“Чуўся яму Скрыпічны канцэрт…”

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Фота музы і вайны

/i/content/pi/cult/321/5726/7-1.jpg

 Кандыдату мастацтвазнаўства, прафесару Калерыі СЦЕПАНЦЭВІЧ нядаўна споўнілася 85. Шмат гадоў яна была прарэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па навуцы, працягвае выкладаць і цяпер. Сёлета ў яе (як, дарэчы, і заўсёды) - ледзь не два дзясяткі дыпломнікаў, а яшчэ - аспіранты, саіскальнікі. За плячыма- цэлая паліца выдадзеных кніг, у тым ліку- у сааўтарстве з мужам, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Георгіем Глушчанкам. Ёсць сярод іх і зусім новыя, хаця ён пайшоў з жыцця ўжо амаль сямнаццаць гадоў таму. Бо Калерыя Іосіфаўна беражліва рэдагуе, дапаўняе яго рукапісы найноўшымі звесткамі- і даносіць іх да музыкантаў цяперашніх пакаленняў. А галоўнай працай свайго жыцця лічыць кнігу пра самога Георгія Сямёнавіча, матэрыялы да якой ужо цалкам сабраны.

Сямейная пара музыказнаўцаў прыехала па размеркаванні ў Беларусь у 1957-м. Але мая размова з Калерыяй Іосіфаўнай пачынаецца з часоў вайны.

- У чэрвені 1941 года Георгію Сямёнавічу было 18,- распавядае яна.- Калісьці пра гэта была публікацыя, названая "Скрыпка на лафеце": ён і сапраўды ўзяў на фронт скрыпку, прыладзіўшы футаляр да лафета гаўбіцы. І быў, можна сказаць, не толькі артылерыстам, але і "пазаштатным" артыстам канцэртна-франтавой брыгады, бо іграў і для байцоў, і для параненых у шпіталі- ажно да баёў пад Магілёвам, калі ў 1943-м вызвалялі Беларусь. Ён жа да вайны скончыў Растоўскае музычнае вучылішча па дзвюх спецыяльнасцях: як музыказнаўца і як скрыпач. І ў 1940-м, калі яго ўзялі ў армію, кіраваў вайсковым самадзейным аркестрам.

- Перамогу, наколькі я ведаю, Георгій Сямёнавіч сустрэў у шпіталі?

 - Ён праляжаў 30 месяцаў - роўна два з паловай гады. У 43-м пад Магілёвам спачатку загінула скрыпка- разам з пушкай. А потым ён быў цяжка паранены. Расказваў мне, як ляжаў, кантужаны, у непрытомнасці, і чуўся яму Скрыпічны канцэрт Глазунова... Музыкант заўсёды застаецца музыкантам, нават на мяжы жыцця і смерці. Паклік/i/content/pi/cult/321/5726/7-2.jpgаць на дапамогу не мог, бо адна з куль наскрозь прашыла ніжнюю сківіцу. Ды што там казаць, калі нават немцы, збіраючы пасля боя сваіх параненых, палічылі яго за нябожчыка! А ён потым дапоўз да дарогі (па ёй ужо нашы праязджалі), нават руку працягнуў - і зноў прытомнасць страціў. Яго зноў палічылі памерлым, нават бацькам адпаведныя звесткі даслалі. Але санітары, што ззаду ішлі, падабралі, і ўрач (ён, дарэчы, быў яшчэ і святаром) аперыраваў яго проста пад адкрытым небам. Потым было яшчэ шмат розных аперацый - выратавалі. Георгій Сямёнавіч пасля вайны ажно дзве ВНУ скончыў: кансерваторыю ў Горкім (цяпер- Ніжні Ноўгарад) і Інстытут імя Гнесіных у Маскве (сёння гэта - Расійская акадэмія музыкі), а потым яшчэ і тамтэйшую аспірантуру...

 Выбіраючы здымкі, гартаем альбом за альбомам. Але вось дзіва! Сумесных кніг Глушчанкі і Сцепанцэвіч намнога больш, чым... сумесных фота.

- Георгій Сямёнавіч, - усміхаецца Калерыя Іосіфаўна, - звычайна сам рабіў здымкі. Вядома, трапляла ў аб'ектыў збольшага я. Таму наўрад ці штосьці знойдзеце.

 - Тады, можа, гэты? - я паказваю на здымак за шклом кніжнай паліцы: ён, яна, піяніна і ноты.

- Гэты адзіны. І вельмі для мяне дарагі. Хтосьці сфатаграфаваў нас пад час заняткаў са студэнтамі. Цяпер можна знайсці якія заўгодна музычныя запісы - не ў фанатэцы, дык у Інтэрнэце, а тады - амаль нічога не было. І пад час лекцый па гісторыі музыкі патрабаваўся піяніст-ілюстратар, які прайграваў бы фрагменты твораў. Ці лектар сам павінен быў сядаць за фартэпіяна. Але нам было зручней працаваць разам!..

Амаль усе кнігі Глушчанкі і Сцепанцэвіч - пра беларускую музычную культуру. Сярод нядаўна выдадзеных- два метадычныя дапаможнікі, розныя па аб'ёме. Таўшчэзны том - доўгачаканая "Беларуская музыка другой паловы ХХ стагоддзя". І "худзенькая"- прысвечаная часам станаўлення беларускай музычнай крытыкі.

 - Хрэстаматыя з фрагментамі музычных твораў выйшла раней, - распавядае Калерыя Іосіфаўна. - Таму з большай нецярплівасцю выкладчыкі, студэнты і проста аматары музыкі чакалі саму кнігу. Бо ранейшае выданне заканчвалася творамі 1980-х, у тую ж манаграфію трапілі і 1990-я. Георгій Сямёнавіч не дачакаўся выданняў, але гэта менавіта яго праца. Ён цалкам падрыхтаваў кнігу "Беларуская музыка 1960- 80-х гадоў" (яна выйшла ўжо пасля яго смерці). І распачаў працу над гэтай. Паглядзіце, колькі тут аўтараў! Удзельнічалі ледзь не ўсе музыказнаўцы нашай кансерваторыі. Ён размяркоўваў тэмы, ажыццяўляў агульную рэдакцыю, рабіў выніковыя артыкулы. Ну, а музычная крытыка ўвогуле заставалася, як кажуць, ягонай вотчынай. Прычым ён даследаваў не толькі беларускую, але і расійскую, найперш - на мяжы ХІХ- ХХ стагоддзяў. Пасля яго смерці засталося столькі рукапісаў, столькі сабраных матэрыялаў - хочацца ўсё давесці да ладу. І, галоўнае, дапісаць кнігу пра яго самога...

На мае вочы трапляе песня Якава Касалапава, рукапіс якой кампазітар падарыў Глушчанку. Але, як высветлілася, зусім не для музыказнаўчай рэцэнзіі.

- Аўтар быў вельмі ўражаны, натрапіўшы на здымак Георгія Сямёнавіча ў... ваенным музеі: фота было зроблена пад час вызвалення Беларусі, пасля баёў пад Леніна. Кампазітар даслаў разам з песняй ліст, дзе напісаў: "Как приятно было среди видных участников сражения встретить Вашу фотографию!"

Развітваючыся з Калерыяй Іосіфаўнай, я не магла адчапіцца ад думкі: як усё ж мала мы ведаем пра тых, каго ўжо няма з намі!.. І пра тых, хто побач! І пра тое, колькі яшчэ кніг пра нашых дзеячаў культуры не напісана...

На здымках:. Г.Глушчанка ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Г.Глушчанка і К.Сцепанцэвіч (канец 1950-х гг.).

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"