Ад чатырох “зорак” да бяздумнага “лайка”

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

25 студзеня ў зале пасяджэнняў Міністэрства культуры адбылася адкрытая рада Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. У прысутнасці журналістаў рэспубліканскіх мас-медыя старшыня РЭК доктар філалагічных навук, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ніна Фральцова разам з высокапрафесійнымі знаўцамі ў розных галінах навукі правяла экспертны аналіз дасланых матэрыялаў.

Напачатку старшыня РЭК абвясціла парадак дня. Першым значылася пытанне па фільме рэжысёра Андрэя Курэйчыка “Party-Zan фільм”, які стартаваў у айчынным кінапракаце напрыканцы снежня 2016 года. Нагадаем, як паведаміла ў інтэрв’ю БелТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, “з месцаў сталі паступаць звароты, што праваўладальнік прадстаўляе ў пракат версію фільма, метраж якой адрозніваецца ад заяўленага ў дзяржпасведчанні на 1 хвіліну 49 секунд. Бачачы ў гэтым парушэнне, кінапракатныя арганізацыі ці прыпынялі пракат, ці прапаноўвалі паказаць зарэгістраваную версію. Індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Фрыга, які атрымліваў пасведчанне, прадставіў у Міністэрства культуры 6 студзеня версію фільма, павялічаную на 1 хвіліну 49 секунд. Паколькі дададзены фрагмент змяшчаў інфармацыю, якая можа быць аднесена да рэкламы прадукцыі сексуальнага характару, дыск накіраваны ў Рэспубліканскую камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці”.

Адказны сакратар РЭК запусціла на праекцыйны экран копію стужкі, якую вытворцы прадставілі ў Міністэрства культуры для атрымання пракатнага пасведчання. Эксперты абмяркоўвалі пабачанае, каментавалі моманты, якія маглі б выклікаць пытанні ў пракатчыкаў ці кампетэнтных органаў. Зазначу, што некаторыя члены Камісіі ўжо былі знаёмыя з матэрыялам, прынамсі, галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Салееў прысутнічаў на прэм’ерным паказе стужкі ў сталічным кінатэатры “Масква”. Загадчык аддзела экранных мастацтваў філіяла “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Антаніна Карпілава заўважыла, што стылістыка дадзенага матэрыялу нагадвае стылістыку расійскага канала “ТНТ” з яго “Comedy Club” ды іншымі праграмамі такога кшталту. Паколькі па сутнасці сваёй камісія з’яўляецца мастацтвазнаўчай, у яе склад уваходзіць, акрамя ўрачоў, спецыялістаў з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, шмат мастацтвазнаўцаў. Таму не дзіва, што ім не па чутках вядомыя прадстаўнікі здымачнай групы, акцёры, занятыя ў карціне. Аднак старшыня РЭК нагадала прысутным, што няма сэнсу абмяркоўваць творчы патэнцыял стужкі, бо задача ў Камісіі іншая — праверыць, ці не ўтрымліваюць кадры інфармацыю, якая б уступала ў супярэчнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Камісія аднагалосна адзначыла, што такога ў карціне няма.

Ніна Ціханаўна падсумавала: “РЭК не зафіксавала ў прадстаўленым матэрыяле элементы парнаграфіі, гвалту ці жорсткасці. Згодна з рэгістрам кіна- і відэафільмаў, які дзейнічае да 2 лютага 2017 года, РЭК прысвойвае “Party-Zan фільм” катэгорыю 4 “зоркі” (асобы да 18 гадоў на карціну гэтай катэгорыі не дапускаюцца — Н.П.). Вытворца можа накіроўваць карціну ў кінапракат, тэлевізійныя сеткі і гэтак далей. Гэта ўжо яго справа — займацца пракатным лёсам сваёй карціны”.

Нагадаем, што, згодна з Кодэксам аб культуры, фільмы, якія дэманструюцца на тэрыторыі нашай краіны, неабходна класіфікаваць. У залежнасці ад тэматыкі, жанру, зместу і мастацкага аздаблення, карціна можа быць аднесена да пэўнай узроставай катэгорыі. 15 снежня 2016 года Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 81 вызначаны парадак суаднясення ўзроставых катэгорый і індэксаў, на якія будуць арыентавацца тыя, хто бярэ фільмы да пракату і трансляцыі. Дакумент уступае ў сілу з 3 лютага 2017 года. З гэтага дня індэкс “0” — без узроставых абмежаванняў будзе адпавядаць узроставай катэгорыі “0”. Індэкс “*” — дзецям да 12 гадоў прагляд фільма дазволены ў суправаджэнні бацькоў ці педагога” — узроставай катэгорыі “12+ — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту дванаццаці гадоў”. Індэкс “**” — дзецям да 14 гадоў дазваляецца прагляд ў суправаджэнні бацькоў ці педагога” — катэгорыі “14+ — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту чатырнаццаці гадоў”. Індэкс “***” — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія старэйшыя за 16 гадоў” — катэгорыі “16+ — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту шаснаццаці гадоў”. Індэкс “****” — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія старэйшыя за 18 гадоў” — катэгорыі “18+ — фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту васямнаццаці гадоў”. Да апошняй катэгорыі аднеслі і былы індэкс “Э18” — эратычны фільм, які дазволены для паказу гледачам, якія старэйшыя за 18 гадоў”.

Далей эксперты звярнуліся да наступнага пункту парадку дня. Прадэманстравалі дакументы, якія звязаныя са спрэчнай сітуацыяй жыхаркі Гродна, якая ў адной з папулярных сацсетак захавала ў альбоме здымак з групавой “любоўнай” сцэнай. Апошні пасля правядзення экспертызы быў прызнаны парнаграфічным, жанчыне па далейшым судовым разбіральніцтве было прызначана пакаранне. Гісторыя атрымала рэзананс у мас-медыя. Зараз фота накіравана ў Камісію для паўторнага заключэння.

Кожны з членаў РЭК выказваў сваё меркаванне наконт таго, наколькі дадзеная выява, што знаходзілася доўгі час у публічным доступе ў сеціве, падпадае пад вызначэнне парнаграфіі. Як пасля журналісту “К” удакладніла кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Смірнова: “Члены РЭК працуюць адпаведна з тымі дакладнымі крытэрыямі, якія распрацаваныя і прадстаўлены нам у палажэнні аб працы Камісіі”. Эксперты разумеюць, што хоць рашэнне РЭК носіць усяго рэкамендацыйны характар, за іх вердыктам усё ж стаяць лёсы людзей, таму імкнуцца падыходзіць да справы як мага больш узважана.

За сталом раз-пораз гучалі шкадаванні, што суайчыннікі не ведаюць ды і не задаюцца мэтай даведацца аб механізме распаўсюджвання інфармацыі ў сацсетках, якімі яны карыстаюцца. А між тым некаторыя парталы запраграмаваны так, што лайк пад відэа ці фота аўтаматычна перанакіроўвае гэты файл на “сцяну” кожнага з “фрэндаў”. У іншых можа не быць менавіта такой функцыі, але альбомы, захаваныя на вашай старонцы, на якія вамі не накладзена абмежаванне, апрыёры даступны любому інтэрнэт-карыстальніку. Адпаведна, любая захаваная там інфармацыя з фрывольным зместам падпадае пад артыкул аб распаўсюджванні парнаграфіі. Старшыня РЭК ужо казала са старонак “К”: “Ваша асабістая справа, як вы інтымна арганізуеце ўласныя справы, што чытаеце і глядзіце, але датычнае выхаду да аўдыторыі мае жорсткія межы”.

Напрыканцы пасяджэння была ўзнята тэма дзіцячай парнаграфіі і педафіліі ў інтэрнэце. Вось як гэта пракаментавала “К” Ірына Смірнова: “Сёння распаўсюджванне парнаграфіі ў сеціве, асабліва таго сегмента, які звязаны з дзецьмі, набывае пагрозлівыя памеры. Нездарма 48 краін свету аб’ядналіся дзеля барацьбы з гэтай з’явай. І вельмі добра, што ў Беларусі таксама вядзецца актыўная барацьба супраць падобнага кантэнту. На мой погляд, процідзеянне распаўсюджванню дзіцячай парнаграфіі з’яўляецца абавязкам не толькі непасрэдна нашай Камісіі, але і абавязкам кожнага сацыяльна адказнага грамадзяніна”.

Камісія паспела вырашыць усе пазначаныя ў парадку дня пытанні. Пасля праслухоўвання рэальных спраў разумееш, як шмат пастак падсцерагае кожнага ў неабсяжнай і, здавалася б, некантралюемай інтэрнэт-прасторы. Таму, каб не пападаць пасля ў складаныя абставіны і не спрачацца з законам, лепш лішні раз утрымацца ад лайка ці каментарыя (нават гнеўнага) і ўважліва сачыць за кантэнтам сваіх публічных е-старонак.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"