Планета Шчамялёва

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Леаніду Шчамялёву — восемдзесят пяць? Здаецца, што гэта нейкі ягоны жарт, прыдуманы пад дыктоўку неразлучнага з ім героя палотнаў, які вось ужо паўвека — пры мастаку на ролі вядучага. А раптам гэты вядучы — ён сам, дакладней, ягоны двайнік — Леанід Шчамялёў, галоўны персанаж карцін, партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажных песень і эпасаў? Менавіта так. Уся ягоная творчасць — гэта Аўтапартрэт. Асоба, дзівосна светлая і чыстая, незаплямленая канонамі, штампамі і догмамі, часам неспакойная, імклівая, нястрыманая ў эмоцыях, часам спакойная і засяроджаная — да пары.

 /i/content/pi/cult/148/1030/Schamyaleu1.jpg
Але не — лічба “85” рэальная. Усе кнігі, энцыклапедыі, каталогі сведчаць: у знакамітага маэстра пэндзля сёлета дата — 5 лютага — не проста круглая, а — пашанотная! І ўсё ж, калі  размова пра Шчамялёва, нават такім аб’ектыўным сведчанням верыш з цяжкасцю, і на языку круціцца штосьці кшталту радкоў з дзіцячага Хармса: “Еще двадцать, еще тридцать, ну еще туда-сюда, а уж сорок, ровно сорок — это просто ерунда!”. Ну, калі памножыць сімвалічныя “сорак” на два ды прыплюсаваць “пяць” — гэта і будзе тая самая існая шчамялёўская лічба, якая з’яўляецца чарговым стартавым падмуркам для новых творчых шуканняў.

Вядома, гады бягуць. І я сам даўно ўжо не той 25-гадовы юнак сярэдзіны 1960-х, калі ўпершыню сустрэў 42-гадовага Леаніда. І вось ужо — падумаць толькі! — больш чатырох дзесяцігоддзяў мы побач, мы — сябры!

А здаецца, усё было нібы ўчора: ягоная персанальная, “некананічная” выстаўка-справаздача аб творчых паездках па Поўначы і Поўдні СССР у выставачным памяшканні тагачаснага Саюза мастакоў па Ленінскім праспекце, 12; жарсці яе бурлівага абмеркавання, у залу цяжка было ўціснуцца; рэзкая крытыка аўтара за “левізну” і “фармалізм” з боку “аксакалаў” пэндзля і шчырая падтрымка моладзі...

Гэта потым ужо з’явілася знакамітае “Маё нараджэнне”, палотны “Партрэт Міхаіла Чэпіка”, “Чырвоная кавярня”, “Працаўнікі муз”, “Генерал Даватар”, “Восеньскі кліч”, “Ільны івянецкія”, якія прынеслі яму ўсесаюзную славу. Так прыйшла вядомасць, якую ўжо нельга было нічым спыніць...

Нягледзячы на нялёгкія жыццёвыя і творчыя перыпетыі, што выпалі на долю мастака ў 60 — 70-ыя гады, лёс беражліва ахоўваў Вадалея пад сваім надзейным крылом, не даваў яму аніводнага шанцу збочыць з мастакоўскай каляіны, якую ён абраў адразу ж пасля вайны. Відавочна, заслужыў ён гэтае права — права заўжды заставацца сабой: сваім баявым, франтавым юнацтвам, пасляваеннай падзвіжніцкай працай, адданай і палкай любоўю да жывапісу, да свету, што яго акаляе, да беларускай зямлі, што яго нарадзіла.

 /i/content/pi/cult/148/1030/Schamyaleu2.jpg
Л.Шчамялёў. “Вячэрні Мінск”.

Тыя крытычныя “цэнзурныя нажніцы”, бязлітаснасць якіх Леанід адчуў у маладосці, пачынаючы з дыпломнай інстытуцкай работы “Вяселле”, даўно з’іржавелі і здадзены ў металалом. Ды і жывапіс з тае пары ўжо сто разоў мяняўся — і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Еўропе. Шчамялёў як мастак, безумоўна, таксама мяняўся ў межах свайго вобразна-пластычнага стылю і напружана-рамантычнай свядомасці.

Дастаткова параўнаць яго “шасцідзесятніцкія” карціны з рэчамі пачатку новага, ХХІ веку, каб убачыць розніцу ў поглядах жывапісца на свет: ад маладога выбуховага запалу неўтаймоўнага парушальніка спакою — да спелай “сівой” мудрасці маэстра, набытай не за медныя пятакі і таны кароткачасовы поспех, а за залатыя россыпы душэўных хваляванняў, за непарушную веру ў сябе, у сваё прызванне.

Значыць, Шчамялёў не толькі ўзростам і колькасцю створаных палотнаў і малюнкаў, але і духоўна-творчай эвалюцыяй — ужо не адзін раздзел гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва, а — некалькі.

Тым не менш, нічога ў ім, у сённяшнім мастаку, няма ад абачлівага і велічна-паважнага патрыярха. Ён такі ж самы, як і сорак гадоў таму, — жыццярадасны, усмешлівы, актыўны, добрасардэчны, гатовы прыйсці на дапамогу любому, хто ў ёй мае патрэбу.

Леанід Дзмітрыевіч правёў каля 30 персанальных выставак: многія гарады Беларусі, Расія, Германія. Практычна на ўсіх вернісажах прадстаўляў свае работы сам. І вось першы выпадак: адкрыццё юбілейнай выстаўкі 7 лютага 2008 года ў трох (!) залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прайшло без яго. На вялікі жаль, нечаканая хвароба не дазволіла мастаку асабіста выказаць удзячныя словы на адрас усіх, хто прыйшоў на вернісаж, хто рабіў гэтую цудоўную экспазіцыю жывапісу і графікі, хто павіншаваў яго з юбілеем.

 /i/content/pi/cult/148/1030/Schamyaleu3.jpg

Л.Шчамялёў. “Святочны салют у Ракаве”.

Такая выстаўка — сапраўднае свята. Свята яго, мастака, і наша ўсеагульнае, нацыянальнае свята. Галерэя, вестыбюль і Малая зала музея — усё палае маляўнічымі фарбамі быцця, святлом любові да прыроды і людзей, вытанчанасцю чароўных ліній і рытмаў, душэўнай шчодрасцю і дабрынёй.

І што дзіўна: амаль трэць жывапіснай экспазіцыі — гэта работы, створаныя за апошнія пару гадоў, яны раней не выстаўляліся і не рэпрадуцыраваліся. Працаздольнасць майстра — фантастычная! І размова ідзе не пра колькасны паказчык, а перш за ўсё пра якасць гэтых твораў, у якіх вышэйшы прафесіяналізм гарманічна спалучаецца з чалавечай спагадлівасцю і трапяткімі адносінамі да таго, што ён адлюстроўвае: няхай гэта букет палымнеючых фарбамі руж або цішыня зімовага ранку, восень у Ратамцы або святочны салют у Ракаве, ускраіна вёскі Ячнева або бліскучы партрэт блізкага сябра, заўчасна адышоўшага ад нас кінааператара і рэжысёра Юрыя Марухіна, вячэрні Мінск, звонкая вясна ў Нясвіжы, ваенныя музыканты 1941-га года (з маладым Г.Свірыдавым), вабнае мроіва пейзажу Лагойшчыны...

Усё гэта і многае іншае — спавядальныя песні і балады мастака “пра час і пра сябе”. Па вялікім рахунку, карціны словамі немагчыма тлумачыць — іх можна толькі палюбіць, адчуць. Зразумець. І толькі тады — у адзіным парыве суперажывання, калі душа твая адгукнецца на боль і адчай, развагі мастака, ягоныя карціны будуць належаць табе гэтак жа, як належаць самыя патаемныя ўспаміны.

Леанід Шчамялёў не баіцца быць ні занадта даверлівым, ні безаглядным, ні раскрытым. Ён не баіцца паўтараць нейкую адну тэму — паўтараць сябе, ён увогуле нічога не баіцца — спрабаваць, правяраць, пачынаць спачатку. І ўсё дзеля аднойадзінай мэты — паказаць у фарбах Праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі. На шчасце, так яно і адбываецца...

Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць Шчамялёву, цёплыя дажджы амываюць любімыя ім ландшафты Міншчыны і Віцебшчыны, і ўся зямля, беларуская шматпакутная зямля,
 /i/content/pi/cult/148/1030/Schamyaleu4.jpg

 Л.Шчамялёў. “Вальс кветак”. 

барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна рассцілаецца перад ім.

Ён прагна і бясконца ўлюбёны ў сваю краіну і ў людзей, з якімі зводзіў яго лёс. І яшчэ — у тайны нацыянальнай і сусветнай гісторыі, у якія мастак заўжды спрабуе пранікнуць праз фарбы і ўласныя ацэнкі, вольныя ад шалупіння дагматыкаў.

Яго даўно вядомыя палотны пра Напалеона, Кастуся Каліноўскага, Барыса Савінкава, Льва Даватара, Аляксандра Пушкіна, Міколу Гусоўскага, першага вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга ў экспазіцыі адсутнічаюць, але новая карціна “Гуляй-Поле” аб трагічнай і неадназначнай асобе крывавай эпохі Грамадзянскай вайны, правадыры паўстанчага руху на Украіне Нестары Махно, якога “зжэрла” рэвалюцыя, гаворыць пра многае.

Леанід Шчамялёў — мастак, для якога работа не ёсць толькі праца, ці толькі асалода, ці радасць — не: жывапіс для яго — жарсць, спусташальная, усепаглынальная, як бывае ў каханні, — ёй, ягонай рабоце належаць час, душа, усе жыццёвыя сілы, усе гукі і пахі свету, пра палітру я не кажу — ягоная палітра поўная трапятлівасці і пяшчоты, хвалявання і неспакою, чакання і здзіўлення...

Штодзённая работа ў майстэрні з’яўляецца для яго сэнсам жыцця, самааддачай, самаспаленнем. Ён нібы пералівае кроў сваёй душы ў свае палотны. І мне хацелася б, каб глядач, прыйшоўшы на выстаўку Леаніда Шчамялёва, пастаяў перад ягонымі палотнамі і малюнкамі, угледзеўся б у іх і падумаў пра тое, што без Мастацтва жыццё бывае цьмяным і сумным, і толькі мастак, ягоны сучаснік, сапраўдны, вялікі мастак, дапаможа яму спазнасць шматстайнасць, прыгажосць і каштоўнасць Жыцця.


Барыс КРЭПАК


Рэдакцыя “К” сардэчна віншуе нашага даўняга сябра, члена рэдкалегіі, народнага мастака краіны Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва з юбілеем! Жадаем найхутчэйшага выздараўлення і вяртання да мальберта, чыстага палатна і фарбаў!