Гран-пры “Лістапада” атрымаў “У тумане”

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Фестывальны тыдзень “Лістапада” праляцеў як адно імгненне. Здавалася, зусім нядаўна старшыня Мінскага кінафоруму Генадзь Давыдзька разбіў талерку з подпісамі гасцей і ўдзельнікаў “Лістапада-2011” аб штатыў кінакамеры, сімвалічна распачынаючы сёлетні фестываль, а ўчора са сцэны Малой залы Палаца Рэспублікі прагучалі імёны пераможцаў “Лістапада-2012”. Галоўны прыз атрымаў фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы паводле аповесці Васіля Быкава. Здзейснілася!

Майстар-класы, сустрэчы, абмеркаванні, прэзентацыі, “круглыя сталы”, прэс-канферэнцыі… Андрэй Звягінцаў, Карэн Шахназараў, Эмануіл Вітарган, Георгій Дэліеў, Сяргей Лазніца, Андрэа Феррэоль, Васіль Сігараў, Яна Траянава, Шарунас Бартас, Ілмар Рааг, Міхаіл Сегал, Дарэжан Амірбаеў, Петэр Беб’як, Анатоль Кот, Ігар Угольнікаў, Марат Башараў, Дзмітрый Харацьян… — пералік імёнаў гасцей і ўдзельнікаў сёлетняга “Лістапада” можна доўжыць да бясконцасці.

Як не ўзгадаць і нашых зорак кіно, якія годна прадставілі беларускі кінематограф у фестывальнай кінапалітры: Галіна Адамовіч, Віктар Аслюк, Вольга Дашук, Уладзімір Галаўніцкі, Уладзімір Свірскі — вось імёны тых землякоў, чыёй працай мы можам ганарыцца. Што да самога кіно, то на форуме яно было “на любы густ”, але з істотнай “папраўкай” — прыналежнасці да кіно высокай пробы. І ўсім пяці камандам журы было нялёгка вызначыць лепшых. Ды, тым не менш, конкурс ёсць конкурс.

Калі гэты нумар газеты “К” прыйдзе да чытачоў, імёны пераможцаў “Лістапада-2012” стануць вядомыя ўсім. Нам жа давялося даведацца пра некаторыя з іх, калі нумар літаральна ішоў у друк.

Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно” — стужка “Прыватнае піянерскае” (Расія), рэж. Аляксандр Карпілоўскі.

Асноўны конкурс ігравога кіно

Гран-пры — “Золата “Лістапада” — “У тумане” (Германія, Расія, Латвія, Беларусь, Нідэрланды),
рэж. Сяргей Лазніца.

Прыз “За лепшую рэжысуру” — Васіль Сігараў, фільм “Жыць” (Расія);

Прыз “За лепшую аператарскую работу” імя Ю.А. Марухіна — Аадэлю Нодэх-Фарахані (“Крутая Колка”(Латвія), рэж. Юрыс Пашкус;

Спецыяльны прыз — “Апавяданні” (Расія),
рэж. Міхаіл Сегал.

Конкурс маладога кіно

“Маладосць на маршы”

Галоўны прыз — фільм “Лорэ” (Аўстралія, Германія, Вялікабрытанія), рэж. Кейт Шортленд;

спецыяльны дыплом журы — “Пасля Лусіі” (Мексіка), рэж. Мічэль Франко.

Асноўны конкурс

дакументальнага кіно

Гран-пры — карціна “Вёска без жанчын” (Сербія), рэж. Срджан Сарэнач;

Спецыяльны прыз журы — “OUTRO” (Расія),
рэж.Юлія Панасенка.

Конкурс дакументальнага кіно

нацыянальных кінашкол

Галоўны прыз — стужка “Размова” (Польшча),
рэж. Пётр Сулкоўскі;

спецыяльны дыплом журы — “Вольная імправізацыя” (Ізраіль), рэж. Доран Джэрасі.

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”

Галоўны прыз — “Прыватнае піянерскае” (Расія), рэж. Аляксандр Карпілоўскі;

Лепшы фільм для юнацтва — “Тэорыя верагоднасці” (Нідэрланды), рэж. Будзевейн Кооль;

Лепшая дзіцячая роля — Рык Ленс, “Галчаня” (Нідэрланды), рэж. Будзевейн Кооль;

Прыз за лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме — Раман Мадзянаў, “Прыватнае піянерскае” (Расія);

спецыяльны дыплом журы — фільм-казка “Латэ і таямніца месячнага каменя” (Эстонія, Латвія), рэж. Яано Пылма і Хейкі Эрнітс.

Узнагароды міжнароднага журы кінапрэсы

“Серабро “Лістапада” — “За пагоркамі” (Румынія, Францыя, Бельгія), рэж. Крысціян Мунджу;

Прыз “За лепшую жаночую ролю” — Яна Траянава і Вольга Лапшына (фільм “Жыць” (Расія), рэж. Васіль Сігараў);

Прыз “За лепшую мужчынскую ролю” — Міхаілу Месхі (фільм “Апякун” (Грузія), рэж. Заза Урушадзэ);

Прыз акцёрскаму ансамблю фільма “Крутая Колка” (Латвія), рэж. Юрыс Пашкус;

спецыяльны дыплом журы — карціна “Пасля Лусіі” (Мексіка), рэж. Мічель Франко.

Прыз глядацкага журы — “Бронза “Лістапада” — “Веласіпед майго бацькі” (Польшча), рэж. Петр Тшаскалькі.

Свае спецыяльныя прызы ўдзельнікам фестывалю таксама ўручылі Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Выканаўчы камітэт СНД, спонсары ды інфармацыйныя партнёры падзеі.