Пленум: крок у гісторыю

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

15 сакавіка ў Мінску прайшоў Пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Планавае мерапрыемства сталася па-сутнасці гістарычным: на ім было прынята рашэнне аб перайменаванні арганізацыі ў Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Мабыць, ні для каго не з’яўляецца адкрыццём той факт, што Беларускі прафсаюз работнікаў культуры — шматгаліновая арганізацыя. Ён аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах грамадзян, якія працуюць у арганізацыях культуры, мастацтва, паліграфіі, кнігавыдання, сродкаў масавай інфармацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму. Так склалася гістарычна, што ў прафсаюз работнікаў культуры заўсёды ўваходзілі арганізацыі сістэмы Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства спорту і турызму краіны. Дадзеная тэндэнцыя, як распавяла ў сваім дакладзе старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева, прасочваецца па архіўных дакументах, пачынаючы яшчэ з 1953 года, калі ў СССР і быў упершыню створаны Прафсаюз работнікаў культуры.

Сёння, як заўважыла кіраўнік арганізацыі, пытанне перайменавання стаіць асабліва востра, бо мае месца скарачэнне членаў прафсаюза з-за вядомай усім аптымізацыі, якая, натуральна, памяншае колькасць працоўных у названых галінах дзейнасці. Акрамя таго, пытанне перайменавання ўжо было адобрана на VIII з’ездзе Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, які праходзіў у Мінску 30 красавіка мінулага года, ды ўзгоднена з кіраўніцтвам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Спыняцца на ўсіх дэталях даклада, думаецца, не варта: адзначу толькі асноўнае. Так, значную ўвагу Цэнтральны камітэт прафсаюза надае ажыццяўленню грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. Напрыклад, прававой інспекцыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў 2015 годзе быў праведзены грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і аб ахове працы ў 338 арганізацыях — міністэрстваў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Беларусі. Па выніках праведзеных мерапрыемстваў выдадзена шэраг прадстаўленняў, рэкамендацый і даведак. Выяўлена 667 парушэнняў працоўнага заканадаўства, 613 з якіх ужо ліквідаваны.

Як адзначыла Наталля Аўдзеева, па просьбах членаў прафсаюза былі складзены 42 працэсуальныя дакументы, сярод якіх 29 іскавых заяў у суд. Дзякуючы гэтаму, былі адноўлены на працы тры работнікі-члены прафсаюза, а на падставе судовых рашэнняў толькі летась членам прафсаюза вернута 630 мільёнаў 800 тысяч рублёў.

Таксама падчас працы пленума прагучала інфармацыя пра тое, што яшчэ ў снежні мінулага года Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры былі падпісаныя тарыфныя пагадненні з Міністэрствам культуры ды Міністэрствам спорту і турызму краіны на 2016 — 2018 гады. А ў студзені бягучага года падобнае тарыфнае пагадненне на 2016 — 2018 гады было падпісана і з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У гэтых пагадненнях, сярод іншага, запісана, што названыя ведамствы і прафсаюз будуць прымаць неабходныя меры па падвышэнні ўзроўню заработнай платы і скарачэнні арганізацый, якія маюць сярэдні заробак ніжэй за 200 долараў ЗША ў эквіваленце, а таксама спрыяць скарачэнню разрыву паміж сярэдняй заработнай платай па краіне і заробкам работнікаў бюджэтных арганізацый да ўзроўню не ніжэй за 80 %. Нагадаю, што ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы ў сферы культуры ў 2015 годзе, як было заяўлена на апошняй выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі, у параўнанні з сярэднім заробкам па краіне склаў толькі 61,1 %...

Напрыканцы працы пленума са складу Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры былі выведзены тыя асобы, якія змянілі месца працы, ды ўведзены некаторыя новыя. Мерапрыемства завяршылася ўрачыстым уручэннем узнагарод пераможцам шэрагу конкурсаў, якія ладзяцца Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры…

І апошняе. У кулуарах пленума мне давялося паразмаўляць з намеснікам старшыні Цэнтральнага камітэта арганізацыі Тадэвушам Стружэцкім, які працуе тут на грамадскай аснове. Па выніках размовы запланавана правесці ў рэдакцыі “К” “круглы стол” па тэме ўзаемадзеяння арганізатараў айчынных фестываляў з турыстычнымі фірмамі Беларусі. У рамках “круглага стала” мяркуецца абмеркаваць самыя розныя праблемы: ад пытанняў наладжвання паспяховай рэкламнай дзейнасці да адмены віз тым замежным гасцям, якія набываюць білеты на маштабныя культурныя мерапрыемствы. Тым больш, “гарачы” фестывальны сезон, як кажуць, ужо не за гарамі…

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"