Кампраміс — музей у бібліятэцы

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

“Нашэсце” інфармацыйных тэхналогій вымусіла нас да пераходу ў новы стан суіснавання з сучаснымі каштоўнасцямі, практыкамі, звычкамі. Прыстасоўваюцца да гэтых умоў і бібліятэкі. Спачатку інтэрнэт быў задуманы як сродак аддаленага доступу да кніжніц, думалася, што гэта дапаможа ім стаць яшчэ больш запатрабаванымі. На справе ж атрымалася, што бібліятэка і інтэрнэт — канкурэнты. Тым не менш бібліятэкарам трэба шукаць кампрамісы для суіснавання.

/i/content/pi/cult/634/14099/4-1.jpg

Навагрудак учора, сёння і на макеце. / Фота прадастаўлена аўтарам

Добра, калі чалавек, лежачы на канапе, можа задаволіць запыты ў ведах і кнізе. Але гэта не азначае, што бібліятэкі выпрацавалі свой рэсурс. Людзі не сталі менш чытаць. І толькі бібліятэкі здольныя прывесці інтэрнэтаўскі інфармацыйны хаос у сістэму. Бібліятэкі аб’ектыўна патрэбны грамадству, але, як прыкра гэта ні гучала б, яны змушаны шукаць шляхі выжывання.

Чым можна прыцягнуць сучаснага чытача ў бібліятэку? Як і раней, добрай кнігай, багатай падпіскай на перыядычныя выданні, арыгінальнымі краязнаўчымі матэрыяламі, цікавай культурна-масавай работай, арганізацыяй клубаў і гурткоў па інтарэсах, утульнасцю і зручнасцю, сэрвіснымі паслугамі і гэтак далей. Ды тое, так бы мовіць, — традыцыйныя прапановы. Толькі аказалася, што сёння іх недастаткова: чытача неабходна здзівіць.

Кожная бібліятэка ідзе тут сваім шляхам: Навагрудская раённая, напрыклад, робіць акцэнт на развіцці музейнай дзейнасці ў бібліятэчных сценах. Балазе Навагрудчына багатая на гісторыю і знакамітых людзей, на прыгожую прыроду. Зразумела, такую індывідуальнасць нельга не скарыстаць у турыстычных мэтах. Таму наша бібліятэка і вырашыла стаць турыстычным аб’ектам. Яна хоча распавядаць прыезджым, дый і жыхарам нашага краю, пра тыя цікавосткі, якія сёння засталіся толькі ва ўспамінах ці яшчэ на гравюрах, малюнках, фотаздымках і, вядома, у кнігах.

Яшчэ летась мы распачалі рэалізацыю праекта “Страчаная спадчына” па стварэнні экспазіцыі макетаў старадаўніх будынкаў Навагрудчыны. За паўтара года мастак-афармляльнік Навагрудскай раённай бібліятэкі Анатоль Бандзюкевіч зрабіў макеты палаца і бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, вузкакалейнай чыгункі Наваельня — Любча, партызанскай стаянкі каля вёскі Чарэшля і рыначнай плошчы Навагрудка пачатку ХХ стагоддзя.

Вядома, спадар Анатоль працаваў над макетамі не адзін. Бібліятэкары шукалі фотаздымкі і апісанні будынкаў, выступалі ў ролях крытыкаў і дарадцаў. Дарэчы, мы не цураемся і кансультацый работнікаў краязнаўчага музея і Дома-музея Адама Міцкевіча, бо хочам, каб усё атрымалася гістарычна дакладна. Цяпер рыхтуецца тэкст экскурсіі па экспазіцыі макетаў “Страчаная спадчына”, якую плануецца арганізаваць у бібліятэцы ў асобным пакоі. Ён мае выхад на вуліцу Замкавая, па якой да руін замка праходзяць турыстычныя групы. Магчыма, гэта амбіцыйныя намеры, але мы разлічваем на прыток турыстаў.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі