Парад няздзейсненых праектаў, або... кірмаш карысных ідэй?

№ 31 (1209) 01.08.2015 - 07.08.2015 г

Цягам дзесяці ліпеньскіх дзён у сталічным Палацы мастацтва экспанавалася выстаўка пад немудрагелістай і адначасова шматзначнай назвай “Праект”. Яе арганізавала секцыя скульптуры Беларускага саюза мастакоў. А мяркуючы па ўзнятай выстаўкай праблематыцы і крэатыўнаму візуальнаму шэрагу, да распрацоўкі яе канцэпцыі спрычыніўся скульптар Павел Вайніцкі. Гэты схільны да эксперыментаў майстар шчыра заклапочаны тым, што скульптурная пластыка пры велізарным патэнцыяле выразнасці не адыгрывае належнай ролі ў гарадскім асяроддзі. Экспанаваліся праекты помнікаў, паркавай скульптуры і дэкаратыўнай аздобы, выкананыя скульптарамі ў супрацоўніцтве з архітэктарамі. Па шэрагу прычын гэтыя праекты так і не былі рэалізаваныя. У адных выпадках можна сказаць “шкада”, у іншых — “ну і добра!”. Да некаторых яшчэ не даспела грамадства, іншыя проста не прайшлі конкурснага адбору.

/i/content/pi/cult/545/11869/8-1.jpgСярод удзельнікаў выстаўкі былі такія вядомыя творцы, як Анатоль і Іван Арцімовічы, Канстанцін Касцючэнка, Юрый Анушка, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Аляксандр Батвінёнак, Уладзімір Церабун, Віктар Копач ды іншыя. Сам факт, што такія паспяховыя ў творчым сэнсе асобы пагадзіліся прымаць удзел у імпрэзе, сведчыць пра тое, што ім недаспадобы сітуацыя, калі архітэктар не бачыць патрэбы ў супрацоўніцтве з мастаком, а скульптурная пластыка ў гарадскім асяроддзі часта падмяняецца стандартнымі элементамі добраўпарадкавання альбо, у лепшым выпадку, больш-меньш прыстойным дызайнам. Справа не ў тым, што ў гарадскім бюджэце на скульптуру не стае грошай, хаця пытанне фінансавання гарадской эстэтыкі стаіць вельмі востра, проста недаацэньваецца роля ўнікальных арт-аб’ектаў для фарміравання прывабнага для жыхароў і турыстаў аблічча нашых паселішчаў.

Але, мяркуючы па тым, што я бачыў на выстаўцы (аўтары для гэтай імпрэзы адбіралі далёка не горшыя ўзоры сваёй творчасці), і ў архітэктараў, і ў гарадской адміністрацыі могуць таксама ўзнікнуць пытанні і прэтэнзіі да скульптараў. Ёсць такая формула — прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца. Дык вось такіх “прапаноў” я на выстаўцы не сустрэў.

Два аўтаномныя складнікі экспазіцыі “Сад ідэй" Полацкай мастацкай галерэі (куратары Ларыса Лысенка і Павел Вайніцкі) і канцэпцыя скульптурнай аздобы цэнтральнага бульвара Узды (калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам Валянціны Цыёнскай) недзе набліжаюцца да згаданай вышэй формулы, але, як мне падаецца, патрабуюць сур’ёзнай дапрацоўкі. Гэта добрыя ідэі, але сама практыка сведчыць, што цікавыя прапановы рэалізуюцца ў рэгіёнах звычайна толькі пасля таго, як яны прайшлі апрабацыю ў сталіцы. Я амаль упэўнены, што ніводзін беларускі горад не створыць у сябе “парк скульптуры”, пакуль такі арт-аб’ект не з’явіцца ў Мінску. Так што, калі ставіцца да справы сур’ёзна, трэба пачынаць са сталіцы. Я памятаю некалькі праектных прапаноў па стварэнні ў межах цэнтра сталіцы (хоць для Мінска разуменне “цэнтр” вельмі ўмоўнае) скульптурных асяродкаў — такіх, каб у іх адначасова спалучаліся б і парк адпачынку, і творчая лабаторыя, і арт-пляцоўка. Апошнім разам з такой ідэяй выступала дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура. Пакуль што цішыня… На завяршальнай стадыі будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі ўзнікла прапанова скарыстаць прастору, што непасрэдна прылягае да гэтага “храма кнігі”, пад парк скульптуры, экспазіцыя якога распавядала б пра гісторыю беларускага пісьменства. Пра ідэю забыліся, а зямля вакол “Нацыяналкі” забудоўваецца элітным жытлом і гандлёва-забаўляльнымі комплексамі. Не стаў паркам скульптуры і Купалаўскі сквер, хоць па ім сям-там былі раскіданы работы скульптурных пленэраў.

Чаму ніводная са згаданых праектных прапаноў не была рэалізаванай? Думаю, з прычыны адсутнасці яснага адказу на пытанне, навошта гораду такі парк, якая ягоная роля ў сацыяльна-культурнай структуры горада? Вось і зараз скульптары паклалі вока на Лошыцкі парк, які пасля добраўпарадкавання становіцца вельмі прывабным месцам. Ёсць прапановы па парку і на гэтай выстаўцы. Хтосьці хоча ператварыць яго ў філіял Купалаўскага парка з адпаведнымі тэматычнамі скульптурамі, хтосьці — адрадзіць на гэтай прасторы містычнае Сярэднявечча з ухілам у мілітарна-легендарную тэматыку. І тое, і другое падаецца мне нелагічным. Парк каштоўны найперш як прыродны асяродак у межах мегаполіса. На маю думку, такім яго і трэба пакінуць. Паркі з пэўнай ідэалагічнай нагрузкай у горадзе мы ўжо маем — скажам, Парк Перамогі. Хай у Мінску будзе хоць адзін проста парк…

Таксама не ўхваляю я і памкненне скульптараў і дызайнераў упрыгожыць сваімі творамі Цэнтральны батанічны сад. Там прыгожа і без скульптурнай пластыкі. І людзі туды прыходзяць, каб адпачыць ад гарадскога тлуму, а не за тым, каб зноў адчуць сябе ў абдымках соцыума.

У экспазіцыі сярод іншага прадстаўленыя нерэалізаваныя праекты помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, зробленыя калісьці для Масквы беларускімі аўтарамі на хвалі эмацыйнай пераацэнкі савецкай гісторыі і камуністычнай ідэалогіі. На маю думку, такі помнік уяўляе пэўную цікавасць як знак часу, але сёння гэтая тэма ўспрымаецца не так, як на мяжы 1980-х — 1990-х. Я сёння не шукаў бы вінаватага, а паставіў бы храм у памяць усіх бязвінна забітых…

Калісьці мы шкадавалі, што Беларусь не мае конных помнікаў, што не ўшанаваны ў бронзе вялікія постаці нашай гісторыі. Гэта быў час рамантычнага погляду на беларускае Сярэднявечча. Сёння такія помнікі ёсць, і гэта цудоўна, але… хай бы нам з рамантызмам не перабольшыць. Нерэалізаваныя помнікі выдатным постацям нацыянальнай гісторыі ў дадзенай экспазіцыі сведчаць хіба пра тое, што мы праходзім шлях, які нашы суседзі ўжо прайшлі, манументальна засведчылі, а некаторыя нават і забыліся. Неразумна ў ХХІ стагоддзі бачыць Міндоўга, Гедыміна ці Альгерда ў рамантычным флёры. Гэта было б натуральным у ХІХ стагоддзі, калі толькі ствараліся нацыянальныя дзяржавы, будуючы сваю ідэалогію на ідэалізацыі мінуўшчыны. Але ў іншыя часы мусіць быць іншая эстэтыка. Сёння мы ведаем, што не бывае прыгожай гісторыі, што тое ж супрацьстаянне ворагам вымагае ад асобы якасцей, якія ў побыце не падаліся б прывабнымі. Гэтую акалічнасць мастаку варта трымаць у галаве, калі ён працуе над вобразамі стваральнікаў нашай дзяржаўнасці — валадароў Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай… Але менавіта такімі праўдзівымі (і пры гэтым — аб’ектыўна велічнымі з гістарычнага пункта гледжання), манументальнымі вобразамі Беларусь можа якасна вылучыцца з заганнай традыцыі ідэалізацыі гісторыі толькі праз тое, што яна свая, родная, з сумнага ландшафту ідэалізаваных вобразаў нацыянальнага рамантызму. Прынамсі, так падаецца мне…

Цікавымі ўяўляюцца спробы арганізоўваць прастору з дапамогай абстрактных і крыху апрацаваных прыродных форм. У гэтай справе мы не наватары. Чаго варты толькі досвед Японіі. Але сам напрамак — плённы.

Адзін праект з ліку экспанаваных на выстаўцы я хацеў бы ўжо сёння бачыць рэалізаваным. Тэлевізійны цэнтр у Мінску на вуліцы Камуністычнай пачалі будаваць, калі панаваў сталінскі ампір, а завяршылі, калі ў савецкай архітэктуры змянілася эпоха. Такім чынам, запланаваныя на фасадзе скульптуры скасавалі. Сёння ёсць магчымасць іх аднавіць з улікам новай эстэтыкі і ўсведамлення каштоўнасці савецкага неакласіцызму. Даведзены да ладу будынак мог бы стаць архітэктурнай адметнасцю сталіцы.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Фота аўтара і Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/545/11869/8-2.jpg

Лёс манументальнай скульптуры вызначаецца формулай “альбо пан, альбо прапаў”. Некаторым яе ўзорам наканавана ўвасобіцца ў буйным памеры і апынуцца ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Яны стануць фонам для тысяч сэлфі, а дзятва будзе выпрабоўваць іх на трываласць. Але гэта толькі вяршыня айсберга: у актыве ці не кожнага скульптара ёсць творы, якія намёртва завіслі ў яго майстэрні, амаль не маючы рэальных шанцаў пакінуць яе межы. Прычым звычайна такіх прац — большасць.

Выстаўка “Праект”, арганізаваная скульптурнай секцыяй Беларускага саюза мастакоў, атрымалася незвычайнай. Замест станковай скульптуры, у зале Палаца мастацтва дэманстравалася менавіта манументальная — пераважна, у выглядзе рабочых мадэлей і рэндэраў. Некаторыя з гэтых задум па той ці іншай прычыне не атрымалі фінансавання, некаторыя — банальна не прайшлі па конкурсе, а некаторыя і ўвогуле рабіліся не на замову, а выключна для самавыяўлення. Як і трэба было чакаць, такіх работ назапасілася ў майстэрнях вельмі шмат, і яны дазваляюць трохі пафантазіраваць, якой была б наша скульптурная манументалістыка, калі б...

Насуперак распаўсюджаным у творчых колах стэрэатыпам (нехта перакананы, што на Беларусі пагарджаюць эксперыментальнымі работамі на карысць “замшэласці”, нехта мае дакладна супрацьлеглае меркаванне, нехта змагаецца з кітчам, нехта з сацрэалізмам і г.д.), выстаўка засведчыла, што і ставяць, і не ставяць у нас усё і ўсіх. Сярод работ, якія апынуліся “за бортам”, можна знайсці і класічныя, і правакацыйныя, і легкадумныя і... якія заўгодна. Удзельнікамі выстаўкі сталі аўтары ўсіх узроставых катэгорый — як мэтры, гэтак і маладзёны.

Некаторыя працы ў будучыні могуць стаць этапнымі — калі ім усё ж пашчасціць “увасобіцца”. Напрыклад, праект мемарыяла ахвярам палітычных рэпрэсій аўтарства Анатоля і Івана Арцімовічаў, прызначаны для Масквы. Гледачы бачаць пірамідальнае ўзвышэнне — шэрае і лаканічнае па сваёй форме, — і толькі ўзняўшыся на яго верхавіну, яны здатныя ацаніць увесь маштаб задумы. У цэнтры піраміды — яміна, да краёў запоўненая бронзавымі постацямі. Чарговая недабудаваная Вавілонская вежа з яе жахлівым начыннем...

Ажно некалькі з выстаўленых работ былі прызначаны для мінскага замчышча. І наўрад ці выпадае вінаваціць іх аўтараў у клішыраванасці з той прычыны, што кожны выкарыстоўвае вобраз мяча — такое ўжо само гэтае месца, дзе, па слову летапісца, “снопы стелютъ головами”... Без сумневу, менавіта адпаведны па настроі скульптурны твор мог бы паспрыяць змене ўспрыняцця гараджанамі гэтай транзітнай на сёння тэрыторыі, якая насамрэч з’яўляецца важным семантычным цэнтрам горада.

Што цікава, многія работы ствараліся не толькі для Мінска — прычым у некаторых выпадках гэтыя творы па сваёй задуме не менш смелыя за сталічныя. Прыкладам, Павел Вайніцкі прыдумаў папраўдзе арыгінальнае ўвасабленне цэнтральнага бульвара невялічкага гарадка Узда — а заадно і нестандартнае ўвекавечванне постаці Кандрата Крапівы, які родам з тым мясцін. Кампазіцыя зроблена з вандалаўстойлівай нержавейкі ў вынайдзеным самім аўтарам стылі “крапіўны абстракцыянізм” і спалучае забаўляльна-гульнёвы характар (ахвотныя могуць разглядаць свае твары нібы ў крывых люстэрках) з усімі прыкметамі твора сучаснага мастацтва.

На выстаўцы прадстаўлены як амбітныя мастацкія праекты, гэтак і творы, даволі ўтылітарныя паводле сваіх функцый. Варта адзначыць, што іх становіцца ўсё болей і болей — прынамсі, пакуль што ў майстэрнях. І вось яшчэ адно суб’ектыўнае назіранне: прадэманстраваныя на “Праекце” працы я не назваў бы адназначна горшымі за тыя, што былі ўсталяваны. У некаторых выпадках усё акурат наадварот.

Ледзь не ў кожным айчынным гарадку ёсць дагледжаныя паркі ды скверы, але ў пераважнай большасці выпадкаў яны падобны адзін на другі, бы дзве кроплі вады. І ў той самы час, айчынныя скульптары гатовы прапанаваць нямала арыгінальных ідэй. Напрыклад, Вадзім Мацкевіч прыдумаў альтанкі ў выглядзе даўганогіх сланоў — падобных да тых, якія крочаць па карцінах Сальвадора Далі. Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова стварылі скульптурную кампазіцыю, прызначаную для ўсталявання наўпрост у рацэ альбо сажалцы — каб роўнядзь вады спалучалася з фактурай камянёў. Цэлая група маладых скульптараў распрацавала арыгінальныя забаўкі для дзіцячай пляцоўкі...

Агульны пасыл выстаўкі зразумелы — яна мелася стаць своеасаблівым кірмашом скульптурных ідэй і прыцягнуць не толькі цікаўную публіку, але і наведвальнікаў з больш практычнымі мэтамі. Пра гэта гаварылася і ў прэс-рэлізе: “Мы запрашаем горад — архітэктараў, забудоўшчыкаў, адміністратараў і ўсіх зацікаўленых гараджан — да актыўнага ўдзелу ў ПРАЕКЦЕ. Давайце абмяркуем, як скульптура можа зрабіць нашу сталіцу яшчэ лепей — і паспрабуем рэалізаваць нашы сумесныя мары. Даўно вядуцца размовы аб тым, што Мінск павінен стаць турыстычным цэнтрам. Мы ўпэўнены, што скульптурныя творы, якія маркіруюць нашу гісторыю, славутасці і каштоўнасці — ключ да гэтага. Хай Парк скульптуры пад адкрытым небам стане месцам паломніцтва шматлікіх турыстаў!”

Ідэя стварэння на Беларусі Парка скульптуры лунае ў паветры ўжо даўно — хай сабе, пакуль яна і не ўвасобілася ў канкрэтныя праекты. Балазе, гэты спосаб напаўнення гарадскога асяроддзя манументальнымі творамі ўжо даўно зарэкамендаваў сябе ў самых розных краінах. Скульптар Віктар Копач распавёў, што за свой параўнальна невялікі творчы век паспеў паўдзельнічаць ужо ў паўсотні міжнародных пленэраў ледзь не на ўсіх кантынентах, прычым асабліва актыўнічае апошнім часам нават не Еўропа, а Азія — Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя. Натуральна, арганізатары падобных мерапрымстваў нясуць немалыя выдаткі, але затое кожнае з іх пакідае па сабе дзясяткі размаітых скульптур не самых горшых аўтараў з усяго свету. Што асабліва важна для гарадоў, якія амаль не маюць гістарычнай забудовы ды іншых прывабных для турыстаў адметнасцей — а на Беларусі такіх гарадоў, на жаль, бракуе.

Наўрад ці можна казаць пра тое, што ўсе прапанаваныя на кірмашы ідэі вартыя свайго ўвасаблення — тым болей, у аўтарскім, неадаптаваным выглядзе. Але несумненна адно: выстаўка павінна была стаць повадам для абмеркавання, адкрыўшы нямала цікавых тэм. Толькі вось абмяркоўваць іх варта было б не ў вузкапрафесійным скульптурным асяроддзі, якое “Праект” не праігнаравала (тут яшчэ адчуваецца нейкая салідарнасць і далучанасць да агульнай справы), але ў куды больш пашыраным складзе. Каб былі і прадстаўнікі мясцовых уладаў, і архітэктары, і, скажам, псіхолагі, і “неабыякавая грамадскасць”... Аднак у вялізнай зале Палаца панавала па-летняму млявая атмасфера.

Ілья СВІРЫН

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"