Алег УЖЫНАЎ, рэжысёр-аніматар (Расія): “Крытэрыі журы: цікава і без празмернасцей”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Два гады таму анімацыйным фільмам на Мінскім міжнародным фестывалі дзіцячага і юначага кіно “Лістападзік” стала цесна ў агульнай з мастацкімі стужкамі конкурснай праграме, і іх вылучылі ў асобную намінацыю. Сёлета ў Доме кіно гледачам будзе прадстаўлена каля 70 разнамоўных мультыплікацыйных карцін.

 /i/content/pi/cult/183/1895/Uzhynau.jpg
Пра крытэрыі судзейства напярэдадні афіцыйнага адкрыцця фестывалю мы гутарылі са старшынёй журы кінематаграфістаў у намінацыі “Анімацыйныя фільмы”, расійскім рэжысёрам, лаўрэатам “Лістападзіка-2006” Алегам УЖЫНАВЫМ.

— Алег Вячаслававіч, ваша карціна “Жыхарка” з серыі “Гара самацветаў” два гады таму выклікала ў Беларусі сапраўдны фурор. На IХ Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2006” яна атрымала Гран-пры, на “Лістападзіку” была адзначана дыпломам за лепшы персанаж...
— Так, было вельмі прыемна, калі эксцэнтрычная гісторыя пра Ката і Вераб’я, якія выхоўвалі гарэзлівую дзяўчынку Жыхарку, знайшла самы цёплы водгук у сэрцы беларускага гледача. Мне імпануе, што высокую адзнаку стужка атрымала на фестывалях, прызначаных менавіта для дзіцячай аўдыторыі. Пад час здымак я клапачуся перш за ўсё аб тым, як будзе ўспрынята рэжысёрская фантазія малечай, а зусім не аб заўвагах прафесійнага журы ці артыкулах знаўцаў анімацыі.
— Ваша новая работа будзе не менш цікавай?
— Спадзяюся, бо сам здымачны працэс мяне настолькі захапіў, што цягам года з Масквы нават нікуды не выязджаў. Я перайшоў з славутага “Пілота” на маладую мультыплікацыйную студыю “Анімакорд”. Там “запусціўся” з трохмерным серыялам “Маша і мядзведзь”. Гэта не працяг вядомай рускай казкі, а арыгінальная гісторыя пра дзяўчынку, якая не дае спакойна жыць былому цыркавому мішку. Спадзяюся, мы абавязкова яе прывязём на адзін з наступных “Лістападзікаў”.
— Што пад час здымак для вас асабліва важна як для рэжысёра?
— Для мяне няма асаблівай розніцы, робім мы маляваную, 3D-карціну ці стужку ў тэхніцы перакладкі. Галоўнае, каб фільм, асабліва калі ён разлічаны на дзіцячую аўдыторыю, утрымліваў перш-наперш ясную, зразумелую гісторыю і меў цікавае мастацкае вырашэнне. Таксама звяртаю ўвагу на тое, каб не было празмернасцей, якія сёння пануюць у дарослым кіно: жорсткасць, сцэны насілля, бойкі. Гэтыя патрабаванні я буду прад’яўляць і да конкурсных карцін. Дарэчы, мяне ўпершыню запрасілі ў журы кінематаграфістаў, тым больш, я ніколі не займаў пасаду старшыні. Але мяркую, што гэтыя даволі простыя, але вельмі важныя крытэрыі дапамогуць нам з калегамі сумленна адзначыць самыя годныя работы.
— На ваш погляд, адпавядае беларуская анімацыя агульнапрынятай сістэме каардынат якасці?
— Упэўнены. Мне падабаецца, як працуюць многія з вашых аніматараў. Прыкладам, на студыі “Пілот” я часта бачыўся з Міхаілам Тумелям, стужкамі якога захапляюся. З апошняга вельмі ўразіла яго сумесная праца разам з аскараносцам Аляксандрам Пятровым над стужкай “Маё каханне”. Люблю і чароўныя фільмы Марыны Карпавай: яны насычаны цудоўнай энергетыкай, тонкім гумарам, выкананы ў добрай тэхніцы. Лічу яе адным з лепшых сучасных рэжысёраў.
— Як вам падаецца, якую галоўную функцыю на пачатку XXI-га стагоддзя павінен несці фестываль анімацыйных і мастацкіх фільмаў?
— На маю думку, сучасны фестываль, у першую чаргу, становіцца новай мяжой для маладых аніматараў. На міжнародным форуме яны могуць заявіць пра сябе, параўнаць свае здольнасці з талентам іншых, пабачыць, чаго дасягнулі калегі з іншых краін. Для масцітых рэжысёраў фестывальныя стужкі могуць стаць адкрыццём нейкай новай тэхнікі. Ды і ўвогуле, фестываль заўсёды спрыяе развіццю кожнай нацыянальнай анімацыі.

Настасся ПАНКРАТАВА