Т.Б. Варфаламеева, Т.І. Кухаронак.

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Апытальнік для збору матэрыялаў па сямейнай абраднасці беларусаў

РАДЗІНЫ
Комплекс традыцыйных радзінных звычаяў, абрадаў, вераванняў беларусаў складаўся з трох узаемазвязаных цыклаў: перадродавага, родавага і пасляродавага.

Перадродавы цыкл

Ён уключаў у сябе звычаі, вераванні, абрадавыя дзеянні, закліканыя забяспечыць наогул дзетанараджэнне ў шлюбнай пары, зачацце дзіцяці і захаванне цяжарнасці. Паводле народных вераванняў беларусаў, лёс, характар, знешнасць чалавека былі абумоўлены абставінамі, якія папярэднічалі зачаццю, і паводзінамі маці ў час цяжарнасці.

У беларусаў традыцыяй забаранялася зачынаць дзяцей у пераломныя моманты гадавога кола, у вялікія рэлігійныя святы і напярэдадні іх, а таксама ў перыяды пастоў, калі патрабавалася ўстрыманне, зварот да вышэйшых духоўных каштоўнасцей. Неспрыяльнымі для зачацця днямі былі таксама посныя дні — серада і пятніца.

Шматлікі этнаграфічны матэрыял сведчыць, што ў беларусаў меўся цэлы звод прадпісанняў і забарон, накіраваных на ахову плода ва ўлонні маці. Асабліва гэта тычылася першай паловы цяжарнасці. Большасць з гэтых уяўленняў былі заснаваны на шматгадовых жыццёвых назіраннях і адрозніваліся вялікім практычным зместам. Цяжарная жанчына асцерагалася ўдараў у жывот, у час цяжкіх палявых работ падвязвала яго ручніком або хусткай, не сцягвала моцна спадніцу, імкнулася не падымаць і не насіць вялікіх грузаў. Паводле народнага меркавання, яна павінна была больш рухацца і бываць на свежым паветры, каб лягчэй прайшлі будучыя роды.

Лічылася, што жанчына павінна есці ўсё, што жадае (“чаго душа просіць”), але ў меру. Асабліва ўважліва адносіліся да жанчыны, якая першы раз збіралася раджаць. Свякруха, якая прымушала маладую цяжарную нявестку выконваць цяжкую працу, падвяргалася публічнаму асуджэнню аднавяскоўцаў.

У традыцыйнай культуры дародавыя забароны і рэкамендацыі цяжарным жанчынам былі заснаваны, галоўным чынам, на перакананні, што падобнае выклікае падобнае. У час цяжарнасці жанчыне забаранялася глядзець на пажар, а калі ў яе ўжо не было іншага выйсця, то нельга было, спалохаўшыся, дакранацца рукамі да свайго цела, бо лічылася, што ў дзіцяці ў адпаведным месцы застанецца вогненная радзімая пляма. Народная традыцыя не раіла цяжарнай станавіцца на той круг на падлозе, які заставаўся ад мокрага вядра, інакш, прадказвалі, у дзіцяці ўсё цела будзе пакрыта лішаём. Перасцерагалі жанчыну прысутнічаць на пахаваннях, глядзець на нябожчыка. Цяжарнай жанчыне таксама забаранялася сядзець на камені— роды будуць цяжкія, пераступаць праз вяроўку, вязаць, плесці — дзіця можа заблытацца ў пупавіне. Забаранялася цяжарнай зашываць адзенне на сабе — будуць цяжкія роды, спяшацца пры размове — дзіця будзе заікацца, падстрыгаць валасы, каб “не ўкараціць дзіцяці розум”.

Цяжарную жанчыну засцерагалі ад усяго, што магло выклікаць у яе адмоўныя эмоцыі, такія, як жах, гнеў, крыўда, прыкрасць, злосць. Цяжарным нельга было глядзець на пачварных людзей, смяяцца з іх фізічных ці псіхічных недахопаў, бо будучае дзіця магло пераняць тыя ж недахопы. Справядліва лічылася, што ўсе ўражанні і перажыванні непасрэдна або ўскосна адаб’юцца на дзіцяці. Таму для цяжарнай жанчыны лічылася надзвычай карысным захоўваць добры настрой, часцей глядзець на што-небудзь прыгожае, слухаць прыгожыя спевы. Строга выконваліся цяжарнымі і наступныя забароны: нельга было маніць, красці, зайздросціць, лаяцца, каб не нарадзіць манюку, злодзея, зайздросніка, грубіяна. На працягу цяжарнасці жанчына карысталася сродкамі хрысціянскай абароны: рэгулярна хрысцілася, прамаўляла малітвы, спавядалася, прычашчалася. Сачылі, каб цяжарныя не працавалі ў рэлігійныя святы, што лічылася вялікім грахом і магло негатыўна адбіцца на лёсе будучага дзіцяці.

Сёння сучасная медыцына даказала, што дадзены перыяд надзвычай важны для далейшага жыцця чалавека: менавіта ў гэты час закладваюцца асноўныя структуры арганізма, і любое негатыўнае ўздзеянне можа нанесці вялікую шкоду фізічнаму і псіхічнаму здароўю дзіцяці.

Родавы цыкл

Зазвычай уключаў у сябе звычаі, абрады, вераванні, звязаныя з паводзінамі жанчыны і дзеяннямі бабы-павітухі ў час родаў, з адразаннем пупавіны, паследам, першым купаннем дзіцяці, спосабы варажбы пра будучы лёс дзіцяці ў дзень яго нараджэння.

Роды, асабліва першыя, успрымаліся як адзін з самых важных псіхафізічных момантаў, звязаных з якаснай зменай стану і статуса не толькі самой жанчыны, але і яе сям’і. Для забеспячэння нармальнага працякання родаў жанчына напярэдадні іх прасіла прабачэння ў сям’і, суседзяў, аднавяскоўцаў. Для спрыяння ў час родаў парадзіхі маліліся Багародзіцы, святой вялікапакутніцы Кацярыне, святой вялікапакутніцы Варвары, святой Анастасіі Аковазбаўляльніцы, апосталу Іаану Багаслову, карысталіся іншай хрысціянскай атрыбутыкай: святой вадой, грамнічнай свечкай, ладанам.

Жанчына, адчуваючы набліжэнне родаў, імкнулася, каб пра гэта ведала як мага менш людзей, асабліва дзяўчат.

Роды адбываліся ўзімку ў хаце, улетку у лазні, варыўні, гумне. Звычайна пры родах у сялянскім асяроддзі карысталіся паслугамі вясковай бабкі-павітухі, у якой быў вопыт і практычныя веды па акушэрстве. Бабка ні пры якіх абставінах не павінна была адмовіцца ісці да парадзіхі.

У беларускіх сялян шырока была распаўсюджана вера ў магічную сувязь паміж павітухай і прынятымі ў час родаў (“перабабленымі”) ёю дзецьмі, у тое, што характар і паводзіны бабкі могуць станоўча ці адмоўна паўплываць на характар, здароўе, лёс дзіцяці. Акрамя таго, бабка павінна была ведаць усе абрадавыя дзеянні, накіраваныя на ахову маці і дзіцяці ад варожых, злых сіл. На Беларусі вопытныя павітухі мелі спецыяльны ручнік-радзільнік, у арнаменце якога былі сімвалічныя выявы вобразаў або парадзіхі, або дзіцяці.

Асноўнае месца займалі абрадавыя дзеянні, заснаваныя на універсальным магічным уяўленні: падобнае выклікае падобнае. Для аблягчэння пакут парадзіхі на яе адзенні расшпілялі ўсе гузікі, развязвалі вузлы, паясы, распляталі косы, адкрывалі замкі, куфры, дзверы ў памяшканні. Паўсюль на Беларусі, каб адагнаць злыя сілы ад парадзіхі, павітуха клала ёй у ложак металічны прадмет або абвязвала яе чырвонай ніткай.Дзейсным сродкам аблягчэння пакут парадзіхі лічыўся наступны: зняць з дзяжы абруч і надзець яго тры разы на парадзіху зверху ўніз. Верылі, што прысутнасць мужа ці яго пэўныя дзеянні ў час родаў аблягчаюць пакуты жонкі і паскараюць роды.

Павітуха ніколі не прымала дзіця голымі рукамі, а накрывала іх якім-небудзь старым споднім адзеннем бацькоў, каб у будучым дзіця жыло ў багацці і любіла родны дом. Пупавіну перавязвалі пасмачкай чыстага лёну ці суравой ніткай, зрэдку да лёну дабаўлялі адну чырвоную нітку. Пераразалі пупавіну на адлегласці трох пальцаў ад месца перавязкі: хлопчыку — на нажы, сякеры, дубовай кары ці кавалачку хлеба, на кніжцы, малатку. На Віцебшчыне ж катэгарычна забаранялася павітусе пераразаць пупавіну хлопчыку на сякеры — інакш ён стане разбойнікам. Часта ў паўночных раёнах Беларусі пупавіну хлопчыку перабівалі камянямі — “каб быў дужы”. Дзяўчынцы пераразалі пупавіну на грэбні, верацяне, нітках, кручках, на нажніцах — “каб была швачкай”. Сэнс, закладзены ў гэтых абрадах, указвае на іх сувязь з земляробчым бытам народу, з дыферэнцыяцыяй працы па полу.

Пакінуць лімінальную (пераходную) зону пры нараджэнні ўдзельніку рытуалу дапамагала вада — адзін з галоўных сімвалаў жыцця.

Нованароджанае дзіця адразу купалі ў розных лекавых духмяных травах, а каб яно было багатае і шчаслівае, у ваду клалі срэбраную манету і некалькі зярнят. У купель для дзяўчынкі дабаўлялі яшчэ некалькі кропель малака, каб яна была прыгожая і белатварая. Для ўзмацнення хрысціянскай аховы ў ваду капалі воск з запаленай свечкі. А вось у гатаванай (кіпячонай) вадзе на Беларусі дзяцей не купалі. Па народных вераваннях беларусаў, пры першым купанні павітуха магла выпраўляць фізічныя недахопы. Выкупанае і спавітае дзіця павітуха падносіла бацьку і маці, якія яго цалавалі. Ваду пасля першага купання вылівалі ў ціхім месцы, дзе не хадзілі людзі і жывёла. Пасля купання павітуха загортвала дзіця ў пялюшку, зробленую са старой мужчынскай кашулі, бо ў беларусаў не было прынята загадзя рыхтаваць адзенне для дзіцяці — інакш, лічылася, яно хутка памрэ. Пасля гэтага павітуха спавівала дзіця спецыяльным чырвоным поясам.

Пэўныя абрадавыя дзеянні здзяйсняліся і пры першым укладванні дзіцяці ў калыску, каб забяспечыць здароўе і спакойны сон немаўляці. Так, паўсюль на Беларусі, каб адагнаць ад дзіцяці злыя сілы, у калыску клалі вугольчык, хлеб-соль, жалезны прадмет, ката (ненадоўга). Калыска была адна на ўсіх дзяцей, каб браты і сёстры сябравалі паміж сабой.

Управіўшыся з дзіцем, павітуха працягвала завіхацца каля парадзіхі. Па традыцыі, павітуха знаходзілася ў парадзіхі на працягу трох дзён. Асноўным яе абавязкам было купанне маці і дзіцяці ды ахова іх ад сурокаў.

Яна таксама выконвала працу па гаспадарцы, што давала магчымасць парадзісе набрацца сіл пасля родаў. Знаходжанне павітухі ў доме парадзіхі патрабавала, паводле ўяўленняў беларускага сялянства, абавязковага ачышчэння, якое дасягалася пры дапамозе абраду “размывання рук”, што здзяйсняўся на трэці дзень пасля родаў: бабка і парадзіха палівалі вадой адна адной на рукі і ўзаемна прасілі прабачэння. Пасля гэтага павітуха атрымлівала ўзнагароджанне за сваю дзейнасць.

Пупавіна звычайна адвальвалася на чацвёрты — пяты дзень. Маці хавала яе ў куфар ці запіхвала ў дзірку, якая была прасвідравана для гэтай мэты ў сцяне хаты (“каб дзіця не скідвалася з лавы”). Калі дзіцяці спаўнялася тры, а часцей — сем гадоў, яму давалі вузельчык з пупавінай: развязаць, каб “развязаць свой розум”. На Віцебшчыне да сярэдзіны ХХ ст. бытаваў звычай захоўваць пупавіну доўгі час, а калі хлопец ішоў у войска, а дзяўчына — замуж, ім аддавалі яе, “каб шчаслівыя былі”.

Пасляродавы цыкл

Дзеянні пад час яго былі накіраваны на прыняцце нованароджанага ў сямейна-грамадскі калектыў.

Згодна з традыцыйнымі ўяўленнямі, дзіця, якое не мела імя, было небяспечным, яно было нічыім. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны вераванні: калі даць дзіцяці імя п’яніцы, злодзея, гультая, які жыве паблізу, то дзіця пяройме гэтыя ж рысы. У асобных сем’ях імя, асабліва для хлопчыкаў, перадавалася ад пакалення да пакалення. Тым самым імкнуліся паставіць дзіця пад ахову роду. Бывалі выпадкі, калі давалі імя першага сустрэчнага чалавека, якога бацька нованароджанага чакаў, стоячы на перакрыжаванні дарог (так рабілі, калі папярэднія дзеці ў гэтай сям’і паміралі). Да абраду хрышчэння дзіця называлі “лялечка”, “багданька”, каб падмануць злыя сілы, якія маглі пашкодзіць немаўляці. Хрышчэнне ўключала ў сябе абавязковае наданне новаму хрысціяніну імені аднаго з праваслаўных ці каталіцкіх святых, свята ў гонар якога адзначаецца ў 8-дзённы тэрмін з дня нараджэння дзіцяці. Нельга было выбіраць імя святога, чый дзень памяці ўжо прайшоў.

У хуткім часе пасля родаў да парадзіхі прыходзілі ў адведкі замужнія жанчыны. У адведкі было прынята прыходзіць без запрашэння. Нельга было ісці адведваць парадзіху з пустымі рукамі, таму жанчыны прыносілі для яе самыя каларыйныя і смачныя стравы. Мужчынам і незамужнім дзяўчатам забаранялася хадзіць у адведкі. Непажаданым лічылася ў час адведак цікавіцца здароўем дзіцяці, наогул падыходзіць і глядзець на яго, каб не сурочыць. Звычайна ад 6-ці да 9-ці дзён парадзіха лічылася хворай.Паводле народнага меркавання, першыя сорак дзён пасля нараджэння былі самымі небяспечнымі для дзіцяці, таму з ім патрэбна было абыходзіцца вельмі асцярожна і берагчы ад уздзеяння злых сіл. Лічылася, што дзіця падтрымлівае сувязь з Сусветам, адкуль яно прыйшло, праз раднічок, які знаходзіцца на цемечку і да якога ставіліся з вялікай беражлівасцю.

Кум і кума выступаюць у якасці духоўных дублёраў кроўных бацькоў. Запрашэнне ў хросныя было ганаровым і разглядалася як акт вышэйшага даверу. У выпадку смерці кроўных бацькоў выхаванне і адказнасць за дзіця неслі хросныя. Пры вырашэнні важных сямейных пытанняў, якія тычыліся дзіцяці, абавязкова раіліся з хроснымі бацькамі. Да кумоў пасля здзяйснення абраду прад’яўляліся пэўныя патрабаванні, выкананне якіх кантралявалася грамадскай думкай. У беларусаў часцей запрашаў у кумы бацька нованароджанага, але маглі гэта зрабіць таксама свякруха ці маці парадзіхі. Яны абавязкова неслі з сабою хлеб. Запрашэнне ў кумы суправаджалася разнастайнымі магічнымі дзеяннямі. Так, той, хто запрашаў, не меў права садзіцца ў гэтым доме — інакш, лічылася, дзіця доўга не будзе хадзіць. Ніколі не бралі за кумоў бяздзетных людзей, а за куму — цяжарную жанчыну.

Згодна з народнымі звычаямі, адмаўляцца ад кумаўства не раілася, хоць такія выпадкі зрэдку і здараліся. Асабліва ахвотна ў беларусаў ішлі хрысціць незаконнанароджаных дзяцей — “байструкоў”, бо верылі, што кумам апасля будзе ва ўсім удача. У кумы да “байструкоў” імкнуліся ісці дзяўчаты, якіх доўга не бралі замуж: існавала павер’е, што дзяўчына выйдзе замуж, як толькі яе хроснік пачне хадзіць. У кумы запрашалі сваіх і чужых аднолькава. Замена кумоў адбывалася ў выпадку смерці аднаго з іх, доўгатэрміновага ад’езду, цяжарнасці кумы. Паўсюдна на Беларусі замянялі кумоў, калі папярэднія дзеці паміралі, для чаго бралі за кумоў выпадковых людзей (“стрэчных”, “збожжых”, “спатыканых”).

Адбывалася гэта так: бацька нованароджанага раніцай у дзень хрэсьбін выходзіў на перакрыжаванне дарог (“на ростынькі”) і першых сустрэчных мужчыну і жанчыну запрашаў у кумы. У дадзеным выпадку кумы не заходзілі ў хату пасля вяртання з царквы, а перадавалі дзіця бацькам праз акно. На Заходнім Палессі здзяйсняўся абрад імітаванага продажу дзіцяці: бацькі, калі ў іх паміралі дзеці, “прадавалі” нованароджанага праз акно чужым людзям — жанчыне або мужчыну, у якіх усе дзеці былі жывыя.

Кожны з запрошаных у кумы нёс хлеб ці ручнік. Кума несла яшчэ кавалак палатна (“крыжма”, “мятлік”), на які клалі дзіця пасля хрышчэння. Як і пры ўсялякім выездзе ў дарогу, кумы садзіліся на лаўку, а гаспадыня зачыняла печ засланкаю, каб была ўдалая паездка. Па дарозе кумам забаранялася размаўляць паміж сабой, каб дзіця не было крыклівым. На перакрыжаванні дарог, калі ехалі хрысціць дзіця, кумы выкідвалі гліну і соль, каб засцерагчы малое ад сурокаў. Калі па дарозе ў царкву (касцёл) ішоў снег або дождж, дзіцяці прадказвалі ў будучым багацце.

Звычайна ў дзень царкоўнага хрышчэння — абраду афіцыйнага далучэння нованароджанага да праваслаўнай ці каталіцкай веры, які адбываўся ў нядзелю праз 2-3 тыдні пасля нараджэння дзіцяці, адзначалі хрэсьбіны (хрысціны, ксціны, радзіны) — сямейную ўрачыстасць з нагоды нараджэння дзіцяці.

У той час, як кумы адпраўляліся ў царкву (касцёл), гаспадар пасылаў каго-небудзь запрашаць сваякоў і суседзяў на ўрачыстасць. На хрэсьбіныпа запрашэнні прыходзілі толькі замужнія жанчыны і жанатыя мужчыны. Жанчыны неслі разнастайныя прадукты харчавання, мужчыны — грошы. Хросных бацькоў разам з дзіцем, што вярталіся з царквы (касцёла), на ганку сустракалі родныя бацькі і госці. Хросныя бацькі павінны былі, пераступіўшы ганак хаты, хутка назваць імя дзіцяці, якое яму далі пры хрышчэнні, каб дзіця пачало своечасова хутка і выразна гаварыць, затым аддавалі дзіця родным бацьку або маці са словамі: “На табе тваё ражонае, а наша хрышчонае”, або: “Дай Бог твайму сыну (дачцэ) стаяць так пад вянцом, як пад хрэстом”. Пасля гаспадар запрашаў усіх за стол, на які падавалі стравы, прыгатаваныя гаспадыняй і прынесеныя гасцямі. Па традыцыі, самыя ганаровыя месцы за сталом належалі кумам і бабцы-павітусе. Кумы за сталом прытрымліваліся пэўных правілаў паводзін: імкнуліся шмат гаварыць, жартаваць, каб дзіця ў будучым было гаваркое, прыхільнае да людзей. На Палессі кумы сядзелі на куце побач, прытуліўшыся адно да аднаго, каб дзіця, як вырасце, жыло з усімі ў згодзе.

Спецыяльнай абрадавай стравай на хрэсьбінах была бабіна каша. Кашу з прасяных, ячных або грэцкіх круп варыла бабка-павітуха на малацэ, з яйкамі, цукрам, мёдам, маслам. Зверху кашу аздаблялі цукеркамі і кветкамі. Бабіну кашу падавалі напрыканцы святочнага застолля. Пасля жартоўнага “торгу” гаршчок з кашай заставаўся таму, хто болей паклаў грошай (па традыцыі, гэта рабіў кум). Ён разбіваў гаршчок — на шчасце дзіцяці, частаваў разам з бабкай кожнага госця кашай. Частку грошай, сабраных ад гасцей, забірала сабе бабка, астатнюю яна аддавала парадзісе. На хрэсьбінах выконваліся абрадавыя хрэсьбінныя (радзінныя) песні. Вялікае значэнне на хрэсьбінах меў абмен падарункамі: ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Падарункі кумам і бабцы аддавала сама парадзіха, пры гэтым тры разы з кожным з іх цалавалася. У намітку парадзіха загортвала хлеб, спецыяльна выпечаны для гэтай урачыстасці. Бабка, атрымаўшы падарунак, клала яго на галаву і падскоквала ўгору тры разы або станавілася на ўслон і тры разы перакручвалася; пры гэтым яна выказвала разнастайныя пажаданні дзіцяці. На хрэсьбінах выконваліся абрадавыягульні, найбольш распаўсюджаная сярод іх — “падстаўныя роды”.

Хрэсьбіны на большай частцы тэрыторыі Беларусі (за выключэннем Заходняга Палесся) завяршаў спецыяльны абрад пад назвай “цягаць бабку на баране”. Госці выходзілі на двор, рыхтавалі санкі ці калёсы, на якія клалі зуб’ем уніз барану, засланую кажухом, садзілі на яе бабку і везлі да карчмы або да хаты. Часам бабку ўпрыгожвалі каснікамі, пер’ем, у рукі давалі дубец, венік або чырвоную стужку. Госці пераапраналіся ў карнавальныя касцюмы “доктара”, “салдата”, жанчыны — у мужчынскае адзенне і наадварот, многія на галаву надзявалі рэшата, вымазвалі сабе твар сажай, спявалі, крычалі, пляскалі ў далоні, стукалі палкамі ці качалкамі ў пустыя вёдры, чыгункі і г. п. У пачатку ХХ ст. замест бараны пачалі выкарыстоўваць каляскі, вазкі, санкі.

Самым блізкім ад святкавання хрэсьбін быў абрад ачышчэння нованароджанага пасля царкоўнага мірапамазання, які на Беларусі насіў назвы: “муравінкі”, “жмуркі”, “зліўкі”, “змурынкі”.

На працягу сарака дзён пасля родаў парадзіха па царкоўных канонах, якія былі поўнасцю ўспрыняты народнай этыкай, лічылася “нячыстай” і прытрымлівалася ў сваіх паводзінах пэўных абмежаванняў: ёй забаранялася заходзіць да суседзяў, мясіць хлеб, хадзіць па ваду да калодзежа, не дазвалялася наведваць храм. Пасля заканчэння 40-дзённага тэрміну парадзіха ішла ў царкву (касцёл) для ачышчэння (“уводу”).

У гэты дзень у яе сям’і ладзілі невялікае застолле (“уводзіны”), куды запрашаліся кумы і блізкія сваякі.

 Перадродавы цыкл
1. Якія абрады выконвалі на вяселлі для таго, каб у маладых нараджаліся дзеці (абсыпалі іх жытам, аўсом, арэхамі, нявеста трымала гэтыя прадметы за пазухай у час вянчання, садзілі на кажух, разасланы поўсцю наверх, кармілі яечняй, сырам...)?
2. Ці забаранялі маладым піць гарэлку ў час вяселля, каб зачаць здаровае дзіця?
3. Што падкладвалі пад пасцель маладым у першую шлюбную ноч, каб у іх нарадзіўся сын (сякеру, нож, мужчынскую шапку...)?
4. Якія абрады выконвалі на вяселлі для таго, каб засцерагчы маладых ад злых чараў (апырскванне вясельнага поезда святой вадой, яго праезд праз агонь, нашэнне нявестай пад адзеннем разнастайных металічных вырабаў...)?
5. Як адносіліся да бяздзетнай жанчыны ў сямі і вясковай супольнасці?

6. Чым мясцовыя жыхары тлумачаць прычыны бяздзетнасці (чарадзействам у час вяселля, Божай карай за грахі, нараджэннем у той час, калі канчалася адна квадра месяца і пачыналася другая...)?

7. Якія спосабы лячэння бясплоднасці жанчыны існавалі ў вашай мясцовасці (наведванне святых месцаў, малітвы, лячэнне зёлкамі, з’яданне зародка курыных яек, піццё настойкі дзіцячай плацэнты...)?

8. Якія дні і перыяды каляндарнага года лічыліся спрыяльнымі для зачацця дзіцяці (аўторак, чацвер; лета, восень; мясаед...)?

9. Якія дні і перыяды на працягу года лічыліся неспрыяльнымі для зачацця дзіцяці (посныя дні — серада і пятніца, вялікія рэлігійныя святы і іх пярэдадзень, перыяды пастоў...)?

10. Як называлі ў вашай мясцовасці цяжарную жанчыну (тоўстая, грубая, у палажэнні...)?

11. Па якіх прыкметах вызначалі цяжарнасць у жанчыны (яе нудзіла, узнікала неадольнае жаданне што-небудзь з’есці, вешчыя сны, да яе пачыналі лашчыцца каты і сабакі, да хаты прылятала і крычала сава...)?

12. Як ставілася да ўласнай цяжарнасці сама жанчына (імкнулася схаваць яе як мага больш працяглы час, хутчэй аб гэтым усім паведамляла...)?

13. Па якіх прыкметах вызначалі пол будучага дзіцяці (па колеры твару цяжарнай, па форме яе жывата, па месцы першага варушэння плода, па снах...)?

14. Якія забароны існавалі для цяжарнай жанчыны ў паводзінах (асцерагацца спалоху ад пажару, жывёл, не хадзіць на пахаванні, не выкручваць бялізну, не зашываць адзенне на сабе, не пераступаць праз сякеру, вяроўку, не падстрыгаць валасы, не сядзець на ганку...)?

15. Як паводзіла сябе цяжарная, калі яна ўсё ж вымушана была прысутнічаць на пахаванні (прывязвала да пояса чырвоную нітку, завязвала на галаву чырвоную хустку, не садзілася на лаву, дзе стаяла труна...)?

16. Якія забароны для цяжарнай жанчыны, звязаныя з маральна-этычнымі поглядамі беларусаў, былі вядомы ў вашай мясцовасці (не хлусіць, не красці, не лаяцца, не зайздросціць, не глядзець на пачварных людзей, не смяяцца з іх фізічных ці псіхічных недахопаў...)?

17. Якімі сродкамі хрысціянскай абароны карысталася жанчына на працягу цяжарнасці (рэгулярна спавядалася, прычашчалася, прамаўляла малітвы, не працавала ў рэлігійныя святы...)?

18. Які рэжым харчавання быў у цяжарнай жанчыны?

19. Якія забароны існавалі для цяжарнай жанчыны ў працы?

20. Ці магла быць цяжарная жанчына хроснай маці, свахай?

21. Ці хадзіла цяжарная пазычаць, і як да гэтага ставіліся аднавяскоўцы?

22. Ці існавалі якія-небудзь абмежаванні ў паводзінах мужа на перыяд цяжарнасці яго жонкі (не крычаць на яе, не лаяцца, не разбураць гнёздаў ластавак...)?

23. Як адносіліся сваякі, аднавяскоўцы да цяжарных (са спачуваннем, са страхам, абыякава...)?

24. Як раней адносіліся да штучнага перарывання цяжарнасці?

Родавы цыкл

25. Дзе звычайна праходзілі роды (у хаце, лазні...)?

26. Як у вашай мясцовасці называлі жанчыну, што прымала роды (баба-павітуха, пупарэзніца, прыродуха, пупоўніца...)?

27. Якія патрабаванні прад’яўляла вясковая грамада да павітухі (яна павінна быць сталага ўзросту, веруючай, добразычлівай, акуратнай, справядлівай...)?

28. Хто звычайна хадзіў запрашаць павітуху і што нёс з сабой да яе?

29. Што несла з сабой баба-павітуха, ідучы да парадзіхі (спецыяльны ручнік-радзільнік, святочны ручнік, грамнічную свечку, хлеб...)?

30. Якія дні тыдня і абставіны лічыліся шчаслівымі для нараджэння, а якія — не?

31. Ці імкнулася парадзіха, каб пра наступленне родаў ведала як мага менш людзей?

32. Хто прысутнічаў пры родах (баба-павітуха, маці, свякруха або муж парадзіхі...)?

33. Чыя прысутнасць пры родах была непажаданай і чаму (незамужніх дзяўчат, дзяцей...)?

34. Што рабіла павітуха ў час родаў?

35. Якія абрады і магічныя прыёмы выконвала баба-павітуха, каб адагнаць ад парадзіхі злых духаў (абвязвала яе чырвонай ніткай, падкладвала ў ложак нож, надзявала на яе зверху ўніз тры разы абруч з хлебнай дзяжы...)?

36. Якія абрадава-магічныя дзеянні дапамагалі аблягчыць роды (расшпільванне на адзенніпарадзіхі гузікаў, развязванне вузлоў, расплятанне касы, адмыканне замкоў і дзвярэй...)?

37. Якія сродкі і спосабы лічыліся найбольш дзейснымі пры цяжкіх родах (малітва, адкрыванне “царскіх” варот у храме, піццё замоўленай вады...)?

38. Што рабіў муж у час родаў жонкі?

39. Ці накрывала чым-небудзь павітуха рукі, калі прымала дзіця?

40. Чым перавязвалі пупавіну?

41. Якім чынам пераразалі пупавіну (нажом на адлегласці трох пальцаў ад месца перавязкі: хлопчыку — на нажы, сякеры, дубовай кары ці кавалачку хлеба, на кніжцы, малатку; дзяўчынцы — на грэбні, верацяне, нітках, кручках...)?

42. Для чаго гэта рабілася?

43. Ці былі абмежаванні ва ўзросце і сацыяльным становішчы павітухі (жанчына сталага веку, удава, жанчына, якая перастала раджаць...)?

44. Пупавіну нованароджанаму перавязвала сама павітуха ці дзеля гэтага запрашалі яшчэ адну жанчыну, якая потым станавілася бабкай? Як у такім выпадку называлі кожную з жанчын (родавая бабка і прыёмная бабка...)?

45. Ці можна было карыстацца паслугамі павітухі, якая нядаўна прымала роды ў іншай парадзіхі? Які тэрмін павінен быў прайсці з часу прыняцця павітухай папярэдніх родаў?

46. Павітуху клікалі непасрэдна перад родамі ці з ёй дамаўляліся наперад?

47. Хто звычайна хадзіў па павітуху? Ці магла дзяўчына сама пайсці клікаць павітуху?

48. Што неслі з сабой, калі ішлі па павітуху (акраец хлеба, соль...)?

49. Якімі словамі запрашалі павітуху?

50. Ці былі выпадкі, каб павітуха адмовілася прыйсці? Чаму?

51. У што загортвалі нованароджаную дзяўчынку, хлопчыка?

52. Што рабіла павітуха, каб выжыла і выгадавалася неданошанае дзіця?

53. Ці было, каб пасля родаў бабцы-павітусе палівалі на рукі і давалі падарункі, альбо кідалі для яе грошы ў начоўкі?

54. Што рабілі з пупавінай, якая адвальвалася?

55. Ці давалі дзіцяці ў будучым развязаць вузельчык з пупавінай? У якім узросце? З якой мэтай гэта рабілі?

56. Як называлася плацэнта (“дзіцячае месца”, паслед, “дзіцячая пасцель”...)?

57. Што рабілі з плацэнтай? Якія павер’і, звязаныя з ёй, існавалі ў вашай мясцовасці?

58. Якія вераванні існавалі наконт блізнят?

59. Якія ўяўленні пра душу пры нараджэнні дзіцяці існавалі ў вашай мясцовасці?

60. Ці была якая-небудзь розніца паміж абрадамі пры нараджэнні хлопчыка і дзяўчынкі, пры нараджэнніпершага і наступнага дзіцяці?

61. Ці чулі вы пра выпадкі, калі жанчыны раджалі ў полі, у лесе, без усялякай старонняй дапамогі? Як такіх дзяцей называлі (“жытнічкамі”, “найдзёнамі”...)?

Пасляродавы цыкл

62. Якую ваду бралі для першага купання: з калодзежа альбо гатаваную?

63. Што клалі ў ваду для першага купання (хлеб, зерне, грошы, зёлкі, попел, вугольчыкі, малако — дзяўчынцы, піва — хлопчыку...)? Навошта?

64. Як павінна было ляжаць дзіця ў час першага купання (тварам на захад, на поўнач...)? Чаму?

65. Куды вылівалі ваду пасля першага купання?

66. У што загортвалі дзіця пасля купання?

67. Як неабходна было пакласці дзіця пасля купання? Чаму?

68. Ці былі прыкметы, па якіх вызначалі будучы лёс дзіцяці (нараджэнне ў “дзіцячай сарочцы” — дабрабыт і шчасце; з’яўленне ў доме прыбытку ў дзень нараджэння дзіцяці — шчасце; падабенства хлопчыка на маці, а дзяўчынкі на бацьку — шчасце; пахаванне ў вёсцы ў дзень хрэсьбін — дзіця нядоўга пражыве...)?

69. Ці залежаў характар і лёс дзіцяці ад таго дня тыдня, калі яно нарадзілася, ад пары года?

70. Як магло адбіцца на будучым лёсе дзіцяці яго нараджэнне ў дні пэўных рэлігійных святаў?

71. Якіх забарон неабходна было прытрымлівацца, каб засцерагчы дзіця ад шкоднага ўздзеяння (класці ў калыску вугольчык, хлеб, ката, соль, жалеза; не калыхаць пустую калыску — дзіця памрэ; не вывешваць пялюшкі на вуліцу пасля захаду сонца; выліваць ваду пасля купання не на двор, а пад печ...)?

72. Як і калі адбывалася першае кармленне дзіцяці?

73. Якія забароны і засцярогі выконвала жанчына, каб у яе было малако для кармлення (не адліваць ваду назад у калодзеж — прападзе малако; не даваць піць ваду з вядра другой жанчыне, якая корміць, — малако пяройдзе да яе...)?

74. Які быў рэжым кармлення немаўляці (колькі разоў на дзень і да якога ўзросту)?

75. Як старэйшым дзецям у сям’і тлумачылі з’яўленне брата (сястры)?

76. Як называлі дзіця да імянарачэння?

77. Давалі імя дзіцяці да хрышчэння ці ў час яго?

78. Каму належала галоўная роля ў выбары імені нованароджанага (хлопчыка, дзяўчынкі)?

79. Ці бывалі выпадкі, калі імя нованароджанаму давала бабка-павітуха (“ахрысціць дзіця з вады”)? Бабка называла дзіця сама альбо ішла да святара, каб “атрымаць імя”? Ці быў звычай несці святару падарункі за атрыманнеімені нованароджанаму (альбо адпрацоўваць у яго гаспадарцы)?

80. Імя выбіралі толькі па царкоўным календары ці яго маглі выбраць бацькі на свой густ?

81. У гонар каго маглі назваць дзіця (дзеда, бацькі, паважаных людзей...)?

82. Ці можна было называць нованароджанага імем памерлага дзіцяці, памерлага сваяка? Калі не, чаму?

83. Ці было распаўсюджана, каб засцерагаліся даваць дзіцяці імя, калі ў акрузе жыў чалавек дрэннай рэпутацыі з такім імем? Чаму?

84. Ці здараліся выпадкі, калі дзіцяці давалі імя першага сустрэчнага на перакрыжаванні дарог? З якой мэтай гэта рабілі?

85. Ці былі адметнасці ў імянарачэнні незаконнанароджаных дзяцей?

86. Якія імёны найбольш характэрны для вашай мясцовасці?

87. Як імянарачэнне дзіцяці ажыццяўляецца зараз?

88. Як называўся звычай наведваць парадзіху пасля родаў?

89. Хто хадзіў наведваць парадзіху?

Ці магла прыйсці незамужняя жанчына? Як успрымаўся прыход мужчыны?

90. Праз колькі дзён пасля родаў парадзіху пачыналі наведваць? На працягу якога тэрміну ажыццяўлялася наведванне?

91. Як прыходзілі наведваць: групамі ці паасобку?

92. У якіх выпадках жанчына не магла ісці наведваць парадзіху (цяжарная, “нячыстая”)? Як мог паўплываць на нованароджанага альбо парадзіху прыход такой жанчыны?

93. Ці асуджалі жанчыну, якая не хацела ісці наведваць парадзіху? Чаму?

94. Ці было павер’е, што наведванне парадзіхі станоўча ўплывае на саміх наведвальніц?

95. Што прыносілі, калі ішлі наведваць парадзіху (ежу, старыя сарочкі і палатно “на пялюшкі”...)?

96. Як паводзіла сябе парадзіха, калі да яе прыходзілі ў адведкі (кідала работу; клалася ў ложак; частавала наведвальніц; “адорвала” гарбузікамі, сушанымі чарніцамі, абаранкамі; каштавала ежу, якую прыносілі, і хваліла яе...)?

97. Як паводзілі сябе жанчыны, якія прыйшлі наведваць парадзіху (не размаўлялі, пакуль не аддадуць пачастункаў; не глядзелі на дзіця...)?

98. Якія пажаданні выказвалі парадзісе наведвальніцы, калі аддавалі ежу, якую прынеслі?

99. Ці наведвалі незамужнюю дзяўчыну-парадзіху? Хто да яе прыходзіў? Што прыносілі з сабой?

100. Колькі разоў наведвала парадзіху бабка (тры дні запар, тры разы ў перыяд да хрэсьбін...)?

101. Якую ежу яна прыносіла? Чым дапамагала бабка парадзісе пасля родаў?

102. Ці было, каб парадзіха на трэці дзень пасля родаў “злівала на рукі” бабцы-павітусе — частавала яе і дарыла ёй што-небудзь?

103. Ці спявалі ў час наведвання песні? Якія?

104. Як адбываецца наведванне парадзіхі ў наш час?

105. Як успрымалася кумаўство ў параўнанні са сваяцтвам? Якімі павінны былі быць узаемаадносіныпаміж кумамі?

106. Якія абавязкі кумоў у адносінах да хросніка і яго бацькоў?

107. Якія былі абавязкі паміж бацькамі дзіцяці і яго хроснымі бацькамі?

108. Каго запрашалі ў кумы (сваякоў, знаёмых, малазнаёмых людзей...)?

109. Каго непажадана было браць у кумы (бяздзетных, п’яніц, цяжарную жанчыну...)?

110. Ці імкнуліся захаваць кумоў для наступных дзяцей, ці наадварот — мянялі?

111. Як паступалі ў выпадку, калі хросная маці папярэдніх дзяцей была ў дадзены момант цяжарная; калі адзін з кумоў быў у доўгатэрміновым ад’ездзе?

112. Ці захоўвалі кумоў, калі дзіця памірала?

113. Каго, у выпадку смерці папярэдніх дзяцей, імкнуліся запрасіць у кумы (незнаёмых, першых стрэчных на перакрыжаванні дарог у дзень хрэсьбін, юных брата і сястру...)?

114. Як у гэтым выпадку бацькам вярталі дзіця пасля прыезду з царквы (перадавалі праз вакно, “прадавалі” за грошы...)?

115. Ці існаваў у вашай мясцовасці звычай “продажу” дзіцяці чужым людзям? Як гэта адбывалася?

116. Як запрашалі ў кумы? Хто звычайна запрашаў у кумы? Ці ішлі спецыяльна ў дом з запрашэннем? Што прыносілі з сабой? Як паводзіў сябе той, хто прыходзіў з запрашэннем?

117. Ці заўсёды пагаджаліся на кумаўство? У якіх выпадках маглі адмовіцца?

118. Як ставіліся да кумаўства, калі дзіця было незаконнанароджанае?

119. Ці былі ў сувязі з гэтым асаблівыя павер’і (кумам будзе ва ўсім удача; кумадзеўка, якую доўга не бралі замуж, выйдзе замуж, як толькі яе хроснік пачне хадзіць...)?

120. Ці былі прыкметы, звязаныя з першым хроснікам (хлопчык у дзеўкі альбо дзяўчынка ў хлопца — поспех у супрацьлеглага полу...)?

121. Праз які тэрмін пасля нараджэння адбывалася хрышчэнне дзіцяці?

122. Як у вашай мясцовасці называлася сямейная ўрачыстасць з гэтай нагоды (хрэсьбіны, хрысціны, ксціны, радзіны...)?

123. Якія абрадавыя дзеянні з нованароджаным выконвала бабка перад адпраўленнем у царкву (касцёл) (купала дзіця; пасля купання клала дзіця на разасланы на падлозе каля ганка ці каля печы кажух і пераступала праз яго некалькі разоў з прыгаворамі (якімі?); пасля купання клала дзіця на кажух, разасланы на стале; загортвала хлопчыка ў мужчынскую сарочку, а дзяўчынку — у жаночую, у рукаў якой завязвала хлеб, соль, жыта, каб засцерагчы дзіця ад сурокаў; трымаючы дзіця на руках, разам з кумамі тройчы абыходзіла стол, на якім ляжаў хлеб...)? У чым сэнс гэтых дзеянняў?

124. З якімі словамі бабка перадавала дзіця кумам?

125. Якія абрады выконвалі кумы перад адпраўленнем у царкву (касцёл) (кум сядаў на лаўку, а кума на тачыльны камень — каб дзіця расло моцным і здаровым; пераступалі праз сякеру, пілу, долата (калі хрысцілі хлопчыка), альбо лён, нажніцы, верацяно, іголку (калі хрысцілі дзяўчынку), якія былі пакладзены каля ганка; падносілі дзіця да ўсіх прысутных, пачынаючы з бацькоў, з просьбай блаславіць...)?

126. Якія песні спявалі пры гэтым?

127. Якія абрадава-магічныя дзеянні выконвалі астатнія прысутныя перад адпраўленнем кумоў з нованароджаным у царкву (касцёл) (жанчыны зрывалі шапкі з мужчын і кідалі іх на воз (з якой мэтай гэта рабілі?); гаспадыня зачыняла печ заслонкаю...)?

128. Якія былі забароны для кумоў у час дарогі (не размаўлялі паміж сабой — каб дзіця не было крыклівае...)?

129. Ці было, каб кумы на перакрыжаванні дарог выкідвалі гліну і соль — з мэтай засцерагчы дзіця ад сурокаў? Якія былі пры гэтым прыгаворы?

130. Каго і як запрашалі на хрэсьбіны?

131. Што неслі ў падарунак запрошаныя жанчыны, мужчыны?

132. Як сустракалі кумоў з дзіцем пасля вяртання з царквы (павітуха ў вывернутым поўсцю наверх кажуху, усе прысутныя ўставалі, кума клала дзіця на некалькі хвілін у падпечак...)?

133. Каму і з якімі словамі кумы перадавалі ахрышчанае дзіця?

134. Як пачыналіся хрэсьбіны?

135. Як паводзілі сябе за сталом кумы, баба-павітуха?

136. Хто і як гатаваў бабіну кашу?

137. Ці існавала абрадавае пераапрананне на хрэсьбінах? Як сябе паводзілі пераапранутыя?

138. Ці абменьваліся кумы і бабка падарункамі з парадзіхай? Якімі?

139. Якія песні спявалі ў час застолля?

140. Якім чынам заканчваліся хрэсьбіны (падзел бабінай кашы, цяганне бабкі на баране...)?

141. Ці быў у вашай мясцовасці звычай купаць дзіця пасля царкоўнага хрышчэння (муравінкі, зліўкі, мур змываць...)?

142. Якіх абмежаванняў прытрымлівалася ў сваіх паводзінах парадзіха на працягу 40 дзён (ёй забаранялася заходзіць да суседзяў, мясіць хлеб, хадзіць па ваду да калодзежа, наведываць храм...)?

143. Ці ішла парадзіха пасля заканчэння 40-дзённага тэрміну ў царкву (касцёл) для ачышчэння (“уводу”)?

144. Ці ладзілі ў гэты дзень у яе сям’і невялікае застолле (“уводзіны”)?

145. Каго тудызапрашалі?

146. Якія звычаі і абрады былі звязаны са з’яўленнем першага зуба ў дзіцяці?

147. Ці суправаджаўся якімі-небудзь абрадавымі дзеяннямі першы крок дзіцяці?

148. Што рабілі ў тым выпадку, калі дзіця доўга не хадзіла?

149. Калі стрыглі першы раз дзіця?

Якая назва гэтага абраду ў вашай мясцовасці?

150. Што рабілі з састрыжанымі валасамі? Якія існавалі павер’і наконт гэтага?

151. Ці садзілі дрэва ў гонар нараджэння сына (дачкі) і якое?

152. Як і калі адбывалася апошняе кармленне дзіцяці, адыманне яго ад грудзей?

153. Як лячылі дзіця ад сурокаў?

154. На якія святы ўзаемныя наведванні паміж хроснымі бацькамі і хроснікамі былі абавязковымі?

155. Як ушаноўвалі аднавяскоўцы бабу-павітуху?