(Заканчэнне. Пачатак у №№ 7 — 9, 12, 13.)
Захапленнем апошняга дня ў Мінеапалісе стаў універсітэт штата Мінесота. З раніцы пазнаёміліся з работай яго Даследчага цэнтра гісторыі эміграцыі ўніверсітэта. Вельмі ўразіла сховішча, якое размешчана на 30-метровай глыбіні ў штучна створаных пячорах з вапняку. Як адзначыла куратар цэнтра, вапняк стварае ідэальны асяродак для забеспячэння захаванасці дакументаў. Не ведаю, як з нагоды тэмпературна-вільготнаснага рэжыму, але прызнаюся шчыра, знаходзіцца там было страшнавата. Другім яркім уражаннем стала наведванне цэнтра медыцынскіх інструментаў, дзе нам наглядна прадэманстравалі, як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць ажыццяўляць унікальныя медыцынскія аперацыі.
Нарэшце — бібліятэка ўніверсітэта. Зачаравалі не толькі і не столькі яе памяшканне і абсталяванне, колькі нейкае асаблівае адчуванне свабоды ад умоўнасцяў, якое проста лунала ў паветры. Бібліятэка адкрыта для наведванняў з 7-й раніцы да 3-й ночы. Тут ёсць усе ўмовы, каб папрацаваць і адпачыць, уключаючы лабараторыю віртуальнай рэальнасці. Не дзіўна, што нават а 3-й ночы студэнты не хочуць сыходзіць.
У адной з кніжных крамаў Мінеапаліса атрымалася паглядзець на літаратурнае прадзюсаванне ў дзеянні. Чаго там толькі няма на тэму Гары Потара! Цацкі, шалікі, шапкі, майкі, шкарпэткі, заплечнікі, кашалькі... І нават парасоны!
Наведалі Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Тут усё дыхае гісторыяй! Нават мэбля практычна не змянілася з часу адкрыцця ўстановы ў 1911 годзе. Размах жа адчуваецца ва ўсім: і ў пышных інтэр’ерах, і ў аб’ёме функцый, якія там рэалізуюцца. Фонд — больш за 45 мільёнаў экзэмпляраў, 92 філіялы, 2 тысячы супрацоўнікаў.
Рэалізуецца мноства праграм, пачынаючы ад навучання персаналу, працы з эмігрантамі, і заканчваючы разнастайнымі праектамі для моладзі. Сярод іх мне здалася не зусім звычайнай для бібліятэкі праграма падоўжанага дня. Мы ўсе прызвычаіліся да “прадлёнкі” ў школе. А тут яна — у бібліятэцы. Прычым з дзецьмі працуюць педагогі, якія — у штаце ўстановы. Чатыры дні на тыдзень з 15-й да 18-й школьнікі 6 — 18 гадоў могуць прыйсці ў бібліятэку, дзе ім дапамогуць падрыхтаваць хатняе заданне, раскажуць або пакажуць нешта цікавае.
Сустрэліся з рэдакцыяй “Library Journal”. Уразіла літаральна ўсё, пачынаючы ад сталага ўзросту выдання (140 гадоў), колькасці падпісчыкаў (каля 20 тысяч) і заканчваючы аб’ёмамі работы, якую яны ажыццяўляюць. Нароўні з публікацый аналітычных матэрыялаў, навінавых артыкулаў, часопіс у супрацоўніцтве з “School Library Journal” праводзіць штогадовыя даследаванні, прысвечаныя розным аспектам дзейнасці бібліятэк.
Акрамя таго, у кожным выпуску выдання публікуюцца рэцэнзіі на новыя кнігі і базы даных, якія выпускаюцца ў краіне. Рэцэнзія невялікая (100 — 150 слоў), але кожная змяшчае выснову аб мэтазгоднасці або немэтазгоднасці набыцця інфармацыйнага рэсурсу ў фонды бібліятэк.
Вельмі цікавым мне здаўся механізм рэцэнзавання. Аказваецца, у часопіса ёсць сетка рэцэнзентаў па ўсёй краіне — каля 2 тысяч бібліятэкараў і іншых спецыялістаў у сферы інфармацыі (у асноўным — валанцёры). У год — больш за 6 тысяч рэцэнзій. З улікам таго, што часопіс выходзіць 20 разоў на год, няцяжка здагадацца, якую складаную працу “пракручвае” рэдакцыя да кожнага выпуску.
Цікава, што выдавецтвы самі, у аснове сваёй, зацікаўленыя ў тым, каб кнігі, якія яны выпускаюць, былі прарэцэнзаваны. Гэта і зразумела, бо апублікаванне рэцэнзіі — таксама від рэкламы, прычым практычна бясплатны для выдавецтва. Калі, вядома, не лічыць асобнік, які дасылаецца на рэцэнзаванне. Дарэчы, пасля гэты асобнік перадаецца ў дабрачынную краму для дапамогі бедным і маламаёмасным. Выдатная ідэя, праўда?
Вось і завяршаюцца прыгоды беларускіх бібліятэкараў у Амерыцы: 8 самалётаў, 5 штатаў, каля 35 прафесійных візітаў і незлічоная колькасць дружалюбных асоб. Мы столькі ўсяго ўбачылі і пачулі за час нашага знаходжання, што да паездкі ў Бруклінскую публічную бібліятэку, якая адбылася ў апошні дзень, я, прызнаюся шчыра, ставілася спачатку з пэўнай доляй скептыцызму. Хіба засталося яшчэ нешта, чаго мы не бачылі?
Аказваецца, засталося!
Як і ў большасці ўбачаных бібліятэк, тут праходзіць мноства сацыякультурных мерапрыемстваў, вядзецца вялікая праца з эмігрантамі, з дзецьмі па развіцці інфармацыйнай пісьменнасці. Тут вам акажуць дапамогу ў запаўненні падатковай дэкларацыі, у размеркаванні асабістых фінансаў, напісанні рэзюмэ і гэтак далей.
Але, акрамя ўсяго пералічанага, існуе яшчэ адна паслуга, не зусім звычайная для бібліятэк. А больш дакладна — зусім незвычайная, прычым паслуга платная — 50 долараў. У выніку яе выканання бібліятэка зарабляе да 1 мільёна долараў у год. Заінтрыгавала?
Дык вось, аказваецца ў Бруклінскай публічнай бібліятэцы існуе служба, у якой за вас запоўняць і адправяць дакументы для атрымання амерыканскага пашпарта. Паслугу гэтую аказваюць супрацоўнікі бібліятэкі.
Пасля наведвання амерыканскіх бібліятэк значэнне словазлучэння “Бібліятэка без межаў” набывае новы сэнс.
Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі