“Летуценнік, заўсёды заняты кнігамі”

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Сёлета адзначаецца 180 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Чаховіча — легендарнай асобы, сябра і паплечніка Кастуся Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-га і, што немалаважна, чалавека, які аказаў вызначальны ўплыў на духоўнае развіццё класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/343/6369/14-1.jpgЗыгмунт Чаховіч-Ляхавіцкі нарадзіўся на Пастаўшчыне, у Сурвілішках, дзе ў той час, на ўзгорку паміж Вялікім і Малым Сурвілішскімі азёрамі, знаходзіўся родавы маёнтак. У 1862 - 63 гадах Зыгмунт з'яўляўся членам Літоўскага правінцыйнага камітэта, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання ў складзе групы "чырвоных", быў адным з яго кіраўнікоў. Дакладна вядома, што Чаховіч з'яўляўся блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага, яго аднадумцам.

У час паўстання Зыгмунт выконваў абавязкі "экспедытара" віленскага паўстанцкага цэнтра: да яго сыходзіліся ўсе канспіратыўныя сувязі. Ён трымаў у памяці ўсе прозвішчы, адрасы і яўкі, кіраваў зносінамі з мясцовымі падпольнымі арганізацыямі Літвы і Беларусі.

Пасля паражэння паўстання Зыгмунт Чаховіч быў арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу. Але прысуд "Казнить смертью расстрелянием" генералгубернатар Мураўёў па просьбе Канстанціна Радзівіла замяніў на 12 гадоў катаргі ў самых цяжкіх капальнях - сібірскіх Нерчынскіх рудніках. Як у перыяд паўстання, так і пад час ссылкі З.Чаховіч трымаўся годна і высакародна. Вось як успамінае пра яго ўдзельнік паўстання Якуб Гейштар: "Ён [З.Чаховіч] адказваў за ўнутраную перапіску з ваяводствамі, атрымліваў паперы, перадаваў іх нам і, у той жа час, рассылаў нашы. З поўнай аддачай, самаахвярна і добрасумленна выконваў свой абавязак; пазней, у следчай камісіі, па дарозе ў Сібір і ў ссылцы, ён паказаў сябе сумленным чалавекам і гарачым патрыётам. Да інтрыг ніколі не далучаўся; для яго важнейшым быў дабрабыт радзімы, а не дробныя амбіцыі".

Каля 1880 г. Зыгмунт Чаховіч вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў маёнтку Малыя Бясяды каля Радашковічаў. Так сталася, што ўласныя маёнткі З.Чаховіча Мацкоўцы, Крашаны, канфіскаваныя пасля арышту, былі прададзены ў 1875-м за даўгі. А таму ў Бясядах ён знаходзіўся, хутчэй, як кватарант, да таго ж, напаўлегальна, паколькі ўрад не даў афіцыйнага дазволу на пражыванне./i/content/pi/cult/343/6369/14-2.jpg

І менавіта там лёсам было наканавана яму пазнаёміцца з будучым класікам беларускай літаратуры Янкам Купалам, бацька якога, Дамінік Луцэвіч, у суседнім фальварку Селішча на той час арандаваў зямлю. Юны паэт часта завітваў да Чаховіча, каб пагутарыць ды ўзяць для чытання колькі кніг з багатай бібліятэкі колішняга паўстанца. Купала так характарызаваў гэтага чалавека: "...Памешчык быў ідэаліст, летуценнік... Жыў асобна, куды яму пасылалася ежа, ні з кім не сустракаўся, заўсёды заняты кнігамі". Пра сябе ў той час паэт напісаў: "...У бібліятэцы Чаховіча было шмат прагрэсіўных кніг, якія дапамаглі мне асэнсаваць палітычны лад тагачаснай царскай Расіі і абуджалі незадаволенасць гэтым ладам..."

Невыпадкова высакароднасць Чаховіча, яго патрыятызм, прага да незалежнасці і справядлівасці, сумленнасць у дачыненні да сябе і да сваіх сяброў зацікавілі яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры - Уладзіміра Караткевіча. У прыватнасці, вобраз гэтага неардынарнага чалавека адлюстраваны ў яго п'есе "Калыска чатырох чараўніц".

Ігар ПРАКАПОВІЧ, краязнаўца