Больш за чатыры гадзіны падлеткі спявалі, танчылі, гралі на музычных інструментах, малявалі, забаўляліся, перамагалі ў гульнях і конкурсах… Канцэрт аб’яднаў больш за 150 дзяцей Талачыншчыны. А на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці можна было паўдзельнічаць у майстар-класе па выцінанцы.
Усіх зацікавіў новы кірунак бодзі-арта: выкарыстанне аквагрыма. Спецыяльныя фарбы на воднай аснове лёгка наносяцца, а потым гэтак жа лёгка змываюцца.
А былі яшчэ спартландыя, парад-дэфіле дзіцячых дэкаратыўных калясак. Вельмі пастаралася тут сям’я Рак. Тата працуе інспектарам дарожна-патрульнай службы ў аддзеле ДАІ Талачына. Таму дзіцячая каляска выглядала як машына ДПС. Прайшлі таксама выстаўкі сямейных фотаздымкаў, малюнкаў на асфальце, выступленне лялечнага тэатра Дзіцячай бібліятэкі.
Натуральна, у свяце, якое праходзіла пад дэвізам "Дзяцінства. Актыўнасць. Надзейнасць. Дабрыня. Адзінства і Мара!", бралі ўдзел лепшыя творчыя калектывы раёна: з Коханаўскай ДШМ, Райцаўскага, Варанцэвіцкага, Звяняцкага СДК, Абалецкага дома фальклору,
Акцыя атрымалася такой яркай і запамінальнай яшчэ і з той прычыны, што канкрэтнымі справамі падтрымалі яе спонсары (вядучыя арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы Талачыншчыны), за што мы ім вельмі ўдзячныя.
Таццяна СПАТКАЙ, намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці