Будні для свята

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Да Дня Перамогі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтаваны шэраг цікавых выставак.

/i/content/pi/cult/321/5711/2-3.jpgТак, па словах дырэктара ўстановы Сяргея Азаронка, 6 мая адкрылася выстаўка "Шляхамі перамог. Бацька і сын Федарэнкі". Таксама цягам святочных дзён у музеі будуць працаваць выстаўкі "Пераможцы" і "Вітражы партызанскай мудрасці і кемлівасці". Апошняя з іх папоўнілася новымі экспанатамі.

Не можа не радаваць Сяргея Азаронка і тое, што паступова ўзводзіцца новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні дзень, па словах вахтавага майстра БУ-5 ААТ "Будтрэст № 1" Сяргея Ігнаценкі, практычна завершаны ўсе работы на першым паверсе гэтага знакавага для ўсіх беларусаў аб'екта, і цяпер будаўнікі працуюць над узвядзеннем другога паверха. "Усе матэрыялы пастаўляюцца своечасова," - дадаў майстар.

На думку дырэктара Музея Сяргея Азаронка, узвядзенню новага будынка ўстановы спрыяюць і тыя грашовыя ахвяраванні, якія дасылаюцца шматлікімі грамадзянамі нашай краіны на дабрачынныя рахункі. Нагадаем, што гэтыя рахункі былі адкрыты па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для збору сродкаў на ўзвядзенне музея і стварэнне экспазіцыі. На час падпісання нумара газеты ў друк гэтая сума, па словах Сяргея Іванавіча, ужо складае блізу 145 мільёнаў беларускіх рублёў. Але дадзеная лічба днямі значна павялічыцца: на рахункі музея ў хуткім часе паступяць сродкі ад правядзення Рэспубліканскага суботніка.

На здымку: на пляцоўцы аб'екта будаўнікі працуюць над узвядзеннем другога паверха.

Фота Пятра ОВАДА