Адзін з наймаладых дзеячаў мастацтва

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Няма, бадай, цвёрдага акрэслення, хто ж такі “малады творца”, “малады мастак”. Якія азначэнні, “прыкметы” яго: дата нараджэння?.. Час працы ў галіне мастацтва?.. Ці на гэтай пасадзе ў мастацтве?.. Інтэнсіўнасць працы?.. Высокая якасць здзейсненых твораў? Калі апошняе, дык народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка, якому 16 верасня спаўняецца 70 гадоў, — aдзін з наймаладых дзеячаў мастацтва

 /i/content/pi/cult/129/621/Lucenka1.jpg
Часам кажуць са спачувальным уздыхам: “Гэта сапраўдны малады талент, але яму не даюць самавыявіцца…”.
І расказваюць пра няздзейснены геніяльны сцэнарый, пра непастаўленую наватарскую п’есу...
Не зняты сцэнарый і не пастаўленая п’еса — байкі для цешчы. Расказ пра нерэалізаваны мастацкі праект — аргумент, каб дурыць галаву маладым дзяўчаткам. Хто, скажыце, павінен “даваць”? І каму? Па якіх “прыкметах”? Усё распачынае сам творца. Сам!
Хто і што даваў Аляксандру Яфрэмаву, які амаль штогод здымае па добрым фільме, ставіць прыкметныя спектаклі, паралельна кіруе Тэатрам кінаакцёра?
Хто пратэжыраваў Валянціну Елізар’еву, які, нікога ў Мінску не ведаючы, першым жа балетам скарыў… не, не толькі Беларусь, але і свет?
Хто падштурхнуў Уладзіміра Жбанава ствараць кранальна-ўсмешлівыя скульптуры, што цяпер упрыгожваюць нашыя гарады?
Хто “вывеў на арбіту” архітэктара, адзінага цяпер у нашай краіне Лаўрэата Ленінскай прэміі Леаніда Левіна, аўтара “Хатыні”, “Ямы” і— апошняга па рэалізацыі — мемарыяла ў Чырвоным Беразе?Хто пісаў за Яўгена Глебава шэсць сімфоній, пяць балетаў, оперу, аперэту, музыку для паўсотні фільмаў і столькі ж спектакляў, безліч песень, араторый, п’ес для джаза і камернага аркестра, а дзесяць гадоў — з дня стварэння — штовечар стаяў за пультам аркестра ТЮГа?
Хто артыста таго ж ТЮГа Аляксея Дударава зрабіў сённяшнім першым драматургам Беларусі?
Ды ніхто. Самі. Усё — самі. І— заўважце! — тады былі для пачаткоўцаў умовы менш спрыяльныя для “старту”, чым цяпер: не было фонду падтрымкі маладых талентаў, не было!
Так пачынаў прабівацца і Барыс Луцэнка. Сам. 

* * *
“Раскіданае гняздо” Купалы было “ўлазінамі” ў Купалаўскі тэатр рэжысёра-пачаткоўца; пазней быў спрэчна-эклектычны фільм па гэтым творы; урэшце “агняздзіўся” выдатным спектаклем у Рускім тэатры, дзе акцёры — амаль усе выпускнікі нашай Акадэміі мастацтваў — гаварылі мовай вялікага аўтара. Урэшце тут, у апошняй пастаноўцы, нечакана знайшоў рашэнне загадкавага персанажа — Незнаёмага! Не адпускае той твор Луцэнку, не адпускае.
У спалучэнні з магутным талентам мастака Юрыя Тура былі ажыццёўлены незабыўны “Макбет” з Р.Янкоўскім і А.Клімавай, “Трохграшовая опера” з А.Ткачонкам і В.Бандарэнкам, “Васіль Цёркін” з Я.Лявонцьевым, “Вяртанне ў Хатынь” — па-мастацку вырашаная публіцыстыка А.Адамовіча, “Лазня” з Л.Круком і Р.Янкоўскім, які да таленту трагіка дадаў віртуозна выяўлены камізм. Што ні спектакль — то, як кажуць, “у лузу”! Рускі тэатр расквітнеў.Але што за творца, якога не натыкнуць на зубы перавёрнутай бараны, — хоць аднойчы! Барыс “правініўся”: не тое, не так і не там паставіў — і ідэалагічныя ўлады адабралі ў яго тэатр. Рэжысёр перажываў, хварэў... 

* * *
Лекі знайшліся радыкальныя: узначаліў у 1981-м Тэатр кінаакцёра. Наступныя гады — час творчых дасягненняў гэтага калектыву, бо з Луцэнкам туды прыйшлі глядач, поспех, каса.Пачаў з адкрыцця незнаёмай драматургіі: Уладзімір Аро — спектакль “Глядзіце, хто прыйшоў” стаў для маладой трупы школай прафесіяналізму; “Не баюся віржынскага ваўка” Эдварда Олбі — для квартэта артыстаў новая, больш складаная задача раскрыцця псіхалогіі персанажаў і матываў іх учынкаў; спалучэнне сцэнічнага і экраннага дзеяння было наватарствам пры ўвасабленні “Дзівака з Ганчарнай вуліцы” паводле Івана Чыгрынава. Канешне ж, Шэкспіраўскі “Гамлет” — на невялічкай сцэне разгортваліся вялікія жарсці.
Унёсак у размаітасць рэпертуару рабілі й запрошаныя рэжысёры. Літовец Адамайціс паставіў пантаміму “Выбачайце, вольных месцаў няма”; паляк Маляновіч у “Леце ў Наане” ўвасобіў тэму кахання Шапэна й Жорж Санд. Але ўсе касавыя рэкорды пабіла камедыя “Лісістрата”: квіткі раскупаліся за месяц наперад. Ведаю гледачоў, пераважна глядачак, якія глядзелі спектакль па 7 — 8 разоў. Радасна, што тую пастаноўку ажыццявіў мінчук, кінарэжысёр Валерый Рубінчык, які на той час ужо працаваў у Маскве.
Канешне, і малы памер сцэны, і нешматлікая трупа, палова якой заўсёды на кіназдымках, і невялікія пастановачныя магчымасці Тэатра кінаакцёра стрымлівалі ажыццяўленне буйных праектаў. Урэшце Луцэнку “вярнулі” Рускі тэатр. 

* * *
На другія “ўлазіны” прадставіў “Хрыста і Антыхрыста”, таксама невядомага нам драматурга, Д.Меражкоўскага — маштабную трагедыю на тэму рускай гісторыі. Р.Янкоўскі ў ролі Пятра І ізноў, пасля Макбета, замацаваў статус трагіка беларускай сцэны. Затым быў ахмяляючы гледачоў “Амфітрыён”. Акцёры літаральна “купаліся” ў гарэзлівасці тэксту, двухсэнсоўнасці сітуацый, вясёлай музыцы, вытанчанасці рэжысуры — і асалоду тую маюць магчымасць выпрабаваць дасюль у неўміручым спектаклі!
Потым былі куртуазная пантаміма “П’ярэта”, трагічныя “Габрэйскія анекдоты”, ізноў “Гамлет”, якім імкнуўся паўтарыць ашаламляльны поспех былога “Макбета”, дыпціх па Шылеры. Ажыццявіў даўнюю мару — паставіў “Самазабойцу” саркастычнага М.Эрдмана, містэрыю “Блаславі нас, Божа”, “скідаў” яшчэ раз узгаданае “Гняздо”… 

* * *
І вось тры яго апошнія пастаноўкі, тры нашы сумесныя працы над драматургіяй. “Выпадковы вальс”. Сенсацыйны поспех на Міжнародным фестывалі ў Маскве: Гран-пры; Луцэнку ўручаны расійскі ордэн Ламаносава, мне — Святога князя Аляксандра Неўскага!Затым — Міжнародны фестываль “Галасы гісторыі” ў Волагдзе. Чуйныя гледачы менавіта на наш спектакль разабралі квіткі за тры дні да паказу! Ён адбыўся ў Кансісторскім двары Крамля. Трыбуны ўмясцілі восем соцень гледачоў. З раніцы была залева. Толькі на дзве гадзіны нашага паказу дождж зрабіў “перапынак”. Прыём —
 /i/content/pi/cult/129/621/Lucenka2.jpg

Барыс Луцэнка (справа), кампазітар Аляксей Еранькоў на рэпетыцыі "Выпадковага вальса"
(Волагда, чэрвень, 2005 г.).

фантастычны, прэса — спрэс ухваленні; ад журы, якое ўзначальваў легендарны кінарэжысёр Марлен Хуцыеў,— Гран-пры.
Наступным годам — “Ніначка”. Гэта быў заказ французскага пасольства і дазвол нам, аўтарам інсцэніроўкі, спалучыць калізіі кінасцэнарыя даваеннага галівудскага фільма і сюжэт арыгінальнай п’есы. Цікавая праца: класны літаратурны матэрыял, дасціпныя дыялогі, свабода ў спалучэнні першакрыніц. Барыс сфармуляваў прынцып: пішам кароткімі кінематаграфічнымі эпізодамі, уводзім кампанентам спектакля кінаэкран! У пастаноўцы ён амаль нічога не страціў — ну, можа, “падрэзаў” крыху гумар. У выніку гэта цяпер самы касавы спектакль тэатра.“Легенда аб бедным д’ябле” паводле У.Караткевіча — загадкава-трагікамічны твор 1961 г., рукапіс-арыгінал якога аўтар некалі перадаў на захаванне разам з іншымі рукапісамі і малюнкамі мне. Твор, які тры дзесяцігоддзі не друкаваўся. Змест аўтарскіх інтэрмедый быў “прывязаны” да часу напісання: узгадваліся фільмы, падзеі, рэаліі, цытавалісяпрымаўкі гадоў “адлігі”. Гэта трэба было мяняць. Але чым замяніць? Каб пазбавіцца “адсябеціны”, зрабіць дапіскі мінімальнымі, перачыталі амаль усяго Караткевіча, выбіраючы тое, што здавалася вартым прыстасаваць да рэжысёрскай задумы. Вядома ж, нельга ўсё, што падабаецца, “уціснуць” у абмежаваны хронаметраж спектакля, і, магчыма, шмат чаго дарагога нам як аўтарам інсцэніроўкі давялося рэжысёру пакінуць, як гаворыцца, “за бортам” спектакля. І хаця ўжо адбылася прэм’ера і сыграна некалькі спектакляў, неўтаймоўны пастаноўшчык усё яшчэ нешта перастаўляе, скарачае, дабаўляе, імкнучыся да галоўнага: захаваць сутнасць і вобразнасць Караткевіча. 

* * *
Вакол Рускага тэатра — а дакладней, вакол Барыса — “кучкуюцца” творцы ў іншых галінах мастацтва, інтэлігенцыя, клуб апантаных гледачоў-тэатралаў, моладзь. Ён для ўсіх знаходзіць хоць бы хвілінку. Ён да ўсяго цікавага мае інтэрас. Для прыкладу: толькі што групу сваіх маладых артыстаў звазіў у Маскву — на тэатральныя спектаклі, на майстаркласы да славутых рэжысёраў Расіі.У яго ёсць тое, што маем амаль мы ўсе: жонка, дзеці, унучка, брат… Але мала хто ў 70 гадоў мае маці. А пакуль ёсць каму называць цябе “сынок” і “дзетка”, ты яшчэ — малады. Дык здароўя маці, а Барысу — як мага даўжэй заставацца маладым!
Ведаючы яго больш як чатыры дзесяцігоддзі, паглядзеўшы ўсе яго мінскія спектаклі ды не па адным разе, супрацоўнічаючы з ім у апошнія тры гады, можна сказаць, штодзённа, мог бы я скласці пералік і ягоных недахопаў, хібаў, промахаў, які быў бы значна даўжэйшы за гэты панегірычны артыкул. Але ўсё даруецца Барысу Луцэнку за той уклад, што зрабіў ён у беларускае мастацтва, за ўзнёслую радасць, якую шчодра выплёсквалі ў глядзельную залу яго спектаклі, ды проста за радасць зносін з Мастаком.
Заўважце: з маладым. 

Уладзімір АРЛОЎ,кінарэжысёр