Ідэя стварэння экспазіцыі з’явілася з той прычыны, што на шляху свайго станаўлення музей прайшоў багата адрозных этапаў. Вядомы пад рознымі назвамі, у розныя часы ён размяшчаўся ў розных будынках, але заўжды зведваў нястачу памяшканняў для захоўвання і экспанавання сваіх збораў. Сёння паўстае пытанне, з якой даты галоўная музейная ўстанова краіны мусіць весці адлік сваёй гісторыі — з 1956 года, калі была выдадзеная пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні рабочай групы па арганізацыі музея, з 1964 года, калі пачалася работа над стварэннем экспазіцыі, альбо з 1967-га, калі дзверы музея ўпершыню адчыніліся для наведвальнікаў?
Але стваральнікі выставы прапаноўваюць капаць глыбей і зазірнуць у 1919 год, калі быў створаны мінскі Абласны музей, які з’яўляўся правобразам сённяшняй установы. Як адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку фондаў Наталля Мартынава, дату стварэння музея магчыма вызначаць паводле двух крытэрыяў: дата заснавання найстарэйшай музейнай калекцыі альбо дата стварэння музея як арганізацыі.
Калі пільнавацца першага крытэрыя, то зборы сённяшняга Нацыянальнага гістарычнага бяруць свой пачатак ад Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея, які быў створаны ў 1908 годзе і прадметы з калекцый якога зберагаюцца сёння ў згаданай установе. Той музей існаваў нядоўгі час — ужо ў 1915 годзе, у выніку падзей Першай сусветнай вайны, ён быў эвакуяваны ў Разань, але пасля стварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яго зборы былі вернутыя ў Мінск, і менавіта яны былі пакладзеныя ў аснову Мінскага абласнога музея, які з 1923 года пачаў называцца Беларускім дзяржаўным музеем.
ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ
У экспазіцыі прадстаўленыя разнастайныя музейныя прадметы розных гістарычных эпох, сабраныя супрацоўнікамі музея з 1919-га па 1950-я гады. Тут можна пабачыць знаходкі з археалагічных раскопак, прадметы сялянскага і гарадскога побыту, фотаздымкі і замалёўкі з этнаграфічных экспедыцый 1920-х, творы мастацтва, звезеныя з палацаў і маёнткаў у 1918 — 1919 гадах, культавыя рэчы, рукапісы, кнігі і шмат іншага.
Раздзелы экспазіцыі адлюстроўваюць асноўныя этапы ў гісторыі ўстановы: Мінскі абласны музей у 1919 годзе, дзейнасць Беларускага дзяржаўнага музея 1920-х гадоў, музейная ўстанова ў 1930-я гады, лёс калекцый падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады, праца Арганізацыйнай групы па падрыхтоўцы Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, адкрыццё экспазіцыі ў 1967 годзе. Выстава падрыхтаваная з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ
Першы раздзел экспазіцыі прысвечаны калекцыям Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея і стварэнню на іх аснове Мінскага абласнога і Беларускага дзяржаўнага музеяў. Сярод іншых экспанатаў тут можна пабачыць творы выдатных мастакоў, якія былі музейнымі супрацоўнікамі, — Якава Кругера, Міхаіла Філіповіча і Габрыеля Віера, які таксама быў вядомы як прафесійны рэстаўратар твораў жывапісу, дарэчы, менавіта ён падчас нацысцкай акупацыі Мінска, застаўшыся ў захопленым горадзе, праводзіў рэстаўрацыю цудатворнага абраза Маці Божай Мінскай, якая цудам збераглася ў зборах музея, а сёння знаходзіцца ў сталічным Кафедральным саборы Сашэсця Святога Духа.
Наступныя раздзелы выставы адпавядаюць тэматычным аддзелам і калекцыям, якія былі створаныя ў Беларускім дзяржаўным музеі ў 1920-я гады. У этнаграфічным аддзеле прадстаўленыя шматлікія прадметы народнага побыту, на якіх можна пабачыць інвентарныя нумары міжваеннага перыяду. Гэтыя рэчы былі сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый, якія былі зладжаныя музеем у розных мясцовасцях тагачаснай БССР.
Далей прадстаўлены археалагічны аддзел — ім у міжваенныя гады загадваў вядомы археолаг Аляксандр Ляўданскі. А побач можна пабачыць вітрыны, якія рэканструююць зборы нацыянальных аддзелаў музея, — тут, напрыклад, прадстаўленыя артэфакты яўрэйскай спадчыны. Цягам міжваеннага перыяду музей быў вымушаны змяніць шэраг памяшканняў — ад колішняга архіерэйскага палаца (цяпер побач з Домам афіцэраў) да Дома селяніна, які знаходзіўся на месцы сённяшняга будынка кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі на рагу вуліц Карла Маркса ды Чырвонаармейскай, і, урэшце, флігеля архіерэйскага падвор’я з сучасным адрасам па праспекце Незалежнасці, 24.
АДРАДЖЭННЕ З НЯБЫТУ
У гады нацысцкай акупацыі калекцыі музея ў значнай ступені былі разрабаваныя гітлераўцамі, а рэшта яго збораў была вывезеная ў Германію перад адступленнем акупантаў з Беларусі. Загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзея Саўчанка выказвае здагадку, што, магчыма, менавіта гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што ў пасляваеннай сталіцы музей доўгі час заставаўся неадноўленым. Тым не менш значную частку калекцый удалося вярнуць у Беларусь, менавіта яна і была пакладзеная ў аснову збораў Дзяржаўнага музея БССР, рабочую групу па стварэнні якога заснавалі ў 1956 годзе. Таксама сюды былі ўключаныя прадметы з калекцый Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, ліквідаванага ў 1944 годзе, — сёння ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея знаходзіцца больш за 1500 адзінак са збораў гэтай установы.
Адноўлены музей у 1960-я гады мусіў заняць новаўзведзены будынак на Кастрычніцкай плошчы — але ў выніку туды засяліўся Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А гістарычны музей трапіў у дарэвалюцыйны гмах, які
займае і сёння, — на вуліцы Карла Маркса, 12. Цяпер установа ўжо доўгі час чакае на пераезд у новы будынак, што дазволіла б пашырыць плошчы, адведзеныя як пад захоўванне фондаў, так і пад экспазіцыйныя залы. Тады яшчэ больш пераканаўча можна будзе прадставіць наведвальнікам артэфакты гісторыі нашага народа з выкарыстаннем новых тэхналогій і падыходаў.
Ілюстрацыі (фота аўтара): Фрагменты экспазіцыі.