Рарытэты на далонях

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Восенню 2004 года “Культура” вітала выхад кнігі-альбома Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева. Аўтары, журналісты Белтэлерадыёкампаніі, мелі на мэце паказаць як мага большай колькасці людзей багацце і хараство нашых архітэктурных помнікаў, абудзіць у суайчыннікаў цікавасць да сваёй гісторыі. Поспех “Спадчыны Беларусі” стаўся беспрэцэдэнтным: за тры гады было здзейснена 8 перавыданняў агульнай колькасцю 26 500 экзэмпляраў! У студзені 2005 года яе аўтары сталі лаўрэатамі прэміі “За духоўнае адраджэнне”, а ў лютым таго ж года атрымалі вышэйшую ўзнагароду 45-га Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі” — дыплом імя Францыска Скарыны. Творчы сімбіёз Алега і Аляксандра аказаўся трывалым і плённым. Мы ведалі, што ў наступныя гады пасля выхаду “Спадчыны Беларусі” яны рыхтавалі другую кнігу. І вось, 31 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя альбома “Спадчына Беларусі. Скарбы”. Пад адной вокладкай ім удалося сабраць выявы больш за 300 рарытэтных прадметаў з золата, срэбра і каштоўных камянёў, якія захоўваюцца ў буйнейшых музеях нашай краіны, а таксама знаходзяцца ва ўласнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Аляксееў і Лукашэвіч атрымалі блаславенне на працу над альбомам ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і Кардынала Казіміра Свёнтка. Днямі мы завіталі да Аляксандра і Алега, каб павіншаваць іх з бліскуча завершаным праектам і папрасіць інтэрв’ю для “Культуры”.

 /i/content/pi/cult/148/1031/Prez1.jpg
 Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч прэзентуюць "Спадчыну Беларусі. Скарбы".
Скажыце
, калі ласка, задума новага альбома ўзнікла яшчэ падчас працы над першай кнігай Спадчына Беларусі”, ці гэта была дзяржаўная замова?
Алег Лукашэвіч:

Наш мастацкі праект Спадчына Беларусі”, як вы, пэўна, памятаеце, распачаўся ў 2003 годзе фотавыстаўкай у Музеі сучаснага мастацтва. У рамках праекта мы задумвалі 100 серый тэлепраграмы “Наша спадчына”, правядзенне фотавыставак, выданне шэрагу фотаальбомаў. Мы ўсведамлялі, што судакрануліся з агромністым пластом беларускай культуры, які не пачынаецца і не заканчваецца архітэктурай. І вырашылі ў наступным альбоме ўпершыню паказаць унікальныя старадаўнія творы ювелірнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія з’яўляюцца нацыянальным скарбам Беларусі. На старонках новай кнігі шмат адкрыццяў — прадметаў, якія дасюль заставаліся па-за полем зроку даследчыкаў. Нам даводзілася далучаць музейных спецыялістаў да іх атрыбуцыі, набываць і штудзіраваць літаратуру адпаведнай тэматыкі. (У офісе Алега і Аляксандра сапраўды ўнушальны збор кніг па айчыннай гісторыі і мастацтвазнаўстве. — С.І.) Пра паходжанне некаторых рэчаў нам распавялі клеймы майстроў. Так, на адным крыжы пазначана дата — 1630 год, гэта помнік не толькі ювелірнага майстэрства, але і пісьменства, бо на ім зроблены завяшчальны надпіс.

Аляксандр Аляксееў:

— З адкрыццяў кнігі мне хочацца назваць крыжы корсунскія і “праквітнелыя”. Чаму
 /i/content/pi/cult/148/1031/Prez3.jpg
 Крыж "праквітнелы". XVII ст.
“праквітнелыя”? У назве перадаецца ідэя, што сакральнае дрэва крыжа расцвітае травамі, кветкамі. Гэткія крыжы ўпрыгожаны перлінамі і смарагдамі. Калі да іх дакранаешся, здаецца, нібы яны цёплыя і сапраўды вось-вось пакрыюцца кветкамі.


— У якіх музеях вы папрацавалі?

А.Лукашэвіч:

— У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, у Мінскім абласным, у Гродне — у гісторыка-археалагічным музеі і музеі гісторыі рэлігіі, далей — у Брэсцкім і Віцебскім абласных краязнаўчых музеях, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, а таксама ў Нясвіжскім раённым краязнаўчым музеі і ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку.

Большасць сфатаграфаваных намі музейных прадметаў захоўваюцца ў запасніках,наведвальнікам іх не дэманструюць па шэрагу прычын, але затое цяпер шырокая публіка зможа пазнаёміцца з імі дзякуючы кнізе-альбому…


— Уражваюць не толькі самі рарытэты, але і выключная якасць фатаграфій. Каляровыя выявы перадаюць казачнае хараство і чароўны бляск каштоўнасцей, выразна відаць кожную рысачку разьбы, кожную дэталь узору, узнікае нават адчуванне аб’ёму рэчаў… Можна прыадкрыць заслону над “здымачнай лабараторыяй”, або гэта сакрэты прафесіяналаў?
А.Аляксееў:

— Магу сказаць, што здымаць каштоўныя прадметы няпроста. Неабходна было шукаць ракурс, каб унікнуць блікаў і адлюстраванняў, характэрных для металічных рэчаў. Вельмі шмат часу адводзілі на ўстаноўку святла, выбар фону для аб’ектаў здымак. І накладанне фатаграфіі на паліграфію — вельмі складаны працэс, тут важна было не згубіць вось гэты эфект адчування каштоўнага металу — яго аб’ёму, яго бляску. Часам апрацоўка адной фатаграфіі займала больш за суткі.


— Ёсць меркаванне, што старыя рэчы, асабліва каштоўнасці і абразы, маюць пэўнае энергаінфармацыйнае поле, узятае ад сваіх ранейшых уладальнікаў ці асяродка. Доўга і карпатліва кантактуючы з музейнымі прадметамі, ці адчувалі вы іх асаблівую “ауру”?

А.Лукашэвіч:

— Канешне, калі дакранаешся да старадаўніх рэліквій, усё гэта адчуваецца. Асаблівае ўражанне пакінуў працэс фотаздымкі Будслаўскай іконы Божай Маці. Гэта была проста
 /i/content/pi/cult/148/1031/Prez2.jpg

Абраз "Маці Божая Будслаўская". Італія, Рым. 1598 г.

унікальная падзея, бо ікона вельмі вялікая і цяжкая, знаходзіцца высока ў галоўным алтары Будслаўскага касцёла, і прафесійна сфатаграфаваць яе, каб выразна былі бачныя ўсе дэталі, знізу немагчыма. Мы атрымалі дазвол касцельных улад зняць яе з алтара, і калі ўстанавілі святло, адчулі вельмі моцны цудатворны ўплыў. Ікона прывезена з Рыма, а аклад для яе рабілі, хутчэй за ўсё, віленскія злотнікі, і калі глядзіш на гэты шэдэўр, дык міжволі сцінаешся ад усведамлення, якія вялікія традыцыі і вялікае майстэрства дайшлі да нашых дзён.
А.Аляксееў:— Мне ж асабліва запомніліся здымкі археалагічных знаходак. Калі ў руках трымаеш сапраўдныя рэчы ІХ, Х, ХІІ стагоддзяў і бачыш, што яны выраблены з золата, прытым выкшталцона, адчуваеш цеплыню таго часуі цеплыню рук старадаўняга майстра, тую стараннасць, з якой ён выконваў сваю працу. Успамінаю, як я ўзяў плецены залаты бранзалет ХІІ стагоддзя з галовамі драконаў на канцах — гэта было нешта неапісальнае. Адчуванне, быццам у цябе на далоні ляжыць маленькае сонейка, цёплае і бліскучае.
Дайшоўшы да нас з глыбіні стагоддзяў, залатыя і срэбраныя вырабы дзякуючы своеасаблівасці форм і арыгінальнасці выканання дазваляюць прасачыць развіццё нашай культуры, яе самабытнасць.

І масіўныя грыўны, і дробныя крыжыкі і колты дапамагаюць зразумець і стасункі між іх уладальнікамі. Гэта сведчанні таго, наколькі ў тыя часы была багата культура нашых продкаў.


— Як нараджаўся мастацкі вобраз новага альбома?
А.Аляксееў:

— Узяўшы альбом у рукі, вы адразу адчуеце, што гэта кніга з серыі “Спадчына Беларусі”.
/i/content/pi/cult/148/1031/Prez4.jpg 
Колты з выявамі птушак на шчытках.Сярэдзіна ХІІ ст.
Мы хацелі падкрэсліць гэтую пераемнасць, таму часткова ўжылі элементы афармлення з першага выдання, а таксама пастараліся знайсці новыя — з улікам тэмы. Яркая вокладка спалучае колеры золата, срэбра і каштоўных камянёў, пры першым поглядзе на яе ўжо можна здагадацца, што кніга звяртаецца да багатай гісторыі і культуры. За аснову афармлення мы ўзялі ўзор акладаў беларускіх абразоў XVII — XVIII стагоддзяў, крыху яго перапрацавалі — і атрымаўся арнамент, які ўпрыгожвае вокладку і далікатна праходзіць па старонках альбома.

Адзінства формы і зместу прасочваецца і ў выбары паперы, фактура якой прыпадобнена да старадаўняй. Мы жадалі, каб у чытача кожны раз стваралася ўражанне, быццам ён бачыць аркушы, што дайшлі да яго з мінулага. І шрыфты падбіралі, каб яны былі зручнымі для чытання, але ў той жа час нагадвалі старадаўні друк, з арнаментаванымі буквіцамі. Тэкст пададзены на беларускай і англійскай мовах.

Выявы прадметаў змешчаны ў храналагічным парадку — гэта дае магчымасць назіраць чаргаванне ў часе стыляў і тэхнік. Любы чалавек пасля знаёмства з гэтым выданнем зможа лёгка арыентавацца ў асноўных стылях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама прасачыць сувязь нашай спадчыны з замежнымі культурамі.

За выдатную паліграфічную якасць альбома мы ўдзячныя Мінскай фабрыцы каляровага друку і яе дырэктару Аляксандру Аксёненку. Пасля выхаду першай кнігі мы з узаемным задавальненнем прадоўжылі супрацоўніцтва.


— Дарэчы, Аляксандр Аксёненка абмовіўся падчас прэзентацыі, што трэба чакаць 3-яй і 4-ай вашых кніг-альбомаў. Гэта праўда?

А.Лукашэвіч:

— Канешне, мы плануем працяг. Праца над кожным альбомам займае каля 4-х гадоў. Шмат яшчэ культурных пластоў: скульптура, жывапіс, этнаграфія, беларускія рукапісныя кнігі і старадрукі, іканапіс… Так што думаем над тэмай наступнага выдання.


Гутарыла Святлана ІШЧАНКА