Пераемнасць яшчэ магчымая?

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Ці знойдзецца месца дудзе ў праграме музычнай школы
Нядаўнія “Дударскі фэст” і прымеркаваная да яго канферэнцыя ў святле намераў падаць беларускую дударскую традыцыю ў рэпрэзентатыўны спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ўзнімаюць шэраг праблем. Найперш — адсутнасць пераемнасці: беларускае дударства адраджалася ў 1980-х музыкамі і майстрамі з Мінска, што не заспелі старых вясковых дудароў жывымі. Адсюль далейшыя праблемы з рэпертуарам і манерай грання.

/i/content/pi/cult/634/14100/5-1.jpg

Дударскай супольнасці вядома, што да 1985-га ў Баранавічах, а да 2002-га ў Браславе дажывалі свой век у сваякоў сапраўдныя дудары. Нават калі музыкі былі ўжо няздольнымі да грання (усё ж надзьмуваць мех дуды — немалое фізічнае напружанне), інфармацыі ад іх можна было запісаць шмат. Але вельмі верагодна, што яны гралі, бо, напрыклад, дудару з Гарадоцкага раёна Гаўрылу Слаўчыку, калі Яўген Гіпіус запісваў яго ў Ленінградзе ў 1931 годзе, было 95, а ён граў і спяваў. Урэшце, даследчыца беларускіх музычных інструментаў Іна Назіна, што працуе ў Акадэміі музыкі, ездзіла ў экспедыцыі з 1974 да 2004-га, але жывых дудароў не сустрэла. Дарэчы, пасля яе кнігі “Беларускія народныя музычныя інструменты” (1979) спробы вывучэння беларускай дуды ў акадэмічнай навуцы аднавіліся толькі ў 2000-х. У 2016-м дудар Алесь Сурба абараніў кандыдацкую дысертацыю, але засяродзіўся на канструкцыйных і дэкаратыўных асаблівасцях дуд, не закранаючы прыёмаў музіцыравання.

Падобная сітуацыя, дарэчы, назіраецца і з прасцейшымі духавымі інструментамі: падчас “круглага стала” ў Інстытуце культуры Беларусі, прысвечанага майстэрству па вырабе дудак з кары Фёдара Муравейкі (Салігорскі раён), высветлілася, што ў яго няма пераемнікаў.

Дзе паслухаць старых дудароў?

Сітуацыя з дударствам ускладняецца малой колькасцю крыніц: кола вядомых запісаў, на якіх сучасны дудар можа паслухаць аўтэнтычнага, вельмі абмежаванае. Як зазначыла падчас дударскай канферэнцыі студэнтка Акадэміі музыкі Вольга Фёдарава, гаворка пра восем найгрышаў (з іх тры са скрыпкай) Ёзаса Вальдэмараса са Свянцянскага павета (1908), тры найгрышы Сцяпана Шыкоўскага (датуюцца прыкладна 1930-мі), 20 хвілін грання Гаўрылы Слаўчыка (1931) і 5 секунд відэа дуэта дудароў з Гарадоцкага раёна (1939). Ананімная натацыя найгрышу з Беларусі апублікавана ў Атласе музычных інструментаў СССР (1975), але ці захаваўся адпаведне ёй аўдыязапіс, невядома. Неўзабаве пасля канферэнцыі ў суполцы “Дударскі клуб” адной з сацыяльных сетак з’явілася паведамленне мінскага дудара Стася Чавуса, што найгрышы Сцеся і Усцінава (1939), пра якія раней было вядома толькі тое, што яны выдаваліся на пласцінцы ў тым самым годзе, знаходзяцца ў вольным доступе на адным з расійскіх сайтаў. Пра астатнія запісы стала вядома таксамага збольшага дзякуючы супольнасці дудароў, а не акадэмічным навукоўцам. Найгрышы ў Свянцянскім павеце запісаў Эдуард Вальтэр, захоўваліся яны ў Берлінскім фанаграмархіве, потым сталі даступнымі літоўскім навукоўцам, выпушчаныя на дысках Літоўскім інстытутам літаратуры і фальклору. Гэтыя дыскі прывёз у Беларусь дудар Яўген Барышнікаў.

Найгрышы Сцяпана Шыкоўскага знайшоў у Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве Дзяніс Сухі ў 2009-м. Дзяніс сцвярджае, што ў вопісе зроблена памылка і “Шыкоўскі” — гэта, найверагодней, вядомы па іншых крыніцах дудар Сцяпан Шахавец з вёскі Халхоліцы Барысаўскага раёна. Каб у архіве алічбавалі гэтыя запісы і выдалі копію, дударская супольнасць збірала грошы. Затым дзякуючы дудару і лідару гурта “Стары Ольса” Змітру Сасноўскаму найгрышы выйшлі на дысках у Беларусі. Тады ў дударскай супольнасці пачаліся дыскусіі, ці не ёсць сучаснае беларускае дударства фэнтэзі-фолькам. Або варта ўсё ж арыентавацца на аўтэнтычную манеру грання.

Адзін найгрыш Гаўрылы Слаўчыка расшыфраваў сам Яўген Гіпіус. У 2000-х найгрышы вывучаў супрацоўнік Інстытута даследаванняў народнай музыкі і этнамузыкалогіі ў Вене Ульрых Маргенштэрн. Але распаўсюджваць запісы ён, па дамове з Фанаграмархівам Пушкінскага дома (Інстытута рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук), якому яны належаць, не мае права. Нотныя транскрыпцыі Маргенштэрна дазволілі зразумець, што ў традыцыі дудары гралі не так, як сённяшнія. Апублікаваны нотныя расшыфроўкі ўсяго трох найгрышаў Слаўчыка, а іх усіх, мяркуючы па вопісах Фанаграмархіва, 17, не лічачы “абмеру гукараду беларускай дуды”, дзе музыка проста дэманструе магчымасці інструмента, імправізуючы.

Фільм з дудовымі найгрышамі 1939 года знойдзены Канстанцінам Рэмішэўскім і апісаны Вячаславам Калацэем, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці. Але той жа Вячаслаў, сам дудар, з гуртом “Ветах” часта ўдзельнічае і ў нефармальных мерапрыемствах. Таму за кожным адкрыццём так ці інакш стаіць дударская супольнасць.

Спадзяюся, наступным крокам стане ўвядзенне ў навуковы зварот і грамадскі ўжытак запісаў Соф’і Магід з Фанаграмархіва Пушкінскага дома, з вопісамі якіх я працавала. У вопісе валіка № 1803 пазначана “дудари”, на ім утрымліваецца 4 танцавальныя мелодыі. Гэты запіс зроблены ў калгасе “Дзям’ян Бедны” вёскі Машэцкая слабада (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці). Аднак саміх запісаў я не чула і сказаць напэўна, што там грае дуда, нельга, бо даследчыца з Расіі, пішучы “дудари”, магла мець на ўвазе і найгрышы на дудачках. Калі пазнака належыць складальніку каталога, то пытанняў яшчэ больш, бо ў апісанні валікаў Яўгена Гіпіуса фігуруе “волынка”. Атрымаць копію гэтых запісаў можна будзе, калі ўсталюецца супрацоўніцтва па такім пытанні паміж беларускай і расійскай акадэміямі навук. Урэшце, якія духавыя ні былі б запісаныя Соф’яй Магід, запіс усё роўна стане каштоўнай крыніцай для рэканструкцыі аўтэнтычнага строю беларускай дуды. Распавядаюць, што нават археалагічныя знаходкі свістулек даюць у гэтым плане карысную інфармацыю.

Ці вялікая дударская супольнасць?

Мабыць, адразу паўстае пытанне, каму ж патрэбныя ўсе гэтыя старыя запісы, найчасцей з кепскім гукам? Па розных звестках, у Беларусі зараз ад адной да некалькіх соцень дуд, каля паўсотні дудароў, што больш-менш рэгулярна граюць, і каля паўтара дзясятка, што актыўна выступаюць у складзе розных музычных праектаў. З іх хіба 3-4 імкнуцца аднавіць аўтэнтычную дударскую манеру. Некалькі майстроў робяць дуды ў традыцыйным для Беларусі строі, арыентуючыся на транскрыпцыі найгрышаў Гаўрылы Слаўчыка. У параўнанні з краінамі, дзе дударскі рух больш развіты (Ірландыяй, Шатландыяй, Іспаніяй), Беларусь выглядае, канешне, сціпла. Месца “нацыянальнага інструмента” ў нас праз розныя абставіны занялі цымбалы. Але здаецца, што ўводам дуды ў праграмы музычных школ, папулярызацыяй шляхам імпрэз кшталту “Дударскага фэсту” можна павялічыць кола дудароў і прыхільнікаў дудовай музыкі.

Па словах загадчыка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алы Сташкевіч, “дударскую супольнасць”, для якой гэты інструмент з’яўляецца каштоўнасцю, не варта абмяжоўваць уласна дударамі. Ёсць яшчэ музыкі, што граюць на іншых інструментах у складзе аднаго з пэўным дударом гурта, ёсць людзі, што танчаць пад дудовую музыку, ёсць проста аматары паслухаць. Ала Сташкевіч паведамляе што ў бліжэйшы час, магчыма, будзе чарговы семінар па ўнясенні беларускай дударскай традыцыі ў рэпрэзентатыўны спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Што далей?

Калі казаць пра сёлетні “Дударскі фэст”, то аўтэнтычная манера грання там прадстаўлена не была. Тым не менш атрымалася вясёлае свята, якое не кожны год бывае. Арганізатары паабяцалі, магчыма, правесці наступны “Дударскі фэст” ужо праз год, а не праз два, як звычайна, і зноў у якасці open-air, як у 2015-м.

Адносна далейшых даследаванняў на Дударскай канферэнцыі прагучала некалькі думак. Алесь Сурба збіраецца выдаць сваю дысертацыю ў якасці манаграфіі. Вольга Фёдарава плануе аформіць даклад “Спроба рэканструкцыі строю беларускай дуды паводле архіўных і апублікаваных матэрыялаў” у грунтоўны навуковы артыкул. Зміцер Сасноўскі заклікаў прысутных звярнуць увагу на айчынныя архівы: “Каштоўныя звесткі захоўваюцца не толькі за мяжой. Хто грунтоўна даследаваў фонды Дзяржынскага архіва кінафотафонадакументаў па названым прадмеце? Гэта ж зусім недалёка ад Мінска!” У якасці новай ступені інтэграцыі дударскай супольнасці плануецца запусціць рассылку.

Застаецца спадзявацца, што дударскі рух будзе расці колькасна і якасна, а запісы аўтэнтычных найгрышаў будуць усё больш і больш запатрабаванымі.

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"