Янкаў вянок

№ 27 (793) 06.07.2007 - 13.07.2007 г

Янка Купала... У гэтых двух словах — усё чалавечае жыццё. Са сваімі датамі. Са сваёй біяграфіяй. Але справы Янкі Купалы не ўмяшчаюцца толькі ў тыя гады, калі ён жыў, — яны сягаюць і ў наш дзень, і ў новыя стагоддзі, якія будуць за намі. Вось чаму Янка Купала для нас — не толькі народны паэт. Ён — геній, прарок, дудар, наш духоўны сцяг, пад якім мы крочым у будучае, у тую сапраўды суверэнную, незалежную Беларусь, аб якой сніў свае сны, аб якой марыў, за якую змагаўся Паэт. У выніку роздуму аб усім гэтым нарадзілася кніга “Янкаў вянок”. Гэта аповесць пра Янку Купалу, яго радавод, нялёгкае жыццё і ўзнёслую, прарочую творчасць, адрасаваная бацькам, настаўнікам, культасветработнікам, выхавальнікам, студэнтам, школьнікам — усім, хто пажадае наталіцца гаючым Купалавым Словам, хто захоча сваёй душой зразумець душу нашага Генія. Прапаную асобныя старонкі кнігі чытачам “Культуры”.

Багуміла і Дамінік
У высокім небе, дзе зіхацяць зоркі розных велічынь, Янка Купала вылучыў чатыры:
Першая — бацькава зорка яснела,
Маткі — другая глядзела ў свет горка,
Трэцяя мне мігацела нясмела,
Роднай зямелькі — чацвёртая зорка...
Што мы ведаем пра дзве зямныя, чалавечыя зоркі, якія з’ядналіся ў сям’ю і нарадзілі нашай Беларусі, усёй планеце Янку Купалу?
 /i/content/pi/cult/124/520/Vyanok.jpg

 Шасцігадовы Янка


На жаль, вельмі мала захавалася ўспамінаў пра маці і бацьку народнага паэта. Не напісаны іх поўныя біяграфіі. Маем толькі асобныя фотаздымкі, адзінкавыя партрэты. Архівісты і вучоныя не адшукалі пісьмаў, дакументаў, напісаных іх рукой.
Прыгадаем тое, што ёсць пра Багумілу і Дамініка Луцэвічаў у розных пісьмовых крыніцах.
Бацька паэта Дамінік Ануфрыевіч пражыў на свеце ўсяго 56 гадоў. У маі 1846 года нарадзіўся, у маі 1902 года памёр. Кажуць, ён быў высокага росту, бландзін, насіў вусы і бародку. Па натуры — добры, вясёлы, гаваркі. Любіў шпарка хадзіць. Апранаўся чыста, акуратна. Быў хударлявы, хваравіты... А галоўнаеусё жыццё служыў зямлі. На ёй нарадзіўся і вырас. Ёй аддаў усе свае жыццёвыя сілы.
Відаць, самым знакавым у жыцці Дамініка Луцэвіча было яго каханне да прыгожай дзяўчыны Боні. Ён спаткаў яе ў фальварку Няшота, на Стаўбцоўшчыне, у сям’і арандатараў Валасевічаў. У той сям’і былі яшчэ дзеці — Камілія, Антон, Францішак, Садалія, Міхал, Сафія.
Як жа і калі сустрэліся і пазнаёміліся Дамінік і Боня, Бянігна Валасевіч? Бацька Дамініка недалёка ад Няшоты арандаваў кавалак зямлі ў паноў Завадскіх. Мо ўбачыліся калі ў полі ці на дарозе? Мо былі разам у касцёле і абмяняліся позіркамі, якія кальнулі ў сэрца?
Калі яны пазнаёміліся, Дамініку было 33 гады, Боні — 22 гады. Пра іх каханне і жаніцьбу, відаць, нехта ў будучым напіша захапляльны раман. Мы ж толькі ведаем, што маці Боні Кацярына Валасевіч, валявая і рашучая гаспадыня, забараняла маладым сустракацца.

 /i/content/pi/cult/124/520/Vyanok1.jpg
 Бянігна Луцэвіч, маці паэта.

Вось што прыгадвала пляменніца Бянігны Ядвіга Антонаўна Дзяўго:“Бабка наша, Валасевічыха, была жанчына моцная і на руку, і на характар. Мела шмат зямлі. Усюды сама ўпраўлялася, вельмі руплівая была. Хацела, каб усе дзеці былі каля яе, каб усе працавалі на зямлі. Каб выдаць замуж дачку за нейкага беднага арандатара, і слухаць не хацела. Аднаго разу палеглі ўсе спаць, а Боня сабрала свае сукенкі, яшчэ нешта сваё і праз акно выскачыла ў сад. Там яе ўжо Луцэвіч чакаў... ”Няйначай, як у камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”. Там, у фінале, ёсць такая сцэнка. Паўлінка са свамі вандзэлкамі, у якіх адзенне, чаравікі, падушкі, коўдра, хоча выскачыць у расчыненае акно да свайго каханага Якіма. Яе заспяваюць маці Альжбета і бацька Сцяпан. Адбываецца такая размова:
Альжбета. Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?..
Сцяпан. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?
Паўлінка. Я!.. Я... хацела замуж ісці!
Сцяпан і Альжбета. Праз акно?!
Паўлінка. А што ж, калі, татка і мамка, праз дзверы не пускаеце.
Так у спектаклі.А ў жыцці, мы ведаем, маці Боні Кацярына Валасевіч урэшце змірылася. Маладыя павянчаліся. Валасевічыха ездзіла нават у Вільню і купіла ікону Маці Божай Вастрабрамскай і перадала яе ў Рубяжэвіцкі касцёл, дзе вянчаліся Бянігна і Дамінік.
Боня, Бянігна Луцэвіч мела яшчэ адно імя — Багуміла. Мілая Богу! Яна і сапраўды была мілая небу і людзям, а найперш — свайму любаму Дамініку, сваім семярым дзеткам.
Яна дачакалася ўнукаў і праўнукаў, бо пражыла 85 гадоў. Яны і цяпер, успамінаючы яе, называюць пяшчотна “наша бабуня”.
Са слоў сясцёр Купалы Ганны, Леакадзіі, Марыі даведваемся, што Бянігна-Багуміла Луцэвіч была “трохі вышэй сярэдняга росту, валасы мела цёмныя, доўгія, яна іх зачэсвала ўверх, высока закручвала “куклу”, вакол якой павязвала хустку, вочы ў яе былі карыя. Спадніцы насіла доўгія, уверсе ў зборкі, больш аднакаляровыя, паверх спадніцы павязвала фартух...” Яна была прыгожая. Па натуры спакойная, ураўнаважаная, маўклівая. Добра спявала. Ведала шмат паданняў, казак, легенд. Па знешнім выглядзе і па характары Купала быў падобны да маці.Янка Купала вельмі шанаваў сваю маці. Апошнія амаль два дзесяткі гадоў яна жыла ў яго сям’і ў Мінску. Ёй прысвечаны вершы “Матцы”, “За што?..”, “Сын і маці”. У іх, як і ў многіх іншых сваіх творах, Купала ўзняўся да вобраза маці-Беларусі, да высокага разумення Бацькаўшчыны. Учытайцеся ў хрэстаматыйны верш “Спадчына”, услухайцеся ў песню з такой жа назвай, якую разнёс па ўсім свеце слынны беларускі ансамбль “Песняры”, і вы шмат што зразумееце:
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай...
У канцы верша-песні Янка Купала тлумачыць, што “завецца ж спадчына мая ўсяго Старонкай Роднаю”.
Горача любіць сваю радзіму Беларусь навучылі сына-паэта яго бацька Дамінік, нястомны слуга зямелькі, Яго мілая Богу маці Бянігна-Багуміла.
На Вайсковых могілках у Мінску на помніку з чорнага граніту пазалочанымі літарамі напісаны даты жыцця Бянігны Іванаўны Луцэвіч і словы з верша “Мая навука” яе любімага сына Янкі: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці...” 

 /i/content/pi/cult/124/520/Vyanok2.jpg
 Дамінік Ануфрыевіч, бацька.
Калыска ў Вязынцы
У бацькоў, якія кахаюць адно аднаго, звычайна нараджаюцца жаданыя дзеці. Даўней нават давалі ім такія імёны: Жадан, Дабрыня, Любім, Першын, Пястун, Чэкан, Хацян.Свайго сына Багуміла і Дамінік запісалі Іванам, а паміж сабой называлі ласкава Янкам, Яначкам, Ясікам.
Род Луцэвічаў багаты на Іванаў. Прапрадзед Янкі Купалы быў Іванам. У іх радаводзе я налічыў сем Іванаў да Купалы і пяць пакуль што — пасля яго. А яшчэ зваўся Іванам дзед па матчынай лініі.Іванка Луцэвіч нарадзіўся 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 года. Сонца шчодра лашчыла людзей, зямлю. Пад яго наглядам было ўсё жывое ў прыродзе. Са з’яўленнем хлопчыка, здаецца, ажыла ўся Вязынка, дзе па тым часе арандавалі зямлю Луцэвічы. Тут, у фальварку пана Замбржыцкага, жылі дзядзькі Міхал, Антон, Юльян, цёткі Марыя, Эмілія, Садалія і бабуля Валерыя, якія віталі свайго нашчадка. Быццам і рэчка Вязынка забруілася весялей, і птушкі галасісцей заспявалі, і пчолкі на ліпах зазумкалі званчэй. Усё наваколле заспявала Яначку Луцэвічу сваю калыханку.
Сама пані Алімпія Замбржыцкая пагадзілася стаць хроснай маці Янкі. Паехала ў горад і купіла яму калыску. А можа, заказала гэту рэч у мясцовых майстроў, і яны выштукавалі тую зыбалку з ліпавых дошак.У вершы “Да сваіх думак” Янка Купала разважае, адкуль жа ўзяліся яго “думкі-весялушкі”. Можа, вецер вольны навеяў? Можа, бурлівыя паводкі з вадою прыгналі? Можа, прыгожая дзяўчынка нашаптала? Ды раптам узнікае яшчэ адна здагадка:

Ці ў калысцы у ліповай
Са мной узраслі вы,
Як дзіцём вучыўся мовы,
Вясёлы, шчаслівы?..

Чым гадаць-меркаваць, сядайце, сябры, у электрычку Мінск - Маладзечна і праз паўгадзіны выходзьце на станцыі Вязынка. Вас там адразу сустрэне бронзавы Пясняр, якога ў свой час увекавечыў слынны беларускі скульптар Заір Азгур. Ад помніка — прамой сцяжынкай да хаты, дзе некалі жылі арандатары Луцэвічы. Заходзьце ў сялянскую хату, у якой цяпер музей, і адразу за белай печчу ўбачыце калыску. Яна падвешана да столі, ахутана саматканай посцілкай. Кожны раз, калі бачу гэту рэліквію, замірае сэрца: Божа мой, у такой жа люльцы слухаў матуліны калыханкі будучы народны паэт! I, здаецца, у звонкай цішыні ажывае голас шчаслівай Багумілы, і з яе вуснаў гучаць паэтычныя радкі сына:

Люлі, люлі, мой маленькі!
Спі і сні вясёлкі-гулі,
Як жа вырасцеш вялікім,
Не забудзься ты матулі.
Люлі, люлі, мой маленькі!
Спі, злажыўшы ўкрыж далонкі.
Як жа вырасцеш вялікім,
Не забудзься ты старонкі...

У Янкі Купалы ёсць тры вершы пад адной назвай “Над калыскай”. Напісаны яны ў розныя гады, але аб’яднаны адной думкай: “Дзеці, помніце маміну калыханку, шануйце маму!”. I было б кранальна да слёз, каб музейшчыкі ажывілі Купалавы калыханкі. Голасам слыннай артысткі, скажам, Купалаўскага тэатра, гэта мелодыя сустракала б кожнага
экскурсанта. Веру, яна глыбока асядала б у кожнай душы.
 

У хаце-музеі Янкі Купалы шмат даўнейшых рэчаў. Іх варта не толькі агледзець, а зразумець, для чаго яны патрэбны былі бацькам паэта, як жыла сям’я ў той год, калі нарадзіўся іх жаданы сынок.
Вось жорны — малоць муку. Ступа — таўчы крупы. Дзяжа — расчыняць хлеб. Куфар — складваць ручнікі, бялізну. Самапрадка, на якой маці прала кудзелю, каб пасля на кроснах ткаць палатно. На лаве каля печы — гліняны і драўляны посуд.
Тут, кажучы словамі Янкі Купалы, “усякая рэч як гавора з табою...” Гэта “хатка сведкай была, як пазнаў божы свет” наш любімы паэт.Пра Купалаву Вязынку добра сказаў вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Караткевіч: “Тут прыгожа, і паступова пачынаеш разумець, што толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца чалавек з прыгожай душой”.
Лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак, наведаўшы Вязынку, зрабіў на кнізе паэта такі запіс: “3 вялікім хваляваннем, як перад стартам у космас, пераступіў я парог гэтай хаты.
Тут і нарадзіўся ён, Янка Купала, наш Пясняр, наш народны паэт. Будуць праходзіць гады і стагоддзі, і новыя пакаленні з хваляваннем прыйдуць сюды, каб пакланіцца гэтаму кутку зямлі беларускай — дарагой і незабыўнай Вязынцы”.
3 душы народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі выліліся пра Вязынку свае пачуцці:
Мелі шмат мы раскіданых гнёздаў,
Дзе ні глянь — курганы, курганы.
Свет застаўся пахмурны і грозны
I пасля найвялікшай вайны.
Толькі Вязынку, хату Купалы,
Наш народ захавае навек,
Бо і сёння адгэтуль нямала
Пачынаецца песенных рэк.
Штогод у Вязынцы, у дзень нараджэння Янкі Купалы, пад ціхі перашэпт крынічкі, пад паглядам вокнаў яго бацькоўскай хаты праходзіць свята паэзіі. Сюды прыязджаюць госці з многіх краін свету. У высокае неба над Вязынкай узносіцца шматгалосы гімн Янку Купалу. У той міг з гонарам думаеш: Вязынка — калыска нашай краіны, Вязынка вяжа, звязвае ўсіх нас у народ, вучыць “людзьмі звацца”. 

Загадкавая кветка
На белым свеце мноства таямніц і загадак. Іх хопіць усім, хто жыве цяпер, хто будзе жыць у далёкай будучыні. А мы давайце разгадаем пакуль адну старонку творчага жыцця нашага героя. Чаму Янка Луцэвіч стаў Янкам Купалам?
Нагадаем, сынок Багумілы і Дамініка нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года. Якраз жа было народнае свята — Купалле. А калі ўявіць, што дзіця з’явілася на свет ноччу, на пачатку новага дня, то гэта якраз і быў той саамы шчаслівы міг, калі зацвітае папараць-кветка.Купалле, або Купала, — вельмі старажытнае абрадавае свята. Яно сягае ажно ў той далёкі час, калі нашы продкі верылі, што Агонь, Пярун, Маланка, Дрэва — гэта багі. Яны пакланяліся і Купалу — богу ўраджаю і росквіту зямлі. Услаўлялі яго якраз жа ў дзень летняга сонцастаяння. Пазней да гэтага язычніцкага свята Царква далучыла імяніны святога Іаана (Івана) Хрысціцеля Госпада нашага Ісуса. I народнае гулянне пачало называцца “Іван Купала”.
Калі вы ні разу не бывалі на такім свяце, то варта расказаць, як спраўлялі яго даўней, бо дайшло яно ажно да нашых дзён.
Звычайна вечарам моладзь збіралася каля рэчкі ці возера, на лясной паляне, ці каля жыта. Дзяўчаты шукалі лекавыя травы, плялі вянкі. А хлопцы рыхтавалі вогнішча. Важна было здабыць “жывы” агонь без запалкі, як гэта рабілі нашы прашчуры.
Свята ж агню, і трэба прасіць Бога, каб ён падмог раскласці касцёр. А калі агонь браўся ў полымя, то моладзь пачынала вадзіць карагоды вакол вогнішча. Арганізоўвалі гульні. Трэба было пераскочыць цераз агонь. Наваколле напаўнялася смехам, жартамі, весялосцю. Але ў гэтым рытуале меліся і сур’ёзныя задумы. Лічылася, што агонь ачышчае чалавека ад злых духаў, ад хвароб.
Дзяўчаты на Купалле варажылі. Хацелася ім ведаць свайго каханага, загадвалі аб будучым замужжы.
Апоўначы ўсе разыходзіліся па цёмным лесе. Верылі, што толькі ў Купальскую ноч адбываецца найвялікшы цуд прыроды — расцвітае чарадзейная папараць-кветка. Яна асляпляльна белага колеру, іскрыцца, як зорачка, і цвіце нядоўга. Трэба паспець знайсці яе і сарваць. Тады для такога шчасліўца адмыкаліся ўсе зямныя тайны. Такі чалавек мог разумець мову птушак, звяроў, дрэў.
Вось чаму папараць-кветка здаўна стала сімвалам шчасця і долі.
Калі Янка Луцэвіч пачаў пісаць вершы, ён задумаўся аб сваім паэтычным імені. Захацелася падабраць псеўданім, пад якім можна было друкаваць свае творы. Напачатку гэта былі розныя прыдумкі: “Адзін з “парнаснікаў”, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска, Янук Купала... Урэшце Іван Дамінікавіч Луцэвіч стаў Янкам Купалам.
/i/content/pi/cult/124/520/Kupala.jpg 
 Ядвігін Ш
Мне здаецца, што канчаткова выбраць паэтычнае імя падмог Купалу слынны беларускі пісьменнік Ядвігін Ш. Яго сапраўднае прозвішча — Лявіцкі Антон Іванавіч.
Іх знаёмства пачалося ў 1904 годзе і доўжылася шмат гадоў. Лявіцкі жыў тады ў сваім радаводным маёнтачку ў Карпілаўцы. А за некалькі кіламетраў ад яго жылі ў Селішчы маці і сёстры Купалы. Пазней яны пераехалі ў Бараўцы, Акопы. А гэта зусім побач з Карпілаўкай, праз лясок. I бываючы дома, Янка заўсёды ішоў да свайго старэйшага сябра.Ужо тады Ядвігін Ш. быў вядомым пісьменнікам. Ён дагэтуль працаваў, вучыўся ў Маскве. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў выключаны з універсітэта, арыштаваны, сядзеў у Бутырскім астрозе. Пасля жыў у Карпілаўцы. Пісаў свае новыя творы. Пасадзіў тут вялікі сад, ліпавую алею. Займеў багатую бібліятэку.
Пра знаёмства і сустрэчы з Ядвігіным Ш. Янка Купала пісаў: “Гэта была для мяне вялікая падзея. Я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які быў не толькі пісьменнікам, але і пісаў па-беларуску. 3 ім я вельмі зблізіўся. Ён мне шмат расказваў пра незнаёмыя мне дагэтуль пісьменніцкія справы...”
А дачка Ядвігіна Ш. Ванда, якая пісала вершы пад псеўданімам Вясёлка, прыгадвала ў сваіх успамінах: “Купала прыходзіў да нас браць кнігі. Чытаў тату свае вершы і ў хуткасці стаў друкаваць іх у “Нашай ніве”. 3 татам яны вялі доўгія гутаркі...”
Дык няўжо ж яны не абмяркоўвалі псеўданім для нованароджанага паэта? Мне так і чуецца перакананы голас гаваркога, мудрага пісьменніка з загадкавым псеўданімам Ядвігін Ш:
— Ды зразумей, дружа, ніякі ты ні Ясь, ні Янук. Ты — Янка. I не “з-пад Мінска”, не “Стары Мінчук”, не Марка Бяздольны, а — Янка Купала! Ты нарадзіўся, калі расцвітае таямнічая кветка
папараці. Шукай яе. Разгадвай мову прыроды. А найважней — распазнай душу мужыка-бедака, яго думы...
Так было сказана ці інакш, але неўзабаве свет пачуў магутны голас Янкі Купалы:
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі — Янка Купала...
Уславіў паэт дзень сваіх народзінаў у вершах “На Купалле”, “У Купальскую ноч”, “Заклятая кветка”, “Страх”. Свята Купала дало яму паэтычнае імя. А сваёй творчасцю ён сцвердзіў, што знайшоў “зелле тое, што ў нас папараць завецца і шчаслівым быць здаецца”.
Адну са сваіх “Казак жыцця” Якуб Колас прысвяціў свайму вернаму сябру, паэтычнаму брату Янку Купалу. Ён назваў гэту казку “Ноч, калі папараць цвіце”. У ёй апавядаецца пра тое, што ў ноч, калі з’яўляюцца кветкі на папараці, сабраліся на сход русалкі, лясун, ваўкалакі, вадзянік, дамавік. Чараўнікі задумаліся, які зрабіць падарунак
Юнаку, які даў сабе імя чароўнай ночы-свята.
Русалкі паабяцалі навучыць яго спяваць прыгожыя песні. Дамавік вырашыў падарыць яму жалейку і навучыць іграць. Вадзянік выдзеліў гуслі. Пануры Ваўкалак сказаў, што занясе на край свету яго песні і думкі. Лясун загадаў сваім пушчам-лясам, каб расказалі Юнаку пра свае адвечныя тайны, каб надалі яму цвёрдасць граба, каб да канца ён быў верным свайму народу.

(Фота з экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.)

Уладзімір ЛІПСКІ