І звон, і джаз

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

З 2 па 6 ліпеня беларуская сталіца стане сапраўднай Меккай аматарскага тэатральнага руху. На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пройдзе ІХ Сусветны кангрэс Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (AITU-IUTA), сумесна з ІХ Міжнародным фестывалем студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”.

Тэатральныя дзеячы і кампаніі з 35 краін свету наведаюць Мінск, каб сустрэцца з калегамі ды падзяліцца ўласным досведам у справе актуальнага тэатральнага мастацтва. Пацверджаны ўдзел у кангрэсе і вядучых тэатральных арганізацый свету, сярод якіх - Міжнародны інстытут тэатра пры UNESCO і яго Генеральны сакратар Тобіяс Б'янконе.

Плануецца, што работа тэатральнага кангрэса будзе разгортвацца па трох асноўных вектарах: навуковая канферэнцыя, адукацыйны форум, а таксама ўласна "Тэатральны куфар". Гэтым разам ён збярэ на сваіх пляцоўках 13 студэнцкіх тэатраў з 11 краін свету: Кітая, Грузіі, ЗША, Уругвая, Украіны, Балгарыі, Францыі, Літвы, Філіпін, Расіі і, канешне ж, Беларусі.

Можна сказаць, што адной з дамінуючых на сёлетнім фестывалі будзе тэма сям'і і ўзаемаадносін у ёй. Так, Тэатр Цэнтральнай акадэміі драмы (Пекін, Кітай) прадставіць спектакль "Сям'я", у цэнтры якога - лёсы трох жанчын з забяспечанай кітайскай "ячэйкі грамадства". Філіпінскі тэатр Універсітэта Атэнэа (Маніла, Філіпіны) у сваім "Чыстым каханні" паводле "Рамэа і Джульеты" У.Шэкспіра адшукае шэкспіраўскіх герояў сярод... падлеткаў філіпінскай мусульманскай абшчыны.

А беларускія тэатралы-аматары прэзентуюць наступныя пастаноўкі: "Увесь гэты джаз" паводле Ф.Фіцджэральда Тэатра-студыі "На філфаку" рэжысёра Веры Машэўскай, "Кругі" У.Боська тэатра "На балконе" ў пастаноўцы Сяргея Турбана,

Таксама гледачоў чакае адмысловы спецпраект "Па кім звоніць звон...", у рамках якога свае работы, створаныя на падставе шматлікіх сведчанняў ахвяр Другой сусветнай вайны і вязняў гета, прадставяць мінская Эксперыментальная лабараторыя "ТэатральнЫ квадрат" - спектакль "Без назвы..." ў рэжысуры Ганны Суліма - і грузінскі Дзяржаўны ўніверсітэт Іллі пры падтрымцы Батумскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача: "Планета попел" паводле п'есы Д.Мейровіца ў рэжысуры Іраклія Гогія.

Т.К.