Ад карнавалу да тых, хто змяняецца

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

У Мінску прайшоў форум вулічных тэатраў
6 — 8 мая ля сталічнай Ратушы прагрымеў IV Мінскі форум вулічных тэатраў. Побач з айчыннымі камедыянтамі публіку забаўлялі прадстаўнікі творчых калектываў з пяці краін. Каскад спектакляў на вольным паветры паклаў пачатак шэрагу разнапланавых оўпэн-эйраў, што будуць ладзіцца ў Верхнім горадзе цягам усяго лета.

/i/content/pi/cult/586/12983/7-1.jpgІніцыятыва, якая жыве

Урачыстае адкрыццё Форуму адбылося ўвечары 6 мая. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч зазначыла: “Мы шчаслівыя, што гэты фэст ужо стаў для мінчан традыцыйным, штогадовым. Калі НЦСМ толькі задумваў гэтае мерапрыемства, то сваёй галоўнай мэтай ставіў жаданне распавесці гараджанам, што сучаснае мастацтва разнапланавае. І гэтай мэты мы дасягнулі. Зараз мы хочам паказаць, што contemporary art у любым выпадку дастаўляе радасць і прыносіць у будзённае жыццё сапраўднае свята”.

Прамоўца падкрэсліла: ніводзін форум не можа адбыцца без падтрымкі і дапамогі. Сёлетні вулічны рух змог адбыцца дзякуючы Міністэрству культуры Беларусі, Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і генеральнаму спонсару — ЗАТ “Альфа-Банк”.

Форум распачаў эксперыментальны тэатр “EYE”. На плошчы Свабоды ён прэзентаваў спектакль “Рабінзанада”, які пазіцыянаваўся, як пастаўлены спецыяльна для сёлетняга мерапрыемства. Шмат гаварылася пра літаратурную аснову сцэнічнага дзейства, сатканую з твораў Даніэля Дэфо, Мішэля Турнье і Дантэ Аліг’еры. Аднак пры ўсім памкненні літаратурныя матывы амаль не чыталіся за адкрытай буфанадай. Гэтым разам мастацкі кіраўнік калектыву Дзмітрый Масцяніца зрабіў акцэнты на нумарах, што больш цешаць публіку, чым выглядаюць пастаноўкай “ад і да”. Рэжысёр вырашыў не засяроджвацца на дакладнасці дэталяў, напрыклад, у якасці Арлекіна з камедыі дэль артэ выйшаў акцёр у чумной масцы ці была прапанавана піньята, зробленая чамусьці з поліэтыленавага пакета (таму яе і не змаглі разбіць). Некаторыя з акцёраў так захапіліся гэткай гульнёй, што Дзмітрыю даводзілася раз-пораз вяртаць іх у рэчышча дзеі.

Наступным днём мінчан чакала карнавальнае шэсце. Мімы, клоўны, хадулісты прайшліся да плошчы Свабоды па вуліцах Леніна і Інтэрнацыянальнай, уцягваючы ў тэатральны вір мінакоў. Фестывальную праграму для вырастаючага на вачах натоўпу распачалі артысты Белдзяржцырку. Шкада, для іх не прадугледзелі якога-небудзь узвышэння: з-за таго далей за трэці “шэраг” разгледзець штосьці на імправізаванай арэне было амаль немагчыма. (Нездарма ў мінулым стагоддзі вулічныя выступоўцы, калі не было натуральнага узвышэння, гралі на колах, потым — у адчыненых кузавах машын ці везлі з сабой хоць якія канструкцыі для ўздыму пляцоўкі…)

Урэшце, людзі разыходзіліся па Верхнім горадзе, дзе ставала цікавостак. Прынамсі, паўсюль месціліся жывыя статуі (побач з “Залатым рэжысёрам” Аляксеем Стукіным з Мінску і акцёрамі сталічных “Паддашкавага тэатру”, “EYE” працавалі прадстаўнікі жлобінскай арт-майстэрні “Living doll” і “Discoman” Аляксей Кірыевіч з Баранавічаў). Інтарэс выклікаў мастацка-асветніцкі праект часопіса “Мастацтва” пад назвай “Зробім “Мастацтва” разам!”. Усе ахвотныя — збольшага ля стэнду “завісалі” дзеці — маглі са старых выпускаў зрабіць калаж, упрыгожыць сцяжок ці падрыхтаваць канверт-паштоўку.

Настасся ПАНКРАТАВА

Харэаграфічныя мініацюры і імправізацыі

Праграма ў Карэтным дворыку пачалася з “Бочкі Смеху” польскага калектыва “Тэатр на чамаданах”, чыя праграма разлічана не толькі на дзяцей. Цягам прадстаўлення ніхто не пакінуў пляцоўку — імправізацыі і вясёлыя нумары толькі сабіралі гледачоў.

Затым гумар змяніўся пластычнымі вобразамі сталічных тэатраў танцу [ОТРАЖЕНИЯ] і “Альтана”. Маладыя калектывы прадставілі харэаграфічныя мініяцюры і імправізацыі. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да аб’яднання мастацтваў, а яшчэ — імкненне да тэатральнасці. Тыя ж тэатры паэзіі… Можна згадаць і пастановачныя нумары ў музеях, перформансы на выставах. Тэатр, як падаецца, ужо выйшаў за межы ў нашай паўсядзённасці.

Тэатр танцу [ОТРАЖЕНИЯ] у сваіх пастаноўках звяртаецца да ўзаемаадносін жанчыны і мужчыны. Каханне, растанне, радасць… І зноў каханне. Калектыў адлюстроўвае “зямныя” адносіны, і яны не ідэалізаваныя, тут няма і залішняй эстэтызацыі. Хочацца адзначыць, што падзел танцораў у калектыве па ролях ўдалы: знешняе аблічча дапаўняе, скажам, сцэнічны вобраз.

У харэаграфічных імправізацыях “Альтаны” запомнілася сюжэтнасць. Танцавальныя нумары, змяняючыся, ствараюць завершаную гісторыю. У ёй — адна галоўная роля, вакол якой і “раскручваецца” сюжэт. Увогуле ў нумарах калектыву “кантраснага” падзелу па ролях не было, а завершанасць вобразам танцораў надалі рэквізіт і касцюмы — метафары свабоды.

Здзівіла формай прэзентацыі выяўленчага мастацтва тэатральная студыя “Дом ветру”. Уласна жывапіс віцебскага мастака Мікіты Ефіменкі мо і не кожнага ўразіць, але дакладна стаўлю “плюсік” Мікіту — за смеласць. Яшчэ раз пераканалася, галоўнае — упэўненасць у сабе і сваёй творчасці. І гэтага часам дастаткова. Пачаўся ж перформанс з паказу работ навучэнцамі студыі “Дом ветру”. Затым вядучы пытаўся ў гледачоў пра ўспаміны, звязаныя з каханнем. Усе, мабыць, засаромеліся, а мо не маглі прыгадаць самае яскравае ці не хацелі дзяліцца ўспамінамі, маўляў, інтымнае. Адзін мужчына не вытрымаў маўчання і таемных усмешак моладзі, распавёўшы пра адпачынак разам з жонкай на моры. Затым яшчэ знайшліся смелыя — людзі з фотаапаратамі. Сярод некалькіх сюжэтаў Мікіта выбраў адзін, і дзесьці за 15 хвілін белае палатно было запоўнена. Але які сэнс у гэтай дзеі, у гэткім творчым чыне? Разумею, шарж альбо карыкатура — хутка і па-майстэрску. А малады і ўпэўнены творца фарбуе, перамалёўвае, змяняе колеры… І прадстаўляе гледачам. Мабыць, я штосьці ўпусціла, так і не зразумеўшы, чым жа хацеў здзівіць мастак. Вобразамі або хуткасцю напісання? Пакуль жа Мікіта пісаў на белым простакутніку, “Дом ветру” “асвяжыў” гледачоў дажджом. Дзецям спадабалася. А мне спадабалася праграма. Разнастайнасцю.

Вольга РОПАТ

Вулічны, ды розны

Па шчырасці, што мы ведаем пра вулічны тэатр? Мастацтва, якое мае на ўвазе непасрэдны кантакт з гледачом? Балаган, тэатр, дзеянне? Вядома, спецыфіка тэатральнага вулічнага спектакля відавочная кожнаму, але ці вымяраецца яна адно атракцыёнам? Паразважаць на гэты конт і падштурхнуў Міжнародны форум вулічных тэатраў.

Недаацаніць гэту ініцыятыву немагчыма: фестываль — гэта яшчэ адзін крок у станаўленні менавіта гарадской культуры — культуры публічных падзей, якая ў нас толькі пачынае прыжывацца, развівацца (парады, шэсці, святочныя канцэрты не бярэм у разлік, гэта тэма — для іншай гутаркі). Радуе, што ўлады горада становяцца больш адкрытым для падобных падзей, і чым іх будзе больш — тым і больш шанцаў на развіццё культуры публічнасці, публічнага свята, яе ўдасканаленне, на яскравасць горада і адчуванне мінчукамі ўдзельнікамі гэтага працэсу.

Часткова тое адбылося і сёлета. Дастаткова было паглядзець на твары дзяцей, якія рэагавалі на артыстаў вулічных тэатраў, на тое як яны ўцягваліся ў дзеянне і актыўна, уголас, суперажывалі героям спектакляў, каб зразумець: форум атрымаўся. Можна было заўважыць і прыемнае здзіўленне дарослых, якія “заглянулі на хвілінку”, але засталіся на гадзіны. Вядома, свята не здзейснілася б без артыстаў, якія прадэманстравалі шчырае захапленне сваёй справай. Але форум выявіў і пэўныя пытанні, якія сведчаць пра пачатак шляху да яскравага публічнага мерапрыемства, якое, здаецца, не патрабуе асаблівых умоў — тэатр жа вулічны! Але яго спецыфіка, як і любая іншая справа, таксама патрабуе ўключэння і належнага кантэксту.

Пачну з пытанняў арганізацыйнага кшталту. Вулічны тэатр — справа мабільная, і, здаецца, апрыёры такая, што не патрабуе дадатковых умоў. Але пятачок ля Ратушы, на якім ладзілася большасць спектакляў, відавочна меў патрэбу ў дадатковым узвышэнні, імправізаванай сцэне, якая дазволіла б артыстам быць бачнымі не толькі для першых шэрагаў. Гэта, здаецца, “не пытанне” для тых, хто хоча паглядзець, насамрэч, — праблема: пагадзіцеся, колькі вы зможаце стаяць і выглядаць, нічога так і не ўбачыўшы? І тады вынікае заканамернае — навошта ўвогуле ўсё гэта робіцца, калі не дацягнуцца? Такі момант на будучыню абавязкова варта вырашыць арганізатарам.

Па-другое, пэўныя асаблівасці “рэльефу месца”, якое варта пазначаць, агароджваць. Здавалася б, звычайная дробязь — люкі, але на маіх вачах двое акцёраў на хадулях ледзь не “загрымелі” насамі, спатыкнуўшыся аб крышку. Не прадугледжваюцца пэўныя месцы для адпачынку для гледачоў і акцёраў побач са сцэнай — а літаральна некалькі лавачак дазволілі б каму-небудзь выратавальна перавесці дух.

Па-трэцяе, далікатнае пытанне бяспекі. Нельга недаацаніць падтрымку сіл аховы правапарадку, але часам некаторыя сітуацыі выклікалі ўсмешку. Ды прыкладу, пад час спектаклю “Філасофскія казкі пра Вожыка і Медзведзяня” ціраспальскага тэатра “Тук-тук!” атмасферу сцішаных прыцемкаў, ад якой атрымоўвалі асалоду Вожык і Медзведзеня, час ад часу парушалі пазыўныя рацыі. Так, дробязь, але…

Асаблівага слова заслугоўваюць выступленні артыстаў. Вяртаючы да пачатку свайго тэкста, хачу сказаць, што вулічны тэатр, сапраўды, можа быць вельмі розным — і атракцыён, які ў ім закладзены, здольны на многае. Ды прыкладу, можна звярнуцца да карнавалу — германскі тэатр “Dulce Compania”, да балагану — айчынны творчы калектыў “Майстэрня ўражанняў”, да клаўнады накшталт Палуніна — творчае аб’яднанне “Карнавальчык” (Санкт-Пецярбург)… Сучасны вулічны тэатр сваю інтэрактыўнасць праяўляе самым розным чынам: і праз непасрэднае ўцягванне ў дзеянне — тэатр “Тук-тук!” (Ціраспаль) — пастаноўка “Людзі і Анёлы”; калі гледачы становяцца галоўнымі героямі спектакля — тэатр ўзаемадзення “Мусташ” і яго інтэракцыя “Стоп! Знята!” Праз далучэнне да суперажывання і ўключэння ў сцэнку — рэгата для ўсёй сям’і “Адважны Карась” пецярбургскага аб’яднання “Карнавальчык”. Пра стылістыку апошняга могу дадаць, што прадстаўленне тэатру разыгрываецца нібыта па-сямейнаму, на рэакцыях і эмоцыях: усё вельмі проста, зразумела і смешна, і таму кожнаму хочацца далучыцца да гісторыі. Яна нават не распавядаецца, а хутчэй перажываецца, таму і весяліць, і правакуе. Варта адзначыць і знаходку мінскага тэатра “Мусташ”, які выходзіць на ўзаемадзеянне з публікай праз кіно: артысты, лічы, у рэжыме онлайн, здымаюць “фільму”, у якой прыняць удзел можа любы ахвотны. Хадульнае прадстаўленне “Дама Чарвей” ад “Dulce Compania” — гэта, на першы погляд, усяго толькі вольны шпацыр артыста па плошчы ў шыкоўным касцюме. Але спецыфіка дзеяння ў тым, што Дама Чарвей не проста шпацыруе, яна рэагуе на кожную ўсмешку, погляд і дотык. Гэта тэатр ўключэння — сумесь карнавалу і балагану, які патрабуе ад акцёра энергетычнай аддачы.

У гэтым суплёце ўзаема(дзеянняў) відавочна саступалі тыя тэатры, якія трымаліся за мову традыцыі, за шматслоўнасць і нагляднасць. У гэтым сэнсе спектакль “Аперацыя “Абербацыя”, або “Падвойны падман” калектыву “Майстэрня ўражанняў” (паміж іншым, заснаваны на беларускім матэрыяле) стаўся акурат тым прыкладам, калі занурэнне ў трукі графа Каліёстра, па сутнасці, рэканструкцыя фокусаў-абманак эпохі алхіміі і заклёнаў духаў, не апраўдваюць тую ж прадказальнасць дзейства.

Мяркую, сучасны беларускі вулічны тэатр, які нараджаецца і набывае сябе разам з форумам і нашай гарадской культурай, не абмінае вядомых шляхоў — да прыкладу, звяртаючыся да гістарычнага матэрыялу і міфалогіі (той спектакль “Жылі былі Гагылі” вулічны тэатр “Вір”). І гэта добра. Але не варта забывацца на тое, што ўсё ж тэатр робіцца сучасным менавіта погляд сучасніка, здольнага назіраць і абіраць. Таму занураючыся ў мінулае, варта памятаць і пра цяперашняе. Падаецца, што форум вулічных тэатраў акурат спрыяе гэтаму адчуванню таго, што горад і гараджане, публіка і артысты — змяняюцца.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Аліны САЎЧАНКА
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст