Мастацкая рэканструкцыя В.Сташчанюка замка Глябовічаў паводле матэрыялаў Ю.Зайца.
Турыст можа трапіць і ў філіял "Дот".
Маргарыта Трапезнікава ў габеленавай зале.
Супрацоўніца музея Тамара Гудыно з гармонікам-"петраградкай"; філіял "Млын".
Хата завозніка.
На Чорнай Гары з'явіцца капліца ў памяць пра княгіню Рагнеду.
З кларнетам — на вячоркі
Акрамя гарадскіх шпацыраў, можна завітаць у этнаграфічны комплекс “Млын і кузня”. Там праходзіць тэатралізаваная экскурсія “У госці да пані Зосі”, дзе частуюць вясковымі прысмакамі і спраўляюць абрады. У Музеі міфалогіі і лесу дзяцей знаёмяць з архаічным успрыняццем свету нашых продкаў, а побач месціцца музей “Дот” — агнявы пункт часоў Вялікай Айчыннай.
Адпраўны пункт знаёмства з музейным Заслаўем — габеленавая зала, дзе распавядаюць пра вытокі беларускай дзяржаўнасці, зараджэнне горада і прыняцце хрысціянства. З тых часоў захавалася гарадзішча “Замэчак”. Археалагічны помнік складаецца з рэштак умацавання Х ст. і мемарыяла да 1000-годдзя стварэння першай на Беларусі праваслаўнай епархіі.
“Турысты прыязджаюць паасобку ды групамі", — кажа малодшы навуковы супрацоўнік аддзела музейнай педагогікі Маргарыта Трапезнікава. Няйвялікшай папулярнасцю музей карыстаецца сярод замежнікаў у расіян, асабліва ў летні час. Нашы ўсходнія суседзі ўпадабалі этнаграфічны комплекс: маўляў, у іх такога амаль не засталося. Наведваюць Заслаўе і турысты з ЗША, Галандыі, Германіі...
Мы падымаемся на другі паверх, каб паглядзець экспазіцыю “Музыка вячорак”, прысвечаную станаўленню і заняпаду вясельнага ансамбля на Беларусі. Тут можна ўбачыць велізарную колькасць аўтэнтычных, самаробных інструментаў, вырабленых на працягу ХХ стагоддзя, і, урэшце, пачуць: пад час экскурсіі гучаць запісы музыкаў.
Сустракаюцца тут і экспанаты з унікальнай гісторыяй, як, да прыкладу, кларнет, які ў 1914 годзе нямецкі афіцэр падарыў беларускаму жалейшчыку: відаць, пад уражаннем ад майстэрства селяніна ў музыцы. Такім чынам, нетутэйшыя інструменты таксама калі-нікалі ўзбагачалі традыцыйны квартэт: скрыпка, цымбалы, гармонік ды бубен.
Побач з “Музыкай вячорак” месціцца зала часовых выставак, дзе якраз рыхтуецца да адкрыцця чарговая экспазіцыя. “У нас бесперапынны канвеер: адна выстаўка здымаецца — тут жа манціруецца наступная”, — каментуе суразмоўца.
Але... На гэтым экспазіцыйныя плошчы заканчваюцца. Высвятляецца, скажам, што з прычыны адсутнасці памяшкання найбуйнейшая ў Беларусі калекцыя маляваных дываноў захоўваецца ў фондах і не экспануецца...
Кінаперспектывы
У гутарцы з навуковым супрацоўнікам Ігарам Жалтковым даведаўся, што, аказваецца, прытоку індывідуальных турыстаў паспрыяла рэклама ў Інтэрнэце і праца ў сацыяльных сетках. “А вось сайт крыху састарэў, — мяркуе Ігар Міхайлавіч. — Калі ён пяць-сем гадоў таму рабіўся, дык быў досыць неблагі, але зараз выглядае архаічна”.
Заслаўскія краявіды прывабліваюць кінематаграфістаў. Так, Алег Лукашэвіч здымаў тут фільм “Эпоха: Парыжская школа жывапісу. Мастакі з Беларусі”. А ад апошняга беларуска-літоўскага праекта ў комплексе застаўся чорны плот з варотамі, які вырашылі пакінуць.
— Да нас звяртаюцца і мас-медыя, і кіно, — далучаецца да размовы Мікалай Паграноўскі. — Я сам колішні супрацоўнік “Беларусьфільма”, і разумею, што супрацоўніцтва важнае для таго, каб, па-першае, Заслаўе было зафіксавана на экране, а па-другое, каб зарабіць дадатковыя сродкі для ўстановы...
Карта-раскладанка і капліца Рагнедзе
Заслаўе сёлета прымае Дзень беларускага пісьменства, і свята мае даць дадатковы імпульс развіццю інфраструктуры музея-запаведніка. Так, да гэтай даты плануецца выпусціць багата сувенірнай прадукцыі з выявамі архітэктурных помнікаў, музейных аб’ектаў і краявідаў Заслаўя: магніты, кубкі, пакеты, футболкі, карту-раскладанку, буклет на трох мовах і каталог музычных інструментаў. На апошні, праўда, грошы пакуль не знойдзены.
Да свята ў царкве Праабражэння Гасподняга (колішнім Кальвінскім зборы) будзе заменена дахоўка. Пад час абмеркавання рэстаўрацыйнага праекта паступалі прапановы пакрыць архітэктурны помнік металам, але абралі варыянт з керамікай. “І гэта абсалютна правільна, — лічыць Мікалай Паграноўскі. — Кальвінскі збор — аб’ект Заслаўя нумар адзін і таму мусіць захоўваць максімальна аўтэнтычнае аблічча. Пагадзіцеся, металічная дахоўка — гэта ўсё ж такі здабытак дваццатага стагоддзя, а не сямнаццатага”.
11 сакавіка на сустрэчы ў Мінаблвыканкаме было вырашана ўстанавіць да Дня пісьменства ў Заслаўі памятны і ўязны знакі. Стварэнне першага — за скульптарам Аляксандрам Прохаравым, дэканам мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў, ды архітэктарам Сяргеем Багласавым (выяву твора “К” друкавала ў № 11). Уязным знакам зоймуцца Аляксандр Батвінёнак і архітэктар Армэн Сардараў. Таксама ў Заслаўі мяркуецца ўсталяваць скульптуру Ігара Засімовіча і Кацярыны Зантарыі, прысвечаную беларускаму алфавіту.
З падзей Дня пісьменства-2014 адзначаны наступныя. Мясцовая дзіцячая бібліятэка адгэтуль будзе насіць імя пісьменніка Хвядоса Шынклера, які нарадзіўся і нейкі час жыў у Заслаўі. З’явяцца памятныя шыльды Яну Глябовічу, Антонію Пшаздзецкаму, датычным да гісторыі горада. На Чорнай Гары ўсталююць капліцу — памятны знак, прысвечаны княгіні Рагнедзе. Ужо завяршыўся першы этап міні-конкурсу на лепшы помнік князю Ізяславу. Створаць і часовую выстаўку пад працоўнай назвай “Дзесяць стагоддзяў гісторыі”. Адбудуцца і гаспадарчыя работы: рэканструкцыя і рамонт фасадаў ды інтэр’ераў будынкаў, добраўпарадкаванне замацаваных за музеем тэрыторый, устаноўка інфармацыйных стэндаў, бігбордаў і ўказальнікаў.
Відаць, не ўбачыць свет альбом-каталог “Заслаўе ў выяўленчым мастацтве”. Замест яго з’явіцца сацыяльнае выданне пра горад.
— Тое, што я прапаноўваў, — іншая кніжка, — кажа Мікалай Паграноўскі. — Заняўшы пасаду ў музеі, адразу ўзгадаў, што існуе шмат выяў Заслаўя ў жывапісе, графіцы і нават у скульптуры… За дзевяць гадоў я назапасіў каля трохсот твораў выяўленчага мастацтва, прысвечаных гораду...
Росшукі адбываліся са спадзяваннем, што калі-небудзь у Заслаўі адкрыецца мастацкая галерэя. Агулам жа музейнай установай з 1986 года сабрана каля 17 тысяч экспанатаў, якія складаюць 29 калекцый (археалогія, жывапіс, графіка, ткацтва, адзенне, метал, кераміка, фатаграфія ды іншыя). На думку суразмоўцы, з гэтых калекцый можна стварыць яшчэ як мінімум шэсць музеяў...
Статус маецца, але...
Праблемы з экспазіцыйнымі плошчамі — не адзінае, што турбуе Мікалая Паграноўскага сёння: “Справы ў музея-запаведніка значна пагоршыліся з наданнем Заслаўю статуса горада-спадарожніка Мінска. Пераход ад абласнога падпарадкавання да раённага прыкметна зменшыў бюджэт установы. Сродкаў іншым разам не хапае на аплату камунальных паслуг — даводзіцца даплачваць з пазабюджэту”.
Крыху паправіць становішча мусіць вераснёўскі Дзень беларускага пісьменства, але праблемы, якія існуюць гадамі, сёлетняе свята, вядома, не вырашыць: “Сітуацыя не зменіцца да таго часу, — мяркуе Мікалай Паграноўскі, — пакуль людзі не зразумеюць, што правінцыя мае права жыць гэтак жа, як і сталіца. Правінцыя ж, па сутнасці, можа існаваць у адміністрацыйным сэнсе, але ніяк не ў культурным”. Мікалай Міхайлавіч узгадвае горад Панявежыс. Сёння ён пяты ў Літве паводле колькасці жыхароў, але ў часы стварэння там драматычнага тэатра быў мястэчкам. Стаў жа вядомы на ўвесь свет дзякуючы культурнаму брэнду.
Візітоўкай Заслаўя магло б стаць аднаўленне замка Глябовічаў, але мясцовыя чыноўнікі не падзяляюць такой думкі, бо яно патрабуе вялікіх інвестыцый. Ужо дзевяць гадоў вядзецца ліставанне з міністэрствамі. Урэшце, сітуацыі мог бы паспрыяць інвестар. Але ж яго няма...
...Заслаўе мае магутны патэнцыял, пра што сведчыць вялікая турыстычная ўвага: “Мы часам не паспяваем прыняць усіх турыстаў, — адзначае дырэктар. — Калі прыязджаюць цягам дня, скажам умоўна, дзесяць-дванаццаць аўтобусаў, проста не хапае супрацоўнікаў. Трэба яшчэ шукаць людзей, якія маглі б дадаткова дапамагаць нам”. Пры гэтым, пашыраць штат Паграноўскі не мае права. Больш за тое: у красавіку чакаюцца скарачэнні на 20 працэнтаў. Аптымізацыя...
Ігар МЫСЛІВЕЦ, студэнт Інстытута журналістыкі БДУ
Фота Юрыя ІВАНОВА
Фотарэпартаж Юрыя Іванова з Заслаўя можна паглядзець тут.