Аптымізм Жыгамонта

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

“Новыя падарожжы дылетанта”: розгалас за мяжой, а ў нас — клопаты?

Юрый ЖЫГАМОНТ — аўтар і вядучы адной з самых рэйтынгавых праграм беларускага тэлебачання “Новыя падарожжы дылетанта”. Напярэдадні чарговай творчай сустрэчы артыста з гледачамі з ім гутарыў карэспандэнт “К”. Гаворка, як можна здагадацца, ішла ў асноўным пра згаданы тэлепраект. Спадар Жыгамонт адразу папярэдзіў, што адказы на традыцыйныя пытанні, кшталту “Як ствараўся вобраз “дылетанта”?”, лепш шукаць у Сеціве на ягоным сайце. Прыняўшы гэта да ведама, мы адразу засяродзіліся на сацыяльным рэзанансе праграмы.

/i/content/pi/cult/402/8190/1-3.jpeg

— Спадар Юрый, ці спрыяе праграма пазітыўным зменам у тых мясцінах, пра якія вы расказалі па тэлебачанні?

— Я толькі раблю сваю працу, а не аналізую яе вынікі — гэтым мусяць займацца іншыя. Аднак я маю падставы меркаваць, што пасля выхаду ў эфір “Падарожжаў…”, у мясцінах, якім прысвечана праграма, нічога не змяняецца, прынамсі, помнікі, пра якія мы гаворым, у тым жа стане…

— Можа, пабачыўшы сябе і свае вёскі ды мястэчкі на экране, людзі пачынаюць больш ганарыцца малой радзімай?

— Яны ставяцца да гэтага спакойна. Мне падаецца, што ў многіх краях жыхароў і асабліва — адказных асоб больш задаволіла б, каб пра занядбаныя храмы ды палацы ў іх мясцінах ніхто не ведаў. Няхай бы, маўляў, тыя будынкі ціха сабе разбураліся ды расцягваліся на цэглу. Ад нашых “Падарожжаў…” мясцовым людзям адны толькі дадатковыя клопаты: калі руіны па тэлебачанні пакажуць, даводзіцца вакол іх хаця б траву выкошваць…

— А як ставяцца канкрэтна да вас, калі вы прыязджаеце ў глыбінку са здымачнай групай?

— Бывае, што пазнаюць, дык вітаюцца…

— А не сумна справу рабіць, калі ведаеш, што выніку няма?

— Скажу так: я раблю гэта для ўласнай асалоды. Каму ж гэта могуць не падабацца вандроўкі! Да таго ж, я заўжды любіў гісторыю, краязнаўства. Мяркую, мне вельмі пашчасціла, што я маю справу, якая мне даспадобы. Гэта неяк кампенсуе, ураўнаважвае страты ды няўдачы, якія я меў у жыцці.

— Вы — артыст. А ў гэтай праграме вы фактычна яшчэ і рэжысёр. Ці праўда, што артыст імкнецца стаць рэжысёрам, каб рабіць сваё, а не падпарадкоўвацца іншым?

— Гэта перанос на мастацтва вайсковага выслоўя пра тое, што кожны салдат марыць стаць генералам. Як я служыў у войску, дык, прызнаюся, чакаў дэмбеля… Я найперш — артыст. Яшчэ летась іграў у Тэатры юнага гледача. Мне ўсё больш выпадалі ролі зайцоў ды іншых маленькіх істот. Казалі, што на мяне трэба шмат усяго надзець, каб я выглядаў, як заяц (Юрый Жыгамонт ростам недзе метр дзевяноста. — П.В.). Пайшоў я з тэатра. Зараз праграма “Новыя падарожжы дылетанта” — мой асноўны занятак і адзіны заробак. Хаця, канешне ж, хацелася б сыграць якога-небудзь вусеня і атрымаць Нацыянальную тэатральную прэмію за лепшую мужчынскую ролю (Усміхаецца.).

— Як вы плануеце гэтыя тэлевандроўкі? Бераце карту Беларусі і на ёй пазначаеце паслядоўнасць маршрутаў?

— Падобна на тое. Але трэба зыходзіць з таго, што “Падарожжы…” — тэлевізійны праект. Тут словамі не абыдзешся — трэба нешта паказваць. Таму мы часцей наведваемся ў заходнюю частку Беларусі, дзе памятак мінуўшчыны захавалася больш. На ўсходзе ж краіны шмат гістарычных помнікаў страчана. Тым больш крыўдна, што гэтыя страты прыпадаюць на мірны час. Напрыклад, Віцебск у часы Савецкага Саюза быў першым у справе барацьбы з рэлігіяй. А выяўлялася гэта ў знішчэнні храмаў і палацаў, увогуле ўсёй дакастрычніцкай гісторыі і культуры…

— У праграме вы распавядаеце, у асноўным, пра гісторыю ды культуру Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Вам не хацелася пашырыць “Падарожжы…”: спачатку — на памежныя раёны нашых суседзяў, а потым і ўвогуле на сумежныя дзяржавы, якія з'яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай?

— Гэта добрая перспектыва — выйсці за межы Беларусі, павандраваць па Смаленшчыне, Украіне, Літве, Польшчы… Канешне, хацелася б рэалізаваць такі праект.

— “Падарожжы…” прадстаўляюць нашу краіну ў кантэксце еўрапейскай гісторыі і культуры. Вы свядома ставілі сабе такую мэту?

— Праграма скіравана найперш на Беларусь. Аднак я ведаю, што “Беларусь ТБ” транслюе яе на замежжа. Ведаю, і водгукі ёсць. Прынамсі, з Расіі ды Украіны, дзе нямала беларусаў, з Крыма, Алтая і Сібіры. Дарэчы, гэта парадаксальна: у самой Беларусі, у тых мясцінах, пра якія мы апавядаем, да “Падарожжаў…” ставяцца абыякава, а за мяжой — перадача хвалюе гледачоў.

— Гэты розгалас, мяркую, мусіць дадаваць вам аптымізму?

— А я ўвогуле аптыміст. Лічу, што ўсё кепскае — у мінулым, а ўсё лепшае — наперадзе. А як жа інакш жыць?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"