“Пераклад” Коласа на музыку

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

“Пашырэнне прасторы” ў оперы і...

/i/content/pi/cult/339/6300/11-3.jpg Якуб Колас і Янка Купала... Гэтыя імёны, што часцей стаяць поруч, успрымаюцца ўжо гэткім устойлівым словазлучэннем, вядомым кожнаму. Але вось дзіва- наколькі адметная прырода даравання кожнага! Яшчэ ў той час, калі ніхто не казаў услых пра рознасць іх стылёва-жанравых кірункаў, музыканты зрэагавалі першымі, прычым чыста інтуітыўна. На Купалу музыка ўзнікала - твор за творам, бы сама. А на Коласа - як рэдкае выключэнне ці "спецыяльны праект". Чым жа Колас такі "немузычны"?

Між тым, усё якраз наадварот. Творы Коласа - "надта" музычныя, каб да іх дадаваць яшчэ музыку. Не верыце? І правільна робіце. Музычнасць Коласа зусім не знешняя. Яна не выяўляецца, як у Купалы, праз асаблівую меладычнасць журчання паэтычнага ручая, не падсілкоўваецца плёскатам хваляў ці аповедамі пра папараць-кветку. Затое яго вялізныя эпічныя фаліянты пабудаваны цалкам па музычных законах - санатнай формы і санатна-сімфанічнага цыкла, прычым з добра адладжанай лейтматыўнай сістэмай і, амаль па Шастаковічу, тэмамі-трансформерамі. Паспрабуйце, перачытваючы "Новую зямлю", пазначаць драматургічныя раздзелы, паўторы - атрымаеце акурат музычную форму. Зрэшты, аўтар наўрад ці свядома "зашыфроўваў" усё гэта. Паводле "Новай зямлі" была напісана і пастаўлена аднайменная опера Юрыя Семянякі (1982). Як і многія іншыя беларускія творы, яна мела не так многа спектакляў і куды больш крытыкі, атрымаўшы, тым не менш, справядлівае азначэнне "харавой оперы" - новага для нас кірунку. За гэтай жанравай разнавіднасцю- гістарычныя пласты не толькі эпічных опер-араторый, але і царкоўнай музыкі.

Цікава, але і на асобныя вершы Коласа створана больш хароў (часцей а капэла), чым рамансаў і песень. Мабыць, кампазітары адразу адчувалі гэту прыналежнасць Коласавай творчасці да эпічнасці, аб'ектыўнага пачатку, шматгалоснасці і папраўдзе "прыроднага" гучання, не парушанага далучэннем інструментаў.

Ёсць і іншыя загадкі - той жа "Мой родны кут". Гэты пачатак "Новай зямлі" быў злучаны з музыкай не толькі Ігарам Лучанком. Куды раней за знакамітую кампазіцыю "Песняроў", яшчэ ў 1953 годзе, незадоўга да сваёй смерці Мікола Равенскі напісаў аднайменны жаночы дуэт у суправаджэнні фартэпіяна. Кампазітар памёр у Бельгіі, і гэтыя коласаўскія радкі сталі яго перадсмяротным прызнаннем у любові да радзімы. Здавалася б, гэта штосьці такое асабістае! Ажно не - дуэт, а не сола, прычым - адзіны такі жаночы дуэт у творчасці Равенскага, які да вайны напісаў паводле Коласа колькі хораў./i/content/pi/cult/339/6300/11-2.jpg

Лучанок, вядома, пра той дуэт нічога не ведаў. А ўпершыню звярнуўся да гэтых радкоў, калі яму ў пачатку 1970-х прапанавалі напісаць музыку да радыёспектакля паводле "Новай зямлі". У гэтым спектаклі, прынамсі, "Мой родны кут" гучаў неаднойчы, штораз у новым варыянце. Ён гучаў гэткім харавым пралогам і эпілогам, яго тэма, бы оперны лейтматыў, суправаджала дзеянне, акцэнтуючы думы Міхала пра зямлю. У гэткай "застольнай" манеры спяваўся ён на вечарынцы, пад час якой святкавалася прыдбанне, нарэшце, кавалачка ўласнай зямлі. І- перапыняўся заўчаснай смерцю Міхала. Аўтары радыёспектакля пайшлі на некаторае парушэнне сюжэта паэмы, сумясціўшы, паводле опернай традыцыі, несумяшчальнае: смерць на фоне святкавання ды іншых радасных падзей. Драматургія "Новай зямлі", блізкая да сімфоніі, была ў тым спектаклі набліжана да оперных прыёмаў.

А "Мой родны кут" замацаваўся ў рэпертуары "Песняроў". Вось толькі мелодыя яго, у параўнанні з радыёспектаклем, крыху змянілася. Менавіта "Песняры" надалі ёй выразны шырокі ход уніз на слове "мілы". І тым самым стварылі эфект "пашырэння прасторы", якая на вачах напаўняецца паветрам, водарам краявідаў. Звярну ўвагу, зноў-такі, на ансамблевае выкананне гэтай песні, дзе былі задзейнічаны адметныя песняроўскія вакальныя "пачкі", заснаваныя на сакавітых гарманічных паслядоўнасцях.

Узгадаем і нядаўна створаны песенны цыкл "Край ясназоры" Эдуарда Зарыцкага. Прызначаны для салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з Міхаілам Фінбергам, ён таксама ўтрымлівае шматлікія "падпеўкі" вакальнай групы аркестра. Дый фінал, што даў назву цыклу, напісаны ў харавой манеры. Скажаце, кампазітар усяго толькі ўлічваў выканальніцкія магчымасці калектыву? Зразумела, але працуючы над цыклам па замове аркестра і яго кіраўніка, Зарыцкі неаднойчы прызнаваўся, як цяжка яму даваўся "пераклад" Коласа і ў музычную сферу, і, тым больш, у песні.

 А можа, усё куды прасцей? І такая схільнасць да харавых прачытанняў Коласавых вершаў была запраграмавана самім псеўданімам паэта і пісьменніка? Бо колас у яго першасным прыродным значэнні, калі так паглядзець, не што іншае, як своеасаблівы "хор зярнятак".

 На здымках: сцэны з оперы "Новая зямля".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"