Любоў — гэта…

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

У час старту рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе” каля Мінскай гарадской ратушы і ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” карэспандэнт “К” высвятляла, што такое патрыятызм для нашых артыстаў, што рабіць, калі не спрацоўвае план А, і што падабаецца жанчыне з Аўстраліі ў нашай культуры.

Адкрылі акцыю словы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, які адзначыў, што гэтае свята ладзіцца па ініцыятыве моладзі, і пажадаў, каб пачуццё любові да Радзімы ніколі нас не пакідала, “бо гэта тая каштоўнасць, той падмурак, на якім будуецца ўсё астатняе ў нашым жыцці”. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч падкрэсліла: “Будучыня краіны  — гэта, канешне, моладзь. Будучыня краіны  — згуртаванасць. Будучыня краіны  — гэта калі мы разам будуем нашу краіну”.

Пад нумары салістаў Маладзёжнага тэатра эстрады таньчыла моладзь, а дарослыя падпявалі выканаўцам. Сярод вясёлых навучэнцаў і дарослых у суботні дзень пабачыла сталую кабету (ёй за семдзясят), якой мерапыемства прыйшлося даспадобы тым, што на ім гучыць беларуская мова, і для яе гэта  — настальгія.

/i/content/pi/cult/574/12617/2-5.jpg

Міністр культуры Барыс Святлоў і міністр інфармацыі Лілія Ананіч на адной з тэматычных пляцовак рэспубліканскай акцыі ля ратушы.

Падчас імпрэзы можна было напісаць свае пажаданні краіне ў Год культуры, што і зрабілі Барыс Святлоў, Лілія Ананіч, а таксама першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.

/i/content/pi/cult/574/12617/2-2.jpg

На галоўнай пляцоўцы акцыі ля сталічнай ратушы.

/i/content/pi/cult/574/12617/2-3.jpg

Сярод стэндаў прадпрыемстваў  — пераможцаў конкурсу “Народная марка” вылучыла для сябе стэнд ААТ “Камунарка” праз прэзентаваную новую лінію шакаладу  — “Plan В”. Пытаюся ў кансультанта, чаму такая назва і хто прыдумаў сучасны маладзёжны дызайн абгорткі. Аказваецца, дызайн выканалі ў Маскве. Разам з тым, суразмоўца дадала, што некаторым нашым спажыўцам не хапае якраз беларускіх матываў… Назва ж новай лініі шакаладу раскрывае слоган: “План А  — быць шчаслівым. Калі гэта не спрацоўвае, паспрыяе   “Plan В”. Скажам, мне прапанавалі з гэтай серыі пакаштаваць горкі шакалад з вішняй і перцам.

Скіроўваюся да рамеснікаў. Мой позірк трапіў на керамічныя свістулькі і акарыны. Беларускі майстар-кераміст Іван Дашкоў ужо восем гадоў займаецца іх вырабам. Усё  — па традыцыйных тэхналогіях апрацоўкі керамікі: абвара (гартаванне), малачэнне, дымленне. Вырабы экалагічна чыстыя і карысныя для дыхання і дыкцыі дзяцей.

Рэспубліканская акцыя мела паралельную праграму ў ГЦ “Сталіца”: можна было паслухаць фальклорныя ансамблі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Сярод іх  —“Талака”, частку рэпертуара якога “прывозяць” студэнты са сваёй малой радзімы, “Баламуты”, “Грамніцы”, капэла беларускіх народных духавых інструментаў “Гуды”, ансамбль салістаў “Беларуская песня”, вакальна-харэаграфічны ансамбль “Валачобнікі”. Тут пазнаёмілася з жанчынай з Аўстраліі. Яна доўга слухала народную музыку ў выкананні нашых студэнтаў. Аказалася, госць сталіцы крыху арыентуецца ў беларускай культуры, асабліва ёй падабаецца народная музыка і касцюмы.

/i/content/pi/cult/574/12617/2-4.jpg

Гледачы з ліку наведвальнікаў Гандлёвага цэнтра "Сталіца" надоўга затрымліваліся вакол імправізаванай сцэны падчас выступленняў калектываў БДУКіМ.

Рэспубліканская акцыя была прысвечана пачуццю любові да радзімы, да культуры і традыцый, беларускай мовы. А ў чым праяўляецца гэта любоў? На пытанне адказалі спевакі Вольга Вронская і Аляксандр Сухараў, а таксама вядучы канцэрта на пляцоўцы ля ратушы Іван Падрэз.

Вольга Вронская:

— Любоў — гэта напісанне песень, выданне вершаў. А яшчэ выхаванне дзяцей. Карацей, любоў ва ўсім праяўляецца, куды ні зірні…

Аляксандр Сухараў:

— Як музыкант, кампазітар, спявак стараюся падтрымліваць культуру Беларусі выкананнем песень. Зараз збіраю фальклорную музыку і раблю апрацоўкі. Лічу, што для гарадскога слухача гэта важна. У верасні выправіўся ў канцэртны тур… пешшу: ад Мінска да Салігорска. Знаёміўся з вяскоўцамі, з беларускай культурай, традыцыямі, побытам. Скажу больш: 23 лютага я выпраўляюся ў пешы тур на два тыдні ў Брэст (падчас паходу таксама адбудуцца выступленні ў гарадах), дзе планую выступіць у Брэсцкай абласной філармоніі.

Іван Падрэз:

 — Любоў павінна праяўляцца ў павазе да нашай спадчыны, культуры, гісторыі. Любоў  — гэта ўсведамленне сябе часткай гістарычнага працэсу. Мне здаецца, акцыя і Год культуры пасадзейнічаюць адраджэнню цікавасці грамадства да беларускай гісторыі. Напрыклад, як правесці свой вечар: паглядзець чарговы серыял ці пачытаць раман Караткевіча.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст