“Мітусяцца фарбы, ажно слепяць вочы...”

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Міхась Філіповіч, герой гэтага артыкула, вядомы не толькі як яркі жывапісец. Яго запамінальныя ілюстрацыі аздобілі не адну кнігу беларускіх пісьменнікаў. І менавіта ў гэтых выданнях, аформленых Філіповічам, яны атрымалі статус класікі нацыянальнага мастацкага слова. Як жа склаўся лёс творцы ў 1920 — 1940-х?

/i/content/pi/cult/285/4593/pic_10.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 35.)

...Асабіста мне сёе-тое пра мастака ў свой час расказвалі Міхась Станюта, Яўген Красоўскі, Акім Шаўчэнка, Анатоль Тычына, Аскар Марыкс, Алена Аладава. На жаль, тады, у 70-я гады, калі я сустракаўся з імі, Філіповіч як мастак мяне цікавіў мала, ды і дыктафонаў тады не было, так што ў мяне засталіся толькі сціплыя аловачныя чарнавікі і штось у памяці. М.Станюта, напрыклад, у 1971м, калі ў сябе дома маляваў мой партрэт, паміж сеансамі паказаў эскіз карціны "Паўстанне К.Каліноўскага", які аўтар - Міхась Філіповіч - падарыў Міхасю Пятровічу гадоў трыццаць таму. Эскіз гэты я запомніў: там К.Каліноўскі разам з узброенымі паўстанцамі ўрываецца ў палац губернатара. Але дзе знаходзіцца сама карціна, Станюта не ведаў. Можа, згінула ў час вайны? Што ж да таго эскіза, то, мабыць, ён сёння захоўваецца ў кагосьці з сыноў Станюты- Аляксандра або Уладзіміра... Не ведаю.

А Алена Аладава распавяла мне, як Філіповіч маляваў пастэллю з яе партрэт дзяўчыны ў нацыянальнай вопратцы- у хустцы, каралях і з кніжкай у руках. Тады Алене Васільеўне было каля 22-х гадоў, і яна, прывабная і статная, увасабляла бадай ідэальны вобраз жыццярадаснай, поўнай душэўнага здароўя, маладой беларускі канца 1920-х.

20-я гады... Для мастакоў гэта быў час, калі нараджалася прафесійнае беларускае мастацтва, якое заснавалася на шырокім выкарыстанні самабытных традыцый мінулага: раскруткі новых тэм і сюжэтаў, народжаных рэвалюцыяй. Першыя вынікі гэтага "сінтэзу" падвяла Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка 1925 года, дзе ярка праявілі сябе мастакі ўсіх пакаленняў: ад Ю.Пэна, У.Кудрэвіча, Г.Віера, А.Бразера да А.Тычыны, С.Юдовіна, А.Марыкса, П.Гуткоўскага, Р.Філіпоўскага. Канешне, Філіповіч як жывапісец і тут быў, як кажуць, у першай дзесятцы. За плячыма мастака ўжо меліся такія значныя творы, як "Вясновае свята", "Карагод", "Бітва на Нямізе", "Плач Яраслаўны", "Духаў манастыр", "Касцы", "Сяляне на кірмашы", ілюстрацыі да паэмы Міхася Чарота "Босыя на вогнішчы".

Змітрок Бядуля апісаў свае ўражанні ад нацюрморта "Бэз і купальніца" наступным чынам: "...Букет бэзу - у розных пералівах, такая свежасць колераў, ажно здаецца: чуеш пах бэзу, чуеш вясну. А гэта ўсё - у невялічкім букеце... Праўда, ёсць часцяком незавершанасць. Адразу бачым, што мастак пэўнай дарогі ў сваёй творчасці яшчэ не знайшоў. Кожны вобраз як бы кажа: "Дамалёўвай сам!" - і будзіць фантазію гледача".

А хіба гэта дрэнна: абуджаць фантазію? Строга кажучы, на першы погляд сапраўды здаецца, што большасць работ Філіповіча - "незавершаныя", "недамаляваныя" і існуюць як бы ў добра распрацаваным эскізе. Але гэта было выклікана не "адсутнасцю сталай мастацкай школы і... вельмі малой творчай практыкай мастака", як пісаў В.Шматаў. Гэта - стыль Філіповіча, "нязручны" для гледача, прызвычаенага да дэталёва распрацаванай сюжэтна-пластычнай сістэмы акадэмістаў або перадзвіжнікаў, на якой будавалася платформа сацрэалізму. І свой "эскізны" стыль Філіповіч захоўвае да канца жыцця: экспрэсіўныя жывыя фарбы, спрошчаныя лініі, дэкаратыўнасць пластычнай структуры, што крыху нагадвае позніх французаў або "бубнавалетаўцаў", ды і Каровіна - таксама.

Так, у гісторыю беларускага жывапісу Філіповіч увайшоў перш-наперш фігуратыўнымі кампазіцыямі і некаторымі партрэтамі. Сярод іх - цудоўнае манументальнае палатно "Стары беларус з люлькай", якое па псіхалагічнай насычанасці нагадвае рэпінскага "Мужыка з нядобрым вокам". Ды і Янка Купала з ягоным "Я буду жыць! Бо я- мужык!" таксама ўспамінаецца. Вельмі моцны вобраз гордага і мудрага чалавека, што ведае сабе цану: суровыя, насупленыя бровы, пранізлівы позірк, белая сарочка пад бардовай безрукаўкай, невялікая магерка, з-пад якой выбіваюцца сівыя валасы, пластычна вылепленая рука з люлькай.

У гэтым шэрагу - і цудоўная акварэль "Лірнік": /i/content/pi/cult/285/4593/pic_11.jpgна фоне блакітнага неба стары сівабароды лірнік грае нейкую журботную мелодыю. Наогул, у Філіповіча шмат кампазіцый, прысвечаных народным музыкам. Але большасць з іх у час Вялікай Айчыннай былі вывезены гітлераўцамі з Беларусі, і дзе яны сёння знаходзяцца - невядома. Захаваліся толькі некаторыя апісанні гэтых работ. Як пісаў М.Шчакаціхін: "...Мастацтва Філіповіча надзвычай далёкае ад "літаратурнасці"... Жывапісец падыходзіць да кожнага жыццёвага факта як да крыніцы таго маляўнічага ўражання, якое можна яскрава і сцісла перадаць мовай сталай, адзначанай формы і гарачых, насычаных арганічнай дэкаратыўнасцю, фарбаў".

Менавіта ў гэтым плане былі створаны "Партрэт артыста Г.Ю. Грыгоніса", "Беларуская сялянка", "Жанчына на Мсціслаўшчыне". Падкрэслю, на ІІІ Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1929 года Філіповіч выставіў 40 палотнаў - цэлая персанальная экспазіцыя! У гэты час ён вучыўся зноў ва ВХУТЕМАСе, куды быў залічаны другі раз, яшчэ ў 1925-м. Чаму так здарылася? Дакладна невядома. Яўген Красоўскі меркаваў, што Філіповіч проста жадаў мець закончаную мастацкую адукацыю, якую ён у свой час так і не атрымаў. Алена Аладава ж сцвярджала: мастак, вельмі патрабавальны да сябе, адчуваў "белыя плямы" ў сваім майстэрстве, таму і вырашыў "падцягнуцца". Так ці інакш, Філіповіч гэтым разам правучыўся тут пяць гадоў - у Р.Фалька і А.Дрэвіна.

Сярод сакурснікаў - землякі Р.Семашкевіч, І.Ахрэмчык, Г.Ніскі. Прычым усе канікулы мастак праводзіў у Мінску і ў этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі. Менавіта ў гэты перыяд з'явіліся такія карціны, як "З часоў прыгнёту", "Барыкады", "Сенны рынак у Мінску", "Апрацоўка лёну".

Здавалася, пасля вучобы Філіповіч на радзіме зведае шырокае прызнанне. Але ж не! Яшчэ ў Маскве да яго дайшлі чуткі, што ў Мінску яго карціны падвяргаюцца атракізму і здымаюцца з экспазіцыі Белдзяржмузея (дзе, дарэчы, мастак прапрацаваў амаль тры гады). Устрывожаны творца тут жа (гэта 1930-ы год) прыязджае ў Беларусь і нечакана трапляе пад сякеру крытыкі: ён абвінавачваецца ў "нацдэмаўшчыне", у адыходзе ад разумення сутнасці класавай барацьбы, у фармалізме і паклёпе на новае жыццё.

Каб не быць галаслоўным, прывяду тыповае выказваннее ўчарашняга калегі Філіповіча па ВОХу і РОМБу- Арона Касцялянскага з ягонай кнігі "Изобразительное искусство Белоруссии" (1932 г.): "В своем творчестве он (Філіповіч. - Б.К.) выражал настроения и чаяния белорусского кулачества <...>, писал крестьян обязательно в лаптях, идеализировал старый райский быт, допотопную соху...". І далей: "Щекотихин в одной из своих статей говорит о том, что "белорусский национальный стиль развивался в Белоруссии на протяжении многих веков и приостановился в своем развитии только в конце XVII столетия. Теперь предстоит только восстановить прерванную цепь. <...> Эти попытки представить художественный стиль как единую национальную струю трогательно объединяют белорусских национал-демократов с великодержавными шовинистами, которые также смазывают классовую сущность русской культуры. И те, и другие опираются на реакционные элементы национальной культуры, на культуру помещиков, панов и буржуазии, игнорируя революционнодемократические и пролетарские элементы этой культуры..."

Хіба ж дзіва, што пасля такіх абвінавачванняў (тое было і ў літаратуры, і ў музыцы) пад малох рэпрэсій трапілі М.Шчакаціхін, Я.Мінін, М.Каспяровіч, Г.Змудзінскі, П. і Х. Даркевічы. Акрамя Філіповіча крытыкі "білі пад дых" за водступ ад лініі партыі А.Тычыну, Ф.Фогта, М.Міхалапа, У.Кудрэвіча, А.Грубэ, З.Гарбаўца, А.Астаповіча. Апошнім, праўда, усё ж пашанцавала больш: яны выжылі...

Але што заставалася Філіповічу, чалавеку вельмі мяккаму, сардэчнаму, душэўна чыстаму па натуры, далёкаму ад імкнення па-байцоўску змагацца за сваю праўду? Хто ішоў насуперак "грамадскай думкі", аказваўся пад сумна вядомым артыкулам 58, як тое адбылося з Раманам Семашкевічам...

/i/content/pi/cult/285/4593/pic_12.jpgГэта горкая чаша Філіповіча абмінула. Калі хмары пачалі згушчацца, мастак разам з жонкай Ксеніяй Весялоўскай літаральна ўцёк у Маскву. Відаць, для сваёй будучай бяспекі адразу ўступіў у Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (АХРР), што да 1932 года з'яўлялася галоўнай творчай арганізацыяй. Гэтую асацыяцыю прадстаўлялі на той час лепшыя кадры з ліку савецкіх мастакоў, многія з іх былі афіцыйна прызнаны ўладай і з'яўляліся падмуркам метаду сацрэалізму. Сёння імёны некаторых былых "ахраўцаў" шырока вядомыя: Б.Іагансон, Б.Кустодыеў, П.Канчалоўскі, К.Юон, В.Бакшэеў, П.Сакалоў-Скаля, І.Бродскі, А.Рылоў, В.Бялыніцкі-Біруля, А.Герасімаў, В.Сварог, М.Рамадзін, С.Малюцін. Праўда, некаторыя "ахраўцы" і тады падвяргаліся жорсткім нападкам за "фармалізм"... Тым не менш, Філіповіч уратаваўся, але ў другой палове 1930-х працаваў мала, хаця маскоўская прэса неаднойчы адзначала яго мастацкую дзейнасць, якая была звязана, у асноўным, з удзелам у творчых паездках у калгасныя і прамысловыя рэгіёны СССР, мастацкім афармленнем заводаў і фабрык, стварэннем плакатаў і лозунгаў для друку.

Вялікая Айчынная заспела Міхася Мацвеевіча ў Маскве. І як толькі ён даведаўся, што тут будзе друкавацца беларускі сатырычны часопіс "Партызанская дубінка", адразу ж прыйшоў у рэдакцыю, прапанаваў свае паслугі, і першы нумар выйшаў з яго дасціпнымі малюнкамі-карыкатурамі. А ў 1944-м Філіповіч прыняў удзел у маскоўскай выстаўцы твораў мастацтва Беларусі, прысвечанай 25годдзю БССР.

Адразу пасля вызвалення Мінска мастак вяртаецца на радзіму (хаця ягоная сям'я па-ранейшаму застаецца ў Маскве). Працуе рэдактарам у Белдзяржвыдавецтве, піша карціны "Партызаны" і "Краявід", выконвае маленькія скульптуры "Лявоніха", "Цымбаліст", "Дудар", "Жанчына ў нацыянальнай вопратцы", "Жалейка", "Стары", "Вясковы хлопец"... Гэта былі апошнія работы Міхася Філіповіча. Незадоўга да яго скону сябар мастака Яўген Красоўскі намаляваў натурны партрэт творцы: ён адлюстраваны ў цёмным касцюме, белай кашулі, пры гальштуку; напружаны, патухлы погляд, рукі нервова апушчаны на калені, - падаецца, ён адчуваў сваю хуткую смерць. Гледзячы на гэтую выяву, узгадваю другі партрэт мастака - пэндзля Міхася Станюты, дзе жывапісец - малады і прыгожы, паказаны ў 30-гадовым узросце, поўны фізічных і духоўных сіл, светлых надзей і глыбокай веры ў сваё прызначэнне. Што ён адчуваў, чым жыў у 1947-м, невядома. Але магу выказаць меркаванне: думаў пра любімую Беларусь, якой ён аддаў усё сваё жыццё і творчасць...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"