МУЛЬТЫПЛЕКС пасляваеннага Мінска

№ 1-2 (973-974) 08.01.2011 - 14.01.2011 г

Некалькі старонак з гісторыі кінатэатра “Перамога”

/i/content/pi/cult/303/5190/29-1.jpg

 Адной са знамянальных культурных падзей 2010 года стала святкаванне юбілею мінскага кінатэтра "Перамога". Адзіны ў Беларусі кінатэатр - член Міжнароднай асацыяцыі "Europe Cinemas", вядомае і любімае месца адпачынку мінскай моладзі ды людзей сталага веку, помнік архітэктуры сярэдзіны ХХ стагоддзя - летась адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Асаблівую значнасць дата набывае і таму, што ў 2010-м мы адзначалі 65-ю гадавіну Вялікай Перамогі.

 Напрыканцы года карэспандэнт "К" сустрэўся з кінамеханікам першага пасляваеннага кінатэатра Беларусі - Станіславам ШАРМАНАВЫМ. Ветэран працы, выдатнік кінематаграфіі СССР, Станіслаў Віктаравіч працаваў у "Перамозе" з 1958 па 1960 год. Майстар сваёй справы, чалавек асаблівай культуры зносін і шырокіх ведаў, ён ахвотна распавёў пра мінулае славутага кінатэатра і адметнасці рамантычнай ды нялёгкай прафесіі кінамеханіка. Адзначу, што гэты матэрыял - толькі невялікая частка таго найцікавейшага аповеду Станіслава Віктаравіча.

Кінасеансы ў вызваленым Брэсце

- Станіслаў Віктаравіч, калі ж вы прынялі рашэнне стаць кінамеханікам? Калі захапіліся кіно?

 - Мне было пяць гадоў. Мы з сям'ёй жылі ў Казахстане (мой бацька быў ваенны), і ў кінатэатры "Летні" нашага пасёлка паказалі мультфільм "Кот у ботах". Можна сказаць, менавіта тады ў маёй душы і ўзнікла цяга да кінематографа, якая вызначыла далейшы лёс. Калі мы пераехалі ў Калінін (сёння- Цвер), я ўбачыў знакамітыя "Серэнаду сонечнай даліны" і "Вялікі вальс" - першыя трафейныя фільмы.

 Мабыць, усё канчаткова вырашылася ў Брэсце. Гэта быў 1945 год. Бацька, які прымаў удзел у вызваленні горада, выклікаў нас туды. З фронту вярнуўся і мой дзядзька Іван Васільевіч. Ён заўважыў, што мне падабаецца кіно, і зрабіў падарунак: са свайго драўлянага чамадана ён сабраў... фільмаскоп. Размясціў у скрынцы лямпу ў 150 Ватт, з кансервавай бляшанкі зрабіў фільмавы канал, са старых акуляраў - аб'ектыў. Карацей, усё атрымалася. Дзядзька падарыў мне гэты фільмаскоп разам з першай стужкай. І калі я дома паказаў сваім сябрам на экране кіно, усе проста ахнулі. Літаральна ўся вуліца Маякоўскага, на якой мы жылі, пачала хадзіць да нас на кватэру глядзець фільмы! Сталі прасіцца нават дарослыя. І я быў вымушаны перанесці свой "дамашні кінатэатар" на вуліцу: усе ахвотныя проста не змяшчаліся ў малой кватэры. Устанавіў экран у двары - памятаю, праз яго раней праходзіла лінія абароны і ён быў літаральна зрыты акопамі, - і вось ў гэтых палявых ўмовах па вечарах паказваў свае дыяфільмы. Збіралася прыкладна чалавек 20 - 30.

 Адразу рынуўся на працу - Уражвае! А ці лёгка было на той час увайсці ў вялікую прафесію?

 - Вядома, для падлетка - не так і проста. Дзяцей у апаратную ў кінатэтарах не пускалі. Мая спробы трапіць туды былі дарэмнымі. Але ў восьмым класе- гэта было ўжо ў Мінску - я запісаўся ў гурток юных кінатэлемеханікаў пры Палацы піянераў. І пачалося навучанне. Першым настаўнікам у справе, а дакладней настаўніцай, стала Надзея Міхайлаўна Лобава - старшы інжынер абласнога ўпраўлення кінафікацыі. Пасля заканчэння курсаў нам павінны былі прысвоіць кваліфікацыю "дэманстратар вузкаплёначнага кіно". Няблага для падлетка, але мне гэтага ўжо было недастаткова. Таму я папрасіў Надзею Міхайлаўну пасля накіраваць мяне на вытворчую практыку ў кінатэатры. Так у 1950-я я трапіў у "Цэнтральны", а потым- у "Перамогу". Мая стажыроўка ў апошнім доўжылася паўтара-два месяцы, а далей я пайшоў на кінаперасоўку. Спрабаваў рознае, і ў выніку, пасля ўсіх "іспытаў", атрымаў кваліфікацыю "кінамеханік". І тут жа рынуўся на працу.

"Цэнтральны", "Летні", "Авангард", "Змена"... За некалькі гадоў паспеў папрацаваць у некалькіх кінатэатрах, удасканальваючы навыкі. Маю апантанасць заўважалі многія спецыялісты. І калі прыйшоў у "Перамогу" ў 1958-м, стаў адразу старшым кінамеханікам. Прызнаюся шчыра, мяне спакусіла перайсці ў кінатэатр са "Змены" магчымасць папрацаваць з "шырокім фарматам": "Перамога" была адным з першых кінатэатраў, які планаваў увесці гэтую тэхналогію дэманстрацыі.

 Першы мультыплекс - Станіслаў Віктаравіч, што ў тыя гады ўяўляла з сябе "Перамога", акрамя звання кінатэатра з унікальнымі тэхнічнымі магчымасцямі?

- Гэта быў сапраўдны культурны цэнтр. У кінатэатры працавала бібліятэка са свежымі часопісамі, газетамі. Глядач пасля працы мог прысесці на ўтульную канапу, уключыць настольную лямпу, пачытаць прэсу... Потым пачыналася канцэртная праграма: перад сеансам выступалі артысты. Памятаю, што, да прыкладу, пэўны час малая зала ў "Перамозе"/i/content/pi/cult/303/5190/29-3.jpg ўвогуле працавала як канцэртная. Кінатэатр з'яўляўся тым месцам, дзе пасля працы можна было адпачыць душой, адчуць радасць зносін.

Яшчэ ў 50-х гадах побач з асноўным будынкам "Перамогі" заставаліся рэшткі Спаса-Праабражэнскай царквы. Тагачасны дырэктар Ізраіль Кагановіч марыў аднавіць пабудову і перарабіць яе ў кінатэатр: мы неаднаразова з ім хадзілі і абмяралі плошчы разбуранага будынка, каб прыстасаваць там яшчэ адну кіназалу. Тыя памкненні не ўрэчаісніліся. Апрача іншага, зразумела і тое, што ўкладваць грошы ў яшчэ адзін кінатэатр паблізу (побач працавалі той жа "Цэнтральны", на рагу плошчы Свабоды і вуліцы Рэвалюцыйнай - кінатэатр паўторнага фільма "Радзіма") дырэктару наўрад ці дазволілі. Рэшткі ж праваслаўнай царквы былі канчаткова зніштожаны.

- Але вядома, што "Перамога" атрымала дадатковую залу ў выглядзе летняй пляцоўкі...

 - Так, на тэрыторыі былога манастыра была адкрыта летняя пляцоўка. Пад адкрытым небам з дапамогай кінаперасовак дэманстраваліся фільмы. У 1954- 1955 гг. пляцоўка магла змясціць каля 300 чалавек, але ўжо ў 1958-м яна была пашырана да 650 месцаў і ператварылася ў сапраўдную кіназалу: у ёй была ўладкавана стацыянарная апаратура. Можна сказаць, што "Перамога" з'явілася першым мультыплексам у Беларусі. Мяркуйце самі: вялікая зала - на 600 месцаў, малая - на 180, і летняя - на 650!

 Планавы варыянт

- Вельмі цікава! І які быў рэжым працы кінатэатра?

- Праца была вельмі напружанай! Справа ў тым, што на нас вісеў план, які мы мусілі выконваць. План нават па трох паказчыках: па валавым зборы, па колькасці гледачоў і колькасці сеансаў. За невыкананне - маглі спытаць "на поўную катушку". Таму кіраўніцтва кінатэатра прыдумвала розныя спосабы, каб выканаць пастаўленую задачу. І тая ж шматзальнасць вельмі дапамагала. Выкарыстоўваліся тры залы "Перамогі" так: калі карціна пачыналася ў вялікай зале, праз 20 хвілін дзве яе часткі ўжо можна было пераносіць у малую залу, а яшчэ праз 20 хвілін - на летнюю пляцоўку. Разбежка паміж фільмамі была зусім невялікай - 30 - 40 хвілін, для гледачоў такі тэрмін - вельмі зручны, і многія заставаліся ў кінатэатры проста пасядзець, адпачыць. Калі ласка - можна зазірнуць у бібліятэку, у летні перыяд - адпачыць у дворыку: там працаваў прыгожы фантан, летняе кафэ. Карацей, створаны такія ўмовы, што сыходзіць не хацелася. А мы ўсе радаваліся: да нас ідуць гледачы!

У якасці яшчэ аднаго варыянта выканання плана ў "Перамозе" існавалі тры дадатковыя месцы паказу кіно - так званыя філіялы: клуб імя Дзяржынскага, Дом афіцэраў, будынак Савета Міністраў. Памятаю, як мы ў спецыяльных скрынях разносілі плёнкі па аб'ектах, а потым вярталі ў "Перамогу". Абагаўлялі кіно!

- Як жа вам удавалася абслугоўваць такую колькасць гледачоў?

 - Вы маеце рацыю! Праца кінамеханіка ў 1950-я была справай нават небяспечнай! Крыніцай святла кінапраектараў тых часоў з'яўлялася так званая "вугальная дуга": ёсць "адмоўны" і станоўчы" вугалі, праз якія праходзіць ток (сёння гэта - ксенонавая лямпа, якая закрыта ў асвятляльніках; прычым кінамеханікі да яе не дакранаюцца). У зал/i/content/pi/cult/303/5190/29-2.jpgежнасці ад напружання, тых вугалёў звычайна хапала на дзве часткі фільма, а потым іх неабходна было замяняць. Праца была брудная: самі разумееце, што такое вугаль. І побач жа - плёнка, якую трэба зараджаць! Па тэхніцы бяспекі апарат абслугоўвалі два чалавекі. Усяго на кожную змену выходзіла шэсць чалавек: па два на кіназалу. У мае абавязкі як старшага кінамеханіка ўваходзіла абслугоўванне тэхнікі, правядзенне тэхнічных аглядаў, рамонтаў і, вядома ж, кантроль. Заканчвалася змена позна: апошні сеанс у "Перамозе" пачынаўся ў 23 гадзіны, завяршаўся - а 1-й. Даводзілася вяртацца дадому позна ўначы, прычым пешшу, што ў пасляваенным Мінску, мякка кажучы, было не зусім бяспечна...

 - Паслухаўшы вас, разумееш, што гэта быў зусім не лёгкі хлеб...

- Але мы ўсе абагаўлялі кіно! Кожны з нас разумеў, што інакш проста нельга. Сёння, заходзячы ў сучасныя кінатэатры, я часта сумую па тых часах, па тым гледачы, які загадзя прыходзіў на сеансы, па тых фільмах... Сёння моладзь забягае ў апошнюю хвіліну ў залу і выбягае, ледзь пачынаюцца цітры, часам нават не дачакаўшыся канца стужкі: маўляў, і так усё зразумела. Гэта для мяне вялікае дзіва. Таму, канешне, хацелася б, каб работнікі кіно працягвалі несці людзям культуру.

Дарэчы

 Кінатэатр "Перамога", знакаміты сёння эксклюзіўнымі рэтраспектывамі і паказам элітарнага кіно, мае цікавую гісторыю.

Па-першае, будынак кінатэатра месціцца на адной са старадаўніх мінскіх вуліц: сёння гэта Інтэрнацыянальная, а яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя яна называлася Праабражэнскай. Яе трасіроўка з'явілася ў Мінску каля 500 гадоў таму!

Сваё імя Праабражэнская атрымала ад Спаса-Праабражэнскага праваслаўнага жаночага манастыра, перабудаванага з комплексу кляштара бенедыкцінак, які працаваў у Мінску да 1871 года. Кляштар стаяў амаль на тым самым месцы, дзе сёння знаходзіцца "Перамога". Частку плошчаў яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя займаў будынак гасцініцы "Бельвю", што месцілася ў адным з карпусоў Спаса-Праабражэнскага манастыра, але ўжо ў 1929-м яе замяніў клуб харчавікоў імя Сталіна. У ім у 1939 годзе працавала дзевяць гурткоў, у якіх займалася 137 чалавек... Немцы пад час акупацыі зрабілі ў будынку салдацкі клуб, які ў выніку быў узарваны падпольшчыкамі ў 1943-м.

Пасля заканчэння вайны руіны былі расчышчаны, і ў 1950 годзе на тым месцы з'явіўся кінатэатр "Перамога". Аўтарамі праекта сталі вядомыя архітэктары Іосіф Лангбард і Міхаіл Бакланаў. На адкрыцці кінатэатра ў яго фае ладзілася выстаўка беларускіх мастакоў і скульптараў. А дэбютнай карцінай на экране стала дакументальная - "Перамога кітайскага народа".

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"