Футра на футры і футрам паганяе, альбо У чым сустракаць люты

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Ні глабальнае пацяпленне, ні ахова жывёльнага свету і барацьба “зялёных”, ні дарагоўля гэтага матэрыялу, ні шмат іншых знешніх фактараў не вынішчаць са славянскай душы любові да футра. Яна, здаецца, сядзіць глыбока-глыбока, у кодзе генетычных ланцужкоў, і штовосень ды штозіму вырываецца напаверх, як толькі выпадае хоць які-ніякі снег. Дызайнеры гэта ведаюць, таму кожны год падтрымліваюць нашу любоў да футра то па-новаму выстрыжанай норкай, то новымі афарбоўкамі, то штучнымі фактурамі “а-ля мокрая курыца”.

Чатыры кані за два сабалі
Для беларусаў футра зяўляеццагенетычна прывабнымне толькі з-за кліматычных умоў, славянскіх ідэалаў прыгажосці і даступнасці кожнаму: для бяднейшыхтрус, для заможныхсобаль. Гэты матэрыял у старажытнасці быў адным з найбольш каціравальных тавараў на ўнутраным і знешнім рынках і служыў грошамі, калі шкуркамі куніцы можна было заплаціць за тавар ці падатак.
 /i/content/pi/cult/147/1018/Futra1.jpg

Партрэт Канстанцыі Панінскай у мантыі
на
гарнастаевай падбіўцы.

На нашай тэрыторыі выраблялі шкуркі з баброў, вавёрак, ліс, выдраў, гарнастаяў, куніц, рысей, барсукоў, норак, дзікіх катоў, але самым дарагім футрам было сабалінае. Парасабалёў высокіх”, як сведчыць магілёўскі дакумент, у 1679 годзе ацэньвалася ў 400 злотых, што адпавядала кошту чатырох добрых коней. Для параўнання: сорак гарнастаяў каштавалі 26, а шкура мядзведзя — усяго 7 злотых.

Любіла шляхта ды заможныя гараджане і бабровае футра, на што ўказваюць спецыяльныя “бабровыя гоны” ў панскіх лясах і кошт на гэтых жывёлін. Так, у 1716 годзе бабёр у Магілёве каштаваў 25 злотых, калі ў той час цяля — 6, палова барана — 2, а цэлы кажух — 15 злотых.

Для жанчын футра шылася на розны манер. Напрыклад, калі каштоўным ворсам наверх — на манер сучаснага футра, якое прывілеяваныя асобы любілі шыць з куніцы, собаля, лісы, — такое і называлі футрам. Менавіта ж “шубамі” называлі нешта кшталту сучасных зімніх паліто, калі сшытыя шкуркі жывёлін пакрывалі прыгожай тканінай. У высокага саслоўя гэтая вопратка была найбагацейшай, і не толькі па матэрыяльных, але і сацыяльных прычынах. Каб заможныя мяшчанкі, якія маглі дазволіць сабе шыкоўную “шубку”, не прыпадабняліся да шляхцянак, Сейм Рэчы Паспалітай вынес шэраг пастаноў, якія забаранялі асобам нешляхетнага стану насіць дарагое футра. Аднак гэтыя правілы часта парушаліся, за што даводзілася расплачвацца кашальком.

Калі футра пакрывалі тканінай, гэта магло быць і сукно, і аксаміт, і шоўк. У заможнай шляхты і вярхушкі гараджан асаблівай папулярнасцю карысталася “кітайка” — шаўковая ўзорыстая тканіна з Усходу. Святочныя “шубы” прадстаўніц высокага саслоўя пакрывалі дарагімі імпартнымі тканінамі яркіх колераў, што было іх узаконеным прывілеем, абшывалі каштоўнымі камянямі і зашпільвалі на залатыя ці срэбраныя гузікі. Такія “шубы” не насіліся штодня — яны мелі звышзадачу дэманстрацыі статуса, і калі трэба было праявіць яго летам, апраналі такое футра нават у спякоту.

Калі футра пакрывалі не шоўкам, а сукном, выбар апошняга станавіўся няпростай цырымоніяй. Яго абнюхвалі, пагладжвалі, спрабавалі расцягваць і рваць. Якаснае сукно павінна было быць мяккім, шчыльным і моцным, а пры рэзкім працягванні між пальцаў і на разрыў давала звонкі гук і трэск. Калі яно пахла салам — значыць, дрэнна прамытае, калі навобмацак было калючым і грубым — не надта добрай якасці. Як і сёння, у XVI — XVII стст. лепшым сукном лічылася высакаякаснае англійскае, нямецкае і італьянскае, якое тады выбіралася ярка-чырвонага колеру і называлася “кармазін”. Магнатам і найзаможнай шляхце яно падабалася больш за астатнія, таму за вочы іх звалі “кармазінавай шляхтай”.

Крумкачовы бруталізм і махнатыя жахі

“Футра — пластычны і фактурны матэрыял. Ён падкрэслівае сілуэт, робіць вопратку больш выразнай і выдатна спалучаецца з лакіраванай скурай, шоўкам, металічнымі аздабленнямі.

Сучасныя тэхналогіі, напрыклад, лазерная апрацоўка, адкрываюць бязмежныя магчымасці для яго выкарыстання нават летам: для вытанчаных сукенак, футравых блузак ці лёгкіх жакетаў”, — так у інтэрв’ю аднаму транснацыянальнаму часопісу моды ахарактарызаваў сённяшняе футра былы віцебскі, а цяпер вядомы расійскі дызайнер-мадэльер Ігар Чапурын. У сваё кароткае азначэнне важных гэтай зімой якасцей моднага футра ён уключыў галоўныя: пластыку, фактуру, сілуэт, сучасныя тэхналогіі, спалучэнне
 /i/content/pi/cult/147/1018/Futra2.jpg

З калекцыі Беларускага цэнтра моды.

Восень — зіма 2007/2008.
неспалучальнага. У прынцыпе, гэта ўсё тое, чым вымяраюцца актуальныя трэнды ў сезоне восені — зімы 2007/2008. І футра, як паслухмяны любімец публікі, які хоча, каб яго любілі і надалей, падпарадкоўваецца ім.

Калі зірнуць агульна і структурна на сезон, падрыхтаваны індустрыяй моды для сваіх ахвяр, мы вылучым тры асноўныя блокі выкарыстання футра. У першым мы сустрэнем футравыя паліто, футра, паўкажушкі, камізэлькі, жакеты, пелерыны з рэтра-настроем — адным словам, усё, што цалкам зроблена з футра. Якога — натуральнага ці штучнага — не мае ніякай розніцы. Балем кіруюць толькі крытэрыі, якія слушна вызначыў Чапурын, і толькі яны маюць каштоўнасць сёлетняй зімой. Напрыклад, фактура: чым больш лаканічны колер, тым больш выразная фактура матэрыялу. З гэтай падачы ў модзе даўгаворсавае футра кшталту авечага, якое “ажывае”, “танчыць” пасмачкамі ў ветранае надвор’е. Каб такая фактура не гублялася, дызайнеры прапануюць для яе манахромныя колеры, у якіх асабліва праявіўся брутальна-крумкачовы чорны — у суладдзі з металічнымі і лакіравана-скуранымі аксесуарамі. Тут жа заўважым, што чым даўжэйшы ворс, тым большы атрымаецца аб’ём, які слушна будзе выкарыстаць як у Y, так і ў X-сілуэце: з абвужаным нізам ці шырокім рэменем, што абазначыць талію. І наадварот: калі футра кароткаворсавае або стрыжанае, для яго фактуры найбольш падыдзе сілуэт-форма любога восеньскага паліто: ці то з кароткімі рукавамі, ці то іншага якога трэнда.

Калі першы блок заўзятарам моды будзе найдаражэйшы па цане, дык другі — больш дэмакратычны і арыгінальны. У ім футра выступае толькі як дэталь адзення, якая дзякуючы характару ворсу стварае аб’ём там, дзе таго патрабуе сілуэт таго ці іншага трэнда. Напрыклад, нельга не заўважыць, якую ўвагу дызайнеры надаюць апошнім часам аб’ёмам рукавоў, балонападобных спадніц, накладных кішэняў, каўняроў… Зімой усе аб’ёмы бярэ на сябе футра! Крыху дзіўна выглядае аблягаючая сукенка з футрам па нізе, дзе яно можа лаканічна ўладкавацца як апушка па падоле, а можа і падняцца аж да сцёгнаў. “Вы бачылі гэтую сукенку з махнатым, выбачайце, азадкам?! Жах!” — разам з беларускім мадэльерам Людмілай Лабковай і мы былі здзіўлены, калі ўпершыню ўбачылі такую мадэль сукенкі год таму на Тыдні моды ў Беларусі. Наша здзіўленне вырасла яшчэ больш, калі той кравецкі шэдэўр атрымаў высокую ўзнагароду, кшталту — “Сукенка сезона”. Прайшоў год, і сёння мы глядзім на яе і думаем: “А нішто сабе, на мароз пад дваццаць пяць — самае тое”…

Практычнымі і карыснымі ў другім блоку падаюцца і шчыльнашарсцяныя вузкія жакеты і паліто з футравымі рукавамі. Трыкатажныя “алімпійкі” на “маланцы”, джэмперы — з футра, скураныя і балоневыя курткі — з футравымі апушкай і дэталямі, паліто— з футравым каўняром. Нават там, дзе футра на першы погляд няма, — прыгледзьцеся: мабыць, яно схавалася ў адным са слаёў тканіны? Гэта таксама модна. А там, дзе футра няма, яго імітуюць — пер’ем, новатэхналагічным тэкстылем са “звярынай” фактурай.
 /i/content/pi/cult/147/1018/Futra3.jpg
Дарэчы, новыя матэрыялы нават “зялёных” ставяць у тупік. На адным з міланскіх Тыдняў моды яны памылкова ўсчынілі акцыю пратэсту супраць знакамітай дызайнеркі Міучы Прада, якая выкарыстала для сваіх паліто новы “футравы” тэкстыль — насамрэч бяскрыўдны: з шэрсці і махеру.

Перад тым як перайсці да трэцяга блока, адзначым яшчэ адну рысу другога: футравая дэталь можа быць не толькі на матэрыяле іншага плана, а… і на самім футры. Тады гэта выглядае як апушка з аб’ёмнага ворсу, напрыклад, лісіцы, на футэрку са, скажам, стрыжанага пясца. Тут вам і фактура, і спалучэнне неспалучальнага.

І, нарэшце, трэці блок, які больш разлічаны на маладзёжную аўдыторыю, — футра ў якасці аксесуара: ад абутку — да пацерак з пластыку і “шматкамі” чарнабуркі. Да гэтай катэгорыі падпадаюць таксама “махнатыя навушнікі” з труса, бранзалет з норкі, сумачкі з лісы, дэкаратыўныя муфты замест рукавіц.

Цікавымі на выгляд падаюцца мікрасумачкі з чарнабуркі, падобныя на футравыя клубочкі ці пушыстых кацянят. Гэта цікавы варыянт, калі разглядаць яго як нэсэсэр да шаўковай ці атласнай сукенкі на вечар, у стылі залатых гадоў гламуру вышэйшай пробы — шыкоўных трыццатых. Тады ведалі, як і з чым насіць футра... Сёння ж мода прадастаўляе шырокі выбар на любы густ — і “сапсаваны”, і высакародны. Вам жа застаецца толькі зрабіць крок у той бок, дзе вам утульней.

 Святлана КАСЯЧЭНКА