Чарговая навіна з Культурнай сталіцы Беларусі. Настаўнік тэарэтычных дысцыплін дзіцячай школы мастацтваў № 1 Бабруйска Марына Богуш піша, што сёлета яе ўстанова адзначыць 90-гадовы юбілей. І вось ужо другі раз тут прайшоў адкрыты конкурс “Віват, гітара!” 240 юных выканаўцаў на класічнай гітары (летась было ўдвая менш) з Украіны, Латвіі, Расіі, Беларусі паказалі сваё майстэрства. 64 сталі лаўрэатамі. Спецыяльны прыз — гітару — атрымаў вучань Магілёўскай ДШМ № 5 Дзмітрый Бушлякоў.
“Падчас XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне бібліятэка сямейнага чытання “Верасок”, — распавядае загадчык установы Лідзія Якуш, — сустрэлася з дзіцячымі пісьменнікамі Міколам Чарняўскім, Уладзімірам Мазго, Аленай Стэльмах і Тамарай Бунта. Творцы падаравалі юным чытачам свае кнігі”.
Сенькаўскі клуб-бібліятэка Верхнядзвінскага раёна правёў свята “Траецкая раніца”. Установа адметная тым, што тут апрача народнага фальклорнага гурта “Сенькавіца” ёсць яшчэ і ягоны дзіцячы калектыў-спадарожнік “Галасы вякоў”. Сіламі ансамбляў і была адзначана Троіца.
Галіна Гашчук са Століна піша. Днямі ў кінатэатры “Экран” быў дадзены старт лічбавай дэманстрацыі кінафільмаў. У адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” тут уведзена новае абсталяванне на 140 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту. А Брэсцкі абласны кінапракат паспрыяў, каб істотна змяніўся інтэр’ер глядзельнай залы. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк удакладніў, што ў вобласці перайшлі на “лічбу” кінатэатры сямі райцэнтраў. Цягам чатырох гадоў да іх далучацца яшчэ шэсць, а да 2020 года ўсе раённыя і гарадскія кінатэатры будуць забяспечаны найноўшым абсталяваннем.
У аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2017”. Яго галоўнымі героямі сталі чатыры маладыя сям’і з розных куткоў Ашмяншчыны.
На XXIV Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” выступілі 30 самадзейных калектываў з сямі краін. Падзея стала адметнай новым праектам. Кожная дэлегацыя прывезла саматканы нацыянальны ручнік, што сшылі ў адзінае палатно.
Наваполацкая дзіцячая мастацкая школа імя Івана Хруцкага правяла IX Міждзяржаўны пленэр-конкурс юных мастакоў “Палітра Прыдзвіння”. 49 удзельнікаў з Латвіі, Расіі, Беларусі малявалі гарадскія пейзажы, нацюрморты і работы, прысвечаныя Івану Хруцкаму.
Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч напісала пра вулічны тэатр кнігі, які дзейнічаў у скверы ля ўстановы, і бібліятэчныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей і Сусветнага дня бацькоў. Такім чынам быў распачаты чарговы праект “Лета дабрыні-2017”.
Мастоўская райбібліятэка арганізавала фотакрос “Горад чытае”. Метадыст установы Вольга Коршун піша: “Удзельнікі цягам тыдня дасылалі свае работы на нашу электронку. Лепшыя фотаздымкі “Я + Кніга = Любоў” і “Месца чытання змяніць нельга” зрабілі Вольга Вайцяховіч і Алена Добрук”.
Беларуская грамада Малдовы сумесна з Беларускім культурным цэнтрам Рэспублікі Малдова правялі вечар, прысвечаны 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У Полацку 5 чэрвеня, у Дзень памяці Ефрасінні Полацкай, Хросны ход аб’яднаў больш за тысячу вернікаў. Ля помніка святой быў рэалізаваны святочны праект “Імя Ефрасінні праз стагоддзі нясём”. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў і ў гарадскіх музеях.
Сталі вядомы вынікі фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму”, які ладзіўся у аграгарадку Тарнова Лідскага раёна. Лепшымі сталі Аляксей Лустач і Аляксандра Струк з Карэлічаў; Ілля Валасюк і Кацярына Жукоўская, Аляксандр Пятчыц і Іна Траян, Раман Бескаравайны і Ксенія Бусловіч з Ваўкавышчыны; Андрэй Гіль і Алена Давыдзенкава з Жодзішкаў Смаргонскага раёна.
Вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава напісала пра абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Яго захавалі жыхары вёскі Казацкія Балсуны (Веткаўшчына). Абрад мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і штогод пацвярджае сваю жыццядзейнасць падчас самых розных маніторынгаў.