Даўлатаў, “свой у дошку”

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Ёсць што згадаць пра легенду: “А юнацтва было як малітва нядзельная”
Сёння “К” завяршае публікацыю эсе Барыса Крэпака пра яго сустрэчы з Сяргеем Даўлатавым.

/i/content/pi/cult/622/13816/15-1.jpgА яшчэ памятаю такі выпадак. У нас на факультэце выкладаў стары прафесар Сігізмунд Натанавіч Валк, у якога любімым афарызмам быў такі: “Ищите и обрящете. Упарта дабівайцеся свайго і атрымаеце жаданае”. Маленькага росту, вельмі жывы і рухавы, Валк заўсёды кудысьці спяшаўся, а на твары скрозь расліннасць — бародку і вусы — свяцілася лагодная ўсмешка. “Старарэжымнае” пенснэ на матузку было ягоным “таварным знакам”. Калі мы на семінары адказвалі штосьці не тое, ён хмурыўся. Пенснэ смешна саслізгвалася з носу, і прафесар доўга прыладжваў яго на месца і сярдзіта паўтараў: “Лухта, мой даражэнькі, бязглуздая лухта! Калі вы не слухалі маю лекцыю, то хаця б выбралі час пачытаць кнігі маіх паважаных калег Праснякова ці Іконнікава…” Сапраўдны прадстаўнік пецярбургска-ленінградскай гістарычнай школы, ён быў унікальнай асобай і бясспрэчным аўтарытэтам не толькі для нас, студэнтаў, але і для многіх гісторыкаў Расіі як буйны спецыяліст па вывучэнні “Рускай праўды” Яраслава Мудрага і старажытных актаў сярэднявечнага Вялікага Ноўгарада. На яго лекцыі, як і на лекцыі Льва Мікалаевіча Гумілёва, часта прыходзілі студэнты і з іншых факультэтаў. Аднойчы па маёй просьбе прысутнічалі і Сяргей са Славай Веселавым, што заўсёды хадзіў у зношанай лётнай ваеннай гімнасцёрцы, якую ён захаваў яшчэ з часу службы ў авіяцыі. Праўда, да канца лекцыі і Сяргей, і Вячаслаў, як правіла, не заставаліся. Быццам бы выходзілі на хвіліначку пакурыць (Даўлатаў тады курыў “Беламор”, а Веселаў — “Аўрору”), і больш не вярталіся.

Валк быў адданым бібліяфілам. Аднойчы мы ўтрох — я, мой сябра, аднакурснік Павел Марозаў і Сяргей Даўлатаў, якога мы выпадкова сустрэлі каля шашлычнай “Пяць вуглоў”, гасцявалі ў Валка ў доме, які знаходзіўся на кропцы зліцця Загараднага і Уладзімірскага праспектаў — гэта непадалёк ад вуліцы Рубінштэйна, дзе жыў Сяргей. Па просьбе прафесара мы тады павінны былі завезці з яго кватэры некалькі цяжкіх камплектаў кніг і часопісаў у “Публічку” — бібліятэку імя Міхаіла Салтыкова-Шчадрына. Спазнаўшы, што за гэту не вельмі пыльную работу будзе “ганарар” ад паважанага “нашчадка Яраслава Мудрага”, Сяргей з радасцю ўзяўся нам дапамагчы. Падняліся на нейкі паверх, пазванілі. Гэта была вялікая камунальная кватэра з доўгім калідорам, адной агульнай кухняй, і, здаецца, з адным туалетам на ўсіх.

Жыў Сігізмунд Натанавіч адзін. Сустрэў нас цёпла, прывітаў кожнага. Уважліва прытрымліваючы пенснэ, агледзеўшы знізу даверху велікана Даўлатава, захоплена вымавіў: “Аднак волат!” Потым спытаў: “Нешта я вас не памятаю, малады чалавек…” “На жаль, я не ваш студэнт, паважаны прафесар. Я ўжо другі год пакутую на філфаку, чамусьці на фінскім аддзяленні, але больш люблю бокс. Як і абеды з півам і салёнымі сушкамі, а лепш з крэветкамі альбо ракамі, калі дазваляюць сродкі, што бывае вельмі рэдка…” — усміхнуўся Сяргей. “Як я вас разумею…” — цяжка ўздыхнуў Валк і павёў нас да ўпакаваных цюкаў. І ўсё мармытаў: “Хаця б улезлі ў таксі…” Мы прафесара супакоілі. А была ў яго прыходзячая хатняя работніца, гадоў трыццаці, даволі прыгожанькая — Настасся Філіпаўна, якая раз на тыдзень прыходзіла да яго прыбірацца і заадно штосьці смачнае згатаваць. Якраз быў яе дзень, і яна поркалася на кухні. У час кароткага знаёмства з ёй, даведаўшыся пра яе імя, Сяргей галантна прадставіўся: “Князь Леў Мікалаевіч Мышкін…” На што здзіўленая жанчына зусім сур’ёзна спытала: “А што, князі ў нашай краіне і зараз жывуць?” Атрымаўшы сцвярджальны адказ, яна тут жа кінулася нас частаваць гарбатай з абаранкамі. Потым Сігізмунд Натанавіч уручыў нам “ганарар” у памеры 10 рублёў плюс выдаткі на таксі, і на тым мы рассталіся.

Ды дзе там таксі? “Лішняя капейка не зашкодзіць, да “публічкі” адсюль крочыць пехам трошкі больш за два кіламетры. Адна прыемнасць: прайціся па свежым паветры ды яшчэ з такім каштоўным грузам ведаў…” — упэўнена сказаў Даўлатаў. І глыбакадумна дадаў: “Грошы — гэта свабода, прастора, капрызы… Маючы грошы, так лёгка пераносіць галечу…” Пазней, у 1983-м, гэтую фразу Даўлатаў унясе ў аповесць “Запаведнік”. Словам, па Уладзімірскім праспекце з кніжнай паклажай на плячах мы накіраваліся ў бок Неўскага. А там да бібліятэкі рукой падаць. Астатак дня мы правялі, зразумела, за добрай бяседай у падвальчыку нейкага ўтульнага бара. Праўда, без ракаў і крэветак…

Здаецца, у снежні 1963 года Сяргей атрымаў у арміі (ён служыў наглядальнікам у папраўчай калоніі асобага рэжыму ў Комі АССР) адпачынак на тыдзень і адразу ж прыехаў у Ленінград. У маім інтэрнаце на Мытні я знайшоў аркушык паперы: “Боба! Прыехаў на некалькі дзён. Быў з партвейнам. Не застаў. Выпіў сам. Спыніўся ў цёткі Маргарыты Сцяпанаўны. Дзе — ведаеш. Яшчэ раз, калі атрымаецца, паспрабую дазваніцца да цябе праз дзяжурнага твайго інтэрната. Даўлат”. Але дзе жыве цётка — я не ведаў, і званкоў ад Даўлатава не дачакаўся…

А самая апошняя сустрэча з Сяргеем адбылася напрыканцы 1964-га, калі ён дэмабілізаваўся. Ён знайшоў мяне ў тым жа інтэрнаце. Прыйшоў з нейкімі незнаёмымі мне сябрамі. Вельмі змяніўся, стаў нейкім засяроджаным, нібыта знясіленым штодзённым мітуслівым жыццём. Распавядаў, што прывёз з зоны нейкія запісы пра тое, што там бачыў і перажыў. Сказаў, быццам бы можа атрымацца добрая дакументальная аповесць, якую хацеў бы апублікаваць (аповесць “Зона. Запіскі наглядчыка” выйшла толькі ў 1982 годзе ў ЗША). Праз шмат гадоў Даўлатаў напіша: “Я сустрэўся з былымі прыяцелямі. Размаўляць было цяжка. Узнік нейкі псіхалагічны бар’ер. Сябры сканчвалі ўніверсітэт… Падхопленыя цёплым ветрам пачатку 1960-х, яны інтэлектуальна расквітнелі. А я безнадзейна адстаў. Я наведваў студэнцкія вечарынкі. Распавядаў жудасныя лагерныя гісторыі. Мяне слухалі далікатна і вярталіся да актуальных філасофскіх тэм: Пруст, Бероўз, Набокаў… Да гэтага часу мая жонка [Ася Пякуроўская. — Б.К.] пакахала знакамітага сталічнага літаратара… [Васіля Аксёнава. — Б.К.]”

Неўзабаве я паехаў у Маскву, каб скончыць там сваю дыпломную работу. Вярнуўся ўжо ўвесну 1965-га. Даўлатава не сустрэў, карусель жыцця круцілася ўсё больш хутка і бязглузда, прымушаючы нас, выпускнікоў, усё глыбей задумвацца над пытаннем: што ж чакае нас далей? Пасля абароны дыпломаў мы ўсе раз’ехаліся — хто куды. Я трапіў у Мінск. Трэцяга верасня даслаў тэлеграму Даўлатаву ў Ленінград на Галоўпаштамт, дзе Сяргей звычайна атрымліваў карэспандэнцыю. Я павіншаваў яго з днём нараджэння. На ўсялякі выпадак пазначыў свой хатні адрас прыватнай кватэры, хаця адказу, шчыра кажучы, не чакаў. Але адказ прыйшоў — у выглядзе караценькага ліста. Пісаў, памятаю, пра тое, што ён працаваў у нейкай заводскай шматтыражцы і часопісе “Костер”, што паступіў на факультэт журналістыкі ЛДУ (ён яго не скончыў. — Б.К.), што піша “добрыя апавяданні і нарысы”, якія ў выдавецтвах і рэдакцыях ухваляюць, але… не друкуюць. Апошнюю зусім маленькую вестачку ад Сяргея я атрымаў з Пушкінскага запаведніка. Здаецца, летам 1976-га. І на гэтым — усё…

У пачатку чэрвеня 1999 года я з жонкай прыехаў у Пушкінагор’е, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна. Зразумела, у першую чаргу вырашыў паглядзець былую халупку ў вёсцы Беразіно (побач з Міхайлаўскім), у якой у 1976 — 1977 гадах жыў Даўлатаў, працуючы два лета экскурсаводам у вёсках Міхайлаўскае, Трыгорскае і Святагорскім манастыры. Калі не памыляюся, тады гэты домік на сваях-распорках ужо належаў нейкай настаўніцы, якая набыла яго ў былых гаспадароў. Канешне, відовішча гэтага стагадовага жылля было не з прыемных: дах месцамі праваліўся, бачыліся цёмныя балкі, сцены ўнутры абабітыя фанерай, шыбы пакрытыя газетнай паперай, столь вельмі нізкая (незразумела, як тут прыгінаўся двухметровы Сяргей). Стаялі два металічныя ложкі і два крэслы, стол-тумба з дапатопным тэлевізарам, нейкая старая радыёла, пара гранёных стаканаў і нават тры ці чатыры іконкі ў куточку. І яшчэ шафа для адзення. На двары — паўразбураная лазня…

Пасля агляду гэтага прасторавага “артэфакта” я сустрэўся з Георгіем Мікалаевічам Васілевічам — тагачасным дырэктарам Пушкінскага запаведніка, дарэчы нашым земляком, родам з Мінска, які і запрасіў нас з Людмілай прыехаць у госці да Пушкіна. Тады ўзяў у яго інтэрв’ю для “Культуры”, а паралельна паразмаўлялі наконт лёсу даўлатаўскага доміка. На маю прапанову нейкім чынам адрэстаўраваць яго пад музей, Васілевіч сказаў, што так, ідэя добрая, прыцягальная і для турыстаў, і для памяці пісьменніка, але трэба ўсё гэта абмазгаваць, прадумаць пытанні па рэстаўрацыі вельмі запушчанай хаціны, па фінансаванні, па падрыхтоўцы адпаведных дарог, па зборы патрэбных матэрыялаў, якія тычацца прабывання тут Даўлатава і гэтак далей. Васілевіч распавёў, што калі ў 1983 годзе выйшла кніжка Даўлатава “Запаведнік”, Сямёна Гейчанку, шматгадовага дырэктара запаведніка, запрасілі ў КДБ на Ліцейны. І там далі яму, стваральніку і першаму захавальніку Пушкінскага музея-запаведніка “Міхайлаўскае”, магчымасць пазнаёміцца з гэтай кнігай, выдадзенай у ЗША. Сямён Сцяпанавіч за паўтары гадзіны прачытаў тэкст і вельмі абурыўся з-за даўлатаўскага саркастычнага гумару, з-за паказу непрыглядных карцін нашага сацыяльна-культурнага савецкага жыцця, якімі ўсыпаны ўсе старонкі кніжкі. Закрыўшы аповесць, Гейчанка ўстаў, падзякаваў чэкістам за запрашэнне (цікава, ці прыгадаў тады Сямён Сцяпанавіч, як яго ў 1941-м арыштоўвалі па даносе энкавэдысты за “антысавецкую прапаганду” і як ён прасядзеў два гады ў ГУЛАГу?) і прабурчаў у адрас “нягодніка Даўлатава” вельмі бесстароннія словы. Наогул, Гейчанку ў гэтым плане разумею: Даўлатаў у сваёй шэдэўральнай аповесці з такой парадаксальнай іроніяй і так бліскуча паказаў “бытаванне” тагачаснага турыстычнага Пушкінагор’я ў час дырэктарства Гейчанкі, імя якога Сяргей згадаў у гэтай кніжцы не вельмі пазітыўна — нічога не ўбавіць, не дадаць… А між тым у “даўлатаўскі” час Гейчанка ўжо быў і Героем сацыялістычнай працы і кавалерам ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі…

Жыццё Сяргея Даўлатава на сёння апісана рознымі даследчыкамі і “ўспамінацелямі” так падрабязна і глыбока, уключаючы яго амерыканскі перыяд і апошнія гады прабывання на гэтай зямлі, што мне тут, зразумела, няма чаго дадаць новага. Чытайце ўсё, што пра яго створана і ў кніжна-часопіснай прадукцыі, і ў інтэрнэце, а лепш — чытайце самога Даўлатава…

 

P.S. Калі матэрыял ужо друкаваўся, журналістка газеты “Культура” Настасся Панкратава паведаміла наступнае: “Мой бацька, пецярбургскі тэатральны рэжысёр Уладзіслаў Панкратаў прысутнічаў 11 кастрычніка 2016 года на адкрыцці бронзавага помніка Сяргею Даўлатаву ля дома № 23 па вуліцы Рубінштэйна. А побач з манументам пісьменніка ў рост, за сімвалічнымі расчыненымі дзвярыма, аўтар кампазіцыі скульптар Вячаслаў Бухаеў размясціў стол з друкавальнай машынкай, ля якога былі пастаўлены тры табурэткі — мастак шыкоўна ўвасобіў уласцівы Даўлатаву прынцып “сцяміць на трох”. Зрэшты, у так званы “Дзень Д” — фестываль у гонар 75-х угодкаў выдатнага пісьменніка — бары на вуліцы Рубінштэйна абвясцілі арыгінальную акцыю: першым трыццаці наведвальнікам бясплатна налівалі стопачку спецыяльна прыгатаванага па ўласным рэцэпце “Даўлатаў-шота”, калі тыя прамовяць кодавую фразу: “П’ю за Даўлатава!” Мой бацька са сваімі сябрамі, як і іншыя групкі гарачых прыхільнікаў Сяргея Данатавіча, некалькі гадзін правяралі пароль — ён сапраўды працаваў уздоўж усёй вуліцы, на якой малады Даўлатаў правёў свае лепшыя ленінградскія гады”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"