“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Феномен Алены Аладавай
Сёння "К" працягвае распавядаць пра ўнікальную асобу ў гісторыі нацыянальнай культуры — Алену Аладаву.

/i/content/pi/cult/607/13500/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 37 — 40.)

Нагадаю, мінулым разам мы спыніліся на старонках дзённікавых запісаў Алёны Васільеўны, прысвечаных чэрвеню 1941-га. Вось іх завяршэнне:

“З кожным прыпынкам прыбывала процьма людзей. Сярод іх і ваенныя, і міліцыянеры, і грамадзянскія асобы, мужчыны, жанчыны, дзеці — у берэтах, кепках, капелюшах, фуражках, з рукзакамі і чамаданамі, торбамі і мяшкамі. На нашай платформе нават павярнуцца было немагчыма.

Памятаю, нейкі рабочы падышоў да начальніка саставу і сказаў, што тут, у натоўпе, шмат шпіёнаў, і добра б праверыць ва ўсіх дакументы. “Праверым”,— адказаў той, але раздаўся чарговы сігнал паветранай трывогі, і мы вокамгненна скаціліся з адхону. Пасля адбою, падымаючыся да поезда, я пабачыла на насыпе цела таго самага рабочага з прастрэленай скроняй. Зразумела, што хтосьці з “чужых” яго застрэліў... Стала не па сабе. І мы вырашылі, пакуль не позна, з гэтай кампаніі бегчы. На наступным прыпынку перабраліся на першую платформу, дзе быў Міхалап, каб разам абмеркаваць далейшыя нашы дзеянні і ўчынкі. Праехалі яшчэ трошкі. Ужо цямнела. Чакаем перапынку. І вось, нарэшце, поезд спыніўся на вельмі высокім насыпе. Але што здарылася? Па баках саставу, уздоўж вагонаў, унізе, ланцужком, стаялі ваенныя ў чорных плашчах. Прагучаў загад: усім легчы і не варушыцца. Усё стала ясна, але раздумваць не даводзілася. Мы хутка адчынілі абодва барты платформы і сталі саскокваць на зямлю. Я і муж схапілі нашых хлопчыкаў за рукі і скаціліся кулём уніз. Потым з усіх ног кінуліся прэч. І ў гэтую хвіліну пачалася кананада. З боку галавы поезда падкаціла артылерыйская батарэя і пайшла дзікая страляніна. Апошняе, што я пачула, быў голас Міхалапа: “Дзе, дзе Аладавы?..” А мы імчаліся, як шалёныя, праз нейкае балота. Увесь абутак прамок настолькі, што яго давялося выкінуць. Беглі босыя, на світанні трапілі на вясковыя могілкі і перавялі дух. Тут вырашылі правесці некалькі гадзін, каб адпачыць ды набрацца сіл. Куды дакладна ісці — не ведалі. Ведалі толькі, што шлях — на ўсход... Ішлі начамі, днём адпачывалі ў зацішных месцах. І так дайшлі да райцэнтра Горкі Магілёўскай вобласці, у якім знаходзіўся наш урад на чале з намеснікам старшыні Саўнаркама, членам ЦК КП(б) Беларусі Антонам Іванавічам Захаравым. Гэта за 86 кіламетраў ад Магілёва. У Магілёве я была перад вайной, збірала матэрыял для дысертацыі. Працавала ў царкве, што была прыстасавана пад сховішча для старажытнабеларускага мастацтва, дзе сабралі сотні ўнікальных ікон; многія з іх я тады сфатаграфавала...

У горадзе я сустрэла майго старога знаёмага, пісьменніка Кузьму Чорнага і журналіста Праўдзіна, увяла іх у курс справы, і мы рушылі на прыём да Захарава. Пайшлі прасіць дапамогі, г. зн. машыну, у якую можна пагрузіць і выратаваць хаця б частку гэтых каштоўнасцей ды вывезці на ўсход у бяспечнае месца. Захараў ветліва прыняў нас і абяцаў дапамагчы вывезці іконы. А нам адразу ж выдаў “ахоўную грамату”: усім аказваць нам садзейнічанне ў далейшай дарозе на ўсход. Мы пайшлі на станцыю, але яшчэ да нашага падыходу яе разбамбіла нямецкая авіяцыя. Што рабіць? Выбраліся на шашу і сталі галасаваць. Спыніўся грузавік, і пажылы вадзіцель падабраў нас. Давёз да горада Ельні — гэта ўжо Смаленская вобласць. Тут мы пераначавалі ў Доме калгасніка, і на світанні нашу сям’ю адправілі ў Саратаў. Пазней я даведалася, што Горкі былі акупаваныя фашыстамі 12 ліпеня 1941 года...”

Акрамя фундаментальных ведаў, акрамя штодзённай руплівай музейнай работы, дзівоснай прадпрымальнасці і тонкага густу ў ацэнцы твораў мастацтва, Аладава валодала рэдкай інтуіцыяй у калекцыйнай дзейнасці. Выбіральнасць, характэрная для яе “музейнай” натуры, дазваляла ёй амаль імгненна дакладна ацэньваць прадмет набытку. Памятаю, як, працуючы ў складзе выставачных камітэтаў і закупачных камісій, яна заўсёды адстойвала тыя творы, якія, на яе погляд, былі надзвычай неабходныя музею. Бывалі выпадкі, калі, скажам, карціна таго ці іншага мастака выклікала жорсткую крытыку членаў выстаўкама ці міністэрскіх чыноўнікаў і знаходзілася на грані “вета”, гэта значыць забароны на яе паказ у экспазіцыі. І тады Аладава, амаль у адзіночку, грудзьмі ўставала на яе абарону, і пераконвала ўсіх, што гэты твор годны ўвагі не толькі гледачоў, але і фонду музея. І — рэдка памылялася. Такім вось чынам яна ж і абараніла некаторыя палотны ды скульптуры “левакоў”, тых, хто “адхіляўся” ад лініі сацрэалізму. У гэты “разрад” траплялі Мікалай Тарасікаў, Уладзімір Стальмашонок, Альгерд Малішэўскі, Мікалай Залозны, Аляксандр Кішчанка, Мікалай Якавенка, ужо згаданыя Леанід Шчамялёў, Міхаіл Савіцкі і Гаўрыла Вашчанка...

А яе экспедыцыйная дзейнасць па выяўленні старажытна-беларускіх помнікаў XII — XVIII стагоддзяў у Гродне і Нясвіжы! Як яна радавалася, калі з групай сваіх супрацоўнікаў выявіла ў скляпеннях гродзенскага касцёла брыгітак парсуны XVII стагоддзя! Стан іх быў жахлівы: зацёкі, плямы шматгадовай цвілі амаль цалкам дэфармавалі знаходкі. Гніль і цвіль папсавалі многія ўчасткі фарбавага слоя. На адным з трох палотнаў журботна зеўралі дзіркі. Усё ж удалося выявіць, што гэта — партрэты. Але надзея на іхняе абнаўленне была прывіднай. І тады Аладава звярнулася да рэстаўратара Ананія Барысавіча Брындарава, загадчыка рэстаўрацыйнага аддзела ленінградскага Рускага музея. Праз тры гады рэстаўратар скажа, што “выканаў самую цікавую і грандыёзную работу свайго жыцця”, бо аднавіў усе тры парсуны ў іх першапачатковым выглядзе. Пасля таго як карціны атрымалі сваё другое жыццё, стала магчымым прачытаць і дату іх стварэння, і імёны выяўленых тут персанажаў. Іх дэшыфравала Алена Камянецкая, навуковы супрацоўнік Эрмітажа. Для гэтай мэты ёй давялося папрацаваць і ў Вільнюсе, і ў Гродне, і ў Варшаве. Героі партрэтаў — шляхціц Кшыштаф Весялоўскі, яго жонка Аляксандра Сабеская і дачка Грызельда. Маляваў партрэты адзін майстра, невядомы, але, па ўсім відаць, — вельмі таленавіты мастак.

Яшчэ памятаю, як у 1968-м пачыналася рэстаўрацыя нясвіжскіх знаходак, за працэсам якой штодзённа назірала Аладава. Тут жа ювелірную работу рабіла супрацоўніца нашага музея Тася Карповіч, дзякуючы якой былі паспяхова вырашаны многія праблемы рэстаўрацыйнага мастацтва. У гэтым кантэксце можна ўспомніць выратаваныя Аладавай такія шэдэўры, як слуцкія паясы з Дрысвят, сярэдневечная рэнесансная Царская брама з вёскі Варанілавічы Пружанскага раёна (Пружаны — малая радзіма Алены Васільеўны), іканастас з гарадскога пасёлка Шарашова таго ж раёна, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры.

І ўсё ж такі рускі жывапіс быў сардэчнай прыхільнасцю Алены Васільеўны. І тое, што сёння рускі раздзел Нацыянальнага мастацкага музея і музейныя фонды рускага мастацтва XVIII — пачатку XX стагоддзяў з’яўляюцца ў найвышэйшай ступені ўнікальнымі, — цалкам яе заслуга. У 1966-м я з Аленай Васільеўнай ездзіў у Маскву на выстаўку прыватнай калекцыі Фелікса Вішнеўскага, арганізаваную Дзяржаўным музеем выяўленчага мастацтва імя Аляксандра Пушкіна. Праўда, заходняга раздзела калекцыі, якая раней планавалася, не было: саюзнае Міністэрства культуры наклала сваё вета. З гэтай прычыны Аладава на вернісажы вельмі ўгнявілася ў прысутнасці высокіх чыноўнікаў, якія, у сваю чаргу, толькі паціскалі плячыма, моўчкі ўказваючы пальцам угору, маўляў, гэта забарона ідзе не ад іх. Увечары мы былі запрошаны ў дом Фелікса Яўгенавіча і яго жонкі Куліковай (не памятаю імя), дзе і пабачылі тыя самыя “авангардныя” творы заходніх майстроў пачатку стагоддзя, якія не ўвайшлі ў экспазіцыю. Дарэчы, гэты самы Вішнеўскі пазней арганізаваў музей Васіля Трапініна ў Замаскварэччы на базе свайго прыватнага збору.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"