“Каралева…” на скрыжаванні трох “дуэляў”

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Нацыянальны Цэнтр сучасных мастацтваў, нядаўна адкрыўшы камерную тэатральную сцэну, пачаў актыўна насычаць яе спектаклямі. Актывізаваліся і рэжысёры: пляцоўка! Пачаліся нават гастрольныя паказы: у студзені сюды завіталі масквічы, а літаральна праз дзень Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прывёз “Каралеву прыгажосці з Лінэна”. Прычым ініцыятарам паездкі стала малады рэжысёр Ірына Цішкевіч, якую горача падтрымалі непасрэдныя ўдзельнікі спектакля.

/i/content/pi/cult/622/13826/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Каралева прыгажосці з Лінэна". / Фота прадастаўлена тэатрам

Яно і не дзіва, бо Ірына, ураджэнка Лепеля, даўно і плённа працуе ў віцебскім тэатры артысткай, выконваючы безліч роляў, у тым ліку галоўных. А гэта пастаноўка сталася яе дыпломнай працай як рэжысёра, прычым мастацкім кіраўніком курса быў мастацкі кіраўнік таго ж тэатра Валерый Анісенка. Гады два таму ў час ІІІ Лабараторыі рэжысёрскіх праектаў Ірына паказвала эскіз спектакля. Усё было няблага, адчуваўся ўдумлівы, самастойны падыход, дзесьці — быццам насуперак п’есе. Але колькі такога здаралася, што надзеі на “маленькі шэдэўр”, якія ўзнікалі пасля ўдалага эскізу, не спраўджваліся. Бо пасля прэм’еры раптам станавілася зразумела, што самае цікавае акурат і было сканцэнтравана ў тым эскізе.

З коласаўцамі ўсё аказалася іначай. Надзвычай складаная для ўвасаблення п’еса МакДонаха — драматычна-трагедыйная, экспрэсіянісцкая, а дзесьці і з элементамі тэатра абсурду — атрымала жанравае азначэнне, якое быццам і не прэтэндуе на глыбіню аповеду: “кухонны трылер”. У тым жа іранічным тоне былі зроблены афішы, праграмкі: на качарзе, якая ў п’есе і спектаклі становіцца адной з цэнтральных “дзейных асоб”, вісіць звычайная вешалка, а за яе чапляюцца дзве хударлявенькія рукі, што пераходзяць у тулава. Галавы няма: яна, пэўна, так схілілася долу, што яе не відаць. Але з-за гэтага малюнак пачынае нагадваць неякую мульцяшную птушку — абшчыпаную і перакуленую ўніз галавой. Ды тут не “рэкламны вобраз”, а скразная сімволіка! Тым больш, што і надпісы на “рэкламнай прадукцыі” зроблены старанным “школьным” почыркам.

Тое ж спалучэнне рэалістычнасці, ажно да спасылак на модную цяпер “дакументальнасць”, і яркай, запамінальнай сімволікі ўласціва і самому спектаклю. Ён лёгка “чытаецца” нават непадрыхтаванымі гледачамі. Інтрыгуючы пачатак сваёй таямнічай атмасферай нагадвае ці то сон, ці то містычны дэтэктыў, насамрэч становячыся гэткім “сціслым пераказам” зместу і асноўнай думкі. Морын (Анжаліка Баркоўская) спрабуе зрушыць з месца вялізны, памерамі з шафу, чамадан, цягне яго за прычэплены шалік (чым не “Бурлакі на Волзе”?) — усё марна. Раптам адтуль выходзіць дзіўная бабулька — Мэг (Таццяна Ліхачова) — і чамадан паслухмяна падпарадкоўваецца маладзейшай гаспадыні.

Пачынаецца бясконцая, працягласцю ў суцэльнае жыццё, “дуэль” маці і дачкі, пазбаўленай асабістага жыцця, бо трэба даглядаць старую. А тая аказваецца зусім не “боскім дзьмухаўцом”, як можа здацца на першы погляд. Калі трэба (зразумела, ёй самой, а не дачцы) — не па гадах спрытная, кемлівая, хітрая, а дзесьці і ўвогуле падобная да гарэзлівага, ды мсцівага падлетка, які добра разумее, чаго хоча, і гатовы дабіцца гэтага любымі сродкамі. Рэжысёр вельмі дакладна расставіла псіхалагічныя акцэнты, нідзе не перайшла да чорна-белай выявы, не вынесла няўмольны “прыгавор”, раскрыўшы ўсё бязмежжа найтонкіх псіхалагічных паўтонаў. Не толькі ў кожнай мізансцэне, але і ў незаўважнай дробязі кшталту павароту галавы, дрыжання вуснаў, змены тэмбру голасу — зразумелы ўнутраны стан герояў, матывацыя іх учынкаў, часам зусім, здавалася б, “нематываваных”.

Яшчэ адну “дуэль” нагадваюць прыходы Рэя (Яўген Бераснеў). Той трывала прайграе “вопытнай” старой, але, прайшоўшы такую цудоўную школу, у фінале без цяжкасці абыходзіць Морын, удала скарыстаўшы яе разгубленасць забойствам маці (у п’есе — свядомым, мэтанакіраваным, у спектаклі — выпадковым, у стане афекту). Цягам дзеяння Рэй змяняецца настолькі моцна, прычым не толькі ўнутрана, але і знешне, што гэта пачынае нагадваць жудаснаватае фэнтазі: здаецца, яшчэ крыху, і былое дзіця, захопленае гульнямі (відавочна, камп’ютарнымі), ператворыцца ў агіднага старога. Мэг пасля смерці быццам раздвойваецца: адна частка яе душы, інтуітыўна бессвядомая, скіраваная на бессэнсоўную “абарону” дачкі ад навакольнага свету, усяляецца ў Морын, другая ж, асэнсавана ваяўнічая, — у Рэя. Праз небывалае сталенне апошняга персанажа, не прадугледжанае п’есай, раптам выяўляецца лінія, хай і пункцірная, яшчэ адной “дуэлі” — “бескантактнай”, паміж двума братамі, Рэем і Пата (Генадзь Гайдук), што міжволі адсылае нас да другой п’есы таго ж МакДонаха — “Самотны Захад” (калісьці яе ставіў Павел Харланчук у Купалаўскім тэатры).

Выдатныя акцёрскія работы ўзніклі яшчэ і таму, што рэжысёр звярнулася да іншага спосабу размеркавання драматургічнага матэрыялу. Яна не прызначала кагосьці на тую ці іншую ролю, як гэта робіцца звычайна, а прапанавала акцёрам пачытаць п’есу, “прымерваючы” яе на сябе. Такая методыка дала плён. Мы ўбачылі і нечаканыя характарыстыкі персанажаў, і выхад артыстаў за межы іх звыклых амплуа.

Спектакль не адбыўся б такім шматзначным без сцэнаграфіі Юліі Карымавай. Згаданы вышэй “чамадан” сапраўды становіцца шафай. А бэлькі на столі, што ўтвараюць квадрат, трактаваны нейкім выхадам у космас, “варотамі” ў нейкае іншае жыццёвае вымярэнне, куды Морын так і не патрапіць. Такое тлумачэнне ўзнікала нават без светлавых эфектаў, дабіцца якіх на прыстасаванай пляцоўцы НЦСМ было немагчыма, а таксама без дадатковага “ўключэння” гледачоў у прастору сцэнічнай дзеі (у стацыянарных умовах спектакль ідзе на вялікай сцэне, але гледачы сядзяць там жа, а не ў зале). Выдатна знойдзены гулліва “шчаслівы” фінал. Замест традыцыйных паклонаў нам прапануюць варыяцыі на тэму: “Шчасце было так магчыма, так блізка…” Героі прытанцоўваюць (пластыка Дзіяны Юрчанка), раскланьваюцца, усміхаюцца адзін аднаму — гэта і ёсць тая “паралельная рэальнасць”, якая павінна была б утварыцца ў ідэале. У выніку спектакль атрымліваецца не змрочна няўцешным, гэткім безнадзейна-безвыходным “чарноццем”, а своеасаблівай “падказкай” гледачам: маўляў, вось як добра ўсё можа быць, калі вы не будзеце паўтараць памылкі герояў. Чым не тонкі намёк на элементы “маралітэ” ў эпоху Асветніцтва? Але, паўтару, без падзелу герояў на “правых” і “няправых”, без уласцівага той эстэтыцы “аднабаковага руху” да розуму, часам насуперак пачуццям.

Пры тым, што дзеянне адбываецца ў Лінэне, у Ірландыі, у спектаклі вельмі ярка выяўлены нацыянальны беларускі каларыт. Дасягаецца гэта не толькі праз агульныя “ў іх” і “ў нас” праблемы (у тым ліку з міграцыяй, захаваннем роднай мовы), не толькі праз беларускую мову, на якой ідзе спектакль (пераклад Міраславы Шавыркінай у свой час быў зроблены для сталічнага Новага драматычнага тэатра, дзе “Каралева…” і дагэтуль захоўваецца ў рэпертуары), але і праз даволі значнае “памякчэнне” асобных сітуацый — у адпаведнасці з нашай ментальнасцю, але без парушэнняў агульнай аўтарскай задумы.

Ды ўсё ж да крыкаў “Брава!” прымешваюцца некаторыя праблемы, узнятыя нават не самім спектаклем, а яго першым публічным паказам у сталіцы — дарэчы, праз больш чым паўтара гады пасля прэм’еры. Да прыкладу, чаму гэта праца не была вылучана на ІV Нацыянальную тэатральную прэмію? Можна колькі заўгодна ўхваляць “мясцовую ініцыятыву” (асобным “спектаклем” стала тое, як рэквізіт грузіўся-прымацоўваўся на дах прыватнага аўто), але няблага было б пераняць той жа расійскі вопыт, калі лепшыя спектаклі, вылучаныя крытыкамі (а для гэтага патрэбны амаль забытыя камандзіроўкі па рэгіёнах), атрымліваюць дзяржаўную дапамогу пры гастрольных вандроўках. Нарэшце, асобнай праблемай застаюцца камерныя тэатральныя пляцоўкі. Так, іх паболела, але іх тэхнічныя магчымасці часам абмежаваны проста “кавалкам прасторы”. Але ўсё гэта — тэмы для асобных роздумаў. Пакуль жа — хочацца, каб віцебскі спектакль убачыла як мага большая колькасць гледачоў па ўсёй рэспубліцы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"