Астраглядаўскі Марконі і два ключы да…

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Вёска Астрагляды Брагінскага раёна, якая сёння знаходзіцца на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, мае сваю непаўторную, крыху заблытаную, а часам — і дэтэктыўную гісторыю.

/i/content/pi/cult/289/4746/14-1.jpg

 Паводле "Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў" лічылася, што Астрагляды, якія даўней называліся Астраглядавічамі, спачатку належалі князям Вішнявецкім, а пасля - Харлінскім, Ракіцкім, Прозарам. Аднак грамата 1574 г., што ўключае звесткі пра брагінскія ўладанні князёў Міхаіла і Аляксандра Вішнявецкіх, не сведчыць пра тое, каб нехта з іх валодаў Астраглядавічамі. А з літа караля Жыгімонта І Старога ад 3 сакавіка 1532 года стала вядома, што паселішча належала яшчэ і Сямёну Палазовічу. У той жа час пакуль няма звестак пра валоданне Ракіцкімі вёскай. І хоць прыкладна ў 1810 годзе Тэкля, дачка графа Людвіка Ракіцкага, сапраўды выйшла замуж за Уладзіслава, малодшага сына Караля Прозара, бацька не мог запісаць ёй вёску ў пасаг.

У дакументах XVI- XVIII стст. Астраглядавічы і Хойнікі паказваюцца часткамі аднаго ўладання. Рэгістры 1768 і 1770 гг. датычыліся толькі Астраглядаўскага ключа, што само ўжо паказвае на прыналежнасць яго да іншага, відавочна Хойніцкага, маёнтка. Мусіць, такой сітуацыя заставалася і ў 1783 годзе, калі Людвіка Канстанцыя Шуйская выйшла замуж за Караля Прозара і прынесла мужу Хойнікі ў якасці пасагу. Нездарма апошні называў сябе "графам на Хойніках і Астраглядавічах". Пасля смерці Караля Прозара маёнтак перайшоў да Уладзіслава, які, як можна зразумець з дзённікаў архіепіскапа М. Галубовіча, жыў у старой сядзібе ў Хойніках да самай сваёй смерці. Аднак гісторык А.Кулагін лічыць, што менавіта ён прыкладна ў 1810 - 1820-х выбудаваў у Астраглядах, паводле праекта Генрыка Марконі, шыкоўны палац у стылі ампір.

Пасля Уладзіслава Хойніцкі і Астраглядаўскі ключы, што, паводле больш позняга "Списка землевладельцев Минской губернии на 1876 год", разам з Гарадзішчам і Савічамі складалі 75 103 дзесяціны ворыўнай зямлі, пашаў, сенажацей і лясоў з балотамі, атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, рэчыцкі маршалак. Прычым сям'я апошняга, як сведчыць той жа М.Галубовіч у запісе ад 18 верасня 1860 г., жыла менавіта ў астраглядаўскім палацы. Ад Мечыслава Астрагляды перайшлі да яго сына Канстанціна, які і змарнаваў атрыманую ад продкаў фартуну, губляючы фальварак за фальваркам, пакуль урэшце не прадаў і сам маёнтак з рэзідэнцыяй. Наступны гаспадар уладкаваў у салонах лазню. У выніку палення ў печах аднойчы здарыўся пажар, які знішчыў палац...

У 1912 г. Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі герба Ляліва з Друцка, апошні іх прыватны ўладальнік, які меў намер аднавіць палац паводле праекта Тадэвуша Стрыенскага, але пачатак Першай сусветнай вайны перакрэсліў усе планы./i/content/pi/cult/289/4746/14-2.jpg

 Сёння выгляд прозараўскай рэзідэнцыі вядомы з малюнка Ігнація Урублеўскага 1891 года і двух фотаздымкаў прыкладна 1918 года. Якой жа была сядзіба ў Астраглядах на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў?

Паводле звестак Анатоля Кулагіна, аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохвугольнымі франтончыкамі. Пасярэдзіне паркавага фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам.

Унутры палац меў двухрадную анфіладную планіроўку, пры якой памяшканні размешчаны адно за другім, нібыта ў музеі. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў "паляўнічым" стылі вестыбюль з развешанымі на сценах трафеямі і карцінамі адпаведнай тэматыкі, з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх, дзе знаходзілася бібліятэка. Паркет парадных апартаментаў, паводле слоў гаспадыні Ванды Гардзялкоўскай, што грунтуюцца на інфармацыі людзей, якія ведалі палац яшчэ ад часоў Прозараў, "уяўляў чароўныя пейзажы, выкананыя з розных драўняных гатункаў - чырвонага дрэва, чорнага дубу, ясеню, грушы", і ўдала спалучаўся са сценавымі панэлямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука (алебастрам, аздобленым пад мармур). Кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'я/i/content/pi/cult/289/4746/14-3.jpgўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'ера.

 За палацам раскінуўся пейзажны парк, высаджаны на плошчы ў 5 гектараў ліпай, дубам, грабам, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Праз гэтыя пейзажныя пасадкі ад палаца адыходзіла прамая алея, замкнёная вялізным чатырохвугольным газонам. Цэнтрам складанай воднай сістэмы з'яўляўся востраў дыяметрам 200 метраў, акружаны шырокім каналам, злучаным з асноўным вадаёмам. Па фронту сядзібы праходзіў гасцінец, высаджаны векавымі таполямі.

 На жаль, з былой раскошы да нас дайшлі толькі рэшткі палаца Прозараў. У тым ліку флігель, у якім жыла прыслуга, а таксама абваленыя калоны - верагодна, усё, што засталося ад цэнтральнай часткі палаца.

Сяргей БЕЛЬСКІ, Хойнікі

На здымках: урывак з граматы Вішнявецкіх, дзе згаданы і Астраглядавічы;

 палац у Астраглядавічах (малюнак І.Урублеўскага, 1891 г);

Ф. Смуглевіч. "Сям'я Прозараў".