Пяцёра з семдзесят шостага…

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Так, іх пяцера творцаў, выпускнікоў мастацкага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута 1976 года: скульптар Карней Аляксееў, жывапісцы Вітольд Бархаткоў, Анатоль Кузняцоў, Надзея Лівенцава, Вячаслаў Рускевіч. Кожны з іх — са сваім уласным стылем, светапоглядам, са сваёй методыкай выкарыстання выяўленчых сродкаў. Дык што аб’ядноўвае (ці не) іх, такіх абсалютна розных творцаў, у каго мастакоўскія і жыццёвыя паралелі адзін з адным нідзе не перасякаюцца, акрамя агульнай даты заканчэння інстытута?

/i/content/pi/cult/607/13509/8-1.jpgНу, што тычыцца падставы, таго, што яны сорак гадоў таму разам скончылі вучобу, дык гэта трошкі здаецца дзіўнаватым: зачэпка тут не вельмі пераканаўчая. У такім разе ў мяне ўзнікае пытанне: а куды падзяваліся з кантэксту іншыя выпускнікі мастацкага факультэта таго ж, 1976 года “разліву”, імёны якіх сёння ведаюць усе, хто цікавіцца нашай выяўленчай культурай? Вось толькі некаторыя мастакі з таго шэрагу: Генадзь Буралкін, Валянцін Занковіч, Леанард Пакульніцкі, Алена Хараберуш, Аляксандр Гвоздзікаў, Мікола Купава, Уладзімір Савіч, Раіса Сіплевіч, Мікола Селяшчук, Алесь Цыркуноў, Кацярына Паплаўская, Канстанцін Хацяноўскі, Уладзімір Лукашык і іншыя, не кажучы пра групу таленавітых манументалістаў, вучняў Гаўрылы Вашчанкі, якія паспяхова працуюць таксама і ў станковым жывапісе. Не ведаю, ці запрашалі іх арганізатары ў галерэю М.Савіцкага, а калі запрашалі — дык чаму яны не прынялі ўдзел? Ці былі іншыя, нейкія суб’ектыўныя ці аб’ектыўныя прычыны? Вось і атрымліваецца, што сённяшняя экспазіцыя твораў менавіта гэтых пяці персон выглядае не вельмі слушнай у сваёй канцэптуальна-творчай аснове. Хаця ніякіх прэтэнзій, уласна кажучы, да кожнага з удзельнікаў выставы не маю: усе яны мастакі цікавыя, кожны знайшоў у нацыянальнай мастацкай прасторы сваю асабістую нішу, і так ці інакш паклаў уласную цаглінку ў фундамент сучаснай выяўленчай культуры. А зараз некалькі словаў пра кожнага з аўтараў экспазіцыі.

У казцы “Маленькі прынц” Экзюперы ёсць словы: “Відушчае адно толькі сэрца. Самога галоўнага вачыма не пабачыш”. Гэта цытата можа стаць своеасаблівым эпіграфам да творчасці Надзеі Лівенцавай. Калі тэма, нейкая жыццёвая з’ява ці ўнутраны свет чалавека ёй незнаёмыя ды чужыя, дык гэта ніколі яе не захапляе. Яна адлюстроўвае толькі тое, што зачароўвае ўласна яе, што роднаснае ёй па духу, што і каго яна любіць, што прымушае яе перажываць, хвалявацца, пакутаваць. Пра гэта палотны “Плач анёлаў”, “Аляксандра”, “Прадчуванне. Мастачка Марына Ісаёнак”, “Лета на зімовым акне”, “У летнюю ноч”, “Лінда”, “Мастацтвазнаўца Таццяна Бембель” (з фонда Нацыянальнага мастацкага музея), самая апошняя па часе стварэння — карціна гэтага года  “Шахматыст”…

Анатоль Кузняцоў паказаў каля дваццаці невялікіх палотнаў з серыі “Эцюды”. Гэта імправізацыі, пабудаваныя на інтуіцыі, унутранай свабодзе і, у той жа час, на рацыі, дзе ў думках аўтара лунае галоўнае: як разбіць белы ці блакітны, вохрысты ці чырвоны, аранжавы ці серабрысты колер на неабходныя спектры, рэфлексы, адценні, каб рэалізаваць тую ідэю карціны, дзеля якой мастак у дадзены момант і падрыхтаваў палітру ды пэндзлі. У эцюдах дакладна прачытваецца яго філасофская канцэпцыя расшыфроўкі духоўнага “аўтапартрэта”, ядром якога з’яўляецца пластычна-музычнае ўвасабленне аўтарскай “касмічнай” плыні ўсведамлення. Цікава, што Кузняцоў не аддзяляе змест ад формы — яны ўтвараюць адно цэлае. Твор не гаворыць пра нешта — ён існуе сам па сабе. Такім чынам, палатно мастака абстрактнае, “абсалютнае” толькі ў сваім метадзе, а не паводле ўнутранай сутнасці. Бо ўнутраная сутнасць — шматлікая прырода рэчаў і чалавека, якая “падказвае” аўтару ўсе філасофскія арабескі быцця.

Яго поўная процілегласць — Вячаслаў Рускевіч, які працуе ў “класічным” рэалістычным кірунку, у асноўным, у жанры партрэта, хаця ў экспазіцыі прадстаўлены і “прасторавыя” палотны апошніх гадоў “Скрыпка і піяніна” і даволі цікавае па задуме “Уніз па лесвіцы, якая вядзе ўгору”, а таксама эксперымент у абстрактным стылі — “Памяці Васіля Кандзінскага”. Як партрэтыст Вячаслаў — мастак камерны. Ён добры традыцыяналіст і любіць жывапісаць мадэлі ў канкрэтных абставінах і ў канкрэтным настроі. І пісаць толькі асоб, якіх добра ведае, напрыклад, свайго настаўніка Альгерда Малішэўскага, мастачку Ладу Шчасную ці бацькоў. Ды і ў “Аўтапартрэтах” ён імкнецца зірнуць на сябе як бы збоку, сур’ёзна і пільна, каб зразумець: хто ёсць “я” па сваёй сутнасці як творца. Прыцягвае партрэт другога яго настаўніка — Леаніда Шчамялёва, славутага мастака і складанай па характары пасіянарнай асобы, каго Вячаслаў Канстанцінавіч пісаў з натуры яшчэ гадоў сямнаццаць таму. Атрымаўся вельмі нечаканы вобразны ракурс мадэлі. А вось зусім не зразумеў я пластычную і вобразную звышзадачу, якую паставіў перад сабою Рускевіч у карціне “Нацюрморт з гіпсавай маскай”…

Жывапісныя творы Вітольда Бархаткова належаць да таго перыяду, калі ён яшчэ жыў у Беларусі: канец 1960-х — пачатак 1980-х. Што ён рабіў потым, у ЗША, мне невядома. Здаецца, мае там уласную мастацкую галерэю. Сённяшняя экспазіцыя — з калекцыі яго малодшага брата, вядомага мастака Ігара Бархаткова. Але хачу адзначыць, што Вітольд у сваіх беларускіх экспрэсіўных пейзажных эцюдах, у нацюрмортах і партрэтах цудоўна карыстаўся сапраўдным, па-імпрэсіянісцку “жывым” жывапісам, якім так бліскуча валодалі яго настаўнікі Альгерд Малішэўскі, Май Данцыг і Барыс Аракчэеў.

Магіляўчанін Карней Аляксееў, найстарэйшы з удзельнікаў, прадставіў серыю камерных (выставачных) і анімалістычных скульптур розных часоў, пачынаючы з канца 1970-х і заканчваючы гэтым годам (адна з апошніх работ — “Спакушэнне”). Так скажам, паказаў сваю ўласную “палітру жыцця”. Практычна ўсе творы — у матэрыяле (дрэва, сілумін, метал). У лепшых з іх аўтар імкнецца адлюстраваць неадназначныя, складаныя вобразна-сэнсавыя структуры, часам вырашыць складаную мастацкую задачу: пераасэнсаваць і абагульніць сюжэт, звязаны з біблейскімі тэмамі. Пры тым, што яго выразнасць грунтуецца на звычных ці некалькі мадэрнізаваных мастацкіх прыёмах. Можна таксама “пабачыць” нябачнае, знакі ідэй, змяшэнне матываў, зрухі ў часе і прасторы. Прыцягвае і здольнасць скульптара па-дзіцячы радавацца і здзіўляцца свету, асабліва ў анімалістыцы і “вясковых” персанажах.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, з’явіліся весткі, што падобныя экспазіцыі на тэму “Сустрэча выпускнікоў” будуць працягнуты ў пашыраным складзе, магчыма, у Палацы мастацтва. Ну што ж — пачакаем. Мо гэта і будзе адказам на маё пытанне ў пачатку артыкула.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"