Легенда пра тыяру

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Палеская фальшыўка-шэдэўр для Луўра

/i/content/pi/cult/328/5978/pic_18.jpgЮвелірных спраў майстар, вядомасць якога звязана з адной з самых скандальных у свеце мастацкіх падробак, нарадзіўся ў 1860 годзе на беларускім Палессі, у Мазыры. Ізраіль Рухамоўскі атрымаў рэлігійную адукацыю, але самастойна авалодаў ювелірным і гравюрным майстэрствам. Дваццацігадовым яго прынялі ў майстэрні Кіева, Адэсы.

Сярод заказчыкаў маладога ювеліра былі і ачакаўскія купцы - браты Гохманы, якія праз падстаўных асоб пастаўлялі найбуйнейшым музеям Еўропы падробкі прадметаў антычнай культуры. Калі інтарэс да скіфскіх старажытнасцей зменшыўся, Гохманы пачалі прадаваць музеям "антычныя" творы з золата, зробленыя "на месцы"- таленавітымі майстрамі ў Адэсе. А адзін з братоў рабіў эскізы "старажытнасцей", якія потым ператвараліся ў каралі, пярсцёнкі, дыядэмы, завушніцы і іншыя ўпрыгожанні.

У 1895 г. браты наважыліся на больш сур'ёзную аферу. Ювеліру Ізраілю Рухамоўскаму яны сказалі, што жадаюць падарыць аднаму прафесару з Харкава копію старажытнай тыяры - галаўнага ўбору, які падкрэсліваў высокае грамадскае або рэлігійнае становішча ўладальніка. Тыяра мае старажытнаперсідскае паходжанне, і Рухамоўскі, цалкам не знаёмы са спецыфікай замоўленага яму прадмета, засеў за кнігі па гісторыі сусветнай культуры. На атрыманы ад заказчыкаў аванс ён купіў у аднаго адэскага ювеліра залатую пласціну вагой 486 грамаў і пачаў працаваць. Праз 9 месяцаў тыяра была зроблена. Купалападобны парадны шлем упрыгожвалі некалькі гарызантальных арнаментальных паясоў. Адзін з іх увасабляў вобразы "Іліяды" і "Адысеі". Чаканка ніжняга пояса адлюстроўвала сцэны з жыцця скіфскіх качэўнікаў. Надпіс на старажытнагрэчаскай мове апавяшчаў, што тыяру цару Сайтаферну паднеслі жыхары Ольвіі. Хараство тыяры, багацце ўбораў, тонкасць малюнкаў былі настолькі дасканалыя, што заказчыкі вырашылі рызыкнуць і адвезці твор знаёмага ювеліра ў Венскі імператарскі музей, пазначыўшы яго як "тыяра скіфскага цара". Пры гэтым "антычны" прадмет быў забяспечаны легендай, ці дакладней - дакументамі, што сведчылі пра знаходжанне дадзенага артэфакта пад час раскопак у раёне Ольвіі, якая ў глыбокай старажытнасці з'яўлялася найбуйнейшай грэчаскай калоніяй у вусці Буга і Дняпра.

Як ні дзіўна, запрошаныя для экспертызы найбуйнейшыя /i/content/pi/cult/328/5978/pic_17.jpgвенскія археолагі і мастацтвазнаўцы пацвердзілі сапраўднасць тыяры, заявіўшы, што яна і праўда належыла скіфскаму цару Сайтаферну і датуецца ІІ стагоддзем да нашай эры. І калі ў Венскага імператарскага музея на той час не знайшлося сродкаў на набыццё гэтага шэдэўра, то яны знайшліся ў Луўры, эксперты якога таксама пацвердзілі арыгінальнасць прадмета. Пры фінансавай падтрымцы мецэнатаў у сакавіку 1895 г. тыяра ўжо належыла французскаму музею. На пачатку красавіка найбуйнейшыя навуковыя дзеячы Парыжа зрабілі гучную аб'яву ў прэсе і ахарактарызавалі прадмет як "само Мастацтва ў сваім найбольш тонкім і чыстым выглядзе". У выніку фальшывы экспанат заняў пачэснае месца ў пастаяннай экспазіцыі Луўра, захапляючы ўсіх сваім хараством. Больш за тое: французскі парламент заднім чыслом зацвердзіў асігнаванні на закупку "шэдэўра антычнага свету". Такім чынам Гохман атрымаў 86 тысяч франкаў, а два яго пасрэднікі - 40 і 74 тысячы франкаў адпаведна.

Аднак не ўсе спецыялісты былі ўпэўнены ў сапраўднасці экспаната. Існавалі меркаванні, што ў шэрагу персанажаў, выяўленых на тыяры, ёсць рэальныя прататыпы на прадметах розных эпох і рэгіёнаў. У прэсе пачалі з'яўляцца публікацыі пра выпадкі фальсіфікацыі прадметаў даўніны з удзелам братоў Гохманаў.

Але з "тыярай скіфскага цара" гэтыя выпадкі ніхто не звязаў. Хутчэй за ўсё, афера так і засталася б нявыкрытай, калі б парыжскі ювелір Элін Маенс не заявіў у пачатку 1903 г., што тыяру зрабіў ён. Узняўся грандыёзны скандал. Але яшчэ большы скандал адбыўся тады, калі ў абарону сапраўднага аўтара тыяры выступіў яго сябра, адэскі ювелір Ліўшыц, які апісаў, як гэты прадмет ствараўся на яго вачах. Рухамоўскага пачаў даймаць натоўп журналістаў, і той пацвердзіў справядлівасць слоў свайго сябра. Але ніхто ў свеце не паверыў гэтаму: нікому не змагло прыйсці ў галаву, што нейкі сціплы ювелір, ураджэнец Мазыра, змог стварыць такі шэдэўр. І тады Рухамоўскі заявіў, што гатовы паехаць у Парыж і даказаць сваё аўтарства. Ён паставіў адну ўмову: хтосьці павінен заплаціць за паездку. Патрэбны былі 1200 франкаў. Грошы неўзабаве знайшліся, і наш зямляк апынуўся ў сталіцы Францыі.

/i/content/pi/cult/328/5978/pic_19.jpgФальшывая каштоўнасць да таго часу была адпраўлена ў запаснікі Луўра - як мага далей ад журналістаў і натоўпу ахвотных паглядзець на прадмет скандалу. У сваю чаргу, абражаны ўрад, які выплаціў велізарныя грошы за набыццё "шэдэўра", стварыў аўтарытэтную камісію па расследаванні інцыдэнту.

Работы, прадстаўленыя Рухамоўскім у якасці сведчання свайго майстэрства, у тым ліку стылізацыі пад антычнасць- рог для піцця (рытон), скульптуры Афіны і Ахілеса з золата, нават дэманстрацыя гравюр з атласа "Старажытнай гісторыі" Вейсера, з якіх ён "здымаў" упрыгожанні шчыта Сцыпіёна і фрэскі Рафаэля, - не пераканалі прысутных спецыялістаў. І тады Рухамоўскі літаральна на вачах недаверлівых французскіх мастацтвазнаўцаў зрабіў частку фігурнага фрызу, абсалютна ідэнтычнага таму, што быў на тыяры. І толькі тады выдатнаму ювеліру паверылі. Больш за тое: 26 мая 1903 г. яго ўзнагародзілі медалём французскай секцыі дэкаратыўнага мастацтва ІІІ ступені. Усё астатняе жыццё Ізраіль Рухамоўскі правёў з жонкай і дзецьмі ў Парыжы, выконваючы заказы багатых французаў, сярод якіх быў і барон Ротшыльд. Там ён памёр і быў пахаваны ў 1936-м. Не дзіўна, што і яго дзеці сталі вядомымі ювелірамі, мастакамі і літаратарамі.

А са скандальнай тыярай скіфскага цара можна і сёння пазнаёміцца ў Музеі дэкаратыўнага мастацтва ў Парыжы, куды яна была перададзена для экспазіцыі Луўрам.

Ганна БУЛАШ, бібліятэкар Мазыр

Фота з фондаў Мазырскага краязнаўчага музея.