыя вобразы, якія я вызначыў як гарызантальныя. І для кожнага твора абіраў адмысловую палітру. Можна жартаваць: маўляў, мо ў яго проста іншых фарбаў у той час пад рукой не было. Але для мяне кожная балотная істота павінна мець сваё ўласнае, вельмі адметнае вобразнае ўвасабленне.
На карціне “Заяц варыць піва” — таямнічы балотны туман, а можа — нараджэнне новага сусвету? А вось — качкі на ціхай балотнай гладзі. Але, калі прыглядзецца, не качкі гэта, а капелюшы нядобрых істотаў, чые вочы ўглядаюцца ў нас з-пад вады.
“Твань” — гэта адкрытая халодная гама з частковым ужываннем нават тынкоўкі.
“Багна” — нібыта лужыны на сіне-зялёным, вохрыстым дыване, сярод якога праяўляецца жаночы торс.
“Журавіны” — гульня з багаццем палітры чырвонага праз балотны тон і наяўныя абрысы.
Працяг “гарызантальных” пошукаў нават са зменай фарбаў — алей на акрыл — гэта і “Апошні прамень”, і “Царэўна-жабка”, і “Дрыдзя”, і “Ракіт”…
Пошукі вертыкальнага (часовага) знайшлі сябе ў карцінах “Гліна”, “Гаспадыня Алёс” (альховае балота), “Гаспадыня Морач” (самае цьмянае балота). Мабыць, найпрыгажэйшая з іх — “Гаротніца-балотніца”. І “Вераніка”!
“Заяц варыць піва”, “Дурніцы”, “Падзел” ствараліся на палотнах аднаго памеру (90 х 80 см) і прыкладна нібыта з адной кропкі бачання. Можна назваць гэта “панарамным падыходам”. Тое самае кампазіцыйнае вырашэнне, але ў іншых памерах, распрацавана і ў “Дзюймовачцы”, і ў “Балотным водары”, і ў “Балоце”…
***
Уладзімір Караткевіч калісьці пісаў, што “на Беларусі душы мужчынаў жывуць у дубах, а душы жанчын — у дзічках…” Цікава, а ў астатніх дрэвах чые душы жывуць? Можа, балотных людзей?
У карціне “На залатых аблоках” за правобраз я ўзяў класічную “Алёнушку” Віктара Васняцова. У маёй кампазіцыі атрымалася восем фігур. Усе яны сядзяць каля сваіх жыццёвых лужынаў, у якіх адлюстроўваюцца праз алегарычныя выявы жахі сучаснага свету. Алёнушка, Гэлячка, Хэлька… Усе па-рознаму сумныя. Карціна стваралася доўга, але кожны вобраз нараджаўся спантанна. Нават цяпер не змагу згадаць паслядоўнасць з’яўлення маіх гераінь. Прытрымліваўся аднаго прынцыпу: калі доўга сядзець на адным месцы і ўглядацца ў балотны вір — можаш убачыць немаведама што.
***
Віктар Шніп пісаў: “…і кожны кулік хваліць сваё балота, / і кожная жаба хваліць сваё балота, / і толькі мы, жывучы ў балоце, / не хочам бачыць сваё балота / як свайго багацця, / і час ад часу вылазячы з балота, / успамінаем, што ў балоце жывуць / зачараваныя у жабаў царэўны…”
Балота, магчыма, нашае самае надзейнае сховішча. Як перакананы Андрусь Горват, нашай нацыянальнай гульнёй з’яўляюцца хованкі, прычым перамагае той, хто схаваў і сам не ведае, дзе і навошта. Таму трэба ўзірацца ў балоты і чакаць з’яўлення скарбаў. Як тая “Алёнушка”…