“Індэкс белага” ў музейным міксе

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Ці дасць “светлавы інтэлект” новае жыццё класічным палотнам?

/i/content/pi/cult/337/6229/5-1.jpg Даволі часта даводзілася чуць ад мастакоў абагульненае вызначэнне жывапісу як святла, што насычае колерам іх палітру. Творцы і працуюць, у асноўным, у натуральным асяроддзі, каб як мага дакладней перадаць адценні навакольнага асяроддзя. Але ўсе намаганні могуць быць перакрэслены няўдалым асвятленнем выставачнай залы... Насамрэч, праблема сягае далёка за межы адно эстэтычнага ўспрыняцця. Недарэчны прамень, залішні цень на палатне могуць прывесці да памылковай трактоўкі твора, ссунуць акцэнты ў перадачы думкі, закладзенай аўтарам. Таму вядучыя музеі планеты не перапыняюць пошукі найбольш эфектыўнага светлавога вырашэння, якое дапаможа наблізіць прафесіяналаў і аматараў да алейнага арыгінала. Ці зможа Беларусь унесці свой уклад у вырашэнне праблемы падачы карціны?

Тэхналюстра натуральнасці

Тэхнічны прагрэс не абмінае выставачныя залы: захавальнікі мастацкага багацця Старога і Новага свету перыядычна эксперыментуюць з новымі крыніцамі святла. Апошнім часам вядучыя art-скарбніцы замяняюць звыклыя асвятляльныя прыборы на святлодыёды, якія за мінулыя гады зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў сферы асвятлення.

 Справа ў тым, што новыя крыніцы выпраменьвання паказалі сябе больш энергаэфектыўнымі, у абслугоўванні і замене - таннейшымі, а тэрмін іх службы, у параўнанні з "папярэднікамі", павялічыўся ў 50 разоў. Аднак, у першую чаргу, супрацоўнікаў музеяў захапіў шырокі дыяпазон колеравых тэмператур: усяго адзін святлодыёдны прыбор дае мільёны адценняў колераў!

Летась Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь атрымаў магчымасць падняцца на наступную прыступку развіцця высокіх тэхналогій: ён заключыў дагавор з Навукова-тэхналагічным цэнтрам мікраэлектронікі і субмікронных гетэраструктур Расійскай акадэміі навук аб правядзенні эксперыментальных даследаванняў па выкарыстанні "інтэлектуальнага" асвятлення і распрацоўцы рэкамендацый па кіраванні ім.

- Гэта асвятленне абсалютна іншага ўзроўню, - падкрэсліў генеральны дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў.- Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб у залежнасці ад каларыту палатна і ўмоў яго стварэння індывідуальна падабраць аптымальны варыянт для карціны. Такім чынам, святлодыёдная ўстаноўка адновіць тое натуральнае асвятленне, у якім мастак працаваў на пленэры альбо ў майстэрні.

Чорных адценняў вясёлка

Інавацыйныя тэхналогіі ў Мінск прывёз старшы навуковы супрацоўнік Навуковатэхналагічнага цэнтра мікраэлектронікі РАН Андрэй Аладаў. Унук легендарнага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Аладавай упэўнены, што мадэрнізацыя ўстановы немагчымая без укаранення канцэпцыі "інтэлектуальнага" святла.

- Для мяне прынцыповым стала з'яўленне магчымасці рэпрэзентаваць кожную карціну аптымальным асвятленнем, - распавёў карэспандэнту "К" аўтар. - Каб было больш зразумела, згадаю цыкл карцін Клода Манэ з выявай Руанскага сабора - вось для мяне эталонны прыклад, як можа адрознівацца адзін і той жа аб'ект у залежнасці ад часу дня і ў розных кліматычных умовах. Вар'іруючы колеравы дыяпазон падсветкі, мы зможам пабачыць карціну непасрэдна ў тым выглядзе, у якім яе задумваў аўтар...

Звыклым для нас асвятленнем мы спрашчаем успрыняцце палатна, а то і ўвогуле "хаваем" дыяпазон адценняў, якога ўпарта дабіваўся аўтар, бо насамрэч, як запэўнівае Андрэй Аладаў, не так багата карцін, якія па каларыстыцы "трапляюць" у цёплы спектр, што дае лямпа напальвання.

Інавацыйная тэхналогія дазваляе сінтэзаваць любое колеравае адценне. Як патлумачыў навуковец, у аснове яе канцэпцыі - змяшэнні выпраменьванняў ад некалькіх рознакаляровых святлодыёдаў, так званы RGB-mixing (тэрмін, які добра вядомы кожнаму карыстальніку камп'ютарных праграм па апрацоўцы лічбавых фотаздымкаў). Дастаткова некалькіх простых маніпуляцый з RGB-выпраменьвальнікамі, каб атрымаць усе рэальна існуючыя колеры і, што асабліва важна, - белы, любой тэмпературы.

Як вядома, белы колер мае шырокі дыяпазон адценняў - ад халоднага да цёплага. Знаёмая кожнаму лямпа напальвання заўжды працуе на адной тэмпературы. Модныя люмінесцэнтныя прыборы часцей за ўсё даюць халоднае святло. Дыёд жа мае 14 прыватных індэксаў белага, што дазваляе дамагчыся максімальнай якасці святла.

- Кожны з промняў адкалібраваны так, каб даваць пэўную частку спектра. Менавіта па іх велічыні можна ацаніць паўнату якасці колеру. Чым больш колер а ў перамешваецца (зразумела, у межах разумнага), тым лепш ахопліваюцца неабходныя зоны, і ў выніку атрымліваецца больш якаснае святло, - дадае Андрэй Аладаў.- Эфект сапраўды неверагодны! Прынамсі, карціны, у якіх пераважае чорны колер, пачынаюць амаль што зіхацець у "інтэлектуальным" святле: на вугальным, здавалася б, абсалютна глухім, фоне адкрываюцца нечаканыя адценні. Таксама на партрэтах, дзе толькі твар выступаў на чорным фоне, пасля ўключэння святлодыёдаў успрымаецца і ўсё астатняе поле карціны. Марыны накшталт палотнаў Айвазоўскага раптам пачынаюць свяціцца, калі адыходзіш у асвятленні ад нейтральнага белага і дадаеш сіні дыяпазон...

Зразумела, што для дасягнення найлепшага выніку неабходна папярэдняе даследаванне карцін на прадмет пэўнай светлавой гамы, вывучэннем якіх цяпер займаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Па словах Андрэя Аладава, паралельна ідуць перамовы з Рэспублік а н с к ім навуковавытворчым у нітарным п р а д п р ы емствам "Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" аб вытворчасці неабходнага абсталявання, каб забяспечыць усе залы музея "разумнымі" выпраменьвальнікамі. У перспектыве ж распрацоўваецца магчымасць стварэння "інтэлектуальнага" светлавога абсталявання для аналагічных устаноў усёй рэспублікі. Серыйная вытворчасць дазволіць выпускаць арыгінальную апаратуру і для замежных карцінных галерэй.

Экалогія колеру

Зразумелае жаданне аўтара пабачыць свой твор у паўсюдным выкарыстанні. Аднак ці чакае інавацыйную апаратуру попыт у рэгіёнах? Прынамсі, у Карціннай галерэі Г.Вашчанкі, што адкрылася на пачатку ХХІ стагоддзя, задаволены галандскімі лямпамі, якія даюць накіраванае рассеянае белае святло, а таксама звяртаюць увагу на асаблівасць экспазіцыйнай плошчы: гомельская галерэя складаецца з невялікіх памяшканняў, кожнае з якіх мае адну-дзве сцяны з натуральным асвятленнем.

 - Таму пытанне з новым светлавым абсталяваннем для нас, магчыма, менш актуальнае, - разважае галоўны захавальнік фондаў установы Алег Курашоў. - Мы шмат чулі пра канцэпцыю "інтэлектуальнага" асвятлення і, зразумела, гатовы да ўспрыняцця новага. Адное хочацца, каб кожнае ноу-хау было збалансавана паміж мэтазгоднасцю і коштам...

Зрэшты, навукоўцы, што даследуюць RGB-выпраменьвальнікі, адзначаюць высокую энергаэфектыўнасць святлодыёдаў. Справа - у значна меншым спажыванні электрычнасці гэтым тыпам крыніц святла, а таксама ў тэрміне службы, мінімум якога абазначаны 50 тысячамі гадзін.

 Андрэй Аладаў прыводзіць яшчэ адну асаблівасць "інтэлектуальнай" распрацоўкі: адзін прыбор можна сканструяваць адначасова на агульнае асвятленне залы і накіраваную падсветку асобнай карціны. Гэта дазволіць пазбегнуць неабходнасці ўсталявання асобных крыніц выпраменьвання для кожнага з выпадкаў. Між іншым, падобнае пытанне даволі востра ставіць шэраг айчынных выставачных комплексаў.

- У нас не заўсёды ёсць магчымасць падсвяціць кожную карціну, часцей мы ўсталёўваем агульнае асвятленне залаў,- кажа загадчык Музея БялыніцкагаБірулі, што ў Магілёве, Наталля Татуева.- Надышоў час адмаўляцца і ад лямпаў напальвання, якія яшчэ захаваліся ў некаторых выставачных памяшканнях: даводзіцца прыкладаць намаганні, каб пазбегнуць жоўтага адцення або нечаканых ценяў на экспанатах. Музей павінен дыхаць паветрам свайго часу і першым выкарыстоўваць найсучасныя інавацыі. Таму мы будзем толькі рады пабачыць прынцыпова іншае асвятленне, тым больш, што замежныя калегі даўно перайшлі на святлодыёды. Аднак неабходна праверыць яшчэ адзін аспект: ці не пойдуць па алейным слоі кракелюры, ці не "затрашчыць" палатно? Бясспрэчна, для музейшчыкаў не апошнім з'яўляецца пытанне бяспекі твораў...

Сапраўды, усё часцей грамадства ўзнімае на ўзровень з пытаннямі энергазберажэння праблему экалагічнасці асвятляльных прыбораў. Прынамсі, вучонымі даказана, што звыклая люмінесцэнтная лямпа акрамя святла дае сіні складнік спектра, які негатыўна адбіваецца на здароўі чалавека, а таксама пакрысе разбурае фарбавую паверхню карціны, не кажучы ўжо аб усім вядомым пабочным эфекце лямпаў напальвання, калі, акрамя святла, выпраменьваецца значная колькасць цяпла, што таксама не ідзе на карысць алейнаму жывапісу...

Інавацыйны спектр рэстаўрацыі

Як запэўнівае Андрэй Аладаў, RGB-выпраменьвальнікі адпавядаюць найноўшым патрабаванням экалагічнасці, прынамсі, у іх адсутнічае той самы небяспечны спектральны складнік. "Чалавецтва практычна 150 гадоў жыве пры штучным асвятленні, што ўжо выклікала абвастрэнне шматлікіх захворванняў, пачынаючы ад пагрозы страты вастрыні зроку і заканчваючы хранічнымі дэпрэсіямі. Нездарма святлодыёдам у першую чаргу знайшлі прымяненне ў медыцыне", - дадае суразмоўца.

Актуальнасць гэтага аспекту пытання пацвярджае загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Аркадзь Шпунт: "Цягам тых сарака гадоў, што я працую, асноўнай праблемай для мяне і маіх калег з'яўляецца асвятленне. Пастаяннае напружванне вачэй, праца пры штучных крыніцах святла прыводзяць да сур'ёзных праблем са зрокам. Імітацыя натуральнага асвятлення, магчыма, змагла б знізіць гэтую рызыку..."

Вядома, дакладнае прафесійнае асвятленне заўсёды было адным з асноўных запатрабаванняў рэстаўратараў. Нездарма майстэрні імкнуцца абуладкаваць так, каб цягам дня на працоўнае месца не трапляла яркае сонца. "Каб дакладна аднавіць той або іншы слой фарбы,- працягвае Аркадзь Шпунт,- проста неабходнае асвятленне, якое без змяненняў перадавала б адценне колеру. У іншых абставінах нельга пачынаць таніроўку". Ідэальным варыянтам, на думку суразмоўцы, было б пабачыць адноўленую карціну на выстаўцы менавіта ў тым выглядзе, у якім яна рэстаўруецца. Няправільнай падсветкай можна звесці ўсе намаганні навукоўцы на нішто...

Як бачна, у руках рэстаўратараў такія ўнікальныя асаблівасці святлодыёдаў, як магчымасць дынамічнага кіравання колькаснымі і якаснымі параметрамі святла (інтэнсіўнасць, спектральнае размеркаванне, колеравая тэмпература і іншыя), могуць стаць каштоўнымі інструментамі для найдакладнага ўзнаўлення скарбаў нацыянальнага мастацтва...

Святлодыёдны акцэнт іміджа

"Інтэлектуальнае" асвятленне ўпэўнена ўкараняецца ва ўсіх сферах жыцця сучаснага грамадства і ў хуткім часе стане такой жа неад'емнай часткай існавання, як мабільны тэлефон ці ноўтбук. У сферы культуры яно пакуль толькі шукае для сябе галіну паўнавартаснага прымянення.

Андрэй Аладаў падкрэслівае, што выкладзеная вышэй канцэпцыя "інтэлектуальнага" асвятлення для мастацкіх музеяў сапраўды ўнікальная. Вядучы беларускі музей можа стаць не толькі першапраходцам, але і флагманам для айчынных і замежных калег у выкарыстанні інавацыйнай тэхналогіі.

 У гэтым выпадку загавораць не толькі пра арыгінальнае вырашэнне экспазіцыйнага пытання, пра новыя галіны навуковага даследавання мастацтвазнаўцаў і дадатковыя магчымасці ў рэстаўрацыйнай справе. Інавацыйнае абсталяванне можа ператварыцца ў паўнавартасны піяр-праект: для кожнай краіны вельмі прэстыжна выкарыстоўваць найноўшыя дасягненні навукі на карысць культуры. Чым не дадатковая фарба для іміджа Беларусі?

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"