Так свецяць сонечныя промні...

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

6 жніўня народнаму артысту СССР, старшыні Беларускага саюза кампазітараў, сапраўднаму класіку беларускай песні Ігару Лучанку спаўняецца 70!

 /i/content/pi/cult/170/1597/Luchanok1.jpg
Да таго, што на дзень сваіх народзін Ігар ЛУЧАНОК звычайна “знікае”, з’язджаючы з Мінска і адключаючы тэлефоны, усе ўжо прызвычаіліся. Не аматар ён пышных віншаванняў, прывітальных папак, усхваленняў на свой адрас.
Ён той кампазітар, якога згадваюць, не чакаючы юбілеяў як неабходнай “інфармацыйнай падставы”: яго песні гучалі, гучаць і будуць гучаць не як “настальжы”, а як жывая, пульсуючая класіка. Дый сам ён такі няўрымслівы, што проста чагосьці чакаць, склаўшы рукі, ніколі не ўмеў і ўжо, пэўна, не навучыцца. Ледзь што — адразу кідаецца ратаваць, абараняць, адстойваць — многіх і многае, толькі не сябе і ўласныя інтарэсы.
Вось і зараз — перад’юбілейную размову з ходу пераводзіць на праблемы Беларускага саюза кампазітараў, які ў снежні будзе святкаваць на пяць гадоў большы юбілей, чым ягоны старшыня. Нешта нават сімвалічнае ў лучнасці гэтых лічбаў: кампазітарскаму аб’яднанню — 75, а яго старшыні, нязменнаму на працягу апошніх 28 гадоў, — 70.
— Мне шмат казалі (і тая ж Аляксандра Пахмутава, і многія іншыя сябры з Расіі), — угадвае Ігар Міхайлавіч, — маўляў, кідай ты тое старшынёўства дый астатнюю дабрачыннасць, займайся адно ўласнай творчасцю! Не магу… Бо вельмі хочацца, каб гучалі не толькі нашы песні, але і буйныя сімфанічныя творы, каб працягваліся найлепшыя традыцыі нацыянальнай музычнай культуры, што былі перададзены нам Рыгорам Шырмам, Мікалаем Аладавым, Уладзімірам Алоўнікавым, Юрыем Семянякам і, шырэй, усімі тымі пакаленнямі творцаў, якія былі да нас.
Пра папярэднікаў Ігар Міхайлавіч не забываецца ніколі. Як і пра сучаснікаў. Калегі жартуюць, што ён нават звыклую справаздачу праўлення, якая зачытваецца штогод на агульных сходах, пленумах ды з’ездах Саюза кампазітараў, ператварае ў гэткую “брацкую магілу”, максімальна напаўняючы тэкст прозвішчамі: хто што напісаў, што дзе прагучала і г. д. Нават звярае падрыхтаваны тэкст справаздачы са спісам сяброў творчага саюза, каб не прапусціць у дакладзе ніводнага імені.
А як старшыня не толькі не атрымлівае за гэта грошай, але і свае яшчэ ўкладае, каб набыць для Саюза кампазітараў сёе-тое. Вось і зараз: на маё тэлефанаванне з просьбай пра сустрэчу радасна адказаў:
— Знайшоў для Саюза лінолеум! Гэткай жа радасцю — амаль як у дзіцяці, якому падарылі новую цацку, — сталіся крыху раней новыя крэслы. Зноў для Саюза кампазітараў. Таму ў любімым лучанкоўскім жарце, што ён — не старшыня творчай грамадскай арганізацыі, а загадчык гаспадаркі, ёсць значная доля ісціны.
— Наш Саюз кампазітараў атрымаў да свайго юбілею шыкоўны падарунак: спецыяльным распараджэннем гарадскіх улад мы вызвалены ад арэнднай платы. Вельмі хочацца, каб да святкаванняў і сам інтэр’ер выглядаў прыстойна. Спрабуем шукаць спонсараў. Дзякуй міністру культуры Уладзіміру Матвейчуку — клапоціцца, нават з адпачынку мне тэлефануе. Але галоўнае — каб музыка гучала! Я забараняю (так і напішыце: забараняю!), каб у снежаньскіх юбілейных канцэртах выконвалася мая музыка. Хай будуць іншыя творы! У нас багата партытур, годных для паказу на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках свету.
І пачынае бясконца пералічваць, знаходзячы для кожнага твора і яго аўтара красамоўныя эпітэты, што адразу вызначаюць іх лепшыя якасці. А я ўсё ж думаю пра творчасць самога Ігара Лучанка. Прыгадваю, што першым канцэртам сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” быў яго надзвычай удалы, з любоўю падрыхтаваны ўсімі ўдзельнікамі і арганізатарамі творчы вечар “Неспакойнае сэрца” ў Летнім амфітэатры (дарэчы, днямі ён будзе транслявацца па тэлебачанні: не прапусціце!). Згадваю і 20 ягоных “сольнікаў”, што ў розныя гады праводзіліся ў Маскве, выкананне яго песень у іншых краінах свету — фантастыка, дый годзе!
Між тым, творчасць Ігара Міхайлавіча далёка не такая “аднажанравая”, як здаецца. Мабыць, не ён абраў песню — яна абрала яго. Піяністы ж добра ведаюць яго прэлюдыі 1960-х, напісаныя ў найсучаснай для таго часу тэхніцы. У рэпертуары струннікаў і дагэтуль ягоны квартэт — цудоўная акадэмічная музыка! А сярод няздзейсненага яшчэ тады, у маладосці, — опера “Зоры над соснамі”.
— Эдзі Агняцвет дала мне сваё лібрэта. Яна была ўжо вельмі знакамітай паэтэсай, і на яе лібрэта была пастаўлена ў нашым Вялікім тэатры дзіцячая героіка-патрыятычная опера Рыгора Пукста “Марынка”. Засеў за оперу і я. Паказаў першы акт Ціхану Хрэннікаву, у якога тады вучыўся ў аспірантуры. Той паглядзеў, ухваліў. А пасля, усміхнуўшыся, сказаў: “Што ж, будзе яшчэ адзін магільны пагорачак у гісторыі беларускай музыкі”. І я пераканаўся: не, не маё гэта! Для буйной формы асаблівы талент патрэбны.
Як ні дзіўна, але менавіта ў “буйную форму” ператварыў І.Лучанок сам жанр песні. Яго лепшыя ўзоры — разгорнутыя балады, насычаныя кантрастам, актыўным развіццём. Замест простых паўтораў дзейнічае формула багдановічаўскай фразы з “Веранікі”: “няма таго, што раньш было”, — бо ёсць новае і лепшае! Што ж уласна да оперы, дык узгадайце “Гусляра”. Партытура, у арыгінале пазначаная ўсяго толькі паэмай-легендай, пасля пераасэнсавання “Песнярамі” стала сапраўднай рок-операй.
Цікава, што і знакамітая візітоўка “Мой родны кут” нарадзілася першапачаткова не проста як песня, а ў якасці… лейттэмы радыёспектакля паводле “Новай зямлі” Якуба Коласа. І быў ён створаны за чатыры гады да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, калі песня і стала хітом. У бібліятэцы Дома радыё і зараз захоўваецца коласаўскі томік з тагачаснымі алоўкавымі паметкамі Лучанка — сведка кампазітарскага творчага працэсу.
“Мой родны кут” гучаў і філасофскім эпіграфам да спектакля (дарэчы, у выкананні “Песняроў”), і — у іншым, харавым варыянце — песняй на сельскай вечарынцы з нагоды набыцця зямлі, што папярэднічала смерці Міхала, і проста самотнай інструментальнай мелодыяй.
А ці ведаеце вы, што пры іншых абставінах Ігар Лучанок мог стаць знаным джазменам? Пра тое, як не была праспявана яго цымбальная песня (будучы кампазітар у 14 гадоў быў залічаны артыстам Дзяржаўнага народнага аркестра, якім тады кіраваў Іосіф Жыновіч), ужо пісалі. Як і пра тое, што ён не прадоўжыў скрыпічную кар’еру свайго бацькі (музыкант-аматар, той іграў у славутым тэатры Уладзіслава Галубка). А вось пра лучанкоўскі джаз…
— У верасні 1956 года Леў Молер стварыў джазавы ансамбль. Былі там трубач, саксафаніст, хлопцы з “політэха” (зараз гэта Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт) — адзін, добра памятаю, на акардэоне іграў, была і дзяўчына — салістка-вакалістка. І я — на фартэпіяна. Рэпеціравалі мы пяць з паловай месяцаў і далі свой першы (як пазней высветлілася, і апошні) канцэрт. Праходзіў ён у кінаканцэртнай зале Дома афіцэраў (піяніна там у куточку стаяла) і быў прымеркаваны да Дня Савецкай Арміі. Сярод публікі, як нас папярэдзілі, знаходзіўся маршал Савецкага Саюза Цімашэнка. Мы так ганарыліся, што іграем джаз! І так нам гэта падабалася! Але ўжо пад час выступлення зразумелі, што — усё, нам больш не дазволяць. Таму ігралі — папраўдзе, як у апошні раз! А нам потым: вось, маўляў, да чаго даводзіць эстрада…
Ігар Міхайлавіч не вытрымаў і, павярнуўшыся да раяля, пачаў так “каўбасіць” па клавішах адну з тых джазавых кампазіцый, што яму магла б пазайздросціць і цяперашняя джазавая моладзь. Не, не дарма ён заканчваў кансерваторыю па дзвюх спецыяльнасцях: не толькі як кампазітар (у класе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Анатоля Багатырова), але і як піяніст (у аднаго з заснавальнікаў беларускай фартэпіяннай школы Рыгора Шаршэўскага). І ўвогуле, як любіць паўтараць, заканчваў тры кансерваторыі: не толькі Беларускую, але і Ленінградскую, дзе быў асістэнтам-стажорам прафесара Вадзіма Салманава, а потым — згаданую вышэй аспірантуру ў Ціхана Хрэннікава, да якога ездзіў у Маскву.
Мне ўжо даводзілася адзначаць, што прызначэнне Лучанка, у адпаведнасці з ягоным прозвішчам, — лучыць, злучаць даўніну і сучаснасць, народы, кампазітараў у тым жа творчым саюзе, музычныя стылі. А яшчэ — вылучаць талент дабрыні, шчодра выпраменьваць яго для ўсіх, хто навокал. Яно, вядома, можа ён і пабурчаць, у 70 гадоў — гэта нармальная чалавечая з’ява. Але вы ўслухайцеся ў яго мелодыі: так свецяць сонечныя промні…

Надзея БУНЦЭВІЧ

Два здымкі

Пазнаёміўся я з Ігарам Лучанком па поклічу душы. У эфіры гучала песня “Памяць
 /i/content/pi/cult/170/1597/Luchanok2.jpg
сэрца”, яна вельмі ёміста расказвала пра краіну, мінулае якой я не ведаў. У 60-ыя гады мяне запрасілі на тэлеперадачу, у якой удзельнічаў Ігар Лучанок. Там я і пазнаёміўся з гэтым таленавітым музыкантам і няпростай асобай.
Уваходжанне Лучанка ў стан масцітых праходзіла складана. Маскоўскія калегі, нягледзячы на тое, што песня “Памяць сэрца” стала лаўрэатам, яшчэ не надта шанавалі маладога Лучанка. Адзін з маскоўскіх паэтаў накрэмзаў эпіграму: “Вот в углу сидит щенок, композитор Лученок”. На гэта паэт Барыс Бруснікаў умомант адказаў: “Пусть щенок, пускай слабак, но ведь он в кругу собак”. Ігар з гумарам ацаніў гэтую паэтычную перапалку.
Два здымкі Лучанка, што публікуюцца, раздзяляюць 40 гадоў. Першы я зрабіў у 1968 годзе ў парку імя Янкі Купалы па замове газеты “Советская культура”. А здымак 2008 года зроблены на тым жа самым месцы ў парку — для нашай “Культуры”.

Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара