Час, калі будуецца вобраз

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Лёс актрысы на фоне Гродна
Актрыса Людміла Волкава больш за трыццаць гадоў аддана служыць Гродзенскаму абласному драматычнаму тэатру. А пачыналася ўсё з таго, што на золку творчай дзейнасці ў якасці тэатральнай актрысы яна паралельна дэбютавала і ў кіно. Сёння Людміла не мае вялікай фільмаграфіі, аднак убачыўшы аднойчы на экране ейнае прыгожае аблічча, немагчыма не пацікавіцца: “Хто заняты ў гэтай ролі?”. Волкава быццам створана для кіно.

/i/content/pi/cult/499/10696/8-6.jpg

Ларыса Волкава ў спектаклі "Тры ўзросты Казановы". / ФОта з архива тэатра

У 1971 годзе рэжысёр Юрый Цвяткоў запрасіў яе здымацца ў фільме “Вясновая казка”, пастаўленым на кінастудыі “Беларусьфільм” па матывах п’есы “Снягурка”. Яркая прывабнасць не засталася незаўважанай, і актрысу здымалі далей: “Чорная бяроза” (1977 г., рэжысёр — Віталь Чацверыкоў), “Самотная жанчына жадае пазнаёміцца” (1986 г., Вячаслаў Крыштафовіч), куды яе запрасілі ў Харкаве з гастролей тэатра. У кіно спадарыні Людміле пашчасціла працаваць з цэлым сузор’ем выдатных беларускіх акцёраў, у тым ліку са Стэфаніяй Станюта пад час здымак тэлеверсіі спектакля “Брама неўміручасці” купалаўцаў паводле камедыі Кандрата Крапівы, дзе ёй прапанавалі ролю Наталлі (версія ўвайшла ў “залаты фонд” Беларускага тэлебачання).

Ды сталася так, што менавіта ролі ў тэатры задалі асноўныя тэмы творчасці Волкавай, а кіно не прывабіла. Такія супрацьлегласці ў яе лёсе сустракаліся неаднойчы: скажам, у ейнай сям’і не было нікога, хто меў бы дачыненне да тэатра, а сама Людміла ў школьныя гады цікавілася гісторыяй і геаграфіяй, бачыла сябе, хутчэй, на раскопках, у складзе экспедыцыі ці за апісаннем чарапкоў у цішы кабінета. У Тэатральны інстытут паехала паступаць… за кампанію. Паступіўшы, вучылася лёгка. Але сумневы з нагоды абранай прафесіі ўсё ж былі. Выпадкова апынулася яна і ў Гродне, бо па заканчэнні інстытута, у 1971-м, яркую Волкаву запрашалі ўсе тэатры. Купалаўскі нават прапанаваў інтэрнат. Дзяўчынай яна ўявіла сабе шэраг ложкаў у адным пакоі — і адмовілася. Вырашыла, што паедзе туды, дзе дадуць кватэру. Гродна стаў якраз такім горадам. Але напачатку ёй хацелася жыць у мегаполісе, каб у ім было як мінімум дзесяць тэатраў, яна жадала гарадскога тлуму, натоўпу, вялікай колькасці мерапрыемстваў. І нават калі з працай у тэатры ды з асабістым жыццём у Гродне складвалася ўсё выдатна, жаданне з’ехаць, нават змяніць прафесію не пакідала. І яна сыходзіла з тэатра, з’язджала з горада, шукала сябе. Пад час вучобы ў Мінску паралельна працавала мадэллю ў розных атэлье, у тым ліку ў Доме мадэлей Львова. Была яшчэ праца ў тамтэйшым Драматычным тэатры, што цяпер носіць імя Лесі Украінкі, у мінскім Тэатры імя Янкі Купалы…

Але жыццёвыя абставіны вярталі Людмілу Волкаву зноў у Гродна — і зноў у наш тэатр. Тут у яе склаўся сапраўды шчаслівы лёс: адданы муж Пётр, які працаваў калісьці побач з ёй, дачка і два ўнукі. У Гродне ж атрымана званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, сыграна шмат роляў, пераважна — галоўных: Барбары Радзівіл у “Чорнай панне”, Рагнеды ў “Рагнедзе і Уладзіміры” Аляксея Дударава, Марты ў “Кароль, дама, валет” Уладзіміра Набокава, Гелі ў “Варшаўскай мелодыі” Леаніда Зорына, Мацільды ў “Графіні Шардэн” (“Гаральд і Мод” Коліна Хігінса), Настаўніцы ў спектаклі “Дарагая Алена Сяргееўна” Людмілы Разумоўскай — усіх не пералічыш. Яшчэ з імем Волкавай заўсёды згадваецца спектакль “Нора” Генрыка Ібсэна, які таксама папоўніў “залаты фонд” Белтэлерадыёкампаніі. А тое, што аб’ядноўвала створаныя ёю вобразы, — уласцівая ёй прыгажосць, вытанчанасць, чысціня і высакароднасць натуры. І яе сцэнічная прывабнасць не перастае быць такой жа прыцягальнай.

Сцэнічныя работы апошніх гадоў здзівілі гледачоў не ўласцівым раней амплуа яркай камедыйнай актрысы. Яна бліскуча сыграла чароўную Цётку Нуну ў “Шафёры Арчыбальдзе” Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай, мяшчанку Еўдакію Піліпаўну ў камедыі “За двума зайцамі” Міхайлы Старыцкага і зусім нечакана пераўвасобілася ў гратэскную Яўгену ў "Танга" Славаміра Мрожака.

Актрыса прызнаецца, што любімы час працы ў тэатры для яе — працэс рэпетыцый, час, калі будуецца вобраз. Яна доўга памятае сваіх герояў: знешнасць, характар, чым жыве персанаж, усе яго пачуцці. А гэты ўжо цэлы багаж, які, з разуменнем глыбінна-псіхалагічных працэсаў тых роляў і творчасці ў цэлым, прывёў Людмілу Волкаву да пастаноўкі спектакля “Жаночы дуэт на фоне Моцарта”. У спектаклі, дзе задзейнічаны артысты тэатра і Гродзенскай капэлы, актрыса ў якасці рэжысёра разважае аб ролі жанчын у творчасці і лёсе геніяльнага кампазітара, аб узаемапранікненні кахання і творчасці. Пасля спектакля рэжысёру крычалі “Брава!”, як звычайна крычаць прыхільнікі таленту ёй у якасці актрысы. Але нават сёння, пасля даволі шчаслівага творчага існавання на сцэне, Людміла Волкава кажа, што не назвала б тэатр сваім жыццём. Хутчэй — лёсам…

Лана ПЯТРОЎСКАЯ, вядучы рэдактар літаратурны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра