Што “Вышэй за неба”?

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Прэм’ера першага беларускага маладзёжнага серыяла, знятага маладымі для маладых, запланавана на 14 лютага наступнага года. Аб гэтым “К” паведамілі ў прадстаўніцтве ПРААН у Рэспубліцы Беларусь.

 

Дадзены кінапраект ствараецца ў межах адзінай інфармацыйнай стратэгіі барацьбы з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД, якая распрацавана ў нашай краіне з удзелам дзяржаўных, міжнародных, грамадскіх арганізацый і пашырае стандарты сацыяльнага "public relations".

 Як паведамляецца, асновай будучага серыяла з назвай "Вышэй за неба" стане найлепшая музыка сучасных айчынных гуртоў. Галоўным героем стужкі выступіць малады беларускі хлопец, які апантана займаецца музыкай. Яму давядзецца прайсці праз маральныя выпрабаванні. Па словах ініцыятараў праекта, жанр будучай стужкі можна вызначыць як "драмедзі" - драматычная камедыя. Яна будзе складацца з васьмі тэлевізійных серый, па 44 хвіліны кожная.

"Вышэй за неба" ствараецца ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя краіны на сродкі гранта Глабальнага фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Стужка павінна разбурыць шэраг стэрэатыпаў у дачыненні да ВІЧ і СНІД, прыцягнуць моладзь да абмеркавання актуальных пытанняў, звязаных з гэтай тэмай, спрыяць фарміраванню талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Плануецца, што ў серыяле сыграюць маладыя жыхары Беларусі. Адбор на ролі ў фільме будзе ісці да сярэдзіны жніўня, пасля чаго пачнуцца здымкі карціны.

С.А.