Зменіцца і планіроўка прасторы тамтэйшага сквера, каб надаць яму больш утульнасці і прэзентабельнасці. Над помнікам працуе скульптар Аляксандр Каструкоў — майстар, які ўжо неаднойчы звяртаўся да вобраза Мулявіна. Пра помнік скульптар распавядае нашаму карэспандэнту.
— Я імкнуся зрабіць скульптуру камернай, бо такога вырашэння вымагае сама прастора. Гэта зялёны сквер у крокавай даступнасці ад шумлівага праспекта. Тут людзі адпачываюць ад гарадскога тлуму, і помнік кшталту таго, што Мулявіну паставілі ў Екацярынбургу, падаецца, не пасуе скверу. Бо ён, у адрозненне ад плошчы, патрабуе іншага маштабу пластыкі.
У скульптуры, над якой зараз працую, я хачу ўвасобіць сваё разуменне гэтай выдатнай асобы. Мне пашчасціла ведаць Мулявіна. Па маладых гадах, а гэта быў час бітламаніі, я захапляўся музыкай, іграў у ансамблі на рытм-гітары. “Песняры” нас уражвалі найперш адпаведнасцю высокім стандартам заходняй рок-музыкі пры захаванні беларускай тоеснасці. У час гастроляў “Песняроў” у маім родным Гродне хлопцы з нашага ансамбля, і сярод іх я, пазнаёміліся з Мулявіным і ягонай камандай. Тады ў мяне і склалася першае ўражанне, якое пазней толькі ўмацавалася, што гэта вельмі добразычлівы, сціплы, ціхі, негаваркі… геній. Менавіта такога Мулявіна я хацеў бы ўвасобіць у помніку для Мінска.
Да гэтай работы ішоў не адзін год. Я рабіў і мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў Мулявін, і надмагільны помнік. Мноства эскізаў, шмат напрацовак як канцэптуальнага характару, так і вобразных. Мулявін — уладар сцэны і пры гэтым звычайны чалавек, такі ж, як людзі, што прыйдуць адпачываць у гэты сквер. Інакш кажучы, сціплы геній. Такім я бачу гэты помнік.
"К" паведаміць, як будзе стварацца помнік Песняру.