Маладзёжны жаночы хор “Фрэска” выступіў у музеі “Пружанскі палацык”.
Калектыў заснаваны ў 2012 годзе. У яго склад увайшлі студэнты Акадэміі музыкі, пры якой калектыў сёння і існуе. “Фрэска” — сталы ўдзельнік шматлікіх майстар-класаў, дабрачынных канцэртаў у Мінску. Летась хор атрымаў Гран-пры і I месца ў намінацыі “Лепшы дырыжор” на ІІ Фестывалі-конкурсе нацыянальнай харавой музыкі “Рэха”, заснавальнікам якога з’яўляецца творчы цэнтр “BelArtSound” Беларускага саюза музычных дзеячаў. А першы выязны канцэрт калектыву адбыўся ў Пружанах.
Узмах рукі кіраўніка хору Настассі Цітовай — і за духоўнымі спевамі гучаць свецкія ды народныя. Адухоўленасць салістак працінае душу, напаўняе нас радасцю і смуткам, узнімае да нябёс. Хочацца глядзець і слухаць...
Сярод гэтых музычных чараўніц ёсць і наша, пружанская, — Ірына Філімовіч. Ніхто ў зале не хацеў ісці дамоў, і толькі пасля “Многая лета” зала “Пружанскага палацыка” пачала пакрысе пусцець...
Ніна ДЫДЫШКА
Пружаны