Бацькі і дзеці: у пошуках кантактаў

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Вось ужо трэці раз у Магілёве прайшоў Міжнародны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”, які на сённяшні дзень, без перабольшання, стаўся адной з самых цікавых і чаканых тэатральных падзей нашай краіны, нават крыху зацьміўшы сабой традыцыйнае, прымеркаванае да Міжнароднага дня тэатра, уручэнне “Крыштальных Паўлінак”. У чым сакрэт такога поспеху яшчэ зусім маладога фестывалю? Найперш, канешне ж, — у акрэсленасці арыенціраў: дакладна вызначаны “маладзёжны” фармат, з аднаго боку, адразу ж фіксуе і фокусную групу, а з другога, дае прастору для асэнсавання працы маладых пад самымі рознымі ракурсамі. А яшчэ ў тым, што арганізатары форуму — упраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны драматычны тэатр — не спадзяюцца на “добрых дзядзечак зверху”, а бяруцца за справу самі, падыходзячы да фарміравання фестывальнай афішы сур’ёзна, удумліва. Як вынік — толькі адзін з трынаццаці спектакляў, прадстаўленых на форуме, выклікаў пытанні адносна мэтазгоднасці яго прысутнасці ў конкурснай праграме. А гэта — прынцыпова важны паказчык наяўнасці ў гаспадароў “М.@rt.кантакту”, акрамя арганізатарскіх здольнасцей, высокіх прафесійных патрабаванняў і мастацкага густу.

Класіка forever
Сёлета “тэмай” “М.@rt.кантакту” стала асэнсаванне сучасным “маладым” тэатрам класікі — большую частку праграмы форуму склалі пастаноўкі па творах такіх “сур’ёзных” аўтараў, як Карла Гоцы, Уільям Шэкспір, Максім Горкі, Альфрэд дэ Мюсэ, Аляксандр Вампілаў, Янка Купала... Ды і шэраг рэжысёраў фестывальных спектакляў даўно ўжо выйшлі з маладзёжнага ўзросту. Зрэшты, акурат узроставы цэнз на “М.@rt.кантакце” даволі ўмоўны — галоўны крытэрый “маладзёжнасці” таго ці іншага спектакля, выпрацаваны падчас форуму “эксперыментальным шляхам”, палягае ў тым, наколькі сама тэматыка пастановак і іх сцэнічная мова блізкія маладзёжнай аўдыторыі, ці здольны той ці іншы спектакль “зачапіць”.
 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi1.jpg

Сцэна са спектакля “Рамэа і Джульета”.

Калі заходзіць гаворка пра тое, што журы на фестывалях выконвае складаную працу, вельмі часта гэтыя словы ўспрымаюцца як какетлівая фармальнасць. Але сёлета “М.@rt.кантакт” увачавідкі паказаў, што наўрад ці магчыма (ды і ці варта!) вылучыць адзін-адзіны крытэрый, па якім можна было б выбудаваць мастацкую “іерархію” форуму. Кожная з прывезеных у Магілёў конкурсных пастановак прыцягнула ўвагу гледачоў цалкам адметна, па-свойму. “Рамэа і Джульета” У.Шэкспіра Кіеўскага акадэмічнага тэатра драмы і камедыі на левым беразе Дняпра — трагічным адчуваннем немагчымасці спыніць імгненне і зафіксаваць прыгожую “love story”; “У чатыры вухі” П.Шэфера Драматычнага тэатра імя Р.Стаянава з балгарскага Габрава — абсалютным цынізмам падыходу ў сучасным маладзёжным асяродку да пытанняў узаемаадносін мужчыны і жанчыны ды “выбару” сваёй пары; “Божыя кароўкі вяртаюцца на зямлю” В.Сігарава кішынёўскага Муніцыпальнага маладзёжнага драматычнага тэатра “З вуліцы руж” — вастрынёй і балючасцю існавання сучасных маладых людзей у маргінальным асяродку, агрэсіўным і знішчальным для асобы.

“Снегіры” Н.Садур маскоўскага Дзяржаўнага тэатра нацый звярнуліся да ваеннай прозы В.Астаф’ева, у якой зусім яшчэ маладыя хлопцы і дзяўчаты трапляюць у жудаснае жэрала вайны (успомнім, што на першым “М.@rt.кантакце” менавіта спектакль магіляўчан “Я твая нявеста” паводле В.Астаф’ева атрымаў Гран-пры форуму), а “Старэйшы сын” Сучаснага мастацкага тэатра з Мінска адрадзіў на сцэне кранальную і надзвычай чалавечную драматургію Аляксандра Вампілава. Ды і два монаспектаклі: іранічна-”лекцыйная” “Стратэгія для дзвюх шынак” Р.Коса варшаўскага Тэатра “Старая Прахоffня” і пачуццёва-эмацыянальны “Палюбоўнік” вільнюскага Нацыянальнага драматычнага тэатра Літвы— кожны па-свойму абудзілі душэўна-эмацыянальны лад гледачоў.

“Кантактныя” ўражанні
Форум падарыў некалькі насамрэч моцных тэатральных уражанняў-адкрыццяў. Прычым не чакаючы, пакуль удзельнікі і госці “М.@rt.кантакту” “даспеюць”: у першы ж вечар Санкт-Пецярбургскі тэатр “Прытулак камедыянта” прадставіў спектакль “PRO Турандот” у пастаноўцы Андрэя Магучага — бадай, адзінага на сённяшні дзень прызнанага авангардыста сучаснай піцерскай сцэны. Але Магучы з яго ідэяй фармальнага тэатра знаны на сённяшні дзень не столькі як рэфарматар, колькі як практык, які “выцягвае” з нетраў тэатральнай гісторыі тыя ці іншыя прынцыпы існавання, актуалізуючы іх і пераводзячы ў “катэгорыю” навацый. Усе яго спектаклі— “Пецярбург”, “Не Гамлет”, “ДК Ламанчаскі”, “Паміж сабакам і ваўком”, “Іваны”, “Кракатук” — сталіся ў свой час пляцоўкай для тэатральных “доследаў на людзях”, і “PRO Турандот” у гэтым шэрагу — не выключэнне.
вярнуўшыся да камедыі дэль артэ — той тэатральнай “стыхіі”, для якой і быў напісаны твор Гоцы, Магучы “вычляняе” адтуль не самі маскі, а — прынцып іх сцэнічнага існавання, пераносячы менавіта яго ў “антураж” нашага жыцця, і пры гэтым надае дзеі крыху урбанізавана-нефармальную, а часам нават маргінальную афарбоўку. Акцёры, занятыя ў спектаклі, існуюць на тым “градусе” тэатральнай імправізацыі, калі яна выбудавана выключна схематычна і абазначана адно толькі ключавымі “вешкамі” сцэнічнай дзеі. Астатняе — на водкуп настрою, эмоцыі, гледачу. І акурат гэтая відочная лёгкасць сцэнічнага існавання (пры ўсёй паўнаважкасці самога спектакля) аказваецца для гледачоў надзвычай прыцягальнай і зманлівай.

Ключ да прачытання сцэнічнага дзеяння Магучы “шыфруе” ў самой назве спектакля. “PRO Турандот” — гэта не звыклая “інсцэнізацыя” Гоцы і не старая казка на новы лад, а, хутчэй, — спроба з іроніяй зірнуць на нашы ўласныя стэрэатыпы і забабоны адносна твораў класічнага рэпертуару. Натуральна, што не мог не ўзнікнуць на сцэне і знакаміты Вахтангаўскі спектакль па гэтай п’есе — у выглядзе невялічкіх тэлетрансляцый, бы своеасаблівы тэатральны ідал, увесь “водар” якога цудоўны якраз гэтай экраннай “адмежаванасцю” яго ад нашых сучасных тэатральных рэалій. А ўжо калі гаварыць пра тэкст самога Гоцы, дык і ён, згодна з традыцыямі дэль артэ, разбураецца акцёрамі тэатра як канон, і служыць выключна для акцёрскіх імправізацый на тэмы, зададзеныя аўтарам, з чаго “вырастаюць” і гісторыі пра еўнухаў, драматычная біяграфія сталення Турандот і яе складаных узаемаадносін з бацькам… У выніку спектакль “ссоўвае” наша прывычнае ўспрыняцце гоцыеўскага сюжэта, абуджаючы іронію ў самых, здавалася б, непадыходзячых момантах, і выяўляючы драматызм звыклых для нас “прахадных” тэм і персанажаў. Ён заглыбляе нас у эстэтыку сучаснай маскультуры, але прадстаўляе яе не як самамэту, а выключна як форму мыслення і існавання ў часе і прасторы, што дае магчымасць якраз і “выкрышталізаваць” больш ярка і шматгранна ўсе тыя зіхоткія “дыяменцікі”, прыхаваныя ў Гоцы. І дэманструе бліскучы, віртуозны ўзровень акцёрскага майстэрства літаральна ўсіх выканаўцаў роляў у “PRO Турандот”.

 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi3.jpg

Сцэна са спектакля “Апошнія”. Іван Каламійцаў — Леанід Рамнёў.

Яшчэ адным фестывальным адкрыццём стаўся спектакль Ніжагародскага ТЮГа “Апошнія” М.Горкага, для беларускага гледача яшчэ і таму, што толькі ў апошнія год-два наш тэатр “успомніў” пра драматургію гэтага аўтара. А між тым, па вастрыні тэмы “Апошнія” ў праграме форуму прагучалі не проста надзвычай сучасна, але нават жорстка і бескампрамісна. Тэма распаду сям’і на фоне ўсеагульнай нівеліроўкі каштоўнасцей у пастаноўцы Вячаслава Какорына прагучала лаканічна і без залішняга сентыменталізму. І акурат ніжагародцы акрэслілі дамінанту фестывальных спектакляў — тэму бацькоў і дзяцей.

У спектаклі Какорына гэтыя два “лагеры” існуюць хаця і пад агульным дахам, але цалкам адасоблена адзін ад аднаго. Старэйшыя Каламійцавы выступаюць у спектаклі ў якасці “адказных” за тую сістэму каардынат, у якой апынаюцца іх дзеці. Кожныз іх — і абодва браты, і жонка Івана — сфармулявалі для сябе “праўду жыцця”, і якая б жорсткая, недарэчная ці непрыглядная, на наш погляд, яна ў кожнага ні была, яны не адступаюцца ад сваіх перакананняў. А потым у роспачы здзіўляюцца: “І ў каго ж удаліся дзеці?” І відавочным становіцца, што праблема не ў тым, як выхавалі бацькі сваіх дзяцей, а ў тым, што яны для іх… не існавалі як дзеці, бо ва ўласных каардынатах цэнтрам заўсёды былі самі Каламійцавы-старэйшыя.

Моцны водгук спектакля ў маладога гледача даў штуршок гаварыць пра надзвычайную актуальнасць тэмы пошуку “дзецьмі” сваіх “бацькоў” не толькі ў жыцці, але і ў мастацтве, у прафесійнай дзейнасці. Бо тэма прафесійнай пераемнасці тэатральных традыцый востра ўзнімаецца на працягу апошніх гадоў не толькі ў беларускім тэатры. Імкненне да дэкларуемага сёння маладымі “самавыяўлення” ў прафесіі— рэч ухвальная, але ж прыход на прафесійную “дзялянку” нават з самымі радыкальнымі ідэямі патрабуе, акрамя жадання, яшчэ і валодання прафесійнымі навыкамі, уменнямі — толькі тады “самавыяўленне” здольнае ператварыцца ў акт мастацкай творчасці.

Але ж акрамя аднаго толькі жадання неабходна памятаць і пра тую адказнасць, якая за

 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi4.jpg

Сцэна са спектакля “Каханнем не жартуюць”.

ягонай рэалізацыяй наступіць, — акурат гэта задэклараваў пераможца сёлетняга форуму — спектакль “Каханнем не жартуюць” А. дэ Мюсэ арлоўскага Дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі “Свабодная прастора”. Здавалася б, што можа быць больш банальна і нудна, чым сур’ёзны расповед “для маладых” пра каханне? Але арлаўчане здолелі знайсці і выявіць у практычна невядомым шырокаму беларускаму гледачу творы Мюсэ не толькі само “каханне”, але і пэўную камедыйнасць сітуацый, і глыбінны псіхалагізм учынкаў герояў, і сапраўдны драматызм сітуацый, калі ў выніку ўласных “гульняў амбіцый” церпяць іншыя, ні ў чым не павінныя людзі.

Рэжысура ў гэтым спектаклі Генадзя Трасцянецкага магла б стаць своеасаблівай “інструкцыяй” па тым, як у тым ці іншым спектаклі можна “падаць” акцёра, нават даволі абмежаванага ў сваіх прафесійных магчымасцях. Калі галоўныя героі вымалеваны даволі падрабязна і тэмпераментна, то “каньком” персанажаў другога плана становіцца прынцып фарсавых “мазкоў”, калі адна характэрная рыса — “фішка” — развіваецца і праводзіцца акцёрам праз увесь спектакль.

Можна было б шмат гаварыць пра спектаклі, прадстаўленыя на форуме, шукаць у іх прыкметы маладзёжнасці і разважаць на тэму слушнасці вылучэння самой катэгорыі “маладзёжных спектакляў”. Але гэта — “забава” для тэатральных прафесіяналаў. Гледачы ж пад час форуму “вывелі” сваю формулу маладзёжнасці: нясумны спектакль, спектакль, які не хочацца “выключыць”...

Нашы ў горадзе!

Адным з важных стратэгічных дасягненняў форуму сталася тое, што сёлета ў конкурснай праграме значна павялічылася колькасць беларускіх спектакляў.

 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi2.jpg

Сцэна са спектакля “Яна і Я”. Яна — Вольга Насулька.

Акрамя гаспадароў фестывалю — Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра са спектаклем “Яна і Я” паводле Янкі Купалы — свае пастаноўкі прадставілі Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі— “Сталіцу Эраунд” Сяргея Гіргеля, Сучасны мастацкі тэатр — “Старэйшага сына” Аляксандра Вампілава і Тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — пластычны праект “Не танцы”. Безумоўна, гаварыць пра “конкурс” на ўдзел у форуме сярод беларускіх прэтэндэнтаў пакуль што рана — гэта ўсё ж справа не аднаго года. Але тое, што ў нас пачаў фарміравацца жывы асяродак тэатра маладых і для маладых, якія дэкларуюць уласныя мастацкія шляхі і прапануюць свае пастаноўкі, не асімілюючыся ў прасторы і пастановачных традыцыях існуючых “старых” тэатраў, заслугоўвае павагі і падтрымкі.

Пра магілёўскую пастаноўку паэмы Янкі Купалы “Яна і Я” мы ўжо пісалі на нашых старонках. І пад час форуму, праз некалькі месяцаў, што прайшлі з прэм’ернага паказу спектакля, відавочна было: магілёўскі глядач не проста прыхільна ставіцца да “сваіх” на сцэне, а— зацікаўлена ўспрымае нетрадыцыйную для драматычнага тэатра стылістыку пластычнага дзейства. Нават прытым, што мысленне сучаснага беларуса сёння надзвычай прагматычнае, і мы, як сказаў малады тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў, больш верым у міліцыянераў, чым у русалак. “Яна і Я” якраз і імкнецца стварыць на сцэне атмасферу спрадвечных рытуальна-архетыпавых рэалій жыцця і “пасяліць” туды нас — людзей з сучасным мысленнем. Для таго, каб улюбіць у свет сваіх продкаў, зачараваць ім…

Асаблівай “фестывальнай радасцю” сталася тое, што двое з маладых беларускіх рэжысёраў, якія прынялі сёлета ўдзел у конкурсе “М.@rt.кантакту”, атрымалі своеасаблівы шлях у прафесію пару гадоў таму менавіта тут, у Магілёве, прадэманстраваўшы свае работы пад час “пілотнага” форуму. Сёлета яны — Сара Токіна і Яўген Карняг — паўсталі перад публікай “М.@rt.кантакту” ўжо самастойнымі рэжысёрамі. І абодва іх спектаклі— “Сталіца Эраунд” Сары Токінай, пастаўленая пад эгідай Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, і “Не танцы” Яўгена Карняга, створаныя з выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на базе Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча, выклікалі прыязныя водгукі не толькі з боку тэатральных прафесіяналаў, але і ў фестывальнай аўдыторыі, якая, дарэчы, ці не галоўны “народны” прыз — глядацкіх сімпатый — аддала “Не танцам”. І не выпадкова, бо малады калектыў

 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi5.jpg

Сцэна са спектакля “Не танцы”.

прадэманстраваў са сцэны не толькі ўласна маладосць і прафесійны азарт, а прынцыпова новы для беларускага тэатра ўзровень сцэнічнага мыслення, дзе глыбіня метафары не абмяжоўваецца даўжынёй слова ці працягласцю гучання музычнай кампазіцыі. А самі рэжысёры, кожны па-свойму, адкрытыя для ўспрыняцця сучаснай тэатральный эстэтыкі і трансляцыі яе на беларускай сцэне без аглядкі на пэўныя традыцыі.

Майстры і класы
З самага пачатку адной з задач “М.@rt.кантакту”, поруч з конкурснай праграмай, была арганізацыя разнастайных майстар-класаў для маладых акцёраў, рэжысёраў, драматургаў не толькі магілёўскага тэатра, але і з усёй Беларусі. Прынцыповым адрозненнем гэтых майстар-класаў ад інстытуцкіх заняткаў з’яўляецца тое, што на іх маладыя людзі не столькі набываюць новыя веды, колькі далучаюцца да іншай “сістэмы ўменняў”, адкрываюць для сябе тэатральную практыку, у прыватнасці, некаторыя яе “закуточкі”, часта невідочныя на першы погляд. І сёлета літаральна ўсе — і сталыя практыкі тэатра, і маладыя ўдзельнікі форуму — ці не ў адзін голас заяўлялі, што падобную практыку патрэбна не толькі працягваць, але і істотна пашыраць.
Акурат у гэтым ключы працякала і абмеркаванне вынікаў сёлетняй лабараторыі маладой рэжысуры, прадметам увагі якой была гэтым разам нацыянальная класіка.
 /i/content/pi/cult/156/1258/Backi7.jpg

Сцэна са спектакля “Каханнем не жартуюць”. Дама Плюш — Маргарыта Рыжыкава.

Прадэманстраваныя ўрыўкі з п’ес беларускіх аўтараў — “Залётаў” Дуніна-Марцінкевіча, “Манькі” Аляхновіча, “Экзамену на восень” Шамякіна і “Сну на кургане” Купалы — далі падставы гаварыць не толькі пра тыя падыходы да нацыянальнай класікі, якія сёння абіраюць у тэатры маладыя людзі, але і пра больш важныя рэчы — адраснасць падобнай работы. Безумоўна, экстрэмальныя “лабараторныя” ўмовы, калі рэжысёры за некалькі дзён вымушаны “прадаць сябе” і прадставіць на суд гледачоў нейкі больш-менш закончаны прадукт, не даюць ім магчымасці ў поўнай ступені выяўляць свае прафесійныя якасці. А таму форма існавання самой лабараторыі мусіць быць карэнным чынам перагледжана, хутчэй за ўсё, — у бок вузкаспецыялізаванай “працоўнай біржы”. Таму што такі шлях, у адрозненне ад КВЗ-шнай дэманстрацыі ўласнай крэатыўнасці, падаецца больш плённым і важным для таго, каб маладыя рэжысёры “пакаштавалі прафесійнага хлеба” (многія з іх гаварылі пра тое, што практычнае “судакрананне” з тэатрам дало ім для разумення і адчування будучай прафесіі больш, чым тэорыя).

Да заслуг “М.@rt.кантакту” варта, безумоўна, залічыць і тое, што ў праграме форуму быў прадугледжаны шэраг так званых “тэарэтычных” мерапрыемстваў — штодзённыя абмеркаванні конкурсных спектакляў, творчыя дыскусіі, прэзентацыі маладых тэатральных дзеячаў, пра што мы ўжо гаварылі. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што, пры ўсёй нешараговасці падобнай сітуацыі для беларускага тэатра з яго крызісам прафесійнай камунікацыі, нямногія тэатральныя практыкі праявілі свой інтарэс да форуму і былі заўважаны ў колах зацікаўленых гасцей. А шкада: не так шмат у нашай краіне міжнародных тэатральных фестываляў такога годнага ўзроўню, дзе збіраюцца насамрэч цікавыя пастаноўкі, актуальныя ў тэатральнай прасторы. Не думаю, што нашы рэжысёры і акцёры, асабліва ў абласных і рэгіянальных тэатрах, могуць пахваліцца “перадазіроўкай” тэатральных уражанняў і кантактаў. І, як мне здаецца, удзел іх у падобных імпрэзах нават не мусіць абмяркоўвацца: камандзіроўка ў Магілёў двух-трох прадстаўнікоў ад кожнага беларускага тэатра абыдзецца мясцоваму бюджэту нашмат танней, чым “глабальныя” замежныя стажыроўкі нават у бліжэйшыя да нас Расію ці Украіну. А вось каэфіцыент карыснага дзеяння ад іх будзе заведама нашмат вышэйшы: таму што ўсе гэтыя сканцэнтравана-асэнсаваныя ўражанні змогуць паўплываць не толькі на творчыя планы і ідэі нашых творцаў, але ж і сфарміраваць у іх не местачкова-прыніжанае ўспрыняцце сучаснага беларускага тэатра як “закінутага дзіцяці еўрапейскіх ваколіц”, а ўбачыць уласную паўнавартаснасць, параўнаць усё наша з тэатральнымі працэсамі і інтарэсамі суседзяў. І — галоўнае — перанесці гэты досвед у свае спектаклі, а значыць — у душы гледачоў.

 

Таццяна КОМАНАВА
Фота Яўгеніі АЛЕФІРЭНКА

 
“Маскамі”... не жартуюць

Прафесійнае журы форуму адзначыла:

— невычарпальны дух маладосці майстроў Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Зоі Бурцавай і Аляксандра Палкіна, якія па-за конкурсам, у начны час, сыгралі свой спектакль “Як быць шчаслівым”;

— вялікі прафесійны рост маладых магілёўскіх акцёраў у спектаклі “Яна і Я”;

— шчырае суперажыванне героям малдаўскага спектакля “Божыя кароўкі вяртаюцца на зямлю”;

— асаблівую ўдзячнасць спектаклю “Снегіры”.

Спецыяльны прыз атрымала Славяна Георгіева — за ролю Дорын у спектаклі “У чатыры вухі” П.Шэфера Драматычнага тэатра імя Р.Стаянава (Габрава, Балгарыя).

Прызы і дыпломы фестывалю:

“За сучаснае прачытанне класічнай драматургіі” — “Апошнія” М.Горкага Ніжагародскага тэатра юнага гледача (Ніжні Ноўгарад, Расія);

“Лепшая маладая актрыса форуму” — Вольга Лук’яненка за ролю Джульеты ў спектаклі “Рамэа і Джульета” У.Шэкспіра Кіеўскага акадэмічнага тэатра драмы і камедыі не левым беразе Дняпра (Кіеў, Украіна);

“За пошук і эксперымент” — “PRO Турандот” К.Гоцы Дзяржаўнага драматычнага тэатра “Прытулак камедыянта” (Санкт-Пецярбург, Расія);

“За лепшы маладзёжны спектакль форуму” — “Не танцы” Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Мінск, Беларусь);

Гран-пры — “Каханнем не жартуюць” А. дэ Мюсэ Дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі “Свабодная прастора” (Арол, Расія).

 

А вось альтэрнатыўнае маладзёжнае Журы адзначыла “рэспектамі”:

“За праўду жыцця” — “Божыя кароўкі вяртаюцца на зямлю” В.Сігарава Муніцыпальнага маладзёжнага драматычнага тэатра “З вуліцы руж” (Кішынёў, Малдова);

“За актуальнасць праблематыкі” — “Апошнія” М.Горкага Ніжагародскага тэатра юнага гледача (Ніжні Ноўгарад, Расія);

“За лепшы маладзёжны склад” — “Снегіры” В.Астаф’ева Дзяржаўнага тэатра нацый (Масква, Расія);

“За маладзёжны рэжысёрскі погляд” — “PRO Турандот” К.Гоцы Дзяржаўнага драматычнага тэатра “Прытулак камедыянта” (Санкт-Пецярбург, Расія);

“За маладзёжную экспрэсію” — “Каханнем не жартуюць” А. дэ Мюсэ Дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі “Свабодная прастора” (Арол, Расія);

Прыз глядацкіх сімпатый — “Не танцы” Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Мінск, Беларусь).