(Працяг. Пачатак у №№ 13, 16.)
Мужыкі, паўстаньце, разганіце калгас,
А іначай усіх падавяць вас.
Пісаў Іван Зацяты,
Ён у барацьбе заўзяты,
Рыхтуецца да нападу
На Савецкую ўладу…
Адкрытая антысаветчына! Да ўсяго, ананімная сатыра напісана па-беларуску.
Мужыкі, паўстаньце, скінем гэта царства,
Разгонім калгасы,
разаб’ём пралетарства!
Пісаў Іван Зацяты,
Хочь вамі ён пракляты.
Неўзабаве падніму
паўстанне
І знішчу ўсіх я вас
дазвання.
21. 3. 40
Дата і штамп на канверце давалі зачэпку: Гарадоцкі раён, калгас імя Молатава. Не цяжка было высветліць, хто ў другой палове сакавіка наведваў вясковую пошту. Нявопытным Ларывонам-мухай аказаўся 16-гадовы Ваня Каваленка. Гэтым паэтычным дэбютам кар’ера Івана Зацятага, пэўна, і скончылася.
Але не скончылася народная творчасць! Дакладная запіска чачэрскіх чэкістаў пад назвай “Факты контрреволюционной, троцкистской и “нацдемовской” работы и вылазок со стороны “профессоров” и студентов по ВУЗам и техникумам”.
І пры ёй — дадатак:
У калгас дарога прама,
А з калгаса касяком;
У калгас пайшлі
ў лапцях,
А з калгаса — басяком.
Аўтара не знайшлі, але выкрылі “распаўсюджвальніка”: ім аказаўся завуч Чачэрскай сярэдняй школы Канавальчык. Ён даручаў школьнікам збіраць па вёсках фальклор, а потым гэтыя прымаўкі, што лічыліся “кулацкімі”, зачытвалі на ўроках.
Сёння можна падзякаваць “органам”, што толькі там захавалася і перададзена ў архіў такая народная творчасць. Прадбачлівы Ларывон прадказваў:
Калі стрэнеце вы сёння чалавека
З прозвішчам Асы,
Казюры, Шэршня
Ці куслівай іншае
істоты,
Ведайце, што то
нашчадкі Мухі!
Гэтыя “нашчадкі”-вастрасловы існавалі ва ўсе часы, пры ўсіх кіраўніках краіны. Думаеце, іх не было пасля?
Усе падзеі ў савецкай краіне асвятляла афіцыйная прэса, кінахроніка. Але фальклор бачыў тое, чаго не заўважалі ці не жадалі заўважаць СМІ. І ананімныя насмешнікі давалі асобам, падзеям сваю, “анекдатычную” трактоўку, нешта завострываючы, высвятляючы, высмейваючы.
Так нараджалася нейкая паралельная гісторыя краіны. Аўтары сатырычных паэм, было так, праз шмат гадоў з’яўляліся з цені. Складальнікі ж прыпевак і анекдотаў — ніколі.
“Миллион терзаний или Тарзан” —
Уже который год экраны
Нас убеждают, как Тарзан
С одним ножом, без лишних слов,
Сражался с чучелами львов…”
Амерыканскі кінасерыял “Тарзан” літаральна выратаваў савецкі кінапракат у першыя паваенныя гады айчыннага “малафільмоўя”: глядзець яго хадзілі па чатыры-пяць разоў, ды на ўсе чатыры серыі! Але і сёння невядома, хто склаў гэты гумарыстычны пераказ “кінадзейства”: быццам, у “джунглях”, размешчаных у галівудскім павільёне. Паэма была бязадрасная, бяскрыўдная, проста вясёлая, а таму аўтара асабліва і не шукалі. Затое “органы” выяўлялі ды рэпрэсіравалі тых, хто сваімі антысавецкімі досціпамі падточваў “падмурак савецкага строю”.
Напрыклад, хутка знайшлі аўтара ананімнай вострай байкі, што хадзіла па Маскве ў патаемных “перапісках”: драматург-сатырык Мікалай Эрдман. І сцэнарыст фільмаў “Вясёлыя рабяты” ды “Волга-Волга” ў 1933-м “загрымеў” у Сібір ажно да пачатку вайны…
Фота Юрыя ІВАНОВА
Працяг чытайце ў наступных нумарах "К".