Атрымаўшы эканамічную адукацыю, ён плённа працаваў на розных адказных пасадах у сферы гандлю. З 1991-га з’яўляецца генеральным дырэктарам адной з буйных гандлёвых сетак раёна. Мікалай Сяргеевіч — не толькі паспяховы і ўплывовы прадпрымальнік (з’яўляецца членам асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці, членам савета па развіцці прадпрымальніцтва пры старшыні Віцебскага аблвыканкама). Чалавек актыўны і ініцыятыўны, ён заўсёды ў віры грамадскага жыцця — неаднаразова выбіраўся дэпутатам Аршанскага гарадскога Савета, а ў 2010 годзе быў уганараваны званнем “Чалавек года Віцебшчыны”.
Але пра тое, што ён з’яўляецца шматгадовым апантаным калекцыянерам твораў беларускага мастацтва і антыкварыяту, твораў іканапісу, ведаюць далёка не ўсе. Я працаваў некалі ў Музеі гісторыі і культуры Оршы ды неаднаразова звяртаўся да Мікалая Сяргеевіча не толькі з просьбамі аб фінансавай дапамозе для набыцця прадметаў музейнага прызначэння (не памятаю, каб ён адмаўляў у гэтым), але і па парады ў сферы калекцыянавання. У снежні 2010-га, калі мы разам ехалі на IV Усебеларускі народны сход, у гутарцы ён паведаміў, што збіраецца набыць у цэнтры горада памяшканне для размяшчэння сваёй калекцыі твораў мастацтва і прадметаў даўніны. І вось амаль праз пяць гадоў яго задума здзейснілася.
У трох з густам аформленых залах экспануюцца творы вядомага віцебскага акварэліста Фелікса Гумена і жывапісныя пейзажы аршанскага мастака Уладзіміра Анішчанкі. У асобнай зале галерэі размешчана выстаўка “Беларусь праваслаўная”. Тут прадстаўлена частка багацейшай калекцыі іканапісу і металапластыкі, сабранай уладальнікам галерэі за больш чым 30-гадовы перыяд. Дарэчы, у кожнай гандлёвай кропцы прадпрыемства Сінякова ёсць падараваны ім абраз Святога Мікалая ўгодніка — апекуна гандлю.
Пры галерэі адкрыта, здаецца, першая ў гісторыі Оршы антыкварная крама, дзе можна набыць рэчы мінулых часоў — ад нумізматыкі да жывапісу.
Несумненна, новая культурна-асветніцкая ўстанова Оршы прыцягне да сабе ўвагу не толькі месцічаў, але і гасцей горада (размешчана якраз насупраць гасцініцы “Орша”). Пакуль знаёміўся з экспазіцыяй і гутарыў з прыемнымі супрацоўніцамі новай галерэі, сюды зайшло некалькі добрых знаёмых — мясцовых мастакоў, настаўнікаў, краязнаўцаў. І ўсе выказалі шчырае захапленне ўбачаным.
Трэба спадзявацца, што мастацкая галерэя “Каляровы шлях” паспрыяе ажыўленню і ўзбагачэнню культурнага жыцця горада. А цудоўны прыклад аршанскага прадпрымальніка, калекцыянера і мецэната сапраўды варты ўхвалення і пераймання. Мо стане ён нашым беларускім Траццяковым? Будзем марыць.