Працалюбівы жыццялюб. Да 75-годдзя з дня нараджэння найбуйнога беларускага энцыклапедыста Якуба Якубоўскага

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

“Праца робіць чалавека прыгожым, і я б мовіў, што спрытнасць і ўмельства ў фізічнай працы асабліва аздабляюць інтэлігентнага чалавека, надаюць яму рысу нейкай добрай дэмакратычнай высакароднасці. Калі я перачытваю гэтае выказванне аднаго з самых знакамітых пісьменнікаў майго пакалення Аляксандра Твардоўскага, заўсёды ўспамінаю словы працалюба і жыццялюба Якава (Якуба) Адамавіча Якубоўскага, сказаныя ім падчас неаднаразовых прыездаў да мяне ў Баранавічы: “Праца — гэта і ёсць задавальненне”, “Спяшайся працаваць, бо сёння можа стаць тваім апошнім днём”, “Памірай, але жыта сей”.

Гэтай вясной споўнілася 75 гадоў, як прыйшоў у свет гэты чалавек незвычайнай унутранай прыгажосці і абаяння, чыё імя і справы заўсёдна будуць помніцца на Беларусі.
Якуб (Якуб — псеўданім) нарадзіўся 20 красавіка 1932 года ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна ў сям’і татарына-рамесніка, памёр 14 верасня 1998 года ў Мінску, пахаваны на мізары (мусульманскіх могілках) у гарадскім пасёлку Смілавічы. Той, хто пачне гартаць розныя энцыклапедыі, мабыць, здзівіцца, убачыўшы ў іх розныя даты яго народзін. Напрыклад, “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (том 6, кніга ІІ) дае пад подпісамі Ібрагіма Канапацкага і маім дату “4.4.1932”, але ні ён, ні я ў гэтым невінаватыя, гэта нас “падправіў” адзін з супрацоўнікаў выдавецтва, нават не паспрабаваўшы ўзгадніць гэта з намі. Ёсць у гэтай энцыклапедыі (і таксама не па нашай віне) другое месца яго народзін.
Якуб Адамавіч — выдатны навуковец, наш буйнейшы энцыклапедыст, журналіст. У 1950 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы ў Відзах Браслаўскага раёна, ён працаваў настаўнікам, потым скончыў Мінскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “настаўнік гісторыі”. Гісторыя заўсёды хвалявала, абуджала яго ўяўленне, таму праз шмат гадоў ён атрымаў і вышэйшую адукацыю ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага. Ды і гэтага Якубоўскаму было мала, — ён меў няўтольную прагу да ведаў, — і ў 1962 годзе з адзнакай скончвае Белдзяржуніверсітэт імя У.Леніна і атрымлівае спецыяльнасць географа.
Але і гэта не ўсё. Я.А. Якубоўскі атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “беларуская мова і літаратура” на завочным аддзяленні Мінскагапедінстытута. Падчас аднаго гасцявання я налічыў у яго болей за 10 дыпломаў і пасведчанняў па розных “гатунках” адукацыі, асветы, у тым ліку і палітычных — універсітэтаў марксізма-ленінізма.
У 1962 — 1967 гадах Я.А. Якубоўскі плённа і натхнёна працаваў у Навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства, затым, да самай пенсіі, — у выдавецтве “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. Сюды яго запрасіў сам Пятрусь Броўка — адна з найвялікшых Постацей нашай краіны. Па 1992 год Якубоўскі працаваў загадчыкам рэдакцыі геалогіі і геаграфіі. З яго актыўным удзелам былі створаны “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” ў 12-ці тамах, “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” ў 5 тамах (рашэннем Праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) у 1984 годзе “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі за папулярызацыю ідэй аховы прыроды ў “Энцыклапедыі прыроды Беларусі” і іншых энцыклапедычных выданнях адзначана срэбным медалём. — М.М.), аднатомнік “Природа Белоруссии”, “Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя ў 5 тамах на беларускай і рускай мовах”, даведнікі пра ўсе абласныя гарады, “Блакітная кніга Беларусі” і іншыя. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1976 г. за плённы ўдзел у стварэнні “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”.
Пасля выхаду на пенсію Якуб Адамавіч рупліва працаваў на ніве культурнага адраджэння беларускага і татарскага народаў. Ён ініцыятар стварэння і галоўны рэдактар часопіса-штоквартальніка “Байрам. Татары на зямлі Беларусі” (пры ім пабачылі свет 27 нумароў), іншых перыядычных беларуска-татарскіх выданняў і дапаможнікаў.
Якуб Адамавіч вывучаў карані сваіх супляменнікаў-татар, пытанні культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага, татарскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў, гісторыю паходжання старажытных і новых татарскіх родаў, збіраў матэрыялы пра знакамітых дзеячаў нашай краіны і многія іншыя тэмы.
Я.Якубоўскі — аўтар гімна беларускіх татар “Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі” (музыка Дзінары Мазітавай), які перакладзены на рускую і крымска-татарскую мовы. Імя навукоўца занесена ў кнігу “Рупліўцы твае, Беларусь” (1988).У апошнія гады Якуб Адамавіч працаваў над стварэннем першага энцыклапедычнага даведніка “Татары Беларусі, Літвы і Польшчы”, заахвоціў і мяне да ўдзелу. Сам жа падрыхтаваў для яго каля 1000 артыкулаў (персаналій) і каля 300 з іх паспеў апублікаваць у часопісе “Байрам. Татары на зямлі Беларусі”. Вакол падзвіжніка пастаянна гуртаваліся навукоўцы, пісьменнікі, аматары гісторыі роднага краю.

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы