“У кіно знімацца ўжо хачу!”

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Аляксандр КУЛЛІНКОВІЧ, лідар гурта “Нейра дзюбель”, калумніст газеты “СБ — Беларусь сегодня”
Дзіцем, у адрозненне ад многіх, я не хацеў здымацца ў кіно. Нецікавым мне гэта здавалася. Але любімыя кінагероі, вядома, былі. Напрыклад, Шура Балаганаў. Вось такія тыпажы мне падабаліся.

/i/content/pi/cult/542/11828/5-1.jpgІ ўсё ж, стаўшы музыкантам, з кінематографам я сутыкнуўся шчыльна, калі лічыць кліп малодшым зводным братам звычайнага фільма. Некалькі першых відэа гурта “Нейра дзюбель” былі знятыя ў рамках тэлевізійных праграм: у 1992-м падчас перадачы “Карамболь”, у якой мы ўдзельнічалі, яе здымачная група візуалізавала песню “Во поле берёза стояла”; тое ж у 1994-м у “Акаладзе” зрабілі з кампазіцыяй “Партызаны ляцяць”. Але абодва ролікі па-за гэтымі праектамі больш па тэлевізары не паказвалі.

А вось зняты Тамарай Лісіцкай у рамках праграмы “12, або На ноч гледзячы” кліп на “Нічога на свеце больш няма” потым круціўся на экранах. А першым сапраўдным відэа нашага гурта лічыцца ролік Анатоля Вечара на трэк “Гагарын” (1996). Аднак сваё з’яўленне і ў гэтых роліках, і ў тых, што былі знятыя пазней, я да акцёрскай працы, натуральна, не адношу. Ну што я ў іх рабіў? Адкрываў рот пад фанаграму, варушыў надброўнымi дугамі і да таго падобнае. Па вялікім рахунку, рэдка дзе ў іх прагледжваецца хоць трохі разумная драматургія.

Мой жа дэбют у поўнаметражным кіно адбыўся годзе ў 2012-м: у адным з эпізодаў расійскага серыяла “Белыя ваўкі” рэжысёра Ігара Забары сыграў кіраўніка банды. Вялікая роля, але ўспамін пра яе псуе тое, што мяне пераагучылi. Пасля мяне можна было ўбачыць у фільме “Вышэй за неба”: на фінальных тытрах ў ролі кабельшчыка-антэншчыка.

Мабыць, сцэнарыст і прадзюсар гэтага праекта Андрэй Курэйчык так уразіўся маёй ігрой, што запрасіў мяне ў свой рэжысёрскі дэбют — у стужку “ГараШ”, якую мы адзнялі толькі што. З самага пачатку прапанаваная Андрэем і прадзюсарам карціны Дзмітрыем Фрыгам роля мне не спадабалася. Чалавек, якога я павінен быў сыграць, здаваўся мне залішне агрэсіўным, а такія паводзіны ў рэальным жыцці мне не ўласцівыя, таму і жадання асаблівага не ўзнікла ўлезці ў яго скуру ды сумневы апаноўвалі: ці змагу я справіцца? Але ў працэсе здымак характар героя стаў перажываць трансфармацыю.

Наогул, ключавым словам для таго, каб зразумець, скрозь якую прызму здымачная брыгада рабіла гэты фільм, служыць “Шабаны” — адзін з мінскіх прамысловых мікрараёнаў з усёй яго адпаведнай аўрай. Сярод людзей, якія яго насяляюць, мне хочацца ў гэта верыць, ёсць такія, як мой персанаж: яны не ўнушаюць аптымізму нікому, у тым ліку сабе, а ўнутры — добрыя. Нармальны дзядзька, які працуе ў аўтасервісе з прыяцелем-напарнікам (яго сыграў бэк-вакаліст “...Дзюбеля” Юрый Навумаў), са сваім светам, з робленай бравадай. Ён можа паплакацца, хутка жыве ў гэтым свеце, дзе людзей хутка хаваюць. Вось гэтыя яго характэрныя рысачкі ёсць і ўва мне — рэальным. У гэты ўстойлівы соцыум уліваецца беларус, які вярнуўся на радзіму з ЗША: сербануў ён там “сапраўднай дэмакратыі з праўдзівай свабодай” і апынуўся зноў там, адкуль некалі збег. Тут пачынаюцца розныя прыгоды...

Я задаволены сваёй ігрой, партнёрамі, здымачнай групай, з якой літаральна зрадніўся, бо яна працавала, як адзіны кулак. Фільм знялі за трое сутак (падкрэслю: сутак, а не дзён, а таму я дакладна выматаўся). Вельмі хочацца верыць, што вынік не апынецца... “трохсутачным”, злепленым на хуткую руку. Ёсць адчуванне таго, што і артысты ўсё зрабілі сумленна, і знялі матэрыял прафесійна. Але, зыходзячы са свайго музычнага вопыту, я ведаю, што, здавалася б, бездакорны матэрыял “намаганнямі” прадзюсараў, тых, хто зводзіў песні, можна ператварыць у нішто, як, напрыклад, у выпадку з трыб’ютам “ПесняРок”.

Курэйчык казаў пра тое, што, калі праект зачэпіць гледачоў, атрымае нейкую матэрыяльную аддачу, то ў яго будзе працяг у выглядзе серыяла. Чуў я і пра тое, што “ГараШом” і яго будучыняй зацікавіліся спонсары. А пакуль трэба дачакацца прэм’еры карціны, якую Андрэй разлічвае паказаць у нашых кінатэатрах восенню. Жыццё пакажа.

Дарэчы, асабіста для мяне асноўная ідэя фільма падобная фразе “Жыццё працягваецца”. Увогуле, зараз я ў кіно здымацца хачу. У ролі Астапа Бэндэра...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"