ЦВЯТКОЎ Юрый Мікалаевіч

№ 5 (977) 29.01.2011 - 04.02.2011 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзеячы культуры і мастацтва выказваюць спачуванні родным і блізкім пайшоўшага з жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР ЦВЯТКОВА Юрыя Мікалаевіча, які з 1996 па 2000 год працаваў на пасадзе намесніка міністра культуры, а таксама ў розны час узначальваў “Беларускі відэацэнтр”, кінастудыю “Беларусьфільм”, Дзяржаўны рэгістр кінавідэафільмаў і кінавідэапраграм, Беларускі саюз кінематаграфістаў, з’яўляўся членам Беларускага саюза журналістаў.

/i/content/pi/cult/307/5260/11-2.jpg

 Самаадданая творчая праца, актыўная грамадзянская пазіцыя, высокая прынцыповасць і патрабавальнасць у спалучэнні з уважлівым стаўленнем да людзей здабылі Юрыю Мікалаевічу павагу працаўнікоў культуры.

Светлая памяць аб таленавітым кінарэжысёры, аўтарытэтным кіраўніку, добрым, чулым і працавітым чалавеку назаўжды захаваецца ў сэрцах блізкіх людзей.

Латушка П.П., Карачэўскі У.М., Кураш В.І., Стружэцкі Т.І., Сухавей С.І., Бычкоў А.М., Леановіч С.А., Крывастаненка П.В., Грыдзюшка У.П., Рылатка У.П., Баразна М.Р., Святлоў Б.У., Матульскі Р.С., Пракапцоў У.І., Белякова І.А., Бусел В.Ю., Багачоў С.А., Коктыш В.П., Калбаска І.В., Лаўрыненка А.Л., Чарнавушка Ю.М., Крушынская Л.А., Перагудава Л.І., Карпілава А.А., Красінскі А.В., Фральцова Н.Ц., Васільеў В.І., Лемяшонак А.І., Чаргінец М.І., Яфрэмаў А.В., Гасцюхін У.В., Янкоўскі Р.І.

Сведка эпохі

 Не стала Юрыя Мікалаевіча Цвяткова... Выдатнага рэжысёра, аператара, сцэнарыста, грамадскага дзеяча, таленавітага кіраўніка, з якім звязана амаль пяць дзесяцігоддзяў жыцця беларускага кіно...

Юрый Цвяткоў з'явіўся на "Беларусьфільме" адразу пасля заканчэння аператарскага аддзялення ВГИКа, у разгар шасцідзясятых - аднаго з найбольш плённых і творча паспяховых этапаў развіцця айчыннага кінамастацтва. Аператар некалькіх дзясяткаў карцін, ён амаль адразу вырашыў, што можа быць рэжысёрам, і быў ім да сваіх апошніх дзён, нягледзячы на цяжкую хваробу. Апошні доўгатэрміновы праект Юрыя Мікалаевіча - цыкл папулярных дакументальных стужак у жанры гістарычнай рэканструкцыі, якія распавядалі пра самых яркіх постацей беларускага мінулага. Гэты цыкл адразу знайшоў свайго гледача - маладога, цікаўнага патрыёта сваёй зямлі. На такога гледача Юрый Цвяткоў і разлічваў усе свае карціны, з першага тэлефільма "Беларусь мая сінявокая". Потым была стужка "Пасля кірмашу" - свая версія знакамітай "Паўлінкі", народная камедыя "Ясь і Яніна", казкі для дзяцей, тэлефільм "Гэтая вясёлая планета" з удзелам самых яркіх зорак савецкага кіно і шэраг іншых. А яшчэ Юрый Цвяткоў паспеў зняць колькі дакументальных карцін. Назвы некаторых кажуць самі за сябе: "Памяць каменя", "Песні Палесся", "Быў. Ёсць. Буду", "Кінарэжысёр Віктар Тураў"...

А неўзабаве творца Юрый Цвяткоў раскрыўся і як таленавіты адміністратар, грамадскі дзеяч, які паспяхова кіраваў рознымі арганізацыямі сферы кіно, карыстаўся вялікім аўтарытэтам з боку калег. Юрый Мікалаевіч з задавальненнем выходзіў на сцэну сталічнага "Дома кіно", каб прадставіць новыя стужкі, з вялікім поспехам ладзіў паказы ў студэнцкіх аўдыторыях. Няма нічога дзіўнага, што менавіта ён узначальваў Беларускі саюз кінематаграфістаў у вельмі няпростыя часы існавання гэтай творчай арганізацыі.

Для супрацоўнікаў "Культуры" сумная навіна стала асабліва балючай: Юрый Цвяткоў быў членам рэдакцыйнай калегіі, сталым аўтарам нашага выдання, заўсёды прадстаўляў самыя лепшыя, эксклюзіўныя матэрыялы.

 Рэдакцыя газеты "Культура" шчыра смуткуе з прычыны смерці Юрыя Мікалаевіча Цвяткова і выказвае глыбокія спачуванні яго родным і блізкім.