Айчына — перадусім

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

7 — 8 ліпеня Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь ладзілі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага — апора беларускай дзяржаўнасці, асветнікі і фундатары нацыянальнай культуры”. Канферэнцыя была прымеркавана да 155-годдзя з дня нараджэння Магдалены Радзівіл (1861 — 1945).

На канферэнцыі было агучана шырокае кола пытанняў, датычных гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага, якое навукоўцамі адназначна трактавалася як сярэднявечная беларуская дзяржава. А пра тое, як гістарычная Літва ў складзе Расійскай імперыі набыла новае імя — Беларусь, а найменне “Літва” імперская ўлада фактычна падаравала Жмудзі, выразна і даходліва патлумачыў прафесар Мальдзіс у сваім дакладзе “Нацыянальнае і міжнароднае значэнне дзейнасці Магдалены Радзівіл”.

Тэмы абмеркавання былі сабраныя ў пяць інфармацыйных блокаў. Гэта “Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага на службе Айчыне”, “Палітычная культура Беларусі: традыцыі і сучаснасць”, “Інстытуты ўлады і кіравання: погляд праз прызму пакаленняў”, “Гісторыя дзяржаўнасці як аснова палітыка-прававой культуры сучаснай Беларусі”, “Кніга — інфармацыя — улада: тысячагоддзе ўзаемадзеяння”. У дакладах ахоплена беларуская гісторыя ад XIV па ХХ стагоддзе. З прамоў замежных гасцей можна зрабіць выснову, што падтрыманая дзяржаваю цікавасць грамады да нацыянальнай гісторыі — гэта вызначальная ідэалагічная плынь на постсавецкай прасторы. Згаданыя вышэй дыпламаты ў прыватнасці гаварылі пра стварэнне станоўчага гістарычнага іміджу народаў качавой цывілізацыі.

Дарэчы, менавіта казахскі дыпламат спадар Лаўмулін адзначыў актыўную геапалітычную ролю сярэднявечнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага на еўразійскай прасторы не толькі ў сегменце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, але і ў Азіі праз стасункі з Ардою, да якой мелі дачыненне землі сучаснага Казахстана.

Спадар Гаркун, які прадстаўляў на імпрэзе структуры Садружнасці, гаварыў пра важнасць культуры як чынніка прэстыжу дзяржавы. На жаль, здараецца, што гэта не заўжды разумеюць дзяржаўныя службоўцы. На ягоную думку, варта зрабіць завядзёнкаю, каб ніводнага чыноўніка не выпускалі ў замежную камандзіроўку, перш чым не наведае Полацк. А то атрымліваецца, што некаторыя па шмат разоў бывалі ў культурных цэнтрах Еўропы, але пры гэтым кепска ўяўляюць, дзе знаходзіцца горад — калыска беларускай дзяржаўнасці.

Даследчыкі беларускай культуры заўжды ведалі пра вялікую ролю беларускай арыстакратыі ў справе адраджэння нашай нацыянальнай культуры на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў. Але гаварыць пра гэта могуць толькі зараз. На канферэнцыі згадваліся Эдвард Вайніловіч, Гутэн-Чапскія, Радзівілы, якія матэрыяльна падтрымлівалі беларускую літаратуру, беларускае школьніцтва, фактычна — беларускую нацыянальную ідэю. Праўда, ужо тады мела месца з’ява пад назвай “нямэтавае скарыстанне сродкаў”. Так, быў выпадак, калі Магдалена Радзівіл выдаткавала на беларускую справу 20 000 рублёў, што эквівалентна 15-ці кілаграмам золата альбо 16-ці мільярдам сённяшніх беларускіх рублёў. Куды зніклі гэтыя грошы, перададзеныя беларускім рупліўцам з рук у рукі, што называецца напавер, ніхто не ведае…

Аднак, нягледзячы ні на што, Радзівілы заставаліся патрыётамі краю. Гэты род, чые карані ў Беларусі, меў сваяцкія стасункі з элітай Еўропы. Але на пытанне, хто яны па нацыянальнасці, Радзівілы горда адказвалі: “Тутэйшыя!” оля арыстакратычных родаў у нашай гісторыі яшчэ па-сапраўднаму не асэнсаваная. Іх маральны, палітычны і культурны капітал сёння здабытак нацыі. Трэба разумець, што ні Мір, ні Нясвіж, ні палац у Ружанах не здолеў бы пабудаваць адзін чалавек. Іх будаваў на працягу стагоддзяў цэлы род. І калі ў выніку сацыяльных узрушэнняў былі парушаны дынастычныя, родавыя сувязі ўнутры беларускай магнатэрыі, калі раз’ядналася эліта — гэта стала для Беларусі, гістарычнай правапераемніцы Літвы, нацыянальнай трагедыяй.

Сёння для Беларусі, якая на працягу апошніх стагоддзяў спазнала велізарныя, часам незваротныя страты, надышоў “час збірання камянёў”. Ніхто, канешне ж, не збіраецца аднаўляць Вялікае Княства і сацыяльную структуру гэтай дзяржавы. Але ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці будзе да справы дапамога раскіданых па свеце нацыянальных магнатэрыі і шляхты, якія заўжды перадусім ставілі інтарэсы Айчыны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"