Парадоксы памежжа Валянціна Губарава
Яго называюць беларускім Брэйгелем, але мне здаецца гэта параўнанне не толькі не трапнае, але нават і не блізкае да Сусвету Валянціна Губарава. Ні Пітэр Брэйгель Старэйшы, ні малодшыя Брэйгелі не нясуць тых сэнсаў і эмоцый, якія адразу ж ўспыхваюць пры разглядзе карцін нашага мастака.
Брэйгелі тварылі зусім у іншай манеры. Іх сэнсы і эмоцыі больш халодныя, максімальна адхіленыя ад цеплыні чалавечага сэрца, у іх панурасць не пакідае прасторы для светлага смутку. У Губарава, насупраць, светлы смутак выносіць за межы яго палотнаў усякі намёк на цяжкую панурасць.
Неверагодны космас “маленькага чалавека”, які прадстаўлены і ў жывапісе, і ў кіно, і ў літаратуры, — вось тыя арыенціры, якія праглядваюцца ў працах Валянціна Губарава. Чарлі Чаплін з нямога кіно шпацыруе сваёй недарэчнай паходкай па сюжэтах яго карцін, сумна ўсміхаючыся і кранальна распавядаючы нам свае, здавалася б, немудрагелістыя гісторыі.
Далей