Свой “дамок” і тэрыторыя любові

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Незабыўныя старонкі жыцця Святланы Акружной
Народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне” 26 студзеня святкавала юбілей. У гэты вечар яна зноўку выйшла перад сваімі шматлікімі прыхільнікамі (а ў Віцебску, ды і далёка за межамі абласнога цэнтра іх — колькасць незлічоная) падчас творчага вечара “Сцэна — тэрыторыя любові” на падмостках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, каб зноў парадаваць сваёй чароўнай усмешкай, прыгадаць разам з гледачамі старонкі свайго жыцця і, вядома ж, незабыўныя вобразы. Усяго іх створана на коласаўскай сцэне (дзе служыць актрыса на працягу 47 гадоў) больш за шэсць дзясяткаў. А былі ж і ролі ў кіно (Ганна Карпілава з “Плача перапёлкі”, Аленка з фільма “Другая восень”, Дачка з “Зацюканага апостала”). Напярэдадні падзеі мы сустрэліся з вядомай беларускай артысткай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народную артыстку Беларусі Святлану Акружную з юбілеем, паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

“Больш за 50 гадоў Вы самааддана служыце сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Створаныя Вамі вобразы пакінулі яркі след у сэрцах гледачоў. Эмацыянальна багатыя гераіні, надзеленыя выразнай індывідуальнасцю, заўсёды прываблівалі публіку моцным характарам і ў той жа час тонкім лірызмам”, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што плённая дзейнасць Святланы Акружной, накіраваная на захаванне і развіццё лепшых традыцый айчыннай тэатральнай школы, заслугоўвае высокай ацэнкі.

/i/content/pi/cult/622/13828/9-1.jpg— Святлана Арцёмаўна, ці памятаеце Вы, калі ўпершыню сустрэліся з тэатрам?

— Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай я спявала і расказвала вершыкі перад гасцямі, што прыходзілі да нас. Потым у школе іграла ў драмгуртку, у прыватнасці, ролю Старой у “Казцы пра рыбака і рыбку”. Памятаю, рагатала тады ўся зала. Мы перамаглі ў конкурсе самадзейных калектываў і нас паказвалі па тэлебачанні. Жаданне стаць актрысай узнікла ў мяне пасля прагляду фільма “Узрост кахання” з Лалітай Торэс. Штосьці незвычайнае, таямнічае нарадзілася ў маёй душы. Енчыла штодня, як хачу быць актрысай. Бацькі нават не маглі зразумець такога моцнага ўзрушэння маленькай дзяўчынкі. Гэта жаданне больш не пакідала мяне. Вельмі цягнула кіно, але сцэна прыцягвала асаблівым магнітам. Ніводзін школьны канцэрт не праходзіў без майго ўдзелу. Займалася ў драмкружку, спявала ў ансамблі, спрабавала сябе ў гімнастыцы. Вельмі шмат чытала, нават на ўроках, за што атрымлівала ад настаўнікаў. Бацькі хацелі, каб я стала ўрачом: усе мае трызненні наконт акцёрства яны прапускалі міма вушэй. З такім маленькім ростам артыстамі не становяцца, казалі яны. Але мая настойлівасць усё ж такі перамагла. Тата з мамай далі мне магчымасць паспрабаваць: бацька сам прывёз мяне з Украіны ў Беларусь, на сваю радзіму. Калі я паступіла, дык ніхто не паверыў, пакуль тата сам не перагаварыў з кіраўніком курса, прафесарам Дзмітрыем Арловым. Той сказаў: “Не хвалюйцеся, у вашай дачцы штосьці ёсць”. Я трапіла да лепшага педагога.

— Ігра якіх акцёраў паслужыла для вас арыенцірам у вашым творчым росце, прафесійным станаўленні?

— Мяне заўсёды зачароўвала ігра Інакенція Смактуноўскага, Марыны Няёлавай, Таццяны Самойлавай, з беларускіх — Стэфаніі Станюты, Анатоля Труса.

— Якія першыя ролі атрымлівалі?

— Давалі ролі ў адпаведнасці з маім узростам і здольнасцямі. Іграла ўсё: і дзяцей (у тым ліку і хлопчыкаў), і падлеткаў, і маладых гераінь. Якую ролю ні даручалі б, заўсёды працавала з поўнай аддачай, і так усё жыццё: адказнасць за мой выхад на сцэну не пакідала мяне ніколі.

— А якія ролі найбольш удаліся, на ваш погляд?

— Больш за ўсё атрымліваліся ролі ў добрай, якаснай драматургіі. У юнацтве гэта Інга ў “Салаўінай ночы” Валянціна Яжова, Дачка ў “Зацюканым апостале” Андрэя Макаёнка, Нэлі ў “Прыніжаных і зняважаных” Фёдара Дастаеўскага, крыху пазней — Катрын у “Матухне Кураж” Бертольда Брэхта, у больш сталым узросце — Бобі Мітчэл у камедыі Ніла Саймана “Гэты страсна закаханы”, Франка ў “Хаме” Элізы Ажэшка, Марлен Дзітрых з п’есы Дзмітрыя Мінчонка “Марлен… Марлен…”, Эмілія Марці з “Рэцэпта Макропуласа” Карэла Чапека, у апошнія гады — Кацярына Іванаўна з аднайменнай п’есы Леаніда Андрэева, загалоўная гераіня з “Васы Жалязновай” Максіма Горкага, Клара Цэханасьян з “Візіту дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата.

— Якая ўнутраная работа стаіць за стварэннем вобраза? Вам лягчэй іграць гераінь, падобных да вас, адпаведных вашай фактуры, арганіцы ці наадварот?

— Як атрымаеш ролю, так і выношваеш яе, бы маці дзіця, пакуль “роды” не адбудуцца. Я люблю спрабаваць і іграць разнапланавыя характары. Гэта цікава. Такім чынам ты і сябе больш пазнаеш.

— Як уплываюць ролі на ваша жыццё, характар?

— Філасофія добрай драматургіі вельмі станоўча ўплывае на мяне. Больш пазнаеш псіхалогію чалавека, яго ўнутраны свет. Кожны спектакль імкнуся іграць грунтоўна, быццам на сцэну выходжу ў апошні раз. Вядома, фізічны стан можа ўносіць свае папраўкі.

— Як складваліся ў вас стасункі з рэжысёрамі? Ці быў сярод іх самы дарагі, самы любімы? А з кім з сучасных (беларускіх або замежных) рэжысёраў вы хацелі б папрацаваць?

— Прыгадваючы сваё сцэнічнае жыццё, мяркую, што з двума рэжысёрамі я не змагла паразумецца: з адным — цалкам, з другім — напалову. Асаблівае месца ў маім жыцці займае, канешне, Барыс Эрын. Працаваць з ім было сапраўднае задавальненне. Мы пісалі лісты, званілі адзін аднаму, сябравалі да канца яго дзён. Як шкада, што ўсё гэта ўжо ў мінулым. Адны ўспаміны. Але яны таксама падтрымліваюць мяне. Каб вы толькі ведалі, якую яны маюць сілу! Такіх майстроў зараз мала. Амаль няма. Вельмі хацелася б, каб дазволіла здароўе, яшчэ раз сустрэцца на сцэнічнай пляцоўцы з Мікалаем Пінігіным, з Раманам Вікцюком (тым больш, ён мой зямляк) — ён вельмі станоўча ацаніў маю Шарлоту ў “Вішнёвым садзе” падчас апошніх гастроляў коласаўцаў у Маскве. Ды і стасункі з партнёрамі заўжды складваліся. Я працавала з цудоўнымі артыстамі: Трус, Куляшоў, Маркіна, Цішачкін, Канапелька, Дубаў, Сяўко.

— Ці ёсць у вас жаданне перадаваць свой вопыт маладым акцёрам?

— Маладых падтрымлівала заўсёды. Ды каб рабіць тое, трэба весці курс у адпаведнай навучальнай установе ад пачатку да канца. Тым не менш, штосьці падказваю.

— Якая канцэпцыя мастацтва вам бліжэйшая за ўсё: як задавальненне, як вобраз жыцця, сродак выхавання людзей альбо штосьці іншае?

— Усё разам. Да выхаду на сцэну я бываю суровай, засяроджанай на сабе. А на падмостках атрымліваю задавальненне, змяняюся, а потым зноў “закрываюся” ў свой “дамок”.

— Што значыць для вас рэакцыя гледача?

— Мы ж жывем для гледача. Мы яго любім, і ўсё наша акцёрскае існаванне звязанае з ім: ад сэрца — да сэрца. Нам наканавана адчуваць дыханне залы, смяяцца, перажываць — усё разам з ім. І так кожны вечар.

— Летась вы атрымалі званне “Віцябчанін года”. Якія канкрэтныя справы вам удалося зрабіць для паляпшэння культурнага і грамадскага развіцця горада?

— У садружнасці з Уладзімірам Гарцуевым мы стварылі ў Віцебску таварыства інвалідаў-калясачнікаў. Пасля смерці першага кіраўніка на працягу 10 гадоў таварыства ўзначальваў мой сын — Дзмітрый Сцямасаў. Таму зусім не дзіўна, што маці таксама жыла яго клопатамі: спрыяла арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў, экскурсійных паездак у Полацк з наведваннем Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, проста за горад на адпачынак. Гэтыя людзі хочуць адчуваць сябе паўнацэннымі, жадаюць развіваць свае фізічныя, творчыя здольнасці. Пры падтрымцы віцебскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага таварыства Чырвонага крыжа быў арганізаваны марафон інвалідаў-калясачнікаў на Дзень Перамогі. Рэгулярна праводзяцца творчыя конкурсы сярод гэтай катэгорыі людзей, паэтычныя вечары. Зусім нядаўна, 8 снежня, такі вечар, з удзелам паэтэсы Ірыны Малашэнка прайшоў у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”. На ім прысутнічала і я, чытала вершы адной аўтаркі і была ўражана гэтай маладой жанчынай. Гэта такі аптыміст! Яна любіць прыроду, захапляецца спортам, падарожнічае, удзельнічае ў міжнародных конкурсах, на яе словы нават пішуцца песні. Ірына на дзіва пранікнёна піша пра вайну ў Афганістане, быццам сама пабывала там. У свой час удалося дамагчыся і выдзялення мікрааўтобуса для інвалідаў з апорна-рухальным апаратам. Дапамагла ў арганізацыі рэабілітацыйнага цэнтра з камп’ютарным класам у Віцебскім доме-інтэрнаце для ветэранаў і інвалідаў. Змагла таксама замовіць і прывезці з Масквы трэнажор Дзікуля. Ужо пазней у Віцебску, працоўныя завода “Візас” (якога, на жаль, зараз няма) у вольны час вырабілі два падобныя станкі, праўда, з іншай камплектацыяй. Гэта прыклад нашага чалавека, які здольны зразумець і падзяліць бяду іншага, дапамагчы пераадолець цяжкасці. Падчас працы ў парламенце я доўга дабівалася ўнясення папраўкі ў Палажэнне аб парадку забеспячэння інвалідаў аўтамабільным транспартам і кампенсацыі выдаткаў на іх транспартнае абслугоўванне. Многія сотні маладых людзей, пацярпелых падчас выканання воінскага абавязку, пазбаўлены вельмі неабходнага ім сродку рэабілітацыі. Шмат часу аддала і абароне інтарэсаў вайскоўцаў ды іх бацькоў: дапамагла пацярпелым выйграць тры судовыя працэсы. Вырашала жыллёвыя пытанні. Ні адзін зварот не застаўся без адказу — ці тое звярталася маці-адзіночка, ці ветэран вайны, працы альбо інвалід.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа